mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > “Давайпака”, альбо Дыялогі ў Facebook, якія нечакана набылі папулярнасць

Вы здесь

  • Главная [1]
  • “Давайпака”, альбо Дыялогі ў Facebook, якія нечакана набылі папулярнасць

“Давайпака”, альбо Дыялогі ў Facebook, якія нечакана набылі папулярнасць

18.10.2015 Интервью [2]

Часам людзі стамляюцца ад стандартных навінаў, з якіх не заўсёды зразумець матывацыю палітыкаў і іх чалавечую сутнасць. А сацыяльныя сеткі, насуперак стэрэатыпам пра іх, не такія і пустыя. Актыўныя карыстальнікі Facebook атрымалі матывацыю часцей гартаць навіны і профіль карэспандэнта “Еўрарадыё” Алеся Пілецкага.

Журналіст апублікаваў некалькі допісаў, уяўных дыялогаў Аляксандра Лукашэнкі, Лідзіі Ярмошынай і іншых дзеючых асоб беларускай палітыкі, многія рашэнні якой застаюцца незразумелымі, непразрыстымі.

Алесь, як з'явілася ідэя такіх допісаў, якія цяпер чытаюць, без перабольшвання, сотні людзей?

Ідэі не было. Усё неяк само сабой пачалося. Проста заўсёды ж цікава даведацца, што там адбываецца ў закуліссі. А інфармацыі вельмі мала, прыйшлося выдумляць. Таму, думаю, гэтыя пасты маюць прыкладна тую ж глебу, што і плёткі бабулек на лаве ля пад’езду — то бок “не ведаю, то хоць прыдумаю”. Ну і аказалася, што гэтыя плёткі сталі цікавымі людзям. Чаму — гэта асобная тэма. Але вынікае гэтая нечаканая для мяне вялікая цікавасць збольшага таксама з-за закрытасці працэсаў, якія адбываюцца недзе там наверсе. І закрытасці людзей, якія там, наверсе, жывуць.

Чаму для хэштэга пазнавальнасці абраныя менавіта словы "давайпака", якія не самыя характэрныя для галоўнага "героя"? Адкуль увогуле ўзялася гэта #давайпака ?

Гэта чыстая выпадковасць. У першых 5-6 допісах хэштэгу не было. Яго выдумала мая добрая знаёмая і пачала сама выстаўляць у каментах. Ужо потым я дапісаў ва ўсіх пастах для зручнасці. Іншая сяброўка сказала, што шукала ўсе допісы, каб паказаць брату, але не змагла без хэштэга знайсці. А “давайпака!” таму, што гэтак заканчваецца вялікая частка дыялогаў. Увогуле мы з вамі таксама часта выкарыстоўваем гэты выраз, асабліва ў тэлефонных размовах. Хіба што толькі не звяртаем на гэта ўвагу. Мне ў выніку самому спадабалася, што ўся серыя з “давай пака!” асацыюецца. Нешта новае, непалітызаванае абсалютна. Са мной цяпер так нават малазнаёмыя людзі пачалі вітацца і развітвацца!

Што, на вашую думку, павінны выклікаць у чытачоў такія “дыялогі”?

Ды нічога не павінны. Я не збіраўся свет змяняць імі, ці розумамі чалавечымі кіраваць. Гэта ўсяго толькі жарты. Смяюцца людзі — і добра. З усяго можна смяяцца. З сур’ёзных рэчаў таксама. А ў Беларусі часта смех становіцца адзіным, што дазваляе розум захаваць. Так што я рады, што кагосьці павесяліў. Гумару шмат каму з нас вельмі не хапае. У Беларусі ўсе вельмі сур’ёзныя.

З якой нечаканай рэакцыяй, каментаром, магчыма, сутыкнуліся? Ці плануецца працяг?

Нечаканасцю для мяне стала папулярнасць гэтых допісаў. Я ж напісаў некалькі, сябрам маім блізкім спадабалася, яны адкаментавалі. Ну я яшчэ напісаў. А потым неяк выставіў раніцай, паехаў на працу. У офісе ўключаю кампутар, а там сотня лайкаў, дваццаць рэпостаў за гадзіну. Праз гадзіну ўжо тры сотні і пяцьдзесят. Пакацілася, карацей. Пісалі людзі шмат у прыват, хтосці нават красці пасты гэтыя стаў сабе. Расказвалі, што па іншых сацсетках пайшло. Але я не бачыў — я амаль выключна ў Facebook толькі сяджу. Неяк калега заходзіць да мяне ў пакой і ад бацькі свайго прывітанне перадае — маўляў, бацька просіць пісаць яшчэ. А негатыву ніякага, можна сказаць, не было. І гэта добра.

Ці ёсць планы працягваць “давайпака”?

Ці буду далей пісаць? Выбары скончыліся, няма нфармацыйнай нагоды пакуль для новай серыі. Але пабачым. Думаю, прататыпы маіх персанажаў у бліжэйшыя гады застануцца з намі.

Арцём Сізінцаў спецыяльна для Mediakritika.by

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/3367/davaypaka-albo-dyyalogi-u-facebook-yakiya-nechakana-nabyli-papulyarnasc

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/intervyu