Увечары 22 жніўня галоўным сюжэтам, за якім сачылі ў сацыяльных сетках, зрабілася вызваленне палітзняволеных. Гэта тэма пратрывала да панядзелка, дзе саступіла пазіцыі абмеркаванню падзення беларускага рубля.
Суботні дзень 22 жніўня быў звычайны, з абмеркаваннем цэлага шэрагу розных дробных тэм сярод якіх найбольш заўважнымі былі крымінал, ДТП і выбары. Але пасля таго, як у 17:45 з'явілася паведамленне БЕЛТА [3] пра памілаванне «шэрагу асоб», карціна дня кардынальна памянялася.
БЕЛТА тады завяршыла сваю працу, а ўсе астатнія медыя пераключыліся з рэжыму ўік-энда ў тэрміновую працу як на пажары: ішлі паведамленні ад сваякоў палітвязняў, сяброў, знаёмых, пра тое, дзе, як мяркуецца, іх можна сустрэць. Як сведчаць дадзеныя, прадастаўленыя Міхаілам Дарашэвічам, партнёрам даследчай кампаніі Gemius у Беларусі, тыя сайты, якія заўважылі гэты трэнд і пісалі ў яго развіццё, атрымалі ўсплёск трафіку на ўсе выхадныя дні і часткова на панядзелак.
За суткі 22 жніўня паводле MediaMetrics сюжэт пра вызваленне палітзняволенных і асабліва былога кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча заняў амаль палову ўсіх расшараных паведамленняў у сацыяльных сетках (сервіс адсочвае пераходы на старонкі СМІ з розных сацсетак). Ніякая іншая асобная тэма не ідзе ні ў якае параўнанне.
Трэба зазначыць, што гэта не такая частая з'ява, калі адна навіна, тым больш вечаровая, так моцна мяняе карціну дня. Акрамя таго, у Беларусі апошнім часам палітычныя навіны сыходзілі са сферы інтарэсу масавай аўдыторыі. Таму, відаць, ёсць падставы лічыць гэту падзею выбітнай.
Але жыццё не стаіць на месцы і 24 жніўня ў Беларусі наступіў «чорны панядзелак» – моцнае падзенне беларускага рубля адносна еўра і долара. Тут таксама ў плюсе па трафіку аказаліся тыя сайты, якія зразумелі трэнд. Але, што цікава, грашовае пытанне толькі пасунула сюжэт з выўваленнем вязняў сумлення, але не захапіла ў агульнай карціне дня столькі ж увагі, як было ў суботу са зняволеннымі і сустрэчай Міколы Статкевіча на аўтавакзале «Усходнім» у Мінску. «Чорны панядзелак» адхапіў сабе толькі 17,6% пераходаў з сацсетак на сайты СМІ.
Працоўны дзень прынёс новыя тэмы – ад трагедый да дробных, але цікавых здарэнняў. Зноў з'явілася цікавасць да выбарчай кампаніі, Мікола Статкевіч даў шэраг інтэрв'ю, аналітыкі падзяліліся сваімі разважаннямі ці закрытае ў Беларусі пытанне з палітзняволенымі і якія гэта можа мець наступствы.
Нельга выключаць, што тэма дэвальвацыі беларускага рубля пачне дамінаваць з некаторым спазненнем, бо ў панядзелак яе найперш заўважылі тыя, хто пільна сочыць за фінансамі. Чэргі ў абменніках з'явіліся толькі ўвечары ў панядзелак, таму значэнне сюжэту пра курс беларускага рубля будзе залежыць ад наступнага разгортвання падзей.
«Можна сказаць, што 24 жніўня быў «напружаны» дзень для навінных сайтаў і рэсурсаў, прысвечаным фінасавай тэматыцы, таксама як важныя палітычныя падзеі на выхадныя дні і працяг зменаў курсу беларускага рубля», – падкрэсліў у інтэрв'ю «Медыякрытыцы» эксперт Міхаіл Дарашэвіч.