Аўтамабіль дзюбнуўся ў іншую машыну ці ў слуп — ну хто накінецца на такую банальшчыну? А вось “пратараніў слуп” — ужо гучыць! Так думаюць аўтары ды рэдактары — і лепяць, лепяць крыклівыя загалоўкі, не зазіраючы ў слоўнікі.
“У Мінску на праспекце Незалежнасці грузавік пратараніў слуп (фота)” — паведамляе [3] загаловак на сайце “Еўрарадыё”. Між тым на фота бачна, што МАЗ, тыцнуўшыся ў перашкоду, банальна яе паваліў сваёй масай.
Пратараніць — гэта, паводле слоўнікаў, прабіць наскрозь, звычайна таранам. Сёння медыі зацягалі, дэвальвавалі кідкае слоўца, ужываючы яго ў выпадках, калі ні пра якія скразныя прабоіны вострым прадметам няма і гаворкі. Калі механічная гаргара наязджае на слуп, то можа яго змяць, паваліць, скрышыць, але ніяк не пратараніць.
У той самы дзень на тым жа сайце “Еўрарадыё” з’явілася яшчэ два матэрыялы з гэтым жа хвосткім дзеясловам:
Кіроўца Сitroen, які пратараніў бетонную апору, быў п’яны (відэа) [4]
У Мінску кіроўца на “Маздзе” пратараніў службовыя аўтамабілі міліцыі [5]
Калі паглядзець на фота з матэрыялу пра “Сітраен”, што нібыта пратараніў апору, то відавочна, што тая стаіць як стаяла, а вось саму машыну разарвала. У другім выпадку некалькі машын памятыя, але не болей за тое.
Ну і якія тут тараны? Што прадзіраўлена, прабіта наскрозь?
Экзатычная Lada і брутальны вадзіла пад мянушкай Сitroёn
Дарэчы, калі ўжо аналізаваць тыя загалоўкі пра дарожныя здарэнні па поўнай праграме, то не зразумела, чаму “Сітраен” напісалі лацінкай, у той час як “Мазду” — кірыліцай.
Асабіста я — за тое, каб замежныя брэнды дзе толькі можна (то бок за выключэннем рэкламы, вузкаспецыяльных тэкстаў) даваць нашымі літарамі.
Па-першае, чым меней варварызмаў, тым лепей. Па-другое, тады аўтаматычна вырашаецца пытанне скланення, бо наша мова вымагае казаць “кіроўца “Сітраена”, ужываць марку машыны ў родным склоне. А калі “кіроўца Сitroen”, то гэта глядзіцца як прозвішча ці мянушка нейкага вадзілы-замежніка.
Дарэчы, калі ўжо строга трымацца мовы арыгінала — французскай, то трэба пісаць Сitroёn. Але нашто ўвогуле ў такіх выпадках лезці ў гушчар чужых моў? Тады трэба і кітайскія брэнды іерогліфамі пісаць! Так нядоўга дакаціцца да фантасмагорыі, апісанай ў новай антыўтопіі Віктара Марціновіча “Мова”.
Зазначу, што напісанымі лацінкай маркамі аўто найболей пярэсцяць тэксты Тut.by. На мой густ чытача-гуманітара гэта выглядае дзікавата. Асабліва калі робяць нескланяльнай рускую “Ладу”:
Россия: грабитель не смог сбежать из-за заглохшей Lada [6]
Між іншым, у першакрыніцы [7], на расійскім сайце “Ладу” напісалі кірыліцай.
Не трэба быць Шэрлакам Холмсам, каб дапяць, што тутбаеўскі перавод расійскай маркі на лацініцу звязаны з камерцыйным момантам, бо адпаведная гіперспасылка выводзіць на каталог аўтамабіляў ВАЗ.
Камерцыя камерцыяй, але мне шкада мовы.
Зрэшты, ў напісанні аўтабрэндаў на Тut.by можна хаця б адсачыць нейкі матыў і паслядоўнасць. На большасці ж рэсурсаў, уключна са згаданым “Еўрарадыё”, падазраю, ніякай палітыкі няма. Як напісалася, так і напісалася.
Скрозь бачыш, як у матэрыялах аднаго і таго ж СМІ па-рознаму робяцца скарачэнні (млн. і млн — дарэчы, правільны другі варыянт), пануе разнабой ва ўжыванні двукоссяў, вялікіх літар, напісанні ініцыялаў і г.д.
Між тым салідныя медыі, напрыклад маскоўскія, маюць адпаведныя памяткі, і кожны навічок іх вывучае. Гэта — рэдакцыйная культура, такім чынам датрымліваецца адзіны стыль рэсурсу.
У Беларусі “расстрэльваюць” на кожным кроку
Увогуле ж — кашмар, дзе мы жывем! Які тут астравок стабільнасці? Апошнім часам у нас на кожным кроку не толькі тараняць, але і расстрэльваюць.
Вось загаловак на Udf.by:
Вооруженный грабитель расстрелял продавца в магазине в Орше [8]
З тэксту ж вынікае, што рабаўнік толькі стрэліў небараку ў нагу. Таксама не мёд, але ж — далёка не расстрэл.
А вось зноў сайт “Еўрарадыё”:
Нецвярозы мужчына расстраляў з пнеўматычнага пісталета трактар [9]
Цяжка ўявіць сабе ўвогуле, як можна расстраляць (то бок зрашаціць) жалезную гаргару з караткаствольнай пнеўматыкі. З самога ж паведамлення можна зрабіць выснову, што быў толькі адзін стрэл у лабавое шкло. Ну, так, смальнуў, пекануў, але ж не расстраляў!
З тае ж оперы — загаловак на “Белорусском партизане”:
За попытку вызвать “скорую” жителя Вилейки расстреляли [10]
Насамрэч былі два стрэлы з пнеўматыкі на глебе побытавага канфлікту, пасля чаго “расстраляны” патэлефанаваў са скаргай у міліцыю, а тая ўзбудзіла крымінальную справу паводле артыкула аб хуліганстве (!). Зноў жа: пацярпець ад нападу хулігана — рэч малапрыемная, але гэта далёка не тое, што робяць са смяротнікамі ў сумна вядомым мінскім следчым ізалятары № 1.
Дык як сустрэлі Лукашэнку ў Малдове?
Так, гіпербала — цалкам “легітымны” літаратурны прыём, які часта ўжываюць і журналісты. І ўсё ж зашмат выпадкаў, калі пачуццё меры падводзіць рэдакцыю. Вось сайт nn.by паведамляе:
Лукашэнку ў Малдове сустракалі воклічам: «Ты хто такі? Давай да пабачэння» ВІДЭА [11]
Дарэчы, я адмыслова пакінуў двукоссі-елачкі, як на згаданым сайце, каб зазначыць — яны чужыя, не беларускія. У беларускім тэксце мусяць ужывацца лапкі.
А самае галоўнае — якой велічыні, вы думаеце, быў натоўп, што скандаваў ганебны для высокага госця слоган? Дык вось, гэта зрабіў роўна адзін чалавек (праўда, аддамо належнае, з “мацюгальнікам”).
Але ж, мусіць, карцела стварыць ілюзію, што аўтарытарнага кіраўніка Беларусі сустрэла ў штыкі ледзь ці не ўся Малдова! Хоць насамрэч тамтэйшыя фермеры, вінаробы, начальнікі былі на сёмым небе ад шчасця, што Мінск наважыўся скупіць [12] іх слівы, яблыкі ды алкаголь ва ўмовах расійскага эмбарга.
Аднак гэта ўжо сумны аб’ектывізм. А мы ж хочам эфектна высмейваць рэжым ды ягонага правадыра. І трэба сказаць, часта ёсць за што (сам гэтым грашу). Але вось у гэтым канкрэтным выпадку жаданне падаць учынак адзіночкі як масавую абструкцыю выглядае па-дзіцячаму.
Тое ж тычыцца і штучнай драматызацыі непалітычных тэм. Мы раз-пораз рвем глотку на роўным месцы: таран! расстрэл! Хоць насамрэч пад крыклівым загалоўкам [13] — банальны міліцэйскі прэс-рэліз, кшталту: легкавік дзюбнуўся ў слуп.
