Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай распавёў пра свае інфармацыйныя густы:
Увесь час сачу за сайтамі belapan.by [3] і naviny.by [4]. Ну, тут усё зразумела: гэта рэсурсы, за якія я адказваю і якія цікавыя мне як чалавеку.
З раніцы і ўвечары магу ўключыць тэлеканал “Euronews” ці “РБК”. Апошні – больш для бізнэсоўцаў, аднак бягучым радком там з’яўляюцца навіны з усяго свету.
Абавязкова штодзень сачу за сайтам беларускай службы радыё “Свабода”, “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, “Нашай Нівы”. З расейскіх інфармацыйных крыніц – «РИА Новости», газета «Коммерсантъ».
З лакальных СМІ адзначу «Intex-press” (хіба, адно з лепшых рэгіянальных выданняў) і ex-press.by (выдатны агрэгатар).
“Facebook” – не проста цікавая сацыяльная сетка, але і добры падказчык інфармацыйных нагодаў. Акаўнтаў у іншых сетках або не маю, або даўно ўжо імі не карыстаюся.
Амаль не карыстаюся рыдэрамі і іншымі падобнымі дапаможнікамі ў інтэрнэце. Заходжу непасрэдна на сайты – падымаю ім наведвальнасць. :)
З друкаваных выданняў апошні раз купляў… нешта дзіцячае. Век папяровых СМІ мінае, а для мяне дык і даўно ўжо мінуў. Чытаць пра тое, што ўчора-пазаўчора было напісана ў інтэрнэце рэсурсамі, якім я давяраю, не бачу аніякага сэнсу. Што тычыцца каментароў і аналізу падзей, то цікавыя мне ў гэтым плане друкаваныя СМІ выстаўляюць свае матэрыялы і ў сеціве.
А вось кнігі я чытаю толькі на паперы.
З персаналій, за публікацыямі якіх я абавязкова сачу, назаву Аляксандра Класкоўскага і Святлану Калінкіну.
Пад час адпачынку дазваляю сабе «выключыцца», пакуль схаджу на пляж, але потым абавязкова палезу ў інтэрнэт. Не з-за таго, што без мяне там, так бы мовіць, «нічога не адбудзецца». Дзякуй Богу, у БелаПАНе працуюць высокапрафесійныя і самастойныя журналісты і рэдактары. Проста навіны – той адзіны наркотык, на якім я сяджу.

