Журналіст і рэдактар парталу TUT.by Алёна Шарамет распавядае пра тры правілы, якіх яна датрымліваецца ў сваёй штодзённай працы.
Не нашкодзь!
Пытанне правілаў у журналістыцы з аднаго боку такое простае (ім жа вучаць з першых крокаў у прафесіі) і такое складанае, калі трэба ўзяць і сфармуляваць іх. Аднак галоўнае маё правіла, якога я максімальна датрымліваюся асабліва цяпер, нямала займаючыся ўкраінскай тэмай, - "не нашкодзь". Тут важна не нашкодзіць ані героям матэрыялаў, ані іх сем'ям, ані нават краінам.
Свежы і жывы прыклад - інфармацыя пра беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ў зоне АТА. Я не веру ў тое, што беларусы, ваюючы ва Ўкраіне, займелі там яшчэ і запасныя жыцці ці знакамітыя "гермашлемы", якія б баранілі ад раненняў. Мы з калегамі паднялі ўсе магчымыя ўласныя сувязі ва Ўкраіне, каб атрымаць пацверджанне інфармацыі пра 12 забітых беларусаў, якую агучыў [3] у інтэрв'ю калега Зміцер Лукашук. Пацверджанні знайсці вельмі нялёгка, усё, што ўдаецца накапаць нельга публікаваць - крыніцы разумеюць, што гэта нашкодзіць не толькі сем'ям загінулых, але нават краінам. І мы чакаем часу для гэтай інфармацыі і разумеем, што ён можа не надысці ніколі.
Мінімум эмоцыяў
З гэтым найцяжэй. І не толькі ва ўкраінскай тэматыцы. У кожнай. Без эмоцыяў цяжка ствараць нешта, пісаць ці прапрацоўваць тэму ў эфіры, ці на здымках сюжэту. Але эмоцыі нельга ўпусціць да аўдыторыі, у кожнага чытача ці гледача свая гісторыя на кожную тэму. І гэтая гісторыя можа быць палярна адрознай ад маёй. Не пакіну без прыкладаў і гэтае правіла.
Надоечы па просьбе сваякоў паехалі на знакамітыя беларускія Мальдзівы па прыгожыя фота. Яшчэ да выезду я настаяла на тым, што ніякага купання там не будзе - зона тэхналагічная і небяспечная. А па выніку напісала [4] сваё меркаванне пра адапачынак там. Рэдактару здала тэкст толькі пасля двухразовая ачысткі матэрыялу "ад атруты". Ува мне сапраўды было шмат злосьці ад таго, як абыякава ставяцца да сваёй бяспекі і жыцця ў цэлым суграмадзяне. Але тое я паспрабавала заглушыць. Хаця сёння мне здаецца, што ўсё ж не да канца. А пасля кожнага сказу амаль што карцела вялікімі літарамі пісаць: ЛЮДЗІ, МІЛЫЯ, ДЫ БЕРАЖЫЦЕ ВЫ СЯБЕ. ЗРАБІЦЕ ЗДЫМКІ ПРЫГОЖЫЯ (ХОЦЬ І БЕЗ ІХ МОЖНА АБЫСЦІСЯ) І ЕДЗЬЦЕ ДАЛЕЙ АДСЮЛЬ. ТУТ НЕБЯСПЕЧНА!!!
Быць зразумелай
І тут мне яшчэ даводзіцца шмат чаму вучыцца. Ад намеру стаць журналісткай да сённяшняга дня я змагаюся са складанымі канструкцыямі ў сваім мысленні і тэкстах: я люблю даўгія сказы і фармулёўкі. Але ў іх можна пачаць з адной думкі, а скончыць іншай. І гэта замінае таму, каб быць зразумелай.
Таму залатое правіла, якому вучаць з першых крокаў: адзін сказ – адна думка, адзін абзац – адна думка. І для мяне гэта штодзённы інструмент. Ён прыдаецца мне не толькі ў маёй журналістцкай працы, але і ў маёй рэдактарскай працы. Чытач, карыстальнік, глядач не мусіць блытацца ў нашых думках, яму б у сваіх разабрацца, асабліва пасля нашых усё часцей невясёлых паведамленняў.
