Сёлета аўтар Mediakritika.by стала студэткай Еўрапейскага Інстытута Журналістыкі, які месціцца ў Францыі. Мы не маглі адмовіцца ад шанцу пазнаёміцца з тым як жывуць і спасцігаюць асновы прафесіі журналіста еўрапейскія маладзёны. І прапавалі Вераніке весці свой блог-нататкі. Літаральна праз некалькі тыдняў пасля ад’езду з радзімы, нашая красуня даслала першы допіс. Як распачалася вучоба-праца Веранікі, чаму яе навучылі першыя заняткі і як яна штодня марыць пра перамогу БАТЭ чытайце ніжэй.
***
Калі ты хочаш спадабацца – гэта камунікацыя. Калі ты хочаш нешта сказаць – гэта журналістыка. Мы тут займаемся журналістыкай, і толькі ў перапынках на каву – камунікацыяй.
А дзевятай раніцы мы ўсе тут. Сядзім на каменных прыступках школы і чытаем ранішнюю прэсу. Заняткі пачынаюцца а палове на дзясятую, але перад усім патрэбна прачытаць, а дакладней, праглядзець, некалькі штодзённых нацыянальных і мясцовых выданняў.
Нехта збоку нязручна разгортвае таблоід. Кава з пластыкавай шклянкі праліваецца на прыступкі. З процілеглага боку вуліцы да нас бяжыць чалавек у чорных джынсах, чорнай сарочцы, акулярах і са шлемам ад матацыкла ў руках. Сівы, худы, з маланкай замест погляду. “Прывітанне, маладняк!” - гэта наш дырэктар Жан-Луі. “Праз паўгадзіны прэсс-канферэнцыя з намеснікам Алімпійскага камітэту ў Эксе. Мне патрэбен адзін. Хто зацікаўлены і гатовы? Жэрэмі! Вітаю, не сумуйце тут”. Ужо праз паўхвіліны Жан-Луі і Жэрэмі расцілаюць грукат матацыкла на ўсю авеню Прадо і знікаюць.
Я тут два тыдні. Еўрапейскі Інстытут Журналістыкі, Марсэль, Францыя. Магістратура, якая будзе доўжыцца два семестры і яшчэ столькі, сколькі спатрэбіцца для напісання дыплома. Наша група складаецца з 10 чалавек. Разам мы – рэдакцыя.
Журналіст павінен
Журналіст павінен усё ведаць. Менавіта для гэтага мы ўсе з самага ранку чытаем газеты. У аудыторыі, дзе мы звычайна працуем за кампутарамі, ніколі не выключаецца тэлебачанне, канал BFMFrance - навіны 24 гадзіны на суткі з субтытрамі. Плазма у кутку, гук ціхі, фонавы. І вось ты пішаш тэкст пра ўцекачоў і краем вуха чуеш, што 60 адсоткаў французаў не задаволены дзеяннямі Алланда ў адносінах да мігрантаў. Праз паўгадзіны падымаеш вочы і бачыш у субтытрах, што менавіта зараз перад будынкам мэрыі ў Марсэлі адбываецца дэманстрацыя ў падтрымку сірыйскіх ўцекачоў. Хапаеш камеру і дыктафон і ляціш на месца.

Журналіст павінен усё ўмець. Увесь тыдзень мы пішам, здымаем, дыктуем на радыё, рэдагуем, складаем друкаваныя старонкі, з ранку да шостай вечара. Французскія медыі выжываюць толькі пры ўмове абсалютнай якасці і хуткасці інфармацыі. Безкапрамісна: як больш якасна, як больш хутка. У рэдакцыях заўсёды не хапае спецыялістаў, але калі выданне плануе існаваць больш за паўгады, важна, каб амаль што журналіст ведаў, як зрабіць верстку старонак, як змантаваць відэа, зміксаваць гук, нават калі ён усё сваё жыццё займаецца і плануе займацца адной спартыўнай аналітыкай. Здараецца, што на месца падзеі неадкладна зараз не можа паехаць ніхто, акрамя цябе. А не зрабіць рэпартаж жыццёва недапушчальна для рэдакцыі. І ты павінен запісаць і змантаваць і відэа для сайта, і тэкст для друку. Хутчэй.
Журналістыка і камунікацыя
Жан-Луі з’яўляецца ў якасці чалавека-павука. Ён частуе ўсіх шакаладам з гарэхамі, не пакідаючы для сябе: “Маладняк, вы сёння елі? Беражыце мозг”. Тым часам, падыходзіць да таго з нас, хто працаваў усё лета з прыкладаннем Adobe Premier і мантуе эфектны выхад на навіны для заўтрашняга штотыднёвага тэлевыпуску нашай рэдакцыі. “Што ты хочаш гэтым сказаць?” – “Я хачу, каб гледачам спадабалася”. Калі ты хочаш спадабацца – гэта камунікацыя. Калі ты хочаш нешта сказаць – гэта журналістыка. Мы тут займаемся журналістыкай, і толькі ў перапынках на каву – камунікацыяй.
Мой першы відэарэпартаж
Усе нашы выдкладчыкі – практыкі. Яны не ўмеюць чытаць лекцыі і не ведаюць іншага шляху навучыць, як выкінуць нас у поле, а дакладней, на гарадскія вуліцы. Таму ў першы дзень відэакурсу мы выходзім са школы з камерамі і мікрафонамі і едзем у порт – там адбываецца свята гідрапланаў з удзелам мэра, дзеячаў культуры і спартоўцаў. У першы і апошні раз мы выходзім парамі і з выкладчыкам, далей заўсёды мы будзем хадзіць самастойна па аднаму. На гэты раз у кожнай пары свая скіраванасць, каб у выніку атрымаць ўсебаковы сюжэт. Мы з Шарлот здымаем інтэрвью з мэрам, і нам застаецца шырокі план на галоўнага героя падзеі – вялізны жоўты канадэр, які ледзьве ўлез у Марсэльскі порт.

Выходзім на пірс, усталёўваемся. “Дзяўчынкі, вы журналісты?” – голас аднекуль з лодкі, якая возіць турыстаў на выспы. “Давайце мы з вамі сплаваем на сярэдзіну порта і ў вас будуць такія кадры, што вам увечары будзе тэлефанаваць AgenceFrancePress”. І мы сплавалі. І атрымалі шыкоўныя кадры.
А прапанавалі нам гэта не таму, што мы дзяўчынкі, а таму, што мэр у гэтым горадзе, пачуўшы словы: “Прэсса. Можна задаць вам некалькі пытанняў?” адразу пакідае сваіх суразмоўцаў у гальштуках, сам шукае свабоднае месца, усміхаецца і лаецца на вецер, які гуляецца з яго валасамі. Дарэчы, учора мэру прапанавалі месца ў Канстытуцыйным савеце ў Парыжы. Ён адмовіўся, таму што хоча застацца мэрам Марсэля, і ў мясцовых выданнях яму ўжо далі мянушку Гадэн “Марсэль замест сэрца”.
Пра аб’ектыўнасць
Мы ніколі не будзем аб’ектыўнымі. Мы не будзем аб’ектыўнымі, таму што мы жанчыны або мужчыны. Мы не будзем аб’ектыўнымі, таму што нарадзіліся ў 80-х. Яны не будуць аб’ектыўнымі, таму што яны французы. Я не буду аб’ектыўнай, таму што я беларуска. Усё, што можна зрабіць – гэта паказаць, што ты зрабіў усё магчымае, каб быць аб’ектыўным.
Людзі, з якімі я размаўляю
Першыя некалькі разоў, калі мне даводзілася выходзіць на вуліцу, наўпрост на авеню Прадо, дзе знаходзіцца школа, з дыктафонам або з камерай, каб атрымаць каментары мінакоў, мне было няёмка. Я азіралася, мне здавалася, што нешта нельга здымаць, што людзі будуць баяцца гаварыць, што яны мяне будуць абыходзіць, я загаддзя добра прадумвала, якія і як мне паставіць пытанні. А потым я зразумела – нешта не так. Людзі ўсміхаюцца мне ў камеру, з задавальненнем згаджаюцца на інтэрвью, нават не ведаючы яшчэ, пра што я буду пытацца. Яны папярэдзяць, што спяшаюцца па справах, але цярпліва дазволяць добра паставіць іх у кадр, а потым будуць распавядаць доўга, павольна і ўдумліва. У іх няма сумневу, што іх словы важныя, а іх пункт погляду – правільны, таму яны гатовыя гаварыць. І ніколі пытаюцца пра тваё пасведчанне. Адназначна адмовіцца могуць толькі з прычыны “Sorry, I don’t speak French”. І калі ты гэта разумееш, то пачынаеш выбіраць персанажаў. Сёння я здымала інтэрвью з прыгожай тонкай 80-гадовай бабуляй у шырокім чорным капелюшы і сукенцы ў кветкі. Яна паркавала сваё старое трохдзвернае рэно, а я рыхтавала відэа пра Еўрапейскі тыдзень мабільнасці. “Мая машына маладзейшая за мяне, але выглядае горш. Я часам выязжаю, каб ёй косці размяць, а то ж разваліцца! Або яшчэ калі мне захочацца праехацца ўздоўж узбярэжжа. А так я пехам хаджу. Гэта карысна для майго здароўя”. Мне ўсё больш падабаецца гэта – статус журналіста дазваляе проста выходзіць на вуліцу, спыняць цікавых табе людзей і размаўляць з імі.
БАТЭ перамагае
Кожны працоўны дзень пачынаецца з хвілінкі навінаў. Гэта практыкаванне для задавальнення і настрою: на працягу адной хвіліны патрэбна расказаць тры навіны. Можна расказваць тое, што ты прачытаў толькі што ў газетах, можна распавядаць гісторыі з уласнага жыцця, можна фантазіраваць, галоўнае – роўная спіна, гучнае вымаўленне, настрой і інтанацыя. Я часцей за ўсё расказваю ім казкі на беларускай мове пра тое, як з 1 студзеня беларусам будуць скасаваныя візы ў Шэнгенскую зону, як БАТЭ перамагае ў Лізе Чэмпіёнаў... Ад гэтага я ўсміхаюся так, як трэба ўсміхацца дыктару ранішніх навінаў, а мае аднагрупнікі кажуць, што беларуская мова іх супакойвае.
За тое, што я тут, я хачу падзякаваць усім выкладчыкам Беларускага Калегіюму і Беларускай асацыяцыі журналістаў, асабліва Марыне Загорскай, Максіму Жбанкову, Яніне Мельнікавай, Севярыну Квяткоўскаму, а таксама інфа-камандзе Таварыства “Зялёная сетка”. Ваша натхненне і падтрымка і ўсё, што я набыла і даведалася з вамі, цяпер са мной у Францыі.
Вераніка ЧЫГІР адмыслова для Mediakritika.by з Марсэлю
