Газета “Гоман”, якая выдавалася дэмакратычнымі актывістамі ў Бабруйску, – яскравы прыклад незалежнай рэгіянальнай перыёдыкі часоў перабудовы. Адметнасць “Гоману” – досыць высокі прафесійны ўзровень выдання. Бачна, што газетай займаліся прафесіяналы, а не аматары, як тое нярэдка здаралася напрыканцы 80-х ды на пачатку 90-х.
Рэгіянальная непадцэнзурная прэса, рэгіянальны самвыдат у Беларусі, – гэта тэма, якая сама па сабе вартая асобнага даследвання. У маю калекцыю патрапіла некалькі падобных выданняў. Іх агляды я распачну з бабруйскай газеты “Гоман”, якая выдавалася ў 1990-1991 гадах. Дакладна вядома пра тры нумары выдання, магчыма было і болей. Першы нумар быў падрыхтаваны ў ліпені-жніўні 1990-га. Пазначана, што нумар выдадзены коштам працы А. Бобрыка, В. Маліноўскага, І. Куталоўскага. Ужо з першага нумару газета мела дэвіз “За вольную ды незалежную Беларусь”.
Другі нумар “Гоману” выйшаў у верасні-кастрычніку 1990-га. Адметны тым, што ў ім пераблытаная нумарацыя старонак. Як і ў першым нумары, друкаваліся матэрыялы гістарычнай, краязнаўчай, палітычнай тэматыкі.
У маю асабістую калекцыю патрапіў ужо трэці нумар, які быў выдадзены ў красавіку-чэрвені 1991 году. Пра яго я магу распавесці больш падрабязна.
Газета надрукавана для тых часоў досыць якасна. Фармат – А4, восем палосаў. Пазначаны адзіны выдавец і рэдактар – А.Чугуеў. Таксама пазначана, што газета выходзіць раз на месяц (як бачым, вытрымаць гэтую перыядычнасць не ўдавалася) друкавалася ў Бабруйскай узбуйнёнай друкарні імя Непагодзіна накладам 999 асобнікаў. (Фотанабор. Друк афсэтны.) Кошт нумару – 30 капеек.
Вось яшчэ што адметна: як і ў сучасных выданнях, у канцы, ля выходных дадзеных, пазначана: “Рэдакцыя нясе адказнасць за дакладнасць прыведзеных фактаў, прозвішчаў і найменнеў, за нераспаўсюджанне звестак, што складаюць дзяржаўную і ваенную тайну. Меркаванні аўтараў матэр’ялаў не абавязкова супадаюць з меркаваннем рэдакцыі”. Такая пазнака – досыць нетыповая для самвыдату тых часоў.
Увогуле, вёрстка ды аздабленне, выкарыстанне розных шрыфтоў і іншыя прыкметы падказваюць, што выданнем “Гоману” займаліся зусім не дылетанты, а, наадварот, прафесіяналы газетнай справы.
Мовы выдання – беларуская (тарашкевіца) ды расейская. Большасць тэкстаў – на беларускай, ёсць таксама раздзел гумару, верш Наталлі Арсенневай і цікавая, цалкам графічная старонка “Гісторыя бабруйскіх вуліц”. Асобная старонка (№7) прысвечана справам мясцовых яўрэяў – на ёй змешчаны артыкулы пра свята Песах ды пра Халакост. Але ж, напэўна, самы цікавы тэкст нумару – артыкул пра вялікі пажар 1904 году ў Бабруйску.
Націсніце на малюнак, каб пабачыць нумар цалкам

