Прыкра, што на ІХ з’едзе БАЖ 24 красавіка не пашэнціла [3] зрабіць апгрэйд Кодэкса журналісцкай этыкі (які не адлюстроўвае, у прыватнасці, спецыфікі інтэрнэт-эпохі, лічбавай журналістыкі). Праект [4] паправак забракавалі, вырашылі дапрацаваць, але баюся, што цяпер, як з’езд адшумеў, ніхто надта не кінецца займацца гэтай няўдзячнай справай.
Увогуле ўражанне такое, што многім той кодэкс толькі муляе, а камісія БАЖ па этыцы — як тая надакучлівая муха. Можна адмахнуцца, але раздражняе.
А дзе вы раней былі?
Хаця заклік [5] падаваць прапановы што да змен у кодэкс быў вывешаны на сайце БАЖ яшчэ ў кастрычніку летась, абмеркавання не атрымалася, ніхто ніводнай прапановы не ўнёс, кажа [6] старшыня камісіі Анатоль Гуляеў.
Зазначу, што, магчыма, варта было лепей падштурхоўваць тое абмеркаванне. У прыватнасці, калі б на сайце быў вывешаны не толькі абстрактны заклік, але адразу і сам праект (які быў гатовы тыдні за два да з’езда), то з’явілася б болей канкрэтная глеба для дыскусіі.
Аднак жа, ва ўсякім разе, кіроўныя органы БАЖ праект абмяркоўвалі, і прынцыпова. Нарэшце, як пацвердзіў мне прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі, дэлегатам за тыдзень да з’езда была накіравана рассылка з праектамі яго рашэнняў. Між тым прапановы наконт змены фармулёвак хіба што спантанна пачалі ўзнікаць ужо ў зале ды кулуарах мерапрыемства. Гэта называецца: прачнуліся!
На калене, з голаса правіць важны дакумент сапраўды цяжка ды рызыкоўна. Карацей, вырашылі проста адкінуць.
Але ж, на мой погляд, праблема не толькі ў тым, што фармулёўкі падаліся недасканалымі.
Так, яны не ідэальныя, аднак жа вельмі актуальныя. Даўно наспелыя па сутнасці. Мяркую, хоць нейкія пункты рэальна было ўзгадніць, скарэктаваць на самім з’ездзе. А так з вадой вылілі і дзіця.
Рызыкну выказаць думку, што загваздка не столькі ў цэйтноце, колькі ў іншым: большасць нашага прафесійнага цэха ў прынцыпе не хоча дадатковых чырвоных сцяжкоў. Мала таго, што дзяржава імі абкладае [7], дык тут яшчэ і свае назаляюць, прыдзіраюцца да прыкрых ляпаў і дробных хітрыкаў — а хто з нас не грэшны?
Каб не ставіць пасткі на сябе
Мне дык асабліва шкада той папраўкі (яна ў праекце пад нумарам тры), што тычыцца карэктнасці перадрукаў, бо менавіта тут дасюль багата сваволі [8]. І менавіта ад пірацкіх перадрукаў цярпіць, у прыватнасці, БелаПАН, дзе я працую.
У праекце ж прапаноўвалася зафіксаваць норму, каб давалі спасылку на першакрыніцу (у Сеціве — гіперлінк менавіта на адпаведную старонку, а не на галоўную старонку рэсурсу), не адсякалі прозвішча аўтара, не скажалі загаловак і тэкст рэдагаваннем на свой густ.
З чым тут можна спрачацца? Ну хіба што забарона на перайначванне загалоўкаў магла падацца занадта катэгарычнай. Дык яе, у рэшце рэшт, можна было прыбраць. Але на з’ездзе вырашылі, што найлепшы сродак ад перхаці — гільятына.
Увогуле, здаецца, большасці было найкамфортней, калі камісія па этыцы фактычна бяздзейнічала. Калі ж апошнія пару гадоў яна заўважна ажывілася, паказала зубы, то адразу трапіла пад раздачу [9] з усіх бакоў.
Маўляў, хто яны такія, каб мы слухаліся? Яшчэ закід: дык там жа не ўсе нават “чыстыя” журналісты. Пры тым што ў заходніх дэмакратыях рады ў пытаннях СМІ (а наша камісія — пэўны правобраз такой нацыянальнай рады) маюць у сваім складзе і проста грамадскіх аўтарытэтаў.
Чаму ж у нашым цэху “маралісты” не ў пашане?
Бачу татальную бяду ў тым, што катастрафічна мала, асабліва сярод сеціўных СМІ, вытворцаў якаснага кантэнту [10]. Яшчэ горай, мала ўвогуле вытворцаў уласнага кантэнту (ва ўсякім разе, у болей-меней прыкметным аб’ёме). На шмат якіх рэсурсах пануе копіпаст ды нізкапробны рэрайтынг [11].
І што да змен у кодэкс, то не адзін рэдактар пэўна ж думае: мы столькі ўсяго перадрукоўваем (і трошкі гэтыя перадрукі маскуем, каб выглядала на сваё) — дык на чорта нам тыя пасткі?
Са сваім кантэнтам рабіце што хочаце, паважайце чужы
Я не з месяца зваліўся, выдатна ведаю, што недзяржаўная журналістыка бедная як царкоўная мыш: малыя штаты, ганарары і г.д. Эксклюзівам нумар ці сайт не напоўніш, без займанага кантэнту не абысціся.
Але калі мы такія з сябе дэмакраты, рыначнікі ды еўрапейцы, то варта ўсведамляць простую ісціну — гэта чужы інтэлектуальны прадукт, чужая ўласнасць. І абыходжання вымагае адпаведнага. Іначай вы мала адрозніваецеся ад самалійскіх піратаў, у якіх таксама жыццё не мёд.
Вось кажуць: гэтыя навацыі загоняць у такія рамкі, што мы працаваць не здолеем. Але ж выбачайце! Давайце правядзем рысу. З уласным кантэнтам можаце вырабляць што хочаце. Крэмзайце сваіх аўтараў, перайначвайце загалоўкі [12], дадавайце крэатыву, перчыку і г.д. І чым болей пашчыруеце, тым лепей, бо зашмат халтуры ідзе.
Гаворка ж толькі пра стаўленне да чужога. Вось тут свабоду рук не грэх трохі і абцяць.
Дарэчы, і рэрайтынг можа быць розны. У нас заменай загалоўка ды перастаноўкай пары слоў справа фактычна і абмяжоўваецца. А між тым і на глебе займанай інфармацыі можна сумленна, кваліфікавана ствараць сваю дададзеную вартасць, як гэта робіць, напрыклад, Meduza [13] Галіны Цімчанкі.
Кепскае ўсё адно назавуць кепскім
Дарэчы, смешна думаць, што без гэтых правак у кодэксе медыям можна сваволіць як хочаш. Камісія будзе працаваць, атрымліваць звароты, і кепскае ўсё адно назавуць кепскім.
Проста ў яе вердыктах і надалей будзе панаваць трохі дзіўнаватая аргументацыя з адсылкай да этычных кодэксаў журналістаў іншых краін.
Я сам крытыкаваў [14] асобныя рашэнні камісіі, у тым ліку за грувасткую, занадта пакручастую і не заўжды моцную матывацыю. Але ж варта прызнаць, што гэта адбываецца і праз недасканаласць уласна бажаўскага кодэкса. У прыватнасці — праз відавочную адсталасць ад рэалій лічбавай, сеціўнай журналістыкі.
Не хачу выглядаць такім ужо букваедам. Разумею, што самі па сабе змены ў кодэкс этыкі БАЖ не ўздымуць якасць журналістыкі. Тут патрэбнае паляпшэнне базавых умоў як у палітыцы (болей дэмакратыі, плюралізму, павагі да свабоды выказвання на дзяржаўным узроўні), так і ў эканоміцы (болей рынку, канкурэнцыі). Умацаванне духу прававой дзяржавы, нарэшце.
Але ж і прыкрывацца прынцыпам “вайна ўсё спіша” нашай прафесійнай супольнасці не выпадае.
Было б добра не запіхваць забракаваны праект у доўгую скрыню, як тое можа адбыцца на пасляз’ездаўскім расслабоне. У БАЖа ёсць магчымасць праз праблему ўдасканалення этычнага кодэкса разгарнуць новы віток дыскусіі пра якасную журналістыку ўвогуле.
І, дарэчы, я не знайшоў у статуце БАЖ пункта, што змены ў этычны кодэкс прымаюцца толькі на з’ездзе. Новы кіраўнік арганізацыі юрыст Андрэй Бастунец у каментары для Mediakritika.by пацвердзіў, што сапраўды такое рашэнне можа прыняць, напрыклад, і Рада.
Дык мо давайце каваць жалеза зараз — разгортваць дыскусію ды апгрэйдзіць кодэкс? Бо іначай усё адсунецца яшчэ на тры гады. І, між іншым, на наступным з’ездзе можа атрымацца дэжавю з пахаваннем праекта зменаў пад маркай “не будзем рэдагаваць на каленцы”.
Вядома ж, зручней жыць як набяжыць.
