mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > Гісторыя беларускага самвыдату: “Солидарность”

Вы здесь

  • Главная [1]
  • Гісторыя беларускага самвыдату: “Солидарность”

Гісторыя беларускага самвыдату: “Солидарность”

28.10.2015 Гісторыя беларускага самвыдату [2]

Адносная рэдкасць у маёй калекцыі – цалкам рускамоўнае непадцэнзурнае выданне, якое таксама цалкам прысвечана барацьбе працоўных за свае правы. Большасць падобных выданняў мы бачылі ў 1996-97 гадах, калі па Беларусі пракацілася хваля страйкаў працоўных з буйных прадпрыемстваў. Але “Солидарность” выходзіла значна раней – у 1992 годзе.

Гэта быў надзвычай цяжкі год у гісторыі Беларусі. СССР толькі што разбурыўся, і краіна не ведала, не магла пакуль зразумець, як ёй жыць далей. Эйфарыя ад перабудовы ды нацыянальнага адраджэння ўжо хутка спадала, ніякай значнай альтэрнатывы не бачылася, а эканоміка следам за СССР разбуралася літаральна на вачах. Асабліва эканоміка буйных прадпрыемстваў, якія ўмомант апынуліся і без заказчыкаў, і без пастаўшчыкоў, і без сродкаў для існавання. Тады па краіне і пайшла першая хваля страйкаў. А адначасова пачалі з’яўляцца і самвыдатаўскія выданні, якія былі цалкам прысвечаны змаганню працоўных за свае правы.

Адным з такіх выданняў і стала газета “Солидарность” – газета незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі. Вакол каптура мы бачым надзвычай многа інфармацыі. Наверсе справа – дэвіз “Мы выйдзем шчыльнымі радамі!”, злева – пазнака “Купив газету, вы помогаете независимой прессе”. Пад назвай выдання – пазнакі: “Газета основана в апреле 1991 г. Выходит один раз в неделю. №11 (36), 7 августа 1992 г. Цена: договорная”. Наколькі можна зразумець па нумарацыі, газета сапраўды выходзіла часта ды рэгулярна – дастатковая рэдкасць для непадцэнзурных выданняў таго часу.

Фізічна газета “Солидарность” мае ўсяго дзве старонкі – гэта проста аркуш паперы фармату А3, на якім з двух бакоў надрукаваныя розныя артыкулы. Папера – звычайная газетная, тонкая. Друк якасны, фарба настолькі чорная, што проста прасвечваецца праз тонкую паперу. Вёрстка 5- і 6-калонкавая, ілюстрацый няма. Выходныя дадзеныя: “Солигорский хозрасчетный участок Слуцкой укрупненной типографии. Заказ 2421. Тираж 990”. Галоўны рэдактар не пазначаны, як і ўвогуле не пазначаны ніхто со стваральнікаў выдання. Узгадваецца толькі – у паштовым адрасе – нехта “Сочилович Г. К.”.

Газета цалкам рускамоўная, на першай старонцы – “Заявление народного депутата республики Е. Новикова” (так, дэпутаты тады нешта значылі!) ды “Акт проверки соблюдения трудовых прав работников ТО ЭИВ”. На другой старонцы ўсю паласу займае “Заключение Контрольно-экспертной службы Конфедерации труда Беларуси”. І гэта – увесь змест выдання.

На жаль, мне так і не ўдалося адшукаць звестак пра тое, як доўга выдавалася газета “Солидарность”, і ці знікла яна проста так, памяняла статус або трансфармавалася ў нешта іншае. Але дакладна зразумела: сваю ролю ў стварэнні прэсы для працоўных яна адыграла.

[3]

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/3382/gistoryya-belaruskaga-samvydatu-solidarnost

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/history
[3] http://mediakritika.by/files/solidarnost.pdf.pdf