Паказальны момант: недзяржаўныя анлайн-медыі вынеслі тэму ўкраінскіх выбараў на самы верх, сайты ж дзяржаўных СМІ у лепшым выпадку далі сціплыя паведамленні недзе ўнізе, большасць жа гэтых сайтаў у нядзелю проста не абнаўлялася.
Увогуле гэта той выпадак, калі наша недзяржаўная прэса паказала і прафесіяналізм, і нераўнадушнасць.
Першая дапамога ў анлайне
Журналісты шэрагу беларускіх СМІ напярэдадні і ў дзень выбараў прэзідэнта Украіны працавалі непасрэдна там. Тацяна Каравянкова вяла анлайнавы дзённік [3] “Прэзідэнцкія выбары ва Украіне” на Naviny.by, паралельна перадавала матэрыялы для БелаПАН. Побач працавала [4] Ірына Козлік з беларускай “Комсомолки”. Яна здолела задаць Парашэнку шэраг сваіх пытанняў.
Між іншым Тацяне Каравянковай давялося адпойваць вадой… дачку Парашэнкі, якой стала млосна у цісканіне на выбарчым участку.
“Темноволосой девушке в традиционной украинской вышиванке от духоты становится плохо. Она тяжело оседает на постамент колонны возле лестницы.
— Дать вам воды? — спрашиваю я и, сунув свой блокнот в руки стоящего рядом мужчины в костюме, лезу в рюкзак за бутылкой воды. Пока достаю и открываю воду, мужчина обмахивает девушку блокнотом. Ей вроде бы получше, она благодарит за помощь. Тут к ней подбегают несколько человек из охраны Порошенко, помогают встать и уводят.
— Кто это такая? — спрашиваю у мужчины, который все еще держит мой блокнот.
— Дочка его, — отвечает он”.
Шапкі пра перамогу
Карэспандэнтка TUT.BY Наталля Касцюкевіч напярэдадні галасавання зрабіла шэраг міні-інтэрв’ю з жыхарамі ўкраінскай сталіцы. Матэрыял аздоблены добрымі фотамі Аляксандра Васюковіча. Праўда, у фэйсбуку раскрытыкавалі загаловак рэпартажа (маўляў, занадта змрочны) — “Адны кралі — зараз іншыя прыдуць красці”. Настроі кіяўлян перад выбарамі” [5].
Тэма ўкраінскіх выбараў стала 25 траўня скразной для “Радыё Свабода”. Увесь дзень веўся жывы блог [6]. У тым ліку была прапанавана анлайнавая трансляцыя кіеўскага “Громадське ТБ”. Свабодаўцы шырока распаўсюджвалі свой кантэнт цераз сацыяльныя сеткі.
Акрамя таго, “Свабода” дала прагноз [7] у фірмавай “Экспертызе” — “З абраннем Парашэнкі Лукашэнку будзе яшчэ прасцей кантактаваць з Украінай”.
Таксама ўдарнай зрабіў тэму выбараў на Украіне сайт “Нашай нівы”. У ноч на панядзелак на nn.by вісела буйная шапка “Экзіт-полы: Парашэнка перамагае ў першым туры з вынікам 56%”.
Яшчэ болей катэгарычным аказаўся TUT.BY: “Украіна абрала новага прэзідэнта. Ім стаў Пётр Парашэнка” [8].
“Салідарнасць” пад рубрыкай “Карціна дня” аператыўна дала на адкрыццё галоўнай старонкі: “Парашэнка перамагае ў першым туры. У Луганскай вобласці ёсць загінулыя”. Таксама па гарачых слядах паведаміў [9] пра поспех Парашэнкі сайт “Новага часа”.
Асобна варта адзначыць марафон па гарачых рэгіёнах Украіны спецыяльнага карэспандэнта “НЧ” Змітра Галка. Ягоны чарговы рэпартаж [10] з’явіўся акурат напярэдадні выбараў, 24 траўня.
Мёртвыя сайты дзяржаўных СМІ
Сайты ж дзяржаўных СМІ ў нядзелю былі збольшага мёртвыя. Ні слова пра ход і вынікі галасавання. Толькі матэрыялы, напісаныя напярэдадні.
На галоўнай старонцы sb.by з тэкстам “Слова бярэ Украіна” [11] з суботняга нумара газеты суседнічаў з пазнакай “Лепшае з інтэрнэта. Выбар рэдакцыі партала” тэндэнцыйны, абразлівы матэрыял-перадрук з расійскага рэсурсу “За аднаго Парашэнку дзвюх Цімашэнак даюць” [12].
На сайце АНТ у ноч на панядзелак, калі незалежныя рэсурсы абвесцілі ўжо пра перамогу Парашэнкі паводле экзіт-полаў, вісеў безнадзейна састарэлы матэрыял “Яўка на выбарах прэзідэнта ва Украіне склала ўжо 17%” [13].
Выключэннем быў, бадай, хіба сайт БЕЛТА, на якім паведамленні пра ўкраінскія выбары сціпла размясціліся пад рубрыкай “У свеце”, нашмат ніжэй, чым матэрыялы пра візіт Рахмона ды прыбыццё Пуціна на фінал хакейнага чэмпіянату ў Мінск.
І не скажаш жа, што выбары ў паўднёвых суседзяў беларускім уладам па барабане. Наадварот, украінскія падзеі апошніх месяцаў прымусілі беларускае начальства круціцца як вуж на патэльні. Афіцыйны Мінск зацікаўлены ў стабілізацыі ўкраінскай сітуацыі пад уплывам гэтых выбараў.
Але, па-першае, сайты многіх дзяржаўных выданняў у нядзелю не абнаўляюцца ў прынцыпе. І гэта сведчыць, што ў дзяржаўнай прэсы няма матывацыі развіваць свае анлайнавыя рэсурсы, быць на ўзроўні часу.
Па-другое ж, што канкрэтна да ўкраінскай тэмы, то ў рэдакцыях дзяржСМІ відавочна не хочуць наперад бацькі совацца ў пекла. Вось калі наверсе дадуць адмашку на прызнанне гэтых выбараў — тады зусім іншы каленкор. А так — лепей перастрахавацца, пераседзець падзею ціха.
І гэта — анамалія для журналістыкі.
