mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > Мэр, губернатар, алігарх — усё, як у дарослых!

Вы здесь

  • Главная [1]
  • Мэр, губернатар, алігарх — усё, як у дарослых!

Мэр, губернатар, алігарх — усё, як у дарослых!

07.09.2014 Ремесло [2]

З пачаткам восені, калі ажывілася пасля сезону адпачынкаў актыўнасць розных важных персон, на айчынных рэсурсах касяком пайшлі загалоўкі з гучнымі іншаземнымі слоўцамі: мэр, губернатар, алігарх.

Так, БЕЛТА называе губернатарам [3] старшыню Гродзенскага аблвыканкама Краўцова, мэрам [4] — кіраўніка Мінгарвыканкама Ладуцьку. Гэта тэрміналогія ў дзяржаўных СМІ ўжо трывала замацавалася.

А вось і недзяржаўны Tut.by дае [5] разгорнуты загаловак: “Губернатарскі” помнік, смятанныя шашкі і адрэстаўраваныя хрушчоўкі. Як Пінск адсвяткаваў абласныя “Дажынкі”. (Дарэчы, калі з тэксту ды фотаў зразумела, як, то нідзе не сказана, калі — праігнараваны адзін з атрыбутаў інфармацыйнага матэрыялу.)

Губернатарам у гэтым матэрыяле называюць старшыню Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара, чый эскіз падказаў ідэю помніка хлебу, адкрытага акурат на свята.

 

Дык назавіце тады Сумара шансанье!

Ну, спадар Сумар — асоба ўвогуле рознабаковая. Нават альбом сваіх песень запісаў. Але ж праз гэтыя творчыя экзэрсісы ніхто не называе Сумара, напрыклад, слоўцам “ шансанье”. Чаму ж тады кіраўніка вертыкалі клічуць губернатарам?

Ёсць краіны, дзе такія пасады існуюць афіцыйна. У тым ліку і ў Расіі. На мой погляд, пошасць пераймання такіх вось гучных слоўцаў у значнай ступені тлумачыцца знаходжаннем Беларусі ў магутным інфармацыйным полі [6] ўсходняй суседкі.

У тым ліку і праз гэта ўвесь час сілкуецца сіндром каланіяльнага мыслення. Нашы медыі, напрыклад, дасюль імкнуцца называць айчынных вынаходнікаў якімі-небудзь “беларускімі Кулібінымі” і г.д. Карацей, вылазіць комплекс непаўнавартаснасці, хваравітае жаданне давесці, што і ў нас — “як у вялікіх”, фактычна — як у падсвядомай метраполіі.

Таксама нашы СМІ, у тым ліку і недзяржаўныя, з энтузіязмам адзначаюць даты кшталту Тацянінага дня [7] як свята студэнтаў. Хоць ніякага дачынення да беларускай гісторыі гэты дзень не мае: 25 студзеня 1755 года імператрыца Лізавета Пятроўна падпісала ўказ аб стварэнні Маскоўскага універсітэта. Да захопу Расійскай імперыяй беларускіх зямель заставалася яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў…

Мода ж на “губернатараў” падаецца мне яшчэ і адным з наступстваў “братняй інтэграцыі” эпохі Лукашэнкі. Засвярбела зліцца нават тэрміналагічна.

 

Ілюзія дэмакратыі: на Захадзе мэры — і ў нас мэры

Зрэшты, у дзяржаўных СМІ можа быць і іншы матыў. У краінах развітай дэмакратыі губернатараў і мэраў звычайна абіраюць наўпрост жыхары адпаведнай тэрыторыі. Памятаеце, як Шварцэнегер змагаўся за пасаду губернатара Каліфорніі?

Але ж айчынных “тэрмінатараў” саджае на вобласці самі ведаеце хто. Карацей, неба і зямля. Між тым, жанглюючы высмактанымі з пальца аналагамі (у Францыі, Польшчы мэры — ну дык і ў нас мэры), дзяржаўная прэса хоцькі-няхоцькі накідае масавай свядомасці ілюзію, нібыта ў нас з дэмакратыяй ды самакіраваннем усё ціп-топ.

Чаму гульню “ўсё, як у людзей” падхоплівае недзяржаўная прэса, адназначна сказаць цяжка. Мяркую, у многіх выпадках гэта ідзе не ад сервільнасці. Хутчэй спрацоўвае гэтакая літаратуршчына: нам жа ўбівалі ў галовы, што паўтор словаў у кароткім фрагменце тэксту — гэта маветон, варта пашукаць адпаведнікі, перыфразы.

Карацей, выключна каб не мазолілі вока адны і тыя ж тытулы, са старшыні выканкама робяць мэра, а з прызначанага прэзідэнтам сябра Савета Рэспублікі — сенатара. Хоць насамрэч атрымліваецца не сінонім, а дробная падтасоўка.

А потым — ланцуговая рэакцыя. Адзін напісаў, другі — і пайшло-паехала: фальшывая, прышытая белымі ніткамі паралельная тэрміналогія становіцца ўжо завядзёнкай, якую пачаткоўцы ўспрымаюць як норму, традыцыю.

Тут выяўляецца яшчэ і такая старая хвароба нашага брата, як цяга да пустога пафасу, гучных штампаў (а-ля “працаўнікі стальных магістраляў” ды “туманны Альбіён” [8]).

Адзначу: іншая рэч, калі аўтар ужывае штампы з іроніяй. Так, у недзяржаўных медыях не раз дасціпна абгульвалі пабудаваную на клішэ савецкіх СМІ фразу беларускага кіраўніка пра тое, што падступны монстр НАТО падпаўзае да сінявокай Беларусі.

 

Дык што, Лукашэнка — марыянетка?

І нарэшце, асобна хачу сказаць пра моду на слоўца “алігарх”.

“Белорусский партизан” падкрэслівае [9] ў загалоўку, што “Беларускія ўлады прадалі ААТ “Гідрапрывад” алігарху Шакуціну”. Interfax.by, са свайго боку, спяшаецца паведаміць [10]: “Беларускі алігарх узяў пад сваё крыло рысяў і мядзведзяў”.

Во як, у нас алігархі яшчэ і з крыламі! Між іншым, прозвішча героя публікацыі — Варабей. Так што чалавек можа і пакрыўдзіцца за такую фрывольную гульню словаў у загалоўку.

Ну і пэўна ж ікаецца мільянеру Тапузідзісу.

Паводле “Еўрабеларусі” [11], “Лукашэнка паставіў алігарха Тапузідзіса ў прыклад стратнаму Белкаапсаюзу”. На Tut.by, дарэчы, паведамляючы пра тую ж падзею, ад гучнага слоўца ўстрымаліся [12]: “Лукашэнка раскрытыкаваў працу Белкаапсаюза і пахваліў Тапузідзіса”.

Адзначу, што і “Наша ніва” ў журналісцкім расследаванні [13] пра забудову на Нарачы пазбягае называць таго ж бізнесоўца алігархам.

А вось ахвочая да перадрукаў “Хартыя”, ужыўшы копіпаст, не ўтрымалася [14] ад гучнага загалоўка “Алігарх Тапузідзіс пабудаваў рэзідэнцыю ў ахоўнай зоне Нарачы”. “Белорусский партизан” даў перадруку [15] таго ж расследавання загаловак “Нарач: замест санаторыяў — дачы алігархаў”. Звыш таго, гэта cмачнае “алігарх” двойчы ўстаўлена ў лід.

Але пагоня за хвосткімі выкрывальнымі слоўцамі вядзе да анекдатычнага эфекту.

Глядзіце, з аднаго боку, адпаведныя рэсурсы скрозь дзяўбуць, што Лукашэнка — дыктатар. З іншага боку, калі ў нас, паводле тых жа рэсурсаў, квітнеюць алігархі, то бок — бярэм сапраўднае значэнне слова — таўстасумы, якім дэ-факта належыць улада, дык які ж тады Лукашэнка дыктатар? Па ідэі, ён пры такім раскладзе толькі марыянетка алігархаў.

 

Скажу як гуманіст: дубца на вас няма

Карацей, сябры мае, наматайце на вус: ну няма, няма ў Беларусі алігархаў (хіба што адзін, як з’едліва кажуць праціўнікі рэжыму)!

Калі браць суседзяў, то пэўна можна гаварыць пра ўкраінскіх алігархаў — там людзі з ну вельмі вялікімі грашыма у значнай ступені вызначалі дзяржаўную палітыку цягам мінулых гадоў ды і сёння рэальна ўплываюць на яе. Урэшце, прэзідэнт Парашэнка — шакаладны кароль.

Што да Расіі, то за часамі Ельцына ў аслабленай посткамуністычнай дзяржаве купка нуварышаў сапраўды рэальна ўплывала на Крэмль. Але прыйшоў Пуцін са сваімі піцерскімі — і ўсё падмяў. Там сёння можна казаць хіба што пра цалкам зрослы з уладай алігархат.

У Беларусі ж сістэма даўно персаналісцкая. Любы багацей ходзіць перад прэзідэнтам на дыбачках і ў любы момант можа апынуцца “дзеля прафілактыкі” за кратамі (што з некаторымі і адбывалася).

А вы — алігархі! Перш чым устаўляць гучнае замежнае слоўца, не грэх зазірнуць у слоўнік. “Алігархія” ў перакладзе з грэцкай — улада нямногіх. У Беларусі ж нават тыя таўстасумы, што набліжаны да кіроўнай вярхоўкі, не маюць ні каліва ўлады.

Я тут развёў вялікую палітыку, але дапускаю, што некаторыя аўтары проста не ведаюць сэнсу слова “алігарх”. Прыгожа, гучна, хвостка — вось і лепяць [16]. Смешна было чытаць, напрыклад, як называлі алігархам арыштаванага колісь у Мінску гендырэктара “Уралкалія” Баўмгертнера, не робячы розніцы між уладальнікам кампаніі і менеджарам, хай сабе і высокааплатным.

Леў Талстой прапаноўваў выдаць закон, каб пісьменніку, што ўжыў слова, значэння якога ён не можа патлумачыць, давалі сто розгаў. Можна здагадацца, наколькі дасталі вялікага гуманіста аматары вербальных бразготак.

У камп’ютарную эпоху такіх пісак, як бачым, меней не стала. Эх, няма на вас дубца!

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/2460/mer-gubernatar-aligarh-usyo-yak-u-daroslyh

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/remeslo
[3] http://www.belta.by/ru/all_news/regions/Grodnenskaja-oblast-planiruet-za-2-3-goda-uvelichit-eksport-selxozproduktsii-do-1-mlrd---Kravtsov_i_679403.html
[4] http://www.belta.by/ru/all_news/society/Vysshie-nagrady-Minska-vruchili-olimpijskim-chempionam-i-ix-treneram_i_679452.html
[5] http://news.tut.by/society/414426.html?utm_campaign=news-feed&utm_medium=rss&utm_source=rss-news
[6] http://mediakritika.by/article/2352/yak-dac-medyyny-adlup-maskve
[7] http://mediakritika.by/article/616/kalaniyalny-sindrom-dyabal-havaecca-u-detalyah
[8] http://mediakritika.by/article/2382/zadzyaubli-vashy-tumannyya-albiyony
[9] http://www.belaruspartisan.org/economic/278951/
[10] http://www.interfax.by/news/belarus/1165919
[11] http://eurobelarus.info/news/economy/2014/09/04/lukashenko-postavil-oligarha-topuzidisa-v-primer-ubytochnomu.html
[12] http://news.tut.by/economics/414123.html#ua:main_news~4
[13] http://nn.by/?c=ar&i=134141
[14] http://www.charter97.org/be/news/2014/9/6/114437/
[15] http://www.belaruspartisan.org/life/279168/
[16] http://mediakritika.by/article/1337/zhouty-nepismenny-i-z-cyagay-da-aralnaga-seksu