Нядаўняе пасяджэнне [3] Клуба журналістаў пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры паказала: на чыноўнікаў ды кіраўнікоў прэс-службаў, што адмаўляюць у інфе, мае зуб як недзяржаўная, так і дзяржаўная прэса.
Прадстаўнікі апошняй адкінулі стэрэатып, што з імі чыноўнікі так ужо ахвотна дзеляцца звесткамі. Яшчэ болей, сцвярджалася, што іншым разам прадстаўнікі ведамстваў, напрыклад МУС, болей ахвотна зліваюць інфу акурат недзяржаўным рэсурсам.
Тут я трохі паспрачаўся: гледзячы якую. Канечне, калі можна прапіярыцца, якія мы крутыя дэтэктывы, гэта адно. А вось звесткамі пра хібы ў сваёй канторы сілавікі наўрад ці разгоняцца дзяліцца з публікай.
Піяршчыкі падсоўваюць ілюзорную рэальнасць
Увогуле ж даць выспятка чыноўніку — святая рэч. Тут у прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных медыяў з’яўляецца глеба для пэўнай салідарнасці. Мы, шукальнікі інфы — добрыя, яны, цэрберы — кепскія.
Ёсць, аднак, і іншы бок праблемы, пра які гавораць значна меней. Ці так ужо вылузваюцца са скуры нашы журналісты, здабываючы інфу?
Між іншым, дзеля гэтага трэба пакруціцца не толькі ў нас, але і на дэмакратычным Захадзе.
Так, там значна вышэйшая палітычная культура, адзначалі ўдзельнікі дыскусіі ў Клубе журналістаў, заканадаўства змушае ведамствы працаваць болей празрыста, але выдрапаць інфу ўсё адно бывае няпроста.
Марцін Шон-Чанішвілі, кіраўнік Школы журналістыкі ММАЦ, спасылаючыся на свой досвед журналісцкай працы ў Германіі, зазначыў, што там, напрыклад, чыноўнік з МЗС дае камент толькі па ўзгадненні з ведамаснай прэс-службай. І яшчэ момант: часта міністэрствы, канторы, фірмы перайграюць прэсу за кошт сваіх спрактыкаваных піяршчыкаў, у тым ліку былых журналістаў. У выніку медыямі спрытна маніпулююць, падкрэсліў Шон-Чанішвілі.
Піяршчыкі бяруць тым, што падносяць на сподачку практычна гатовы прадукт. Але ён — ненатуральны, сінтэтычны. Калі СМІ вядуцца на гэтую прынаду, то чытачу ўцюхваецца адрэтушаваная, ілюзорная рэчаіснасць — і ад улад, і ад карпарацый, і ад палітыкаў. Рэкламныя белыя зубы, ідэальныя фігуры, якіх у жыцці не бывае. Квітнеючая Беларусь. Магутнае змаганне з рэжымам. Патрэбнае падкрэсліць.
Усё адно перакруцяць!
Паводле юрыста Андрэя Бастунца, намесніка старшыні БАЖ, закон аб СМІ 2008 года пагоршыў ўмовы атрымання інфармацыі для журналістаў, бо, у прыватнасці, ураўнаваў іх у гэтым плане са звычайнымі грамадзянамі. Фільтрам супраць непажаданых пісакаў ды здымакаў ёсць і цяперашні парадак акрэдытацыі, прычым адмову ў ёй немагчыма абскардзіць.
Канечне, дэмакратычны закон значыць шмат. Але пры любым законе ў чыноўнікаў (а тым болей прадстаўнікоў карпарацый, грамадска-палітычных структур) застаецца пэўны люфт, калі дылема даць/не даць інфу вырашаецца суб’ектыўным чынам і залежыць ад асабістага стаўлення да канкрэтнай персоны ці медыйнага брэнда.
І тут на адмову працуе негатыўны бэкграўнд дачыненняў. Ставала выпадкаў, калі здымачныя групы дзяржаўнага ТБ не пускалі на мерапрыемствы трэцяга сектара, апазіцыі: усё адно, маўляў, перакруцяць, абальюць брудам! З такім жа перакананнем нейкі вертыкальнік адсякае шлях на афіцыйныя мерапрыемствы “нячэснай” прэсе.
Варта пагадзіцца, што прыклады тэндэнцыйнай [4], скажонай, маніпуляцыйнай падачы інфармацыі можна без цяжкасці знайсці як у дзяржаўных, так і недзяржаўных медыях. Яшчэ болей, для некаторых рэсурсаў гэта стала проста фірмавым стылем.
Ведаць падыход
І тут мы зноў выходзім на праблему прафесіяналізму, у тым ліку датрымання этыкі. Паводле маіх назіранняў, тыя інстытуцыі, што рыхтуюць кадры для айчыннай журналістыкі, не надаюць належнай увагі тэхналогіям здабычы інфы.
Навічкоў, у тым ліку з дыпломамі, даводзіцца вучыць у рэдакцыях азам. Напрыклад, што трэба старанна весці, папаўняць дасье крыніц інфармацыі — чыноўнікаў, прэс-сакратароў, экспертаў і г.д. Што варта выразна тлумачыць суразмоўцу, дзеля чаго вы яму патэлефанавалі, якім чынам збіраецеся выкарыстоўваць ягоныя выказванні, папярэджваць пра аўдыёзапіс [5]. Што важна карэктна цытаваць [6], пераказваць, інтэрпрэтаваць нечую гаворку.
Любога можна падлавіць на слове, выставіць дурнем. Часцяком бывае, што выказванні нейкай дзейнай асобы выкарыстоўваюцца спекуляцыйна: з іх высморгваецца толькі тое, што пасуе канцэпцыі аўтара сюжэту. Абвяргаць вас найхутчэй што не стануць, але наступным разам могуць мягка адфутболіць.
І насупраць, ёсць прыклады, калі рэпарцёры, аглядальнікі недзяржаўных выданняў, маючы рэпутацыю профі, карыстаюцца плёнам добрых дачыненняў з прадстаўнікамі ведамстваў, карпарацый, палітычных ды грамадскіх структур, атрымліваючы ад іх важныя звесткі, у тым ліку на ананімнай падставе, дзеля бэкграўнду.
Нашто напружвацца, калі ёсць Ctrl+C?
Іншае пытанне, наколькі запатрабавана сёння ў нас якасная журналістыка [7]. Рэдактары дзяржаўных медыяў пастаўлены ў такія ўмовы, што дэ-факта найважней бездакорна рэтрансляваць генеральную лінію, а гэта вядзе да казёншчыны, гульні ў адны вароты. З іншага боку, тая ж устаноўка на гульню ў адны (толькі супрацьлеглыя) вароты звужвае месца для сапраўднай журналістыкі на шэрагу недзяржаўных рэсурсаў.
Нарэшце, мацнее плынь гламуру ды бульваршчыны [8]. Як зазначае заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер, “інтэрнэт папсее” [9], сёння ў сеціва пайшоў учарашні масавы тэлеглядач, чалавек з сярэдняй адукацыяй. Натуральна, гэтая маса цягне за сабой адпаведныя густы, запыты. І на шэрагу рэсурсаў усё болей псеўдажурналістыкі ў духу глянцавых часопісаў, паўаголенай натуры [10], прымітыўнага крыміналу.
Для вытворчасці матэрыялаў такога кшталту ў большасці выпадкаў не трэба выходзіць за межы клубных тусовак, міліцэйскіх зводак. А часцяком выручае банальны копіпаст [11]: выдраць з замежнага сайта чарговыя “Дзесяць сакрэтаў зграбнай фігуры”, напісаць у лідзе пра любоў беларусаў да сала і бульбы, што замінае датрымліваць талію, — і вось вам гатовы выраб з лакалізацыяй.
“Мы ленивы и нелюбопытны” — гэта пушкінская рэмарка цалкам адлюстроўвае адну з бед сённяшняй журналістыкі. Для ладнай часткі калег галоўнымі крыніцамі здабычы сыравіны для матэрыялаў сталі прэс-рэлізы ды чужыя сайты. Няма жадання і стымулаў рваць жылы дзеля здабычы эксклюзіву.
Займаная фактура ды ўбогі стыль
Пра тое, што палітычная рамка ў нас для прэсы некамфортная, сказана шмат, таму я проста не хачу ў гэтым артыкуле дзяўбці лішні раз відавочнае. А хачу падкрэсліць вось што: тэза “нам не даюць інфы” шмат для каго становіцца зручнай адмазкай.
Вешаем усіх сабак на кепскіх чыноўнікаў, закрытую сістэму — і высмоктваем матэрыялы з пальца, перажоўваем прэс-рэлізы, абыходзімся паслугамі псеўдаэкспертаў-папулістаў, заўжды гатовых сказаць тое, на што ёсць запыт. Журналістыка падмяняецца прапагандосам. Амаль што вымерла журналістыка расследавання, усё радзей стрэнеш нармальны артыкул, ды што там артыкул — паўнакроўны рэпартаж, кшталту “Трох стагодзяў без мяжы…” [12] Сяргея Гудзіліна на nn.by.
З’явіўся цэлы пласт супрацоўнікаў рэдакцый, якія выдаюць на-гара прадукт, не адрываючыся ад кампа, не выходзячы з офіса. Я, напрыклад, на дух не прымаю такі новамодны феномен, як рэрайтынг, калі спецыяльнасцю становіцца перайначванне чужых тэкстаў.
Як слушна зазначыў на пасяджэнні Клуба журналістаў кіраўнік камісіі па этыцы БАЖ Анатоль Гуляеў, “журналістыка — гэта, уласна кажучы, пошук інфармацыі, а не напісанне прыгожых фраз”.
Дадам: каб яшчэ ўмелі хоць пісаць прыгожа! А так — займаная фактура плюс каравы, убогі, пластмасавы стыль [13]. Журналістыка на сінтэтычным корме заканамерна дэградуе.
Ілюстрацыя з FreeDigitalPhotos.net
