mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > Пункт погляду: Журналіста АНТ “непакоіць Гандурас”

Вы здесь

  • Главная [1]
  • Пункт погляду: Журналіста АНТ “непакоіць Гандурас”

Пункт погляду: Журналіста АНТ “непакоіць Гандурас”

27.10.2014 Точка зрения [2]

Варта пагадзіцца з журналістам АНТ Алегам Лепешанковым: медыі сапраўды могуць быць інструментам замбавання. Але сказаўшы “а”, калега не сказаў “б” — не акрэсліў, што ў найбольшай ступені гэта праблема характэрная для несвабодных краін [3]. У тым ліку для Расіі і Беларусі.

У артыкуле [4] “Пункт погляду: у журналістыцы не бывае этычна і каштоўнасна нейтральных сюжэтаў” сп. Лепешанкоў прывёў прыклады, як кепскія медыі, на ягоную думку, завялі Балгарыю на задворкі Еўразвязу; адыгралі адну з галоўных роляў у распальванні Майдана на Украіне. Нарэшце, аўтар згадаў нават не леташні снег, а балканскія падзеі часоў кіравання памерлага ужо ў Гаазе Мілошавіча, калі, маўляў, праз заходнюю прэсу “з дапамогай псіхалінгвістычных тэхнік НАТО апраўдвала свае дзеянні ў Сербіі”.

Можна было б раскласці па палічках кожны з гэтых сюжэтаў і давесці, што роля СМІ ў згаданых драматычных падзеях значна перабольшаная. Скажу толькі два словы аб прычынах Майдана. Ён быў згенераваны не медыямі, а разлажэннем улады, метастазамі татальнай карупцыі. І пра гэта сказаў не хто іншы, як Аляксандр Лукашэнка.

Але найперш для мяне паказальна, што журналіст АНТ, выкрыўшы бандэраўцаў у балаклавах ды праклятых амерыкосаў, ні гу-гу пра сістэмныя заганы медыйнай сферы ў роднай Беларусі ды “саюзнай” Расіі. За савецкім часам такі падыход называўся “мяне непакоіць Гандурас”.

А хлопчыка хто “ўкрыжаваў”?

Для пэўнасці падкрэслю, што я — супраць барыкаднай чорна-белай журналістыкі. Адзін са сваіх артыкулаў на “Медыякрытыцы” я так і назваў: “Журналіст не мусіць станавіцца дэмшызой” [5].

Я катэгарычна супраць таго, каб журналістаў заганялі ў акопы інфармацыйных войнаў [6].

Мне не падабаецца, калі падзеі на Украіне ды вакол яе асобныя пасіянарныя СМІ малююць па-маніхейску: вось ваяры Святла, а вось сілы Цемры.

Яшчэ мінулай зімой я пісаў на “Медыякрытыцы” пра заганнасць павярхоўнай біпалярнай схемы пры апісанні Майдана [7] як з’явы, што насамрэч была шматслойнай, неадназначнай, супярэчлівай.

Адказныя медыі сапраўды не мусяць піярыць радыкальны нацыяналізм, гэта з’ява зусім не перадавая і ніяк не адпавядае еўрапейскім каштоўнасцям. Іншая рэч, што, як паказалі травеньскія прэзідэнцкія выбары на Украіне, папулярнасць нацыянал-радыкалаў там невысокая.

Раздзімалі ж міф пра “фашысцкую хунту” найперш расійскія медыі. Вось яны, пачынаючы з “крымскай эпапеі” Пуціна, насамрэч сталі зброяй інфармацыйнай вайны. Прычым тут ужо гаворка не пра нюансы і акцэнты сэнсаў, а пра наўмысную дэзінфармацыю, стварэнне фэйкаў (чаго варты адзін “укрыжаваны бандэраўцамі ў Славянску хлопчык”!).

Ці маральна медыям працаваць паводле адмашкі?

Інфармацыйная агрэсія Масквы [8] — гэта значна свяжэйшы і болей надзённы для нас сюжэт, чым “псіхалінгвістычныя тэхнікі” НАТО ў 1999 годзе, ці не так, сп. Лепешанкоў?

Вось вы згадваеце адмыслоўца ў галіне інфармацыйных тэхналогій Ігара Ашманава, які параўноўвае захаванне інфармацыйнага суверэнітэту краіны з кантролем над уласнай паветранай прасторай.

Добра, узброімся гэтай метафарай (хоць яна і спрэчная). Тады сёння справа выглядае так: у беларускай медыйнай прасторы пануе цяжкая прапагандысцкая авіяцыя Крамля, а тутэйшыя зеніткі бяздзейнічаюць.

Ну пра які інфармацыйны суверэнітэт можна казаць, калі мазгі беларускага абывацеля перманентна прапалоскваюць маскоўскія прапагандысты кшталту Дзмітрыя Кісялёва? Калі незалежная сацыялогія сведчыць, што блізу 60% беларусаў, на якіх вывяргаюцца тэрмаядзерныя дозы расійскага прапагандосу, ухваляюць анексію Крыма.

Між іншым, у двухсэнсоўнай сітуацыі пры гэтым апынаецца беларускі афіцыйны лідар, які выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. І на добры лад беларускія дзяржаўныя СМІ павінны былі б гэту пазіцыю адстойваць.

Але яны выглядаюць анемічна [9], бо няма адмашкі. Палітычнае кіраўніцтва краіны не хоча страчваць расійскія субсідыі, таму не наважваецца даваць адлуп экспансіі “рускага свету”.

Хаця ў перыяды інфармацыйных войнаў беларускія дзяржаўныя медыі выкрывалі расійскі імперыялізм па поўнай праграме. Але цяпер не тая кан’юнктура. Зноў жа: я не заклікаю, каб журналісты распальвалі варожасць да Расіі. Аднак у адказных беларускіх СМІ мусіць быць выразная пазіцыя ў дачыненні да вялікадзяржаўных замашак, шавіністычнай прапаганды. Ну як можна, разважаючы на ўзроўні савецкага палітрука пра ідэалагічныя падкопы дэманізаванага Захаду, не заўважаць рэальнай пагрозы нашаму суверэнітэту з усходняга боку? І ўвогуле, ці маральна медыям працаваць паводле адмашкі?

Калі ж згадаць мінулыя выбарчыя кампаніі, то паводле адмашкі дзяржаўныя СМІ змешвалі з брудам, выстаўлялі купкай адмарозкаў палітычных сапернікаў дзейнага кіраўніка. Зазіралі да іх ў замочную шчыліну, не грэбавалі матэрыяламі спецслужбаў. Гэта да праблемы кансалідацыі грамадства і этычных стандартаў, наконт якіх так пераймаецца прадстаўнік АНТ.

Не блытайце адказную журналістыку з сервільнай

Пры гэтым я зусім не выгароджваю недзяржаўныя медыі, ў якіх таксама багата праблем прафесійнага, этычнага кшталту. На жаль, некаторыя з такіх рэсурсаў фактычна перанялі горшую практыку дзяржаўнай прэсы: тая ж аднабокасць [10], падтасоўка фактаў, тая ж мова нянавісці ў дачыненні да палітычных апанентаў.

У нас дэфармаваная, нездаровая медыясфера, але чаму? Ці не таму найперш, што яна прыціснута пятой аўтарытарнага палітычнага рэжыму: “чэсныя” СМІ разглядаюцца як ідэалагічная абслуга, а “нячэсныя” дыскрымінуюцца, заганяюцца на маргінэс (дзе асобныя з іх радыкалізуюцца, пераходзяць на рэйкі той самай інфармацыйнай вайны)?

Медыйны рынак, якога ў нас няма, сам па сабе не здымае ўсіх цэхавых праблем, але выводзіць іх на іншы ўзровень. Па вялікім рахунку медыям становіцца нявыгадна хлусіць, бо страта рэпутацыі б’е і па фінансавым стане.

Украінскія СМІ, пра якія згадвае сп. Лепешанкоў — не самы дасканалы ўзор. На іх стан сапраўды ўплывала і працягвае ўплываць алігархічная сістэма. Але ўсё адно там болей плюралізму [6], чым у нас ды ў Расіі.

Медыйныя сістэмы развітых дэмакратычных краін таксама небездакорныя, але, як той кажа, нам бы іхнія праблемы. Беларуская медыясфера ўвогуле ў каменным веку, прычым найперш праз спецыфіку палітычнага рэжыму.

І яшчэ: не трэба мяшаць боб з гарохам, блытаць адказную журналістыку з сервільнай. Каб аздаравіць грамадства, трэба і разразаць нарывы, а гэта балюча. Адказная журналістыка ёсць лязом хірурга [11], а не цырульніка з угодлівай мінай “чего изволите?”.

Так што давайце ставіць пытанні па гамбургскім рахунку. І абмяркоўваць найперш тое, што тычыцца нас непасрэдна — як айчыннага журналісцкага цэха, так і краіны ўвогуле: прапагандысцкую экспансію “рускага свету”, хібы дзяржаўнай манаполіі ў медыясферы, падзел СМІ на “чэсныя” ды “нячэсныя” (нагадаць, хто яго ўвёў?) і г.д.

Карацей, давайце падыходзіць з крытэрамі адказнай журналістыкі да нашых уласных болек, добра?

Калі ж вы абіраеце толькі тыя тэмы і прыклады, якія не чапляюць тутэйшае начальства, то атрымліваецца цалкам у духу савецкага анекдота: “Мяне непакоіць Гандурас”. І тады не трэба ля-ля пра адказную і высокамаральную журналістыку.

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/2574/kropka-poglyadu-zhurnalista-ant-nepakoic-ganduras

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/tochka-zreniya
[3] http://mediakritika.by/article/2054/lukashenka-valadar-krainy-zombi
[4] http://mediakritika.by/article/2569/tochka-zreniya-v-zhurnalistike-ne-byvaet-eticheski-i-cennostno-neytralnyh-syuzhetov
[5] http://mediakritika.by/article/1798/zhurnalist-ne-music-stanavicca-demshyzoy
[6] http://mediakritika.by/article/2209/yak-zastacca-zhurnalistam-na-infarmacyynay-vayne
[7] http://mediakritika.by/article/1699/nyama-ploshchy-dyk-hoc-euramaydan
[8] http://mediakritika.by/article/2352/yak-dac-medyyny-adlup-maskve
[9] http://mediakritika.by/article/2091/paslya-kryma-u-patryyotau-movu-adnyalo
[10] http://mediakritika.by/article/zhurnalistyka-i-rezhym-vayna-usyo-spisha
[11] http://mediakritika.by/article/2304/zhurnalistyka-lyazo-hirurga-ne-dyversanta