Вы заўважалі: на добрых фотах нейкая падзея часам атрымліваецца прыгажэйшай, ярчэйшай, чым у рэале? Прыкладна тое ж можна сказаць пра апошні “Чарнобыльскі шлях”. Пры тым што колькасцю ўдзельнікаў ці арыгінальнай рэжысурай арганізатары не могуць пахваліцца, медыі ў сваіх анлайнах падалі падзею ад душы, у сакавітых фарбах, асобах, галасах і дынаміцы.
Яшчэ гадоў пяць таму анлайнавы рэпартаж у нашых СМІ быў рэдкасцю, экзотыкай. Рэгулярна практыкавалі гэты жанр лічаныя рэсурсы. Мне даводзілася на пальцах тлумачыць, што гэта такое, удзельнікам трэнінгаў па вэб-журналістыцы.
Сёння магу пацешыцца: “Чарнобыльскі шлях”, што прайшоў у сталіцы 26 красавіка, быў яскрава адлюстраваны ў цэлым шэрагу разгорнутых, насычаных мультымедыйнасцю анлайнаў.
Людзей мала, бо медыі гультаяватыя?
Між тым у дзень акцыі сустаршыня стваранай БХД Віталь Рымашэўскі не прамінуў кінуць камень у гарод СМІ.
Палітык заявіў [3] на “Хартыі”: “Я хачу падзякаваць і адзначыць працу вашага сайта, таму што гэта быў, напэўна, адзіны незалежны сайт, дзе можна было знайсці інфармацыю аб пераносе часу “Чарнобыльскага шляху” і напамін людзям пра тое, што ён сёння адбудзецца. У прэсе было не шмат інфармацыі, таму і людзей няшмат — недзе блізу тысячы”.
Просяцца адразу чатыры рэмаркі.
Па-першае, інфармацыю аб канчатковым фармаце акцыі, часе і месцы збору далі і іншыя рэсурсы. У прыватнасці, Naviny.by зрабілі гэта 18 красавіка пад загалоўкам “Маршрут “Чарнобыльскага шляху” выбраў гарвыканкам” [4].
Па-другое, калі ўжо на тое, дык блытаніну [5] ўнеслі самі арганізатары, выбраўшы напачатку не ўсім зразумелы, а для многіх і занадта працяглы маршрут у Курапаты, які гарадскія ўлады потым скасавалі.
Па-трэцяе, слаба верыцца ў канспіралогію, кшталту: сабраліся рэдактары незалежных сайтаў і вырашылі акружыць ЧШ-2014 змовай маўчання.
Відаць, пытанне ў іншым. Усё ж рэсурсы хоць і недзяржаўныя, але не ёсць органамі апазіцыі. Таму арганізатарам той ці іншай акцыі варта стукацца ў рэдакцыйныя дзверы, дамаўляцца аб прамоцыі.
У некаторых жа нашых партыях, рухах існуе перакананне: калі мы займаемся высакароднай справай, то медыі мусяць піярыць нас на аўтамаце. Не, даражэнькія, вучыцеся ладзіць элементарны піяр, сістэмную ды аператыўную супрацу з прэсай!

Ну і, па-чацвертае, не трэба спісваць малалікасць акцыі на гультаяватыя медыі. Вожыку зразумела, што прычыны іншыя.
“Меня нету. Я не хожу на мирные протесты с 2010 года”
Неабыякавасць жа да акцыі незалежныя рэсурсы прадэманстравалі дружнай, спорнай працай сваіх брыгад падчас мерапрыемства.
Тыя ж Naviny.by далі шматаспектны, сінтэтычны анлайн-рэпартаж [6]: тут вам і хроніка, і фота, і відэа, і скрыны цікавых твітоў, і мапа, і гіперспасылкі на веер матэрыялаў, у тым ліку аналітычных, па тэме дня. Асобны анлайн [7] рабіў БелаПАН.
Жывы рэпартаж [8] на сайце “Радыё Свабода” адметны, у прыватнасці, тым, што змяшчае поўнае, амаль што дзвюхгадзіннае відэа акцыі, падборку лінкаў па тэме. Асобна — відэа затрымання некалькіх удзельнікаў.
Анлайнавы рэпартаж на TUT.BY [9], вядома ж, па-за канкурэнцыяй паводле колькасці каментаў — пад шэсць соцень (кінулася ў вочы рэмарка: “Меня нету. Я не хожу на мирные протесты с 2010 года”).
Дарэчы, сам матэрыял на момант, калі пішуцца гэтыя радкі, сабраў болей за 67 тысяч праглядаў, што прыкладна ў сто разоў перавышае колькасць удзельнікаў акцыі. Так што апошнім на маштаб асвятлення, далібог, не выпадае скардзіцца!
Варта таксама адзначыць анлайны на сайце “Нашай нівы” [10] (са здымкамі Сяргея Гудзіліна), “Салідарнасці” [11], “Радыё Рацыя” [12], аператыўныя матэрыялы “Еўрарадыё”, “Новага часу”, “Белорусского партизана”, “Еўрабеларусі” ды шэрагу іншых рэсурсаў.
У сваю чаргу, сайт Партыі БНФ зрабіў змястоўны агляд [13] рэпартажаў СМІ пра акцыю.
Рэпарцёраў болей, чым удзельнікаў
Такім чынам, недзяржаўныя медыі ўпэўнена асядлалі жанр анлайнавага рэпартажу. Прычым практыкуюць яго не толькі “чыстыя” інтэрнэт-СМІ, але і сайты радыё, друкаваных выданняў. Праца на вулічных акцыях — добры спосаб абстраляць маладых рэпарцёраў.
Рэпарцёрскія брыгады цэлага шэрагу айчынных СМІ навучыліся спраўна перадаваць ў рэдакцыю матэрыял з акцый, знаходзячыся не ў самых камфортных умовах, пад апекай сілавікоў. Добрым было, напрыклад, і асвятленне ў сакавіку чарговага Дня Волі.
Тут, канечне, могуць заўважыць, што частку апазіцыйна настроенай публікі такі сэрвіс з падачай у крэсла перад кампом размагнічвае: нашто перціся некуды і рызыкаваць, калі вось яна, сакавітая карцінка з дэталямі. Але гэта ўжо не праблема СМІ. Апошнія ў гэтым кантэксце робяць сваю справу ўсё болей прафесійна, сучасна.
Дадам, што недзяржаўныя рэсурсы цікавей падаюць у рэальным часе нават афіцыёз кшталту выступу афіцыйнага лідара з пасланнем народу і парламенту. Дзяржаўныя СМІ традыцыйна кормяцца тым, што распаўсюджвае БЕЛТА. Незалежныя медыі ў анлайнавых рэпартажах [14] прапануюць па гарачых слядах нарэзку самых смачных цытат, завастраюць увагу на казусах, ляпах і скандальных момантах, увёрстваюць каментары экспертаў, хутка даюць аналітыку [15] па матывах афіцыйных заяў.
Шкада, што палітычнае жыццё ў краіне зводзіцца да такіх вось шоў першай асобы ды усё болей малалюдных шэсцяў апазіцыі па дазволеным маршруце ў пункт, які крытыкі грэбліва называюць сабачай пляцоўкай.
Калі так пойдзе і далей, то рэпарцёрскія брыгады неўзабаве займеюць колькасную перавагу над самімі ўдзельнікамі.
Фота Вольгі Кляшчук (БелаПАН), Сяргея Гудзіліна (“Наша Ніва”).
