mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > “Аб’ектыўная журналістыка”: вы ўжо ці крыжык здыміце, ці трусы надзеньце

Вы здесь

  • Главная [1]
  • “Аб’ектыўная журналістыка”: вы ўжо ці крыжык здыміце, ці трусы надзеньце

“Аб’ектыўная журналістыка”: вы ўжо ці крыжык здыміце, ці трусы надзеньце

30.03.2015 Точка зрения [2]

Дзве інфармацыйныя нагоды падштурхнулі мяне напісаць гэты тэкст. Гаворка ідзе пра абурэнне часткі прагрэсіўнай грамадскасці рэзкім артыкулам Святланы Калінкінай, а таксама пра заявы новага галоўнага рэдактара тыднёвіка “Белорусы и рынок” наконт місіі журналіста.

Спачатку працытую па “Радыё Свабода” [3] развагі спадарыні Валянціны Вештарт на сходзе калектыву тыднёвіка: “Ня можа быць таго, што вы называеце аўтарскай журналістыкай, калі журналіст сам лічыць сябе мэсіяй і дае сабе права меркаваць пра ўсё, што адбываецца. Свабода — гэта не ўсёдазволенасьць. Журналіст — гэта чалавек, які зьбірае інфармацыю і перадае яе чытачу. Чаму той факт, што чалавек атрымаў дыплём журналіста, дае яму права лічыць сябе спэцыялістам ва ўсіх галінах і выказваць сваё меркаваньне зь любой нагоды?”

Ні ў якім разе не збіраюся ўлазіць у рэдакцыйны канфлікт [4] і тым болей накідаць кіраўніцтву тыднёвіка тую ці іншую канцэпцыю рэдакцыйнай палітыкі.

Аднак, паколькі тэма аб’ектыўнасці/суб’ектыўнасці журналістаў раз-пораз усплывае, прычым у вострай форме, хачу сказаць колькі слоў у абарону аўтарскай журналістыкі. Бо яна не ёсць нейкім адхіленнем ад нормы, мутацыяй, як падаецца некаторым дыскутантам. Гэта — паўнавартасная плынь медыйнага кантэнту з даўнімі, багатымі традыцыямі.

Калі хочаце, то менавіта аўтарскай журналістыкай займаліся Свіфт, Радзішчаў, Пушкін, Бялінскі, Герцэн. І “Мужыцкая праўда” Кастуся Каліноўскага — наскрозь аўтарская журналістыка, калі казаць сучаснай мовай.

Дзяўбуць і за пазіцыю, і за яе адсутнасць

Мой досвед паказвае, што звычайна ад журналіста пачынаюць рэзка вымагаць аб’ектыўнасці тады, калі ён кагосьці канкрэтна зачапіў сваёй публікацыяй, ацэнкамі.

Але што адметна: ў іншых сітуацыях таго ж аўтара пачынаюць бамбаваць за процілеглае: табе, браце, бракуе грамадзянскасці, выразнай пазіцыі. Карацей, блін, не хавайся ў кусты, а скажы наўпрост: ты за белых ці за чырвоных [5]?

Залежна ад уласных грамадска-палітычных прыярытэтаў, нехта патрабуе ад медыйнага працаўніка ці то большай наступальнасці ў барацьбе з рэжымам, ці то прамоцыі некіх высакародных ініцыятыў, ці то ўдзелу ў інфармацыйнай вайне [6] супраць “рускага свету” (патрэбнае ўпісаць). Іначай ты халодны рамеснік, згоднік, баязлівец, хаваешся у бульбу (ну, ці прыгажэй — у вежу са слановай косткі) у той час, калі ідзе святая маніхейская барацьба.

Прычым як ні анекдатычна, але такой вось змагарнасці [7] нярэдка патрабуюць тыя ж асобы, якія раней, калі нейкі тэкст аказаўся ім не пад нос, заклікалі да аб’ектыўнасці.

Панове, дык вы ўжо, калі ласка, вызначцеся: вы за аб’ектывізаваную, дыстыляваную журналістыку — ці за змагарную, барыкадную? Карацей, як у тым грубаватым анекдоце: або крыжык здыміце, або трусы надзеньце!

Супакойцеся: журналістыка — розная

Насамрэч, калі адкінуць кан’юнктурны падыход, то ніякай супярэчнасці тут няма. Проста журналістыка — розная [8]. Ёсць жанры інфармацыйныя, аналітычныя, публіцыстычныя. Ці, калі яшчэ прасцей — журналістыка фактаў і журналістыка меркаванняў. Таму абстрактнае слова “тэкст” не заўжды дарэчы.

Бо тэкст заметкі на стужку БелаПАН сапраўды мусіць быць збалансаваны, напісаны нейтральнай лексікай (калі гэта не цытата), без “засветкі” асабістага стаўлення рэпарцёра да падзеі. Так падаюць інфу ўсе нармальныя, прафесійныя інфармагенцтвы.

Але падобная падзейная заметка ў нейкім выданні, што мае сваю лінію, можа ўжо быць стылістычна афарбаванай — хаця б метафарычным, экспрэсіўным загалоўкам. Ну а тэкст калумніста дык акурат і каштоўны менавіта аўтарскім поглядам мэтра. Такі матэрыял можа быць наскрозь суб’ектыўным, эмацыйным.

Іншая рэч, што ранг калумніста трэба заслужыць. Аднак патрабаваць ад публіцыстычнага артыкула аб’ектыўнасці — гэта прафанства ці крывадушнасць.

Вось нядаўна ў фэйсбуку спрачаліся з нагоды рэзкага матэрыялу Святланы Калінкінай “На арэне — клоўны” [9] пра апазіцыйных прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва. І зноў былі рэмаркі кшталту: а дзе ж журналісцкая аб’ектыўнасць?

На што адзін з калег адпісаў: маўляў, можна спрачацца наконт справядлівасці рэзкіх ацэнак, аднак нельга адымаць у публіцыста само права на ацэнкі.

Мне ж у фэйсбуку днямі закінулі, што ў артыкуле [10] на Naviny.by не ў той танальнасці напісаў, як прайшло ў Мінску святкаванне Дня Волі. Маўляў, дзеля пад’ёму нацыянальнага духу варта было б выбраць болей мажорную падачу.

І я згадаў, як яшчэ за савецкім часам [11] камсамольскія ды партыйныя босы вучылі мяне, што трэба з большым аптымізмам пісаць пра камуністычныя ідэалы. Босы ва ўпор не хацелі бачыць, што сістэма калапсуе і яе не выратуюць ніякія мантры.

Але найболей адметна для мяне тое, што і хто-кольвек з цяперашніх лідараў, актывістаў так званых дэмсілаў мысліць у дачыненні да прэсы акурат як Ленін у працы “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура”: далоў гульню ў аб’ектыўнасць, далоў “літаратараў-звышчалавекаў”! Пры гэтым рэзка забываючы, што яшчэ ўчора ён, гэты лідар, патрабаваў акурат аб’ектыўнасці, калі выданне зачапіла ягоную партыю.

Дарэчы, як ні смешна, у гэтых сваіх патрабаваннях улада і яе антыподы выглядаюць аднолькава [12]. Абое рабое, падтэкст ідэнтычны: патрэбныя “такие Гоголи, чтобы нас не трогали”.

Таленавіты суб’ектывізм можа быць фішкай

Дзеля справядлівасці зазначу, аднак, што існуе праблема чысціні жанру. У заходняй журналістыцы інфа ды каментары традыцыйна болей выразна падзеленыя. У нас (гэта, дарэчы, ідзе акурат ад традыцый бальшавіцкай прэсы) часта мяшаюць боб з гарохам. Напрыклад лепяць ярлыкі (“так званая апазіцыя”, “дыктатар заявіў”) ў інфармацыйным матэрыяле, не датрымліваюць прынцып плюралізму ў аналітыцы.

Але гэта асобная і, між іншым, не такая ўжо простая тэма. Што ж да суадносін аб’ектыўнасці/суб’ектыўнасці ў канкрэтным выданні, то, калі казаць коратка, тут няма ніякіх нарматываў. Нават айчыннае Міністэрства інфармацыі не дадумалася пакуль што іх усталёўваць.

Проста ёсць розныя канцэпцыі, розныя варыянты рэдакцыйнай палітыкі. Між іншым, і дзелавая прэса можа грунтавацца ў значнай ступені на аўтарскай журналістыцы, як гэта робіць “БелГазета”.

Ці ўзяць расійскі “КоммерсантЪ”: пры тым што там імкнуцца да стрыманасці і збалансаванасці ў асвятленні любой тэмы, шмат хто з чытачоў атрымлівае асалоду, напрыклад, ад тэкстаў Андрэя Калеснікава, які ўмее афарбаваць тонкай іроніяй нават справаздачы з афіцыйных мерапрыемстваў.

Іншыя ж выданні, напрыклад, маскоўскія “Сноб” [13], “Ежедневный журнал” [14], менавіта на аўтарскай журналістыцы і зрабілі сабе рэпутацыю. Гэтаксама на нестандарце, экспрэсіі будуецца феномен адносна новага айчыннага рэсурсу Kyky.org [15]. Гэта фішка каманды, за гэта моладзь, як яна кажа, і зацаніла выданне.

Карацей, калі вы не ёсць прынцыповым аматарам панылага лайна, то выбірайце ў журналістыцы тое, што вам кладзецца на душу, і не спрабуйце ўсіх падстрыгчы пад адзін грэбень.

Рисунок Елены Коточиговой

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/2936/abektyunaya-zhurnalistyka-vy-uzho-ci-kryzhyk-zdymice-ci-trusy-nadzence

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/tochka-zreniya
[3] http://www.svaboda.org/content/article/26923522.html
[4] http://mediakritika.by/article/2869/chto-proishodit-s-belorusami-i-rynkom
[5] http://mediakritika.by/article/2662/spadar-drakahrust-dyk-vy-za-belyh-ci-za-chyrvonyh
[6] http://mediakritika.by/article/2221/na-haleru-chystaplyui-na-infarmacyynay-vayne
[7] http://mediakritika.by/article/1798/zhurnalist-ne-music-stanavicca-demshyzoy
[8] http://mediakritika.by/article/1681/yaki-zhurnalist-pravilny-abektyuny-ci-subektyuny
[9] http://www.nv-online.info/by/567/printed/100264/%D0%9D%D0%B0-%D0%B0%D1%80%D0%B5%D0%BD%D0%B5-%E2%80%93-%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%83%D0%BD%D1%8B.htm
[10] http://naviny.by/rubrics/politic/2015/03/25/ic_articles_112_188543/
[11] http://mediakritika.by/article/2493/u-zhurnalistycy-yak-i-u-zhycci-kozhny-byare-svabody-kolki-asmelicca
[12] http://mediakritika.by/article/1739/bednyya-nashy-zackavanyya-palityki
[13] http://snob.ru/
[14] http://www.ejnew.com/
[15] http://mediakritika.by/article/2924/kyky-smenil-dizayn