Часта сцябаюцца з нібыта паталагічнай тупасці людзей у пагонах. Але журналістам варта паглядзець на саміх сябе. Нашы медыі асвятляюць вайсковую тэму збольшага тупа. Свежы прыклад — беларуска-расійскія манеўры “Захад-2013”.
Дзяржаўная прэса з гэтае нагоды традыцыйна тыражуе афіцыйныя рэляцыі, мова якіх не змянілася з савецкіх часоў. Там проста воку няма за што зачапіцца.
Што ж да недзяржаўных СМІ, то ладная іх частка аддае перавагу перадрукам страшылак з вуснаў палітыкаў суседніх краін НАТО. У духу “рускія ідуць”. Напрыклад, цытуюць [3] латвійскага міністра абароны Артыса Пабрыкса, які, палохаючы ўсходняй пагрозай, заяўляе, што “на тэрыторыі Беларусі, непадалёк ад літоўскай мяжы, Расія размясціла новую базу знішчальнікаў”.
Не, я не супраць — калі ласка, цытуйце сабе і таго Пабрыкса! Але ж варта і сваю галаву на плячах мець. Ведаць кантэкст. Па-першае, расійскіх знішчальнікаў ў Лідзе [4] яшчэ няма, гэта толькі планы. Па-другое, там мяркуецца размясціць авіяполк, то бок 20-25 машын. Між тым значна раней былі агучаны планы перакінуць у Польшчу з Італіі блізу 40 амерыканскіх F-16. Плюс Варшава закупіла 48 такіх машын.
Згадзіцеся, калі разглядаць расклад сіл ды манеўры бакоў вось так, у комплексе, то карціна зусім не адназначная.
У палітыкаў свае манеўры
Што да сцэнару манеўраў “Захад-2013”, які так палохае некаторых аглядальнікаў у Варшаве ды сталіцах краін Балтыі, то беларускія і расійскія генералы падкрэсліваюць яго абарончы характар.
Гэта, канечне, рытуальныя заявы. Тое ж самае цвердзяць і натаўцы, якія на пачатку лістапада ладзяць на радзіме спадара Пабрыкса ды ў Польшчы буйныя манеўры “Стойкі джаз — 2013”. Паводле задумы, сілы НАТО маюць выбіць замежнага захопніка. Прычым іх генералы запэўніваюць, што гаворка не ідзе пра імавернае расійскае ўварванне. Напэўна, будуць адбіваць атаку марсіянаў.
Карацей, дзядзькі ў пагонах гуляюць у свае гульні, палітыкі — у свае. Штучны ажыятаж вакол расійска-беларускіх манеўраў, што ўздымаецца ў суседніх краінах, тлумачыцца найперш прагматычнымі мэтамі палітычных сіл ды мілітарнага лобі: паказаць электарату клопат пра нацыянальную бяспеку, пазбегнуць скарачэння вайсковага бюджэту, раскруціць багаценькіх бурацінаў-амерыканцаў на дадатковыя выдаткі дзеля ўмацавання ўсходніх фарпостаў Паўночнаатлантычнага альянсу…
Стаўленне да рэжыму пераносіцца на армію
Такім чынам, тут абое рабое. Па адзін бок раздзімаюць “рускую пагрозу”, па другі — малююць драпежных заходніх імперыялістаў. Згадайце, як беларускі афіцыйны лідар заяўляў [5], што палякі хочуць адхапіць палову Беларусі і нават мапы ў іх адмысловыя. А сцэнар “Захаду-2013” — увага! — прадугледжвае барацьбу супраць незаконных узброеных фармаванняў.
Пачухаем рэпу: ну няўжо мадэлюецца сітуацыя, калі беларусы возьмуцца за зброю, пакрыўдзіўшыся, напрыклад, на знішчэнне свіней у межах барацьбы з АЧС? Смеху варта! Якія ж тады фармаванні?
“Кажуць, што сцэнар навеяны падзеямі ў Паўночнай Афрыцы, але ж бербераў у нас няма”, — смяецца мінскі вайсковы эксперт Аляксандр Алесін. Хто не ў курсе: берберы, лівійская этнічная меншасць, добра спрычыніліся да скідання Кадафі. Што ж да сцэнару “Захаду-2013”, то незалежныя аналітыкі упэўнены: мадэлюецца паўстанне польскай меншасці, на дапамогу якой прыходзіць гістарычная радзіма, — і панеслася…
Вось у такім шырокім, шматслойным кантэксце і варта разважаць пра напластаванне палітычных, гістарычных стэрэатыпаў, замшэласць мыслення як стратэгаў у пагонах, так і цывільных дзеячаў. Прычым з абодвух бакоў — і ўсходняга, і заходняга. Разважаць — а не тыражаваць лямант, што зараз расійцы з беларусамі скінуць атамную бомбу на Варшаву [6].
Увогуле ж нашым недзяржаўным медыям, на мой погляд, варта адысці ад механічнай экстрапаляцыі рэзка негатыўнага стаўлення да рэжыму на айчыннае войска. У прыватнасці, няслушна ставіць на адну роўніцу ўсе сілавыя структуры. Армейцы — не карнікі. Так, у сённяшнім беларускім войску багата кепскага, яно мае вострую патрэбу ў мадэрнізацыі, рэформах. Але ці вінаваты ў гэтым асобна ўзяты лейтэнанцік-узводны, які сумленна цягне сваю лямку? У прынцыпе ж узброеныя сілы — гэта той інстытут, што шануецца ў любой дзяржаве, уключна з самымі дэмакратычнымі.
Генералы баяцца публічнасці
Аднак разумныя, узважаныя, глыбокія публікацыі [7] пра манеўры “Захад-2013” (як, зрэшты, і ўвогуле на вайсковую тэматыку) у беларускіх медыях на пальцах пералічыць можна. З экспертаў фігуруюць літаральна дзве-тры персоны: той самы Алесін, кіраўнік адносна новага праекта Belarus Seсurity Blog [8] Андрэй Паротнікаў, былы міністр абароны Павел Казлоўскі. Большасць жа выданняў закрывае тэматыку за кошт перадрукаў, часта аднабокіх.
Чаму так слаба? Алесін у каментары для Mediakritika.by адзначыў некалькі прычын. Па-першае, бракуе прафесіяналізму, у рэдакцыях мала людзей, што стала займаюцца гэтай тэматыкай. Па-другое, мяркуе суразмоўца, журналісты недзяржаўных медыяў іншым разам засцерагаюцца, што пры болей збалансаваным падыходзе да вайсковай тэмы іх абвінавацяць у падгульванні рэжыму.
Нарэшце, кажа эксперт, уплывае і правінцыйнасць мыслення. У Расіі значна болей дыскутуюць аб праблемах войска, абаронкі, прычым такога публічнага абмеркавання не цураюцца і аналітыкі, за плячыма якіх вялікі вайсковы стаж, высокія пасады. У Беларусі ж генералы баяцца, што за адкрытасць, за дыскусіі іх пакараюць, мяркуе Алесін. Праблема закрытасці вайсковага ведамства, на яго думку, абвастрылася, калі з пасады міністра сышоў Леанід Мальцаў: той “усё ж пазіцыянаваў сябе як вайсковы тэарэтык” і меў патрэбу ў пэўнай публічнасці.
Спекуляцый вагон, аналітыкі з камарову дзюбу
Між тым у грамадстве цікавасць да вайсковай тэматыкі немалая, упэўнены Алесін. Ён спасылаецца на статыстыку наведвання сайта свайго выдання — тыднёвіка “Белорусы и рынок” [9]: нечакана для многіх у рэдакцыі топавымі аказаліся менавіта “мілітарысцкія” матэрыялы.
Дарэчы, сам Алесін — не прафесійны вайсковец, а хутчэй энтузіяст, калі хочаце — дылетант, які праз шматгадовую журналісцкую спецыялізацыю стаў адным з нямногіх айчынных публічных аўтарытэтаў у гэтай сферы. Ён не вядзецца на кан’юнктуру, не баіцца, што нехта закіне “праўладныя настроі”. Грунтуецца на фактуры. І ў адных выпадках адзначае поспехі [10] айчыннага абаронна-прамысловага комплексу, у іншых — жорстка крытыкуе адсталасць [11] узбраення, матэрыяльнай базы нашага войска, кажа пра небяспеку залішняй прывязкі да Масквы. Карацей, усё раскладае па палічках, працуе як профі.
Гэта нялёгкі хлеб. І трапіць пад раздачу — як двойчы два. Алесіна за непрыемныя вярхам ды вайсковаму лобі публікацыі не аднойчы цягалі ў “органы”. Не застаўся незаўважаным і дэбют [12] Андрэя Паротнікава на Naviny.by: на яго тут жа накінуўся з пустой прапагандысцкай лаянкай афіцыёз вайсковага ведамства. Што, зрэшты, сведчыць: эксперт патрапіў у самы яблычак.
Фота ІТАР-ТАСС [13]
