Сваім запрашэннем да дыялогу Аляксандр Лукашэнка ў пэўнай ступені размагніціў і абхітрыў журналістаў, дапушчаных на ягоную вялікую прэс-канферэнцыю 29 студзеня.
Яна стала рэкорднай паводле працягласці — сем гадзін і сем хвілін. Такім чынам, сёлетняе мерапрыемства ў сталічным Палацы Незалежнасці аказалася толькі на тры хвіліны карацейшым за самую доўгую прамову Фідэля Кастра — на партыйным з’ездзе у 1986 годзе.
Размах на рубель, а ўдар на капейку
Зрэшты, у нашым выпадку надзвычай разадзьмутымі, шматслоўнымі былі не толькі развагі афіцыйнага лідара, але і прамовы шэрагу прадстаўнікоў СМІ.
Так, кажу менавіта аб прамовах, бо кіраўнік дзяржавы, які даўно зарэкамендаваў сябе віртуозным маніпулятарам [3], гэтым разам спаймаў таго-сяго з журналістаў сваёй прапановай нібыта дыялогу на роўных.
Насамрэч жа ніякай роўнасці тут быць не магло. У кіраўніка дзяржавы з ягоным статусам, харызмай ды хітрасцю спрактыкаванага палітыка мелася апрыёрная перавага.
Расплывістыя, блытаныя выступы з залы далі Лукашэнку магчымасць пры жаданні троліць, збіваць з тропу, выбіраць для адказу болей зручныя фрагменты доўгіх і часам супярэчлівых разваг-пытанняў. Карацей, маніпуляваць суразмоўцамі.
Хтосьці, відавочна, разгубіўся ад гэтага тролінгу, хтосьці ад хвалявання забыў сутнасць пытання, а камусьці, магчыма, стала страшнавата задаваць яго ў лоб ці гнуць сваё, калі прэзідэнт выслізваў, ухіляўся ад наўпроставага адказу.
Ва ўсякім разе, папярэднія спісы пытанняў, што фігуравалі на асобных рэсурсах (у прыватнасці на Tut.by) ды ў сацыяльных сетках, выглядалі болей баявіта.
Мяркую, што ў такіх сітуацыях варта ўсё ж не паддавацца спакусе стаць каліфам на гадзіну, а канцэнтравацца на сваім журналісцкім амплуа. Апераваць сціслымі, гранічна ачышчанымі ад лірыкі ды агульных слоў пытаннямі, завостранымі так, што ад іх цяжка адкруціцца. Іначай кажучы, трымацца той азбукі, што выкладаецца на розных прафесійных трэнінгах.
На гэтай прэс-канферэнцыі мы ўбачылі, што нават фармальна актуальнае пытанне можа спарадзіць банальны адказ, калі яно гучыць шаблонна. Некалькі чалавек, напрыклад, пад розным соусам уздымалі тэму беларускай мовы, але так, што адказ можна было прадбачыць. Бо на гэтую тэму Лукашэнка неаднойчы выказваўся у тым духу, што мову паважае, не супраць яе пашырэння, аднак жа і перагінаць кій, калі народ не гатовы, было б няправільна.
І зусім іначай зайграла б тэма, задай хто-небудзь пытанне пра зацяты чыноўніцкі пераслед [4] выдавецтва ды кнігарні Ігара Логвінава — чалавека, што шчыруе на ніве нацыянальнай культуры.
Не прагучалі, як маглі б, жыццёва важныя для журналістаў тэмы рэпрэсіўных змен у закон аб СМІ, снежаньскага блакавання сайтаў [5]. Пералік можна прадоўжыць.
Як Мельнічук справакавала прэзідэнта на “ідыётаў”
Зрэшты, калі ўжо і мяняць амплуа — то бок даваць рэкамендацыі кіраўніку дзяржавы, то так, каб накінуць сваю гульню.
Па-майстэрску — далікатна і разам з тым востра — зрабіла гэта пад самую заслону мерапрыемства карэспандэнт Бі-бі-сі Тацяна Мельнічук. Яна ўзняла тэму адыёзных рэпрэсій [6] супраць тых, хто выйшаў да французскай амбасады на знак салідарнасці з забітымі карыкатурыстамі “Шарлі эбдо”, а таксама да украінскай амбасады на гадавіну гібелі ў Кіеве беларуса Міхаіла Жызнеўскага.
“Моцная ўлада ніколі не будзе баяцца крытыкі ды прыніжацца да дробязнай расправы з тымі, хто крытыкуе тое, што адбываецца не так”, — зазначыла [7] Мельнічук.
І Лукашэнка нечакана для многіх заявіў: “Калі ўлада пачынае такое рабіць, яны — ідыёты, проста дзейнічаюць на шкоду ўладзе”. Было загадана разабрацца ў сітуацыі.
Гэта не азначае, вядома, што заўтра рэжым стане белым ды пухнатым. Але ўсё ж міліцыянты, магчыма, будуць трохі болей узважваць, каго вінціць.
Можна таксама адзначыць спрыт карэспандэнта “Радыё Свабода” Валера Каліноўскага ды яго калегі з “Еўрарадыё” Змітра Лукашука, якія між іншым здолелі дамовіцца з кіраўніком дзяржавы пра эксклюзіўныя інтэрв’ю для сваіх СМІ.
Сярэдзіч забіў двух зайцаў
Але па-за канкурэнцыяй аказаўся ветэран недзяржаўнай журналістыкі, галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч.
Скарыстаўшыся не вельмі дасціпным жартам Лукашэнкі на адрас свайго выдання, Сярэдзіч перахапіў ініцыятыву і забіў двух зайцаў.
Па-першае, красамоўна, у дэталях давёў няслушнасць прэтэнзій Мінінфарма, які вынес газеце апошнім часам два папярэджанні, што пагражае закрыццём. Пры гэтым не так даўно прызначаную міністарку рэдактар-аксакал прапанаваў накіраваць на гадавую практыку ў рэдакцыю свайго выдання.
Па-другое, Сярэдзіч настолькі палымяна даводзіў, што недзяржаўная прэса пры ўсім сваім крытыцызме ёсць апорай беларускай дзяржаўнасці, што Лукашэнка ў выніку загадаў, каб яму кожны дзень клалі на стол “Народную волю”.
Застаецца жартам зазначыць, што, паколькі цяпер выданне выходзіць двойчы на тыдзень, прабіўному Сярэдзічу застаецца пад маркай прэзідэнцкага загаду дамагчыся штодзённага выпуску.
«А чаму Сярэдзіч выступіў так здорава? А таму што старая гвардыя! Таму, што гэта людзі з 90-х! Калі была публічная палітыка, калі былі штодзённыя дэбаты ў Вярхоўным Савеце! Бо амаль кожны дэпутат з таго часу пры ўсіх цяперашніх паліттэхналогіях (якія прымяняць няма дзе) дасьць фору большасьці сёньняшніх палітыкаў», — напісаў з гэтай нагоды ў фэйсбуку калега Віталь Цыганкоў.
Так, тое была дзіўная, феерычная эпоха [8] змяшэння жанраў ды місій, калі харызматычныя журналісты, рэдактары часта станавіліся яшчэ і палітыкамі; калі маладая незалежная журналістыка выглядала з цяперашняга гледзішча занадта наіўнай, публіцыстычнай, не надта ўмела па-амерыканску аддзяляць факты ад каментароў, — але захапляла шчырасцю, энергетыкай, драйвам.
На жаль, менавіта рэжым, усталяваны цяперашнім прэзідэнтам, выпаліў абсяг незалежнай прэсы, збольшага загнаў яе на маргінэс. Разам з тым, на прэс-канферэнцыі 29 студзеня многіх здзівіў пераважна мяккі, часам нават паблажлівы тон у дачыненні да прэсы.
“А чаму так было? Скажам так, што такі момант і такая сітуацыя ў краіне”, — зазначыла пастфактум у каментары [9] для “Еўрарадыё” намеснік рэдактара “Комсомольской правды” в Белоруссии” Ульяна Бабаед.
Але ж лепей, каб гэта паблажлівасць не размагнічвала. Прэс-канферэнцыя паказала, як важна журналісту заўжды быць у поўнай баявой, з абоймай сціслых вострых пытанняў напагатове.
