Новае кадравае рашэнне высокага ўзроўню некаторыя беларускія анлайнавыя медыі праілюстравалі фоткамі з пляжа. Гаворка ідзе аб прызначэнні 42-гадовай Алены Кудравец дырэктарам “Беларускай калійнай кампаніі”. Увішныя журналісты вывудзілі нефармальныя ілюстрацыі новапрызначанай дырэктаркі з яе акаўнта ў “Аднакласніках”. Прычым зрабілі акцэнт на здымку ў купальніку.
Неўзабаве тыя здымкі з акаўнта зніклі, паведаміла “Салідарнасць”. Трэба думаць, гераіня ілюстраваных публікацый была ўражана тым, як яе прэзентавалі, і спахапілася. Але ж справа зроблена, пікантныя выявы пайшлі гуляць. А ў тых самых сацыяльных сетках разгарэлася дыскусія: наколькі этычна такія фоткі браць без дазволу медыям?
Пры чым купальнік да калію?
Медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі ў каментары для Mediakritika.by зазначыў, што пры ацэнцы гэтай гісторыі варта звярнуць увагу на дзве рэчы: ці былі фоты ў публічным доступе і наколькі вялікі грамадскі інтарэс да тэмы.
Што да першага пытання, то з важкай доляй імавернасці можна меркаваць: ва ўсякім разе, журналісты акаўнт не ўзломвалі. Наконт грамадскага інтарэсу — тут шкала даволі суб’ектыўная.
Асабіста я, убачыўшы гэтыя ілюстрацыі, не быў шакаваны як прафесіянал, але адчуў нейкую дысгармонію. У чым жа рэч, што муляе?
Канечне ж, гэта ніяк не паставіш на адну роўніцу з эратычнымі фоткамі ўдзельніц скандальнага конкурсу “Міс Мінск — 2013”. Тыповыя пляжныя здымкі наўрад ці дыскрэдытуюць асобу, у тым ліку на высокай пасадзе. Ну што такога: чалавек ў натуральным для сітуацыі выглядзе.
Іншае пытанне, а чаму менавіта такія здымкі былі абраны для ілюстрацыі кадравага прызначэння? Якая сувязь між пляжам і БКК? Зрэшты, сайт “Нашай нівы” выдаў сутнасць рэдакцыйнага падыходу самім загалоўкам над пікантнымі фоткамі: “Беларускай калійнай кампаніяй будзе кіраваць жанчына”.
Вось яно: жанчына! Сапраўды, цяжка ўявіць, што калі б прызначылі мужчыну, то прэса кінулася б даваць ягоны здымак у плаўках. Калі ж гаворка пра кабету, то адразу — падвышаная цікавасць да будовы арганізма. Не выпадкова прасунутыя чытачы закінулі нашаніўцам сэксізм.
“У тых выданнях, дзе мне давялося працаваць, пляжны здымак новага кіраўніка буйной бізнэс-структуры ці міністэрства ні ў якім разе не сталі б выкарыстоўваць, калі б гаворка не ішла пра тое, што нешта адбылося менавіта падчас пляжнага адпачынку”, — кажа Паўлюк Быкоўскі. Бо ў сферах бізнэсу, кіравання заведзена ацэньваць асобаў зусім па іншых якасцях, тлумачыць суразмоўца.
Чым грэбуе “Таймс”, тым казырае “Сан”
Ёсць і такі аспект праблемы. Адна рэч — шараговы Вася Пупковіч, іншая — чалавек вядомы, на высокай пасадзе. У развітых дэмакратыях стала аксіёмай, што публічная асоба мусіць быць болей адкрытай. З улікам гэтага, у прыватнасці, прымае рашэнні Страсбургскі суд. Аднак і на Захадзе журналісты абмежаваны пэўнымі рамкамі — як заканадаўчымі, так і этычнымі, калі гаворка ідзе аб пранікненні ў прыватнае жыццё.
Возьмем, напрыклад, нядаўні медыйны ажыятаж вакол нараджэння каралеўскага нашчадка ў Брытаніі. Напярэдадні фатографы разбілі лагер каля шпіталя, цікавалі момант. “Але там ужо ёсць рытуал, і ўсе ведаюць: вось гэта рабіць можна, а вось гэта нельга. І тыя самыя папарацы таксама абмежаваныя ў пэўнай ступені, бо ёсць няпісаны закон, у якіх сітуацыях яны не мусяць фатаграфаваць прадстаўнікоў кіроўнага каралеўскага дома”, — зазначае Паўлюк Быкоўскі.
У Беларусі ж, кажа аналітык, адпаведныя правілы толькі фармуюцца. Будзе прэцэдэнт, што чалавек абурыцца, — тады, магчыма, у свядомасці айчынных журналістаў “будзе прапісана пэўнае правіла”.
Зазначу яшчэ, што на Захадзе прэса розная — ёсць якасная і ёсць бульварная (ці, скажам мякчэй, масавая). Адпаведна, розныя этычныя планкі. Ці, калі хочаце, розны густ. Аднак там даўно сфармаваны медыйны рынак. Брытанец добра ведае, што элітарная “Таймс” ніколі не дазволіць сабе прывабліваць чытача палоснымі фотамі прыгажунь топлес, у той час як менавіта гэта ёсць фішкай жоўтай “Сан”.
У беларускай прэсе такога выразнага падзелу няма. Ва ўсякім разе, шэраг выданняў свядома змешваюць у адным флаконе элітарнасць і бульваршчыну. Побач можна ўбачыць змагарны палітычны тэкст, развагі пра духоўнасць — і фрывольную фотку паўаголенай натуры, анекдот на мяжы фолу. Асабіста мне такая рэдакцыйная канцэпцыя ўяўляецца спрэчнай (што не дае падставы глядзець зверху ўніз на яе прыхільнікаў), але ўвогуле, бадай, гэта тэма для асобнай дыскусіі.
У праекцыі ж на тэму гэтага артыкула адзначу: крытэры дапушчальнай інтымнасці ілюстрацый могуць шырока вар’іравацца ў залежнасці ад выдання, жанру. Нарэшце, ад персоны таго, хто на іх фігуруе. Вунь Пуцін сам ахвотна дэманструе голы торс і ўвогуле ўсялякія прыкметы маскуліннасці.
Нават аўтар гэтых радкоў, павагаўшыся, аддаў шэраг дастаткова нефармальных прыватных фотаў, уключна з пляжнымі, для вялікага біяграфічнага інтэрв’ю на сайце БАЖ. Бо тут — свая прафесійная аўдыторыя, камерная давяральная размова, калі недарэчна выглядаць зашпіленым на ўсе гузікі.
Але гэта я так вырашыў. Іншы б мог адфільтраваць фоткі болей строга. Тут у кожнага свая мяжа допуску ў прыватнае. Калі ж фоты друкуюцца без дазволу, то рэдакцыі лепей выявіць дадатковую далікатнасць, з запасам.
Як апрануцца для фэйсбука?
Але наш “кейс пляжных фотак” будзе няпоўны, калі не згадаць пра яшчэ адзін бок праблемы. “Людзі не ўмеюць бараніць прыватнасць”, — зазначае Паўлюк Быкоўскі.
Сапраўды, далёка не кожны пісьменна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. Маецца на ўвазе не толькі веданне опцый, якія дазваляюць схаваць запісы пад замок (хаця і гэта не гарантуе поўнай канфідэнцыйнасці: ёсць хакеры, ёсць тэхнічныя збоі). Часта індывідуум проста не ўсведамляе да канца, што і запісамі на ўласнай сцяне ён добраахвотна агаляецца — ў прамым ці пераносным сэнсе — перад усім светам.
Нездарма на Захадзе многія салідныя фірмы ўсталёўваюць даволі жорсткія правілы паводзін сваіх супрацоўнікаў у сацыяльных сетках. Гэта тычыцца і медыйных карпарацый, класічны прыклад — Бі-бі-сі.
На постсавецкай прасторы адпаведныя guidelines пакуль што не распаўсюджаныя, неабачлівасць жа можа спарадзіць скандальную славу. Свежы прыклад з Украіны — “Фатаграфіі суддзі Тамары са Львова “парвалі” сеціва”.
Чалавек і сам мусіць рабіць пэўныя захады, каб забяспечыць таямніцу прыватнага жыцця, зазначыў ў каментары для Mediakritika.by юрыст, намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. “Калі нехта публікуе здымкі ў фэйсбуку ці “ВКонтакте”, то ён ужо выносіць іх у грамадскую сферу”, — падкрэслівае эксперт.
Як бачым, сёння чалавеку, што дбае пра свой імідж, варта прыкідваць, які ўбор пасуе не толькі для офіса, тэатра, але і для фэйсбука. Іначай не выпадае надта крыўдаваць на тых журналюгаў.
На думку Андрэя Бастунца, калі б спадарыня Кудравец падала пазоў супраць журналістаў, што вывудзілі яе фоткі з сацыяльных сетак, то наўрад ці выйграла б, ва ўсякім разе ў сапраўды незалежным судзе. Разам з тым, эксперт нагадвае, што ў артыкуле 34 айчыннага закона аб СМІ утрымліваецца даволі размытая фармулёўка наконт таго, што журналіст мусіць “атрымліваць згоду на распаўсюд у сродку масавай інфармацыі звестак пра асабістае жыццё фізічнай асобы”.
Я, напрыклад, маю надзею, што спадарыня Кудравец паставіцца да гэтай гісторыі з гумарам. Іншая рэч, што “пляжны кейс” — добрая падстава для дыскусіі медыйных прафесіяналаў. Нашым выданням, асабліва анлайнавым, у такіх вось неадназначных з этычнага гледзішча выпадках бракуе крытэраў, правіл. А мо і густу.


