Калі журналіст выдае кнігу блогаў — гэта ўжо феномен. “Сем худых гадоў” — так называецца зборнік палітычнага аглядальніка “Радыё Свабода” Юрыя Дракахруста, прэзентаваны 3 снежня на сядзібе БНФ у Мінску.
Вядомае выслоўе, што газета жыве адзін дзень. Так, у прынцыпе, можна сказаць пра ўсю журналістыку. Нават класічныя артыкулы хутка старэюць, назаўтра ты б напісаў пра тое самае зусім іначай; блогі ж для многіх аўтараў увогуле, так бы мовіць, жанр другога гатунку, гэтакая плынь свядомасці, калі дзеля хуткапісу, экспрэсіі моманту даруюцца паспешлівасць ды неахайнасць думкі.
Але гэта — не пра Юрыя Дракахруста, матэматыка паводле адукацыі, які выбудоўвае кожную думку, як формулу, выпісвае кожную фразу, бы выразае па камені.
Яму, паводле ўласнага прызнання, імпануе крэда Спінозы: “Не плакаць, не смяяцца, не ненавідзець, але разумець”.
У выніку высвятляецца, што многія ягоныя рэчы цалкам актуальныя і праз год, і праз два, і праз тры. Бо аўтар зазірнуў далей і асэнсаваў праблему глыбей, чым многія з нашай пішучай браціі, якая вечна спяшаецца “адстраляцца па тэме”, “замалаціць” або “спіхнуць” матэрыял.
“Чытаючы прэсу, бачыш, што ў ёй пануе міфалогія”, — зазначыў на прэзентацыі “Сямі худых гадоў” сацыёлаг Сяргей Нікалюк. На ягоную думку, Дракахруст — адзін з нямногіх, хто разбурае гэтыя міфы.
Канечне, калі ты не адпеты халтуршчык [3], то заўжды хочацца стварыць нешта болей мудрагелістае, чым гаспадарчае мыла. Адкараскацца ад маніхейскай схемы, што відавочна не адпавядае складаным, дыялектычна супярэчлівым рэаліям.
Але тут для журналістаў, аналітыкаў, што працуюць у незалежных медыях, узнікае яшчэ і праблема ціску асяроддзя. Умоўна кажучы, апазіцыйнае асяроддзе [4] часта таксама пачынае дзяўбці [5], калі ты не ідзеш у мэйнстрыме.

Юры Дракахруст, як падкрэсліў на вечарыне палітолаг Валер Карбалевіч (на здымку злева), адметны тым, што “выказвае перпендыкулярныя думкі” і “не баіцца апынуцца ў меншасці”.
Мне ж згадваецца выраз Анатоля Франса, што самая рэдкая мужнасць — гэта мужнасць думкі. Да творчасці Юрыя Дракахруста гэтыя словы цалкам можна дапасаваць.
Кніга “Сем худых гадоў”, 48-я з серыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе”, у нечым эксперыментальная, бо ў ёй сабраны менавіта анлайнавыя тэксты — 63 блогі, якія публікаваліся на svaboda.org ад 2008 да 2014 года.
Прычым яны змешчаны яшчэ і з хвастом каментаў (сярод якіх багата кпінаў ды наўпроставых абвінавачанняў у здрадзе святым ідэалам), а таксама пазнейшымі аўтарскімі рэзюмэ пад рубрыкай “Хто меў рацыю”.
Дарэчы, як падлічыў [6] кіраўнік беларускай службы “Радыё Свабода” Аляксандр Лукашук, 21 раз меў рацыю аўтар, 8 —апаненты, у 34 выпадках “вынік яшчэ невядомы ці невядома, што лічыць вынікам”.
Па праўдзе кажучы, тэксты Дракахруста хоць і лёгкія стылістычна, але цяжкія праз канцэнтрацыю сэнсаў, іх не прабяжыш па дыяганалі. Даводзіцца перачытваць нейкія фразы ці нават лезці ў даведнікі. А сёння ж усе спяшаюцца, на такое грунтоўнае чытво бракуе часу ці яно ўлом.
Таму, магчыма, у гэтых рэчаў меней паклоннікаў, чым у папсовай публіцыстыкі, дзе ўсё як на далоні: ваяры Святла супраць злачыннага рэжыму. І “аналіз” таксама элементарны: ва ўсім вінаваты гэты самы злачынны рэжым. А як жа іначай? Хто думае іначай, той, пэўна, сам агент рэжыму…
Сапраўды, па каментах да блогаў Дракахруста можна зрабіць выснову, што яны раздражняюць аматараў простых адказаў, чорна-белых палітычных схем [7]. Гэтыя аматары ні па першым, ні па другім, а часам нават і па апошнім абзацы не могуць прасекчы: дык за каго ж аўтар, за белых ці за чырвоных?
Аўтар жа ламае стэрэатыпы, прымушае ўключаць мазгі. Аўтар падае праблемы дыялектычна і — во жах! — з варыянтамі развіцця падзей, прычым уключна з варыянтамі апакрыфічнымі.
Сам Юрый ў адным з тэкстаў тлумачыць, чаму ён не гоніць папсу, а грузіць чытача, стварае яму дыскамфорт: “Калі лічыць, што ўлада трымаецца не адно на штыхах і не пераважна на іх, то тыя, хто хоча пераменаў, будуць думаць, як пазбавіць уладу гэтай падтрымкі, будуць імкнуцца зразумець, якія патрэбы гэтая ўлада задавальняе і якім інтарэсам адпавядае, імкнуцца спасьцігнуць праўду гэтай улады і яе прыхільнікаў, каб перасягнуць яе. Ну а калі лічыць, што ўвесь народ супраць дыктатара, толькі ўсе баяцца, што ўся справа ў АМАПе і ў БТ (ну і яшчэ ў клятых маскалях — але гэта на аматараў, вольная праграма), то, зразумела, асабліва інтэлектуальна напружвацца не выпадае. Можна нават на кружэлку ці на “лічбу” запісаць, каб арганізм не стамляць, і круціць гэтыя мантры кожны раз пры нагодзе”.
Шчыра кажучы, шмат каму цвердзіць палітычныя мантры акурат падабаецца болей, чым напружваць шэрае рэчыва. І, натуральна, далёка не ўсіх чытачоў Дракахруст паварочвае ў сваю веру. Глыбокая, бескампрамісная аналітыка пэўнай частцы сённяшняй палітызаванай публікі не патрэбная, гэты аўтар для яе “занадта разумны”.
І для мяне гэта яшчэ адно сведчанне, што цудаў у нашай гісторыі не будзе. Немагчымы скачок з дыктатуры ў царства свабоды, які мроіцца аматарам прымітыўных палітычных схем. Наперадзе доўгі пакручасты шлях.
Патрэбен час, каб сфармаваўся пласт свядомых грамадзян. Каб вырас значны сярэдні клас, які мае патрэбу ў якасных медыях, якасных артыкулах, каб прымаць узважаныя самастойныя рашэнні.
Юрый Дракахруст у гэтым сэнсе прапануе тэксты навырост. Ён імкнецца, паводле ўласнага прызнання, “праз мільгаценне падзей убачыць нейкія вечныя беларускія сэнсы”.
Ну што ж, у такім разе яму, адрозна ад многіх калег, заўжды ёсць пра што пісаць.
Фота аўтара
