
Ток-шоу “Два на два” — адна з самых папулярных перадач на “Белсаце” (belsat.eu). Гэта праграма — спроба адрадзіць у Беларусі такі жанр размовы, стасавання, як дыскусія. Дыскусія прыстойная, сэнсоўная, а не на ўзроўні, як гэта часта ў нас бывае, “сам дурань”.
Пра складанасці дыскусій па-беларуску я гутару з вядучымі “Два на два” Зміцерам Гурневічам і Паўлам Мажэйкам.
— Мы хочам зрабіць жывымі ў грамадскай свядомасці праблемы, якія на першы погляд могуць падацца не вельмі актуальнымі, не зусім першаснымі, не самымі істотнымі для жыхара Беларусі, заклапочанага вырашэннем штодзённых пытанняў. Напрыклад, пра беларускія трактоўкі гістарычных падзей, планы і перспектывы беларускай апазіцыі, пошук месца беларусаў і Беларусі ў сённяшнім свеце, колькі талерантнасці насамрэч у талерантных беларусаў? Ці мае праваслаўе патэнцыял стацца дзяржаўнай рэлігіяй у нашай краіне? Што можа дапамагчы нам паспяхова прэзентаваць Беларусь на ўнутраным і вонкавым рынках? Як мы бачым сябе і якімі нас хочуць бачыць улады? Што такое патрыятызм па-беларуску? Каго мы цэнім як нацыю і хто нашы героі? — кажа Павел Мажэйка.
Як можна ацаніць культуру вядзення дыскусій публічных асоб у Беларусі? І, у прыватнасці, гасцей перадачы “Два на два”? Бо такая ж практыка, на жаль, рэдкая амаль ва ўсіх нашых грамадскіх і палітычных дзеячаў...
Зміцер Гурневіч адзначае, што беларуская дыскусія — гэта калі кожны па чарзе выказвае свае думкі, і рэдка суразмоўцы кантактуюць паміж сабой: “Гэта хутчэй своесаблівы абмен думкамі. Для нас неістотна, каб людзі сварыліся і рабілі шоу. Галоўнае — каб пісьменна выклалі свае думкі і сканфрантавалі іх, калі ў кожнага з удзельнікаў праграмы яны розныя”.
“Мы імкнёмся да таго, каб дыскусія, абмеркаванне нашых праблем, вярнулася ў наша звычайнае жыццё. Дыскусіі няма практычна нідзе — ні ў СМІ, дзяржаўных ці незалежных, ні ў сацыяльных сетках, я забыў, калі чуў абмеркаванні нашага жыцця ў грамадскім транспарце. Па вялікім рахунку, людзі перасталі размаўляць пра палітыку нават на кухнях. Мы ствараем дыскусію ў сябе ў студыі “Два на два”. І спадзяёмся, што яна пераносіцца пасля сканчэння кожнага новага эфіру ў кватэры, кухні і на працоўныя месцы нашых гледачоў”, — разважае Павел Мажэйка.
Ці былі госці, што крыўдавалі на Гурневіча і Мажэйку за нейкія нязручныя пытанні ці праз нешта яшчэ?
“Быў адзін госць, які абураўся пытаннямі і нават хацеў званіць кіраўніцтву канала, каб “настукаць”, — прызнаецца Гурневіч. — Але ў выніку адмовіўся ад такой ідэі. Агулам разыходзімся мірна, без канфліктаў. Ну а ў душу кожнага не загляну...”
“Заўсёды перад кожнай праграмай мы найперш адказваем сабе на пытанне — чаму гэты канкрэтны чалавек пагадзіўся стаць госцем нашай праграмы? Яму цікава паспрабаваць свае сілы ў інтэрв’ю, ён прыехаў па сваіх справах, у супермаркеты, а між іншым мусіць даць інтэрв’ю, таму ён спяшаецца вельмі? Ці ён хоча данесці праз праграму свае думкі, пазіцыю, ідэю да гледача, у пэўным сэнсе выкарыстаць нас. Апошні варыянт — самы прывабны, натуральна. Бо ўзнікае той самы момант супрацоўніцтва, калі госць хоча сказаць, а мы хочам дазнацца”, — акрэслівае ідэальную схему Мажэйка.
Задаю правакацыйнае пытанне пра тое, хто з двух вядучых добры, а хто злы “паліцэйскі”.
“Няма такога падзелу, — адказваюць. — Выходзіць у працэсе. Наша мэта як пары вядучых — дапаўняць адзін аднаго”.
Раблю выснову, што гасцям “Два на два” няпроста — злым “паліцэйскім” можа быць і Зміцер, і Павел...
Пра закуліссе. “Госці часам па-за кадрам нашмат больш гаваркія і арыгінальныя. Калі б камеру схаваць і запісаць іх у гэты час — была б фантастыка падчас кожнай перадачы”, — даводзіць Зміцер Гурневіч.
Не магу не спытацца пра тое, ці былі спробы запрашаць каго ад улады:
“Былі. Адны адмаўлялі, другія не могуць выехаць за мяжу. А можа, няма чаго сказаць”.
А ці ёсць цэнзура ў вядучых: скажам, ніжэй пояса не біць? Ці вядучыя інтэлігентныя спрэс і так?
“Абмежаванне — гэта такт і этыка. Ёсць выключэнні, калі суразмоўца паводзіць сябе па-хамску, даводзіцца яго культурна супакойваць менш тактоўнымі пытаннямі”, — зазначае Гурневіч.
“Мы не ставім задачу сутыкнуць гасцей, спрэчка, натуральна, вітаецца, але імкнёмся, каб яна была па тэме размовы. Усе нашы госці людзі розныя, кожны са сваім жыццёвым і прафесійным досведам, са сваім бачаннем сітуацыі, са сваім разуменнем. Мы ставім перад сабой задачу, каб кожны з гасцей, прапускаючы праблему размовы праз сябе, праз свой досвед, выкарыстоўваючы свае аргументы, вобразы, доказы, зрабіў тэму размовы больш зразумелай, больш блізкай для гледача”, — можа падацца, што Мажэйка добры “паліцэйскі”, але лепш самі спраўдзіце, ці так гэта, паглядзеўшы ток-шоу.
Дарэчы, новы выпуск праграмы “Два на два” тычыцца сучаснай ролі выкладчыка ў Беларусі — чытаць з канспекта лекцыю ці быць маральным лідарам, арыенцірам для студэнтаў? Гасцямі Дзмітрыя Гурневіча і Паўла Мажэйкі гэтым разам — эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій Святлана Мацкевіч і прарэктар ЕГУ па акадэмічных пытаннях Аляксандр Каўбаска. У эфір перадача выйдзе традыцыйна а 21-й гадзіне ў нядзелю, 26 мая. Пасля яе можна будзе паглядзець на сайце канала belsat.eu.
Янка ШУКАЛА, “Народная воля” [3]

