Гэта мы з Беларусі можам без праблем зайсці на www.ej.ru [3]. А вось карыстальнікам у Расіі, каб пабачыць грамадска-палітычнае інтэрнэт-выданне “Ежедневный журнал”, трэба ўжыць пэўную хітрасць (напрыклад, скарыстаць праграмнае забеспячэнне “Тор”).
З 13 сакавіка сайт унесены ў рэестр забароненых рэсурсаў за “заклікі да супрацьпраўнай дзейнасці і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, што ладзяцца з парушэннем усталяванага парадку”. На патрабаванне Генпракуратуры і паводле распараджэння Раскамнагляду правайдары па ўсёй Расіі блакуюць доступ да гэтага і яшчэ некалькіх вэб-выданняў, вядомых рэзкай крытыкай палітыкі Крамля.
У рэдакцыі перакананы, што такім чынам улады, узяўшы курс на жорсткую вялікадзяржаўную палітыку, канфрантацыю з Захадам, разгарнуўшы інфармацыйную вайну [4] супраць Украіны, зачышчаюць медыйны абсяг ад непажаданых, нонканфармісцкіх выданняў.
Зрэшты, і да блакавання “Ежедневный журнал”, у каторым друкуюцца такія знаныя аналітыкі, публіцысты, як Дзмітрый Арэшкін, Віктар Шэндэровіч, Юлія Латыніна, Мікалай Сванідзе, быў даволі элітарным рэсурсам з адносна вузкай аўдыторыяй. Яе ядро, кажа намеснік галоўнага рэдактара Аляксандр Гольц, складае каля трыццаці тысяч наведнікаў за суткі.
Ён зважае на тое, што прасунутая публіка з ліберальнымі поглядамі аб’ектыўна ёсць даволі малым сегментам расійскага грамадства. Звыш таго, прызнае мой суразмоўца, выданне ўвайшло ў інтэрнэт не гатовым да яго мовы [5]. Сёння выйграюць бульварныя сеціўныя медыі, што не друкуюць вялікіх артыкулаў.
З тымі ж выклікамі сутыкаецца якасная журналістыка [6] і ў байнэце.
Гэтыя праблемы і сталі тэмай нашай адмысловай гутаркі для Mediakritika.by.
— Аляксандр, як выходзіць з сітуацыі, калі ідзе інфармацыйная вайна, а журналіст хоча заставацца журналістам [7], займацца сваім рамяством?
— У сітуацыі, калі пазіцыі палярызуюцца, калі значная частка прадстаўнікоў журналісцкага цэха — з розных меркаванняў, іншым разам змагаючыся за свабоду сваёй краіны, іншым разам проста за грошы — пачынаюць выконваць функцыі прапагандыстаў, зразумела, журналіст, адзінай задачай якога ёсць прадставіць чытачу ўсю сукупнасць фактаў, каторая заўжды супярэчлівая, і даць нейкую інтэрпрэтацыю гэтых супярэчнасцяў, апынаецца ў вельмі складаным становішчы. Яго пачынаюць падазраваць ва ўсіх грахах…
— Не патрыёт [8]…
— З аднаго боку — не патрыёт, з іншага — не ліберал… У мяне, напрыклад, былі праблемы, калі я падтрымліваў тую вайсковую рэформу, што праводзіў былы міністр Сердзюкоў. Многія мае ліберальныя сябры казалі: як ты можаш хваліць гэты рэжым, гэты ўрад!
Але што рабіць, калі, на мой погляд, тое, што рабілася тады, было рухам у слушным кірунку?
Выйсце з гэтага толькі адно — рабіць сваю справу. Як бы цяжка гэта ні было, заставацца журналістам. Нічога іншага прыдумаць нельга.
Ну, і варта з разуменнем ставіцца да тых, хто не вытрымаў гэтага ціску абставін. Я не кажу пра тых, хто прадаецца за грошы, вядома. Я пра тых, што праз найлепшыя памкненні ўважаюць сябе цяпер за байцоў інфармацыйнага фронту. Проста варта зразумець, што яны займаюцца ўжо не журналісцкай дзейнасцю.
— Але ж гэта таксама від рамяства. У дзяржавы, у нейкіх карпарацый мусіць быць інфармацыйная палітыка, стратэгія інфармацыйнай бяспекі…
— Так, але гэта ўжо іншае рамяство. Выбачайце за аналогію, але прафесійны дыверсант карыстаецца халоднай зброяй і хірург карыстаецца скальпелем. Гэта падобныя інструменты, аднак мэты зусім розныя.
Калі журналіст пачынае ўтойваць, скажаць, замоўчваць вядомыя яму факты, ён ужо на іншым баку. Ён ужо не працуе журналістам. Ён працуе прапагандыстам. Гэта ўжо іншая прафесія.
— Інтэрнэт-газета Naviny.by [9], для якой я пішу артыкулы, ад пачатку вызнае аналітычную журналістыку, як і ваш “Ежедневный журнал”. Мы не хочам ад гэтага адмаўляцца, гэта наша фішка. Але сёння жоўтыя рэсурсы болей папулярныя. Мы, канечне, стараемся рабіць артыкулы карацейшыя, робім гіперспасылкі і гэтак далей. Аднак праблема застаецца: як існаваць, скажам так, разумнай, інтэлігентнай журналістыцы ў эпоху, калі бульваршчына [10] вядзе рэй?
— Гэта, як кажуць амерыканцы, пытанне на сто мільёнаў долараў. Хто знойдзе мову, што дазваляе гаварыць сур’ёзныя рэчы інтэрнэт-аўдыторыі, знойдзе такія метады падачы, той стане не толькі вельмі багатым чалавекам, але зробіць рэвалюцыю. Несумненна, рана ці позна такая мова будзе знойдзена.
На жаль, сёння мы асуджаны друкаваць у інтэрнэце фактычна газетныя артыкулы. Лёгка сказаць: напішы карацей! Калі мы пішам карацей, то пазбаўляем нашу аўдыторыю той сістэмы аргументацыі і таго прафесійнага аналізу, дзеля якога яна і павінна чытаць нашы тэксты.
Са з’яўленнем блогаў, сацыяльных сетак адбылася даволі страшная гісторыя для прафесійнай журналістыкі. Я ўпэўнены, што 90% чытачоў не бачаць розніцы між блогерамі і прафесійнымі журналістамі.
— Ці не заб’е прафесійную журналістыку [11] сённяшні інфармацыйны хаос?
— Такая небяспека ёсць. Мы не навучыліся гаварыць сур’ёзныя рэчы тым, хто выкарыстоўвае толькі інтэрнэт як крыніцу інфармацыі. І гэта вялікая праблема.
Наша аўдыторыя даволі сталая — гэта пераважна людзі, якім за сорак і якія прывыклі чытаць газеты і кніжкі. Вось калі іх стане яшчэ меней, гэта будзе каласальны крызіс журналістыкі.
Вы спытаецеся, ці ёсць у мяне рэцэпты? Не, няма.
— Мы разважаем толькі пра наш прафесійны інструментарый. Але ёсць і іншае пытанне: у якім стане грамадства [12]? Якасная журналістыка запатрабаваная грамадзянамі, сярэднім класам. А на постсавецкім абсягу ў значнай ступені прысутнічае люмпен, “савок”.
— Так, у нас не сфармаваўся сярэдні клас. Людзі не бачаць сувязі між інфармаванасцю і прыняццем рашэнняў, паколькі ад іх нічога не залежыць. Што зробіш: наша грамадства павінна прайсці свой шлях.
Гутарыў Аляксандр Класкоўскі.
Фота аўтара.
