mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > 2014: вэб-медыям пагражаюць безграшоўе і рэгістрацыя

Вы здесь

  • Главная [1]
  • 2014: вэб-медыям пагражаюць безграшоўе і рэгістрацыя

2014: вэб-медыям пагражаюць безграшоўе і рэгістрацыя

26.12.2013 Точка зрения [2]

Сёлета я напісаў для Mediakritika.by шмат строгіх артыкулаў пра хваробы айчынных вэб-СМІ, але ўсё ж як “ветэран руху” хачу спадзявацца, што гэта хваробы росту.

Дык ці стала за гэты год наша вэб-журналістыка глыбейшай, болей якаснай, ці ўмацаваліся адмысловыя этычныя правілы?

“Шчыра кажучы, не маю прыбора, які дазваляе вызначыць ваганні гэтых паказчыкаў”, — зазначыў у каментары для Mediakritika.by галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч. Паводле яго ўражанняў, сітуацыя прынцыпова не змянілася: “Хтосьці стаў больш этычны, хтосьці менш, а сярэдняя тэмпература па шпіталі засталася прыкладна на тым самым узроўні”.

 

Піратства адступае

Ад сябе дадам: адсочваючы перадрукі з БелаПАН і Naviny.by, прыходжу да высновы, што апошнім часам усё ж павысілася культура выкарыстання запазычанага кантэнту. Нахабнае пірацтва амаль што знікла. Усё болей рэсурсаў даюць перадрукі як належыць: з гіперспасылкай на першакрыніцу, прозвішчам аўтара.

Прычым не было нейкіх гучных працэсаў у пытанні аўтарскіх правоў. Пачаў пакрысе дзейнічаць нябачны механізм медыйнай самарэгуляцыі [3]. Узялася за кейсы [4], звязаныя з інтэрнэт-медыямі, камісія па этыцы БАЖ.

Гэтае ажыўленне заслугоўвае адзнакі, хаця пэўныя рашэнні выклікалі гарачую дыскусію. Устаўлю і свае тры грашы: нельга механічна прыкладаць жорсткую лінейку аб’ектыўнасці [5], датрымання плюралізму да ўсіх жанраў і асобных тэкстаў. Ну якая аб’ектыўнасць у калумніста? Які плюралізм у палеміста, каторы апрыёры імкнецца вербальна скрышыць праціўніка? З механічным падыходам нядоўга “забракаваць” усю публіцыстыку.

Таксама трэба разглядаць анлайн як плынь рознабаковага кантэнту, што разгортваецца ў часе. Калі два палярныя пункты гледжання выстаўлены з гадзінным інтэрвалам — гэта плюралізм ці яго парушэнне? Давайце дыскутаваць.

 

Якасць нікому не патрэбна?

Паводле адмыслоўцаў [6], беларуская інтэрнэт-аўдыторыя адносна стабілізавалася і складае цяпер блізу 4,9 мільёна чалавек (Gemius). Разам з тым, яе папаўняюць людзі сталага веку і меней адукаваныя. На мой погляд, гэта вядзе да пэўнага пажаўцення [7] шэрагу рэсурсаў, прычым такая палітыка ладзіцца асэнсавана.

Я ў гэтым сэнсе не пурыст, але мяркую, што вэб-медыям, якія клапоцяцца пра свой імідж, прэтэндуюць на стварэнне якаснага кантэнту, вельмі важна датрымліваць разумную прапорцыю між, умоўна кажучы, высокімі і нізкімі жанрамі, не страчваць густ.

На думку Аляксандра Старыкевіча, айчынныя інтэрнэт-СМІ пакуль што, ва ўсякім разе, збольшага ўтрымліваюць якасць. “Хаця рабіць гэта надта цяжка, — дадае ён, — у тым ліку таму, што для масавай аўдыторыі гэта не галоўны прыярытэт”.

У агляднай перспектыве, мяркуе суразмоўца, давядзецца пашчыраваць, каб “разумна балансаваць паміж існуючымі густамі чытачоў і неабходнасцю спрыяць іх развіццю, а не дэградацыі”.

Дадам сваё ўражанне: у нашым прафесійным асяроддзі пакрысе выходзіць з моды прымітыўная барыкадная журналістыка. Мяркую, што гэта звязана не толькі з падзеннем маральнага аўтарытэту ды ўплыву тытульнай апазіцыі [8], але і з лепшым асэнсаваннем журналістамі, рэдакцыямі сваёй місіі — інфармаваць, аналізаваць, адлюстроўваць плюралізм меркаванняў, пазбягаючы палітычнай ангажаванасці.

 

Як манетызаваць кантэнт?

Разам з тым, медыям трэба яшчэ і банальна зарабляць. Праблема манетызацыі кантэнту [9] застаецца для айчыннай вэб-журналістыкі вельмі вострай, моцных рэцэптаў тут не бачна.

“Працягваецца тэндэнцыя памяншэння рэкламнага пірага для традыцыйных СМІ, а ў інтэрнэце зарабляюць не столькі праекты, што звязаныя з журналістыкай, колькі тыя, што маюць высокае наведванне”, — адзначыў у каментары для Mediakritika.by медыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі. Ён робіць выснову, што для большасці рэдакцый, у тым ліку інтэрнэт-СМІ, у 2014 годзе на першым плане будзе фінансавы выклік.

Дадам, што тут варта ўлічваць палітычную спецыфіку. У беларускіх умовах цяжка ладзіць любы незалежны бізнес, а тым болей медыйны. У прыватнасці, многія фірмы баяцца даваць рэкламу на сайты, якія чыноўнікамі ўважаюцца за апазіцыйныя, хоць насамрэч тыя рэсурсы не ёсць рупарамі апазіцыі, а проста крытычна пішуць пра ўлады.

Што ж да грантавай падтрымкі, то яна, з аднаго боку, дазваляе медыйнай альтэрнатыве выжываць, але, з іншага — можа збіваць арыенціры, аслабляць патрэбу рэдакцый працаваць менавіта на аўдыторыю, якая ацэньвае СМІ рублём.

Між тым менавіта беднасць айчыннай вэб-журналістыкі правакуе плынь тупога копіпасту [10], не дазваляе стымуляваць стварэнне арыгінальнага якаснага кантэнту.

 

Выбары-дурыбары

У прагнозах для вэб-журналістыкі на 2014 год таксама не абысціся без палітычнага аспекту. Паводле Паўлюка Быкоўскага, не выключаны “сцэнары, калі ўлада будзе вымушана закручваць шрубкі”, што, натуральна, абцяжарыць жыццё і журналістам.

Наступны год, нягледзячы на тое што Масква абяцае дапамагчы дадатковым крэдытам, вымалёўваецца неспрыяльным для айчыннай эканомікі ды фінансаў. Урад плануе непапулярныя захады: заробкі будуць практычна замарожаны, а вось цэны ды тарыфы заўважна падрастуць.

Між тым у Аляксандра Лукашэнкі [11] не за гарамі чарговая электаральная кампанія, і высокі градус крытыкі ў незалежнай прэсе яму абсалютна недарэчы. Так што аналітыкі прагназуюць ёй не самыя камфортныя часы. У прыватнасці, ужо пратачылася інфа пра намеры ўвесці рэгістрацыю буйных інтэрнэт-СМІ.

Аляксандр Старыкевіч нагадвае: намеры ўвесці рэгістрацыю вэб-медыяў былі ва ўладаў і раней, але справа ўпіралася ў механізм вызначэння адпаведнай катэгорыі рэсурсаў.

“Гэтым разам улады пастараюцца нешта прыдумаць”, — мяркуе галоўны рэдактар “Салідарнасці”. У такіх намерах ён вылучае палітычны матыў: “Наперадзе прэзідэнцкія выбары, а інтэрнэт ва ўяўленні ўладаў — гэта чыннік хаосу, бескантрольнага іншадумства”.

Зрэшты, наверсе пэўна ж будуць яшчэ ўзважваць, чаго болей прынясе ім такая рэгістрацыя — карысці або шкоды. Бо яна можа выклікаць сыход часткі карыстальнікаў з айчыннай даменнай зоны (што падкрэслівае заснавальнік Tut.by Юрый Зісер), радыкалізацыю загнанай у андэграўнд сеціўнай журналістыкі.

У кожным разе спробы абмежаваць свабоду выказвання ў байнэце выглядаюць для ўладаў надзвычай няўдзячнай задачай. Джына ў пляшку ўжо не загоніш.

Ілюстрацыі: Сцюарт Майлз, Freedigitalphotos.net [12]

Оценить материал:
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/1786/2014-veb-medyyam-pagrazhayuc-bezgrashoue-i-registracyya

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/tochka-zreniya
[3] http://mediakritika.by/article/937/u-getym-sense-nashamu-prafesiynamu-zvyazu-nakanavana-shmat-na-syabe-brac-abmalyouvac
[4] http://mediakritika.by/article/728/keys-zyanona-medyi-musyac-filtravac-bazar
[5] http://mediakritika.by/article/1681/yaki-zhurnalist-pravilny-abektyuny-ci-subektyuny
[6] http://www.dw.de/%D0%B1%D0%B0%D0%B9%D0%BD%D0%B5%D1%82-2013-%D1%80%D0%BE%D1%81%D1%82-%D1%80%D1%8B%D0%BD%D0%BA%D0%B0-%D0%B8-%D1%81%D0%BE%D1%85%D1%80%D0%B0%D0%BD%D0%B5%D0%BD%D0%B8%D0%B5-%D1%81%D0%B2%D0%BE%D0%B1%D0%BE%D0%B4%D1%8B/a-17324737
[7] http://mediakritika.by/article/1337/zhouty-nepismenny-i-z-cyagay-da-aralnaga-seksu
[8] http://mediakritika.by/article/1311/pad-chyyu-dudku-skakac-lyabedzkavu-ci-paznyakovu
[9] http://mediakritika.by/article/1543/yakasny-kantent-suprac-veb-papsy
[10] http://mediakritika.by/article/1689/zhurnalisty-perayshli-na-sintetychny-korm
[11] http://mediakritika.by/article/593/yak-zadavac-pytanni-lukashenku-shkola-vyzhyvannya
[12] http://www.freedigitalphotos.net/