Шмат каму “даставіла”, як на саміце нармандскай чацвёркі 12 лютага ахоўнік у мінскім Палацы Незалежнасці літаральна закрыў рот журналістцы тэлеканала “Россия 24”.
Так ёй і трэба, тыя “прапагандоны” іншага абыходжання і не заслугоўваюць, можна было і болей сурова — вось як выглядае даволі значная плынь ацэнак гэтага інцыдэнту ў беларускім сегменце сацыяльных сетак.
Гаўканне ў літаральным сэнсе
Увогуле цягам гэтага саміта, што ператварыўся ў пакутлівы марафон і для прэсы, адбылося некалькі інцыдэнтаў з удзелам расійскіх журналістаў.
Хітом у сацыяльных сетках стаў сюжэт, калі журналіст LifeNews у літаральным сэнсе гаўкнуў на украінскую калегу (хоць дзеля паўнаты карціны варта зазначыць, што ў гэтай выхадкі была свая перадгісторыя [3]). Натуральна, кпінаў гэты персанаж атрымаў болей, чым у сабакі блох. Зрэшты, на самім мерапрыемстве ахова абмежавалася толькі папярэджаннем на ягоны адрас.
А вось Паўла Зарубіна з тэлеканала “Россия” ахоўнікі выдалілі з залы, дзе увечары 11 лютага Аляксандр Лукашэнка сустракаў Пятра Парашэнку. Выдалілі пасля таго, як журналіст некалькі разоў выгукнуў у бок украінскага прэзідэнта: “Чаму вашыя войскі бамбяць мірныя гарады?”.
Гэты дэмарш прадстаўніка расійскай прэсы шмат каму падаўся правакацыйнай загатоўкай. Ды і момант быў падкрэслена пратакольны. “Прэсу загадзя папярэдзілі: ніякіх пытанняў”, — распавёў Mediakritika.by карэспандэнт RFI Генадзь Шарыпкін, які працаваў на мерапрыемстве.
Два згаданыя інцыдэнты, трэба думаць, толькі паспрыялі апрыёрна негатыўнаму стаўленню да расійскай прэсы з боку тых, хто, умоўна кажучы, за Украіну.
Ад сябе зазначу: шмат якія расійскія СМІ, і асабліва тэлеканалы, цягам украінскага крызісу сапраўды добра пастараліся выклікаць да сябе агіду адыёзнай прапагандай, а то і проста цынічнай хлуснёй.
Адпаведна, калі на другі дзень “Мінска-2” адзін з ахоўнікаў у літаральным сэнсе заткнуў рот [4] супрацоўніцы тэлеканала “Россия 24” Вользе Скабеевай, якая памкнулася задаць пытанне Парашэнку на выхадзе з палаца, у фэйсбуку знайшлося багата публікі, што адрэагавала са злараднасцю ды захапленнем.
Хто-ніхто з каментатараў падкрэсліваў: журналістка, маўляў, парушыла пратакол. Калега Андрэй Аляксандраў іранічна адзначыў з гэтай нагоды ў фэйсбуку, што, “аказваецца, у нас поўны фэйсбук знаўцаў дыпламатычнага пратакола! Проста можна ўкамплектаваць паўтара МЗСы і амаль што цэлае міністэрства інфармацыі”.
Бадай, не менш знайшлося і знаўцаў інструкцый спецслужбаў, паводле якіх нібыта бездакорна дзейнічаў той мажны дзяцюк, прыціснуўшы карэспандэнтку тварам да свайго пінжака.
А каторы з каментатараў дык збіўся і на сексісцкія жартачкі: хай бы радавалася, дурніца, што такі хлопец да грудзей прытуліў!
Яшчэ ўзніклі дэбаты, чый гэта быў ахоўнік — тутэйшы ці Парашэнкаў. Расійскія СМІ у рэпартажах ўпэўнена зазначылі: сек’юрыці украінскі. Але шэраг мясцовых калег паводле пэўных прыкмет мяркуе, што ў гэтым эпізодзе “працаваў” нехта з тутэйшых службоўцаў.
Зрэшты, гэта, на мой погляд, другасны нюанс. Хачу засяродзіцца на пазіцыі тых (прычым не толькі палітызаваных фб-тусоўшчыкаў, але і часткі калег), хто мяркуе прыблізна так: увогуле такое абыходжанне з прэсай не камільфо, вядома, аднак жа тут брутальнасць ахоўніка нават “даставіла”. Бо няма чаго цацкацца з “прапагандонамі”.
То бок спрацоўвае, як на самалёце-знішчальніку, сістэма апазнавання “свой — чужы”. Мы, вядома, на баку святла, яны — на баку абсалютнага зла. І на вайне як на вайне — усе сродкі добрыя.
Эксперт: гэта перашкода прафесійнай дзейнасці
Між тым як бясспрэчную перашкоду выкананню прафесійных абавязкаў трактуе гэты інцыдэнт ягоны відавочца Генадзь Шарыпкін.
На яго погляд, тую сітуацыю нельга разглядаць як пратакольную: там быў момант, калі проста “смешались в кучу кони, люди”. Цалкам працоўная сітуацыя для журналістаў.
У звязку з гэтым карэспандэнт RFI згадаў пра свае ўражанні ад леташняга віленскага саміта “Усходняга партнёрства”: там журналісты падобным чынам насядалі на высокіх асоб, і хаця ахоўнікі іншым разам стрымлівалі “доступ да цела”, такой жорсткасці ў дачыненні да прэсы не было.
Ды і заходнія фільмы, і тэлерэпартажы “адтуль” сведчаць, што любых публічных асоб у дэмакратычных краінах журналісты прэсінгуюць па поўнай праграме. Гэта іх хлеб, іх рамяство. На трэнінгах журналістаў акурат і вучаць мець трошкі здаровага прафесійнага нахабства — “злаўчыцца стаць між героем ды дзвярыма”.
Між іншым, менавіта таму ахове Лукашэнкі было надта ж дыскамфортна, калі той выбраўся з візітам у Вільню [5] ў верасні 2009 года: праклятыя журналюгі не рэагавалі на загады кшталту “са спіны не здымаць”, лезлі пішчом.
Жорсткія ж дзеянні супраць прадстаўнікоў прэсы могуць справакаваць на гнілым Захадзе не толькі скандал з негатыўнымі піяраўскімі наступствамі для пэўных палітыкаў, але і судовы разбор.
Дык чаму ж мы, такія ўсе з сябе еўрапейцы, ухваляем гвалт над акрэдытаваным прадстаўніком СМІ на афіцыйным мерапрыемстве ў нас?
Зраблю рэмарку: інфармацыйная бяспека дзяржавы, яе дзеянні ва ўмовах інфармацыйнай агрэсіі — гэта іншае пытанне. Я сам неаднойчы пісаў, што варта неяк абмяжоўваць тэрмаядзерную прысутнасць расійскіх тэлеканалаў ў медыйнай прасторы Беларусі, ствараць ім супрацьвагу [6]. Але гаворка ж не пра тое, што належыць фізічна затыкаць рот журналістам суседняй краіны!
“Натуральна, гэта перашкода ажыццяўленню прафесійнай дзейнасці”, — так у каментары для Mediakritika.by ацаніў дзеянні супраць журналісткі “России 24” беларускі медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі.
“Разам з тым, — дадаў суразмоўца, — гэта толькі адзін з шэрагу выпадкаў, калі служба бяспекі нешта падобнае робіць на постсавецкай прасторы. Ведаю выпадкі, калі так рабілі ў дачыненні да журналістаў без акрэдытацыі або асобаў, якіх ахоўнікі не ідэнтыфікавалі як журналістаў. Менш скандальна, але больш распаўсюджана, калі ахова сваім целам закрывае чыноўніка ад камеры і мікрафона, робіць калідор і праводзіць публічную асобу праз натоўп”.
Дарэчы, той ахоўнік, што заткнуў рот прадстаўніцы “России 24”, відавочна ж дзейнічаў так не праз тое, што ў яго зуб на расійскую прапаганду. Ён затыкаў рот прэсе ўвогуле. Проста за тое, што яе прадстаўніца спрабавала задаць пытанне. І на яе месцы мог апынуцца любы з калегаў.
СМІ як інструмент: калі чужы — кепска, калі свой — добра?
Увогуле ж украінскі сюжэт абвастрыў дыскусію пра місію СМІ. Што і казаць, непрыемна бачыць, калі твае палітычныя антыподы выкарыстоўваюць медыі як інструмент, зброю.
Але ці даўно тыя ж прадстаўнікі палітызаванай часткі нашай грамады бэсцілі айчынных журналістаў за тое, што, маўляў, мала жорсткіх пытанняў падкінулі Лукашэнку на вялікай прэс-канферэнцыі [7] 29 студзеня. Лейтматыў крытыкі быў такі: вось ужо каб я там апынуўся, то падсыпаў бы яму перцу з імберцам!
Некаторыя апазіцыйныя палітыкі нават добра папіярыліся апрыёры, скарыстаўшы як нагоду тое мерапрыемства. Напрыклад, Анатоль Лябедзька напісаў тэкст [8] “Некалькі пытанняў, якія не зададуць Лукашэнку на прэс-канферэнцыі”. Падтэкст жа такі: яны, журналюгі, пэўна ж пабаяцца, а вось я не збаяўся б, урэзаў усю праўду-матку.
Тэкст уяўляе сабой разгорнутую філіпіку: “вы гвалтам зацягнулі краіну у Еўразійскі эканамічны звяз”, “калі вы нарэшце перастанеце з усяе моцы трымацца за ўладу?” і да т.п.
Няўжо аўтар усур’ёз верыць, што камусьці далі б вось так хвілін дзесяць вербальна хвастаць кіраўніка дзяржавы на той імпрэзе?
Ды і не ў тым пытанне, наколькі хутка заткнулі б такому байцу рот. Проста не трэба блытаць прэс-канферэнцыю з палітычнымі дэбатамі, а місію журналіста — з місіяй апазіцыйнага дзеяча, прафесійнага антаганіста рэжыму.
Так, пытанні журналіста могуць быць вострымі (і кепска, калі яны бяззубыя), але разам з тым яны мусяць фармулявацца карэктна, паводле прафесійных правіл. І журналіст зусім не абавязаны агучваць агіткі вашай партыі. Так што піярцеся, калі ласка, пан палітык, не за кошт працаўнікоў СМІ!
Карацей, пабачце, сябры, які цікавы парадокс: з аднаго боку, пасіянарам недаспадобы, калі медыі выкарыстоўваюцца як зброя ідэйнымі ворагамі (гэта ж СМІ, дзе аб’ектыўнасць і ўсё такое), але разам з тым так і свярбіць самім ужыць медыі як аналагічную зброю. Тут ужо ўключаецца іншая логіка: на вайне як на вайне. І журналістаў акурат падштурхоўваюць ваяваць, толькі на сваім баку. Быць, так бы мовіць, добрымі прапагандонамі.
Іначай кажучы, мы бачым ў ладнай часткі антаганістаў пуцінскага ці лукашэнкаўскага рэжыму той самы інструментальны падыход да СМІ.
Я маю на ўвазе і частку прадстаўнікоў прэсы, што прывыкла ганарліва называць сябе незалежнай. Перш чым з выкрывальным пафасам кідаць, што вось тыя — прапагандысты, трубадуры інфармацыйнай вайны і да т.п., каму-кольвек не грэх паглядзецца ў люстэрка.
Кладучы руку на сэрца, грубай прапаганды (толькі процілеглага кірунку) у некаторых медыях, што пазіцыянуюць сябе як самыя-самыя незалежныя, аж цераз край.
Проста хто-кольвек цешыць сябе думкай, што ў нас вось прапаганда правільная, а ў тых — няправільная. Мы на баку святла, а вось тыя служаць д’яблу. Таму мне рот не затыкайце, а вось таму (той) — калі ласка, яшчэ і ў ладкі папляскаю.
Але ж чыноўнікі, службоўцы, што прэсуюць так званыя апазіцыйныя СМІ, таксама перакананыя, што робяць святую справу, змагаюцца з дэструктыўнай дзейнасцю, экстрэмізмам і г.д.
Яшчэ болей, і фанатыкі, каторыя адразаюць галовы закладнікам, спальваюць іх жыўцом, перакананыя, што робяць святую справу. І тыя, хто расстраляў карыкатурыстаў Charlie Hebdo, уважалі гэта за святую місію помсты.
Карацей, святасць барацьбы — ну такая адносная рэч, што лепей ніколі не прымерваць на сябе німб.
А вось свабода слова — наадварот. Яе мала не бывае.
Уяўляю, як бы задзяўблі Вальтэра!
Мегатоны нецярпімасці, агрэсіі, нянавісці — вось што ўражвае мяне ў такога кшталту дыскусіях, дакладней халіварах.
І вось іншым разам думаю: а чым вы лепшыя за тых, каго ненавідзіце? Можа, уся розніца ў тым, што яны ўскочылі ў сістэму, а вам не пашэнціла?
І ўявім сабе: іншая каманда бярэ ўладу ды з асалодай назірае, як набраныя ёй пасля люстрацыі ахоўнікі вінцяць неўпадабаных журналюгаў. А прызначаны пасля люстрацыі міністр інфармацыі глушыць сайты [9], што крытыкуюць новы ўрад.
Лукашэнка, дарэчы, любіць падкрэсліваць, што ён таксама прыйшоў з апазіцыі. І ў 1994-м адразу пасля свайго трыумфу ён урачыста абяцаў медыям свабоду.
Я перакананы: нейкі грамадскі прагрэс магчымы толькі тады, калі змагары за лепшую будучыню (Беларусі, Украіны, Расіі, усяго чалавецтва — патрэбнае падкрэсліць) будуць болей маральныя, высакародныя, чым іх апаненты.
Іначай грамадства будзе хадзіць па зачараваным коле, як гэта мы і бачым амаль што ва ўсіх краінах постсавецкага абсягу. Бо мала зладзіць пратэсты, скінуць таго ці іншага недэмакратычнага правадыра — трэба яшчэ і выціснуць саўка з сябе самога.
А пакуль што я ўяўляю, як задзяўблі б у сацсетках небараку Вальтэра з ягоным старамодным: мне ненавісныя вашы погляды, але я памру, каб вы маглі іх выказваць!
