Публікацыі пра геяў і лесбіянак заўсёды выклікаюць шмат дыскусій у інтэрнэце. Разам з тым, у беларускіх медыя такія матэрыялы можна назваць рэдкасцю.
Чаму беларускія журналісты зрэдку пішуць пра ЛГБТ-супольнасць і якія памылкі яны дапускаюць у сваёй працы, распавядае гендэрная даследчыца Юлія Міцкевіч.
- Спадарыня Юлія, нядаўна гей-актывіст Аляксандр Палуян выказаў меркаванне [3], што тэма ЛГБТ-супольнасці нецікавая беларускім медыя. Ці падзяляеце вы гэтае меркаванне? І якім чынам можна патлумачыць гэтую з’яву?
- Сапраўды артыкулы пра геяў і лесбіянак вельмі рэдка з’яўляюцца ў нашых медыя, а калі іх і можна там знайсці, то інфармацыя, як правіла, падаецца ў гамафобным кантэксце або проста як смажаны факт, калі гэта датычыцца нейкіх зорак шоў-бізнэса кшталту Канчыты Вурст. Прычынаў таму некалькі. Па-першае, многія журналісты і хацелі б пісаць на гэту тэму, але рэдактары не дазваляюць, паколькі самі маюць гамафобны настрой. Па-другое, такія публікацыі не зусім упісваюцца ў канцэпцыю “правільнасці” беларускай ідэалогіі, калі мы кажам пра дзяржаўныя СМІ. Разам з тым, апошнім часам журналістам стала прасцей працаваць з ЛГБТ-тэматыкай.
- Што вы маеце на ўвазе?
- Калі я толькі пачынала пісаць на гэту тэму год сем таму, з’яўляючыся журналісткай інфармагенцыі БелаПАН, мне вельмі часта даводзілася дадаткова тлумачыць калегам, чаму я пішу пра геяў ці лесбіянак. Яны не тое, каб пацяшаліся з мяне, але задавалі вельмі шмат пытанняў, навошта яно мне трэба. Зараз, думаю, журналістам у гэтым плане прасцей.
- У расійскіх СМІ, якія вельмі папулярныя і ў Беларусі (асабліва тэлебачанне), тэматыка ЛГБТ-супольнасці часта суправаджаецца як ілюстрацыя сапсаванага Захаду, які хоча навязаць праваслаўнай Расіі антрыхрысціянскія, варожыя каштоўнасці. Ці можна прасачыць падобныя тэндэнцыі ў беларускіх медыя? І ў якім ключы найчасцей разглядаецца тэматыка ЛГБТ у беларускіх СМІ?
- Праблема ў тым, што нашы людзі сапраўды часта не адрозніваюць расійскую інфармацыю ад беларускай, і ўсе гэтыя прапагандысцкія рэчы з расійскага ТВ адбіваюцца і на беларускай грамадскай думцы. Што датычыцца айчынных медыя, то пакуль тэма ЛГБТ не раскручаная. Тэксты ці сюжэты з’яўляюцца толькі пры гучных інфармацыйных нагодах – калі затрымалі ці збілі кагосьці з гей-актывістаў, або калі “жанчына з барадой” перамагла на Еўрабачанні. Але нам бракуе дыскусіяў на гэту тэму.
- Часта ад экспертаў можна пачуць, што журналісты не валодаюць правільнай тэрміналогіяй пры распрацоўцы тэм, звязаных з ЛГБТ-супольнасцю. Якія найбольш распаўсюджаныя памылкі можна назваць?
- Самая частая памылка, калі гомасэксуалаў называюць гомасэксуалістамі. Гэта некарэктна і няправільна, таму што ідзе супрацьпастаўленне гетэрасэкусал, але гомасэксуаліст. Апроч таго, часта журналісты блытаюць, каго можна назваць трассэксуалам, а каго – трансвесцітам, хоць у інтэрнэце можна знайсці даведнікі і парады ад экспертаў [4].
- “Радыё Свабода” ў свой час рабіла апытанне [5] сярод палітыкаў і грамадскіх дзеячаў пра іх стаўленне да гей-прайдаў. Дык вось, многія рэспандэнты адказвалі, што гэта тэма іх наогул не хвалюе. На ваш погляд, ці трэба ўключаць публічных асоб у такі дыскурс? І ці варта публікаваць і гамафобныя выказванні [6], якія дазваляюць сабе некаторыя актывісты?
- Абавязкова. У Беларусі сапраўды склалася дзіўная сітуацыя – многія палітыкі проста баяцца гаварыць на гэту тэму, хоць іх еўрапейскія калегі ці партнёры адкрыта каментуюць тэму ЛГБТ у прэсе. Нядаўна ў інтэрнэце шмат шуму нарабіў артыкул Сяргея Дубаўца “Я-гей!” [7], дзе ён становіцца на абарону гомасэксуалаў, адзначаючы, што вартасць чалавека не вызначаецца ягонай сэксуальнай арыентацыяй. Цікавыя развагі, улічваючы, што некалькі год таму спадар Дубавец друкаваў досыць гамафобныя меркаванні [8] на сайце “Беларускія навіны”.
- Газета “Вячэрні Гродна” нядаўна апублікавала два матэрыялы пра жыццё геяў [9] і лесбіянак [10]. З каментарыямі па тэме выступае доктар-сэксолаг, які кажа: “Ответить на вопрос, почему женщина стала лесбиянкой, однозначно нельзя. Причиной может быть комплекс проблем, в том числе внутренняя неудовлетворенность собой, семейной жизнью и банальное «муж охладел». Биологический компонент глубже, когда ориентация начала формироваться еще во внутриутробном периоде. Тогда лесбиянство можно рассматривать как выраженное отклонение в развитии. Во всех остальных ситуациях женщина, встретив достойного мужчину, может легко отказаться от однополой любви”. Наколькі ўдалым можна назваць такі падыход да выбару эксперта?
- Калі журналіст ставіў задачу абразіць гомасэксуалаў, то, напэўна, гэты эксперт дарэчны. Калі ж падыходзіць да напісання такіх тэкстаў з праваабарончага пункту гледжання, то варта ведаць, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя больш за 20 год таму выключыла “гомасэксуалізм” з Міжнароднай класіфікацыі захворванняў [11], а Міжнародны пакт аб грамадскіх і палітычных правах прама ўказвае, што дыскрымінацыя па сэксуальнай арыентацыі недапушчальная [12]. Калі эксперт гэтага не ведае, то наўрад ці варта прадастаўляць яму слова на старонках газеты.
