mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > Гісторыя беларускага самвыдату: “Зважай”

Вы здесь

  • Главная [1]
  • Гісторыя беларускага самвыдату: “Зважай”

Гісторыя беларускага самвыдату: “Зважай”

06.04.2015 Гісторыя беларускага самвыдату [2]

Гэта бадай што першы (але далёка не апошні) прыклад замежнага беларускага самвыдату з маёй калекцыі – газета “Зважай”. Патрыятычнае выданне, якое сваралася і распаўсюджвалася ў ЗША ды Канадзе, а ў Беларусі распаўсюджваўся ягоны рэпрынт.

Па сутнасці, за савецкім часам гэта было адно з галоўных СМІ замежных беларусаў першай хвалі эміграцыі.

Шыхт зважай, крокам руш,

Нашыя жаўнеры

Сцерагуць родны край

Ад чужой халеры.

Стромка стой, стрэльбы ў бой,

Выйшлі афіцэры

Пранясці годна сцяг

Бел-чырвона-белы.

Левай, правай, стой, пільна назірай,

Не спускай вачэй, стромкі яго край.

Там драпежнікі, там чужых палон,

3 бальшавісцкаю навалай б'ецца эскадрон.

Суцішаем крок, бо пануе змрок,

Хтось падкраўся там, небяспечны гам.

Бо паўзуць яны, напэўна, чужакі.

Больш падаць агню і біць варожы стан.

Гэтая бравурная песенка на самым пачатку 90-х, наколькі памятаю, была вельмі папулярная. Дарэчы, для тых, хто не ведае: пра вайсковую каманду «Зважай!» можна прачытаць тут [3].

І вось – газета “Зважай”, два асобнікі каторай захаваліся ў маёй калекцыі. Можна было б падумаць, што гэта – нейкае выданне Беларускага згуртавання вайскоўцаў [4]. Але ж не. Выданне «Зважай», якое сабе пазіцыяніравала як беларускі штоквартальны часопіс, было заснавана ў 1974 годзе ў Таронта Аб'яднаньнем Беларускіх Вэтэранаў. Газета выдавалася да 1998 года, ад імя “Камітэта сувязі быўшых беларускіх вайскоўцаў”, як напісана на першай старонцы.

Уся гісторыя “Зважай” наскрозь звязаная з імём беларускага ветэрана і пісьменніка, які вядомы як Кастусь Акула [5]. Сапраўднае яго імя – Аляксандар Качан, ён нарадзіўся 16 лістапада 1925 году ў вёсцы Верацеі, цяпер Докшыцкі раён. Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў, з вясны 1944 года – курсант Мінскай афіцэрскай школы Беларускай Краёвай Абароны [6]. Улетку 1944-га разам з аддзеламі БКА пакінуў Беларусь, ваяваў на баку немцаў у складзе грэнадзёрскай брыгады «Беларусь». Пазней уся брыгада перайшла на бок саюзнікаў. Далей Кастусь Акула ваяваў у складзе 2-га польскага корпуса Брытанскай арміі (пад кіраўніцтвам генерала Андэрса), браў удзел у легендарным штурме Монтэ-Касіна ў Італіі. Быў узнагароджаны медалём “За вайну” ды Залатой Зоркай Італіі.

Пасля вайны нейкі час жыў у Брытаніі, дзе ў 1946 годзе скончыў Брытанскую афіцэрскую школу, зноў пэўны час служыў у Італіі. Далей, з 1947 году, – у Канадзе. Друкаваў матэр'ялы з беларускае гісторыі, пытаньняў вайсковае гісторыі Беларусі, мэмуары, літаратурныя творы. Асвятляў падзеі ў Беларусі, эмігранцкае жыццё. Адзін з заснавальнікаў Згуртаваньня Беларусаў Канады, рэдагаваў выданне «Беларускі Эмігрант» (1948-1949), выдаваў часопіс беларускіх ветэранаў «Зважай» (1974-1997). Кастусь Акула памёр у Таронта 29 студзеня 2008 году. Пасля ягонай смерці, на жаль, спынілася і выданне газеты “Зважай”, галоўным “рухавіком” каторай ён быў.

Дарэчы, беларуская вайсковая газета “Во славу родины” неяк абазвала [7] “Зважай” “выданнем беларускіх калабарантаў”, “забыўшыся”, што Кастусь Акула ваяваў на баку саюзнікаў і ваяваў геройскі, за што атрымаў медалі.

Цяпер пра ўласна выданне. Дя мяне патрапілі два нумары, №62 і №64, адпаведна за чэрвень і за лістапад 1991-га. Фармат А4, кожны нумар – па восем палосаў. Мова – нейкая дзіўнаватая форма тарашкевіцы, досыць характэрная менавіта для эмігранцкага друку. Хапае памылак. Якасць паперы ды друку нізкая, хаця №64 – двухкаляровы.

Няма сумневу, што ў самой Канадзе газета выдавалася якасна, але ж у Беларусі распаўсюджвалася не арыгінальнае выданне, а яго рэпрынт. На апошняй старонцы так і пазначана: “Са згоды рэдакцыі на Бацькаўшчыне часапісь рэпрадукавана Выдавецкім агенцтвам “Дзяньніца” Задзіночання Беларускіх студэнтаў”. Наклад выдання невядомы, як і тыпаграфія, у якой яно выдавалася ў Канадзе. Да ўсяго дадам, што гэта адзін з нешматлікіх асобнікаў у маёй калекцыі, які мае уласны ISSN: 0700-5172.

[8]

Націсніце на карцінку, каб прагледзець нумар цалкам

[9]

Націсніце на карцінку, каб прагледзець нумар цалкам

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/2951/gistoryya-belaruskaga-samvydatu-zvazhay

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/history
[3] http://slounik.org/search?dict=vajskovy&search=%D0%97%D0%B2%D0%B0%D0%B6%D0%B0%D0%B9&x=0&y=0
[4] http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B5_%D0%B7%D0%B3%D1%83%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D0%BD%D0%B5_%D0%B2%D0%B0%D0%B9%D1%81%D0%BA%D0%BE%D1%9E%D1%86%D0%B0%D1%9E
[5] http://dokshitsy.narod.ru/akula.html
[6] http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%BA%D1%80%D0%B0%D1%91%D0%B2%D0%B0%D1%8F_%D0%B0%D0%B1%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%B0
[7] http://vsr.mil.by/2012/07/13/svetlana-kalinkina-protiv-dmitriya-paxmelkina-a-sudi-kto/
[8] http://mediakritika.by/files/zvazhai1.compressed.pdf
[9] http://mediakritika.by/files/zvazhai2.compressed.pdf