mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > “Навінавы” лад жыцця: Алена Шалаева

Вы здесь

  • Главная [1]
  • “Навінавы” лад жыцця: Алена Шалаева

“Навінавы” лад жыцця: Алена Шалаева

11.07.2013 Интервью [2]

Наступным удзельнікам нашага праекта “Навінавы” лад жыцця” стала выпускаючы рэдактар TUT.BY Алена Шалаева:

Раніцай прачынаюся, і калі бачу, што яшчэ хвілін 5 ёсць на “паляжаць”, адкрываю сваю rss-стужку з тэлефона. Так пачынаецца працоўны дзень.

Амаль увесь час у мяне ўключана радыё “Сталіца”: там вельмі добрая музыка, пазітыўныя вядучыя і амаль няма рэкламы, да таго ж гэта беларускамоўнае радыё. А 7-й раніцы я выходжу з хаты – у іх ужо выпуск навін. Хай сабе гэта не тая інфа, якія прымусіла б мяне бегчы на працу яшчэ хутчэй, але яшчэ адзін спосаб не прапусціць, што здарылася ў свеце за ноч.

Працоўны дзень пачынаецца рана – у 07.30, таму на тэлевізар раніцай часу не хапае. З таго, што я магу сабе дазволіць паглядзець, хіба, толькі адзін выпуск навінаў па Euronews.

Па дарозе на працу чытаю навіны ў Twitter праз телефон. Калі прыходжу ў офіс, ужо прыкладна ведаю, што дзе ёсць цікавага – звычайна з самага ранку гэта міжнародныя навіны.

Сярод маіх асноўных абавязкаў - фармаванне стужкі навін TUT.BY. Прыходзіцца шмат чытаць – нават не для размяшчэння, а каб выбраць лепшую крыніцу ці проста быць у курсе. Часта здараецца, што нейкая падзея не тарпляе на партал, але дае нагоду для больш глыбокай распрацоўкі тэмы – гэтым займаюцца нашы журналісты.

У маёй rss-стужцы больш за 30 крыніц, якія праглядаю ўвесь дзень: самыя вядомыя “РИА Новости”, BBC, Lenta.ru, РБК, Delfi, “Свабода”, “Ніва”, “Еўрарадыё”, БелаПАН і БЕЛТА, а таксама ўсе беларускія газеты, якія маюць сайты. Таксама сайты міністэрстваў і Мінгарвыканкама – ўсё тое, што з’яўляецца крыніцай інфармацыі.

Рэдакцыя падпісаная на фотастужку Reuters, і часам свежыя фотаздымкі з'яўляюцца хутчэй за самі паведамленні. Канечне, адсочваем і замежныя СМІ. Так, напрыклад, пра смерць Уга Чавеса даведаліся з Al Jazeera, якія былі самымі першымі, здаецца, з інфармацыйных агенцыяў, хто пра гэта паведаміў.

Я не маю акаўнтаў «ВКОНТАКТЕ» і «Одноклассниках». У «Одноклассниках» сядзіць мая бабуля, кантачыць з сваякамі і знаёмымі. А вось у «Facebook» падпісаная на старонкі многіх СМІ.

Цікавыя інфармацыйныя нагоды даюць фрэнды. Напрыклад, у маіх сябрах ёсць юрыст. Ён знаходзіць цікавыя штукі ў заканадаўчых актах, якія праходзяць міма шырокай публікі: можа, з-за таго, што гэта вялікія юрыдычныя дакументы, а можа, з-за таго, што людзі не ў дастатковай ступені адукаваныя юрыдычна. А ён усё выцягвае на паверхню, і гэта можна выкарыстаць для распрацоўкі тэмы. Я, канешне, заўжды перапытваю дазвол на гэта. Ці вось яшчэ такі прыклад. Калі пачалася паводка ў Нямеччыне і Чэхіі, мы рабілі артыкул з водгукамі беларусаў [3], якія там жывуць. Усе героі матэрыяла былі знойдзеныя праз «Facebook».

Што да друкаванай прэсы, то часам па панядзелках купляю «Белгазету», хаця мы яе выпісваем у рэдакцыі, а на выходныя – «Камсамольскую праўду”. Гляжу, ці не прапусцілі мы чаго-небудзь, і як, з якіх іншых ракурсаў асвятляліся тэмы.

Я сачу за калонкамі рэдактараў буйных расійскіх СМІ, некаторых беларускіх, асабліва звяртаю ўвагу на тэмы пра медыя. “Медыякрытыку” чытаю: мне здаецца, гэта рука па пульсе беларускай журналістыкі.

Ёсць у мяне адзін гуру ў журналістыцы (дарэчы, у нас лекцыю чытаў) – Аляксандр Амзін [4]. Ён працаваў у многіх расійскіх выбітных медыя, напісаў вельмі добрую кніжку па інтэрнэт-журналістыцы. Яшчэ адзін журналіст, якога я вельмі люблю – Дзмітрый Сакалоў-Мітрыч [5]. Пісаў для “Рускага рэпарцёра”, ёсць некалькі кніг, складзеных з ягоных артыкулаў. Калі чытаеш, разумееш, як журналіст працаваў з фактамі, з людзьмі, як ён здабываў інфармацыю, а пасля як яе выклаў – гэта вельмі карысна. Таксама сачу за ім у сацыяльных сетках.

Хачу асобна адзначыць Колю Шчацько – нашага калегу, які зараз у Амерыцы вывучае журналістыку. Ён вельмі актыўны ў сацсетках, вельмі цікава яго чытаць, перыядычна падкідае нам спасылкі на карысныя тэксты, якія датычацца менавіта прафесіі.

Эстэтычную асалоду атрымліваю ад тэкстаў Тані Заміроўскай.

Што да чытання “для душы”, то звычайна ў мяне на кухонным стале – некалькі кніжак. На кухонным таму, што час для чытання “для сябе” – звычайна за сняданкам ці вячэрай. І я бяру тую, якая пасуе пад настрой. Зараз, напрыклад, ляжыць кніга Стругацкіх “Сказка о тройке», «Понедельник начинается в субботу». Калі настрой не вельмі, то гэтыя сатырычныя аповесці дапамагаюць прыйсці ў сябе. Я іх чытала, хіба, мільён разоў – так што можна адкрываць на любой старонцы.

Ляжыць кніжка па тайм-мэнэджменту Архангельскага. Яе таксама можна чытаць з любога месца. Трэцяя – “Хазарский словарь” Павіча. Даўно, праўда, не разгортвала, – пад філасофскі настрой, а часу на яго няма.

Люблю Артура Хэйлі. Здавалася, шмат яго чытала, але нядаўна наткнулася на ягоную кніжку – “Вячэрнія навіны”. Думаю, яе можна выкарыстоўваць як вельмі захапляльны дапаможнік для журналістаў, што займаюцца расследваннямі.

Люблю таксама Бальзака, хаця шмат каму яго творы падаюцца нуднымі з-за вялікага мноства дэталяў. Але, мне здаецца, менавіта гэтыя мільён дробязяў вучаць разумець характар чалавека. 

Тым не менш, увечары мне неабходна ведаць, чым заканчваецца наш інфармацыйны дзень, каб рыхтавацца, з чаго пачынаць заўтра.

Навіны – гэта ўжо як допінг: трэба ўвесь час быць у тэме, нават калі сыходзіш у адпачынак. Праўда, апошнія тры былі такія, што я не мела магчымасці карыстацца інтэрнэтам. Аднойчы была ў сяброў у Нямеччыне. Яны толькі пераехалі ў новую кватэру і не падключылі інтэрнэт. І вось мы зайшлі неяк у кебабную, і я раптам чую, як уладальнік-пакістанец абмяркоўвае са знаёмым смерць Кадафі. А я нічога не ведала! Не вытрымала, запыталася, што здарылася. “Забілі!” - адказвае, і пачынае абурацца, што “яго ніхто не любіў, але гэта таксама нечалавечы спосаб”. Я была ў шоку: ўсё здарылася некалькі дзён таму, а я нічога не ведаю!

А нядаўна была ў Іране, і пра землятрус паведамілі калегі смс-кай. Мясцовыя пра гэта нічога не ведалі, а з інтэрнэтам там усё вельмі кепска.

З аднаго боку вельмі добра адпачыць ад працы, забыцца на ўсё, а з іншага – скаладна нават пасля двух тыдняў уваходзіць у рабочую каляіну. У мяне тады дзень сыходзіць толькі на тое, каб перачытаць апошнія навіны.

Ад вялікай колькасці інфармацыі я не стамляюся. Наадварот, больш стамляюся, калі нічога не адбываецца, калі я бачу, што зацемкі напісаныя толькі па той прычыне, што больш няма пра што пісаць. Нудныя дні – самыя цяжкія, дзякуй богу, іх няшмат. Няма нічога горш за працу, на якой сумна.  

Оценить материал:
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/1260/navinavy-lad-zhyccya-alena-shalaeva

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/intervyu
[3] http://news.tut.by/society/351623.html
[4] http://amzin.livejournal.com/
[5] http://smitrich.livejournal.com/