mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > Палітыкі, не прыніжайце журналістаў!

Вы здесь

  • Главная [1]
  • Палітыкі, не прыніжайце журналістаў!

Палітыкі, не прыніжайце журналістаў!

10.11.2015 Точка зрения [2]

Былы палітвязень Мікола Статкевіч двойчы запар сурова прайшоўся на “Хартыі” па недзяржаўнай прэсе. У прыватнасці, папракнуў [3] за асвятленне нядаўняй прэзідэнцкай кампаніі: “Нельга фармаваць хлуслівую карціну свету. Таму што пад час гэтай кампаніі медыі паспрабавалі адлюстраваць спектакль як нешта сапраўднае”.

Паводле Статкевіча, “не можа быць у Беларусі незалежных сродкаў масавай інфармацыі”. Ён перакананы, што “асвятленне СМІ гэтых нібыта выбараў і нібыта альтэрнатыўных кандыдатаў, фіктыўных апанентаў Лукашэнкі, было часткай спецаперацыі, арганізаванай уладамі”.

Паколькі ніякай раскладкі па палічках тут няма, трэба разумець, што ўсе, хто пісаў пра мінулыя выбары без двукоссяў, — прыслужнікі рэжыму.

Але ж давайце паспрабуем раскласці па палічках. Я адразу выношу за дужкі дзяржаўную прэсу. Бо ёй насамрэч даводзяцца планы, даюцца арыенціроўкі, рэдактараў рэгулярна выклікаюць на планёркі ды нарады наверх.

Што ж да недзяржаўнай прэсы, то, зноў жа, ёсць розныя выданні (на рэгіянальныя СМІ вертыкаль цісне значна мацней) і розныя жанры. У інфармацыйных жанраў — свае правілы. Журналісцкія заметкі — гэта не апазіцыйныя пракламацыі.

Рэпарцёр БелаПАН не можа пісаць у заметцы ад свайго імя “так званыя выбары”, “фарс”, “клаўнада” і да т.п. (нават калі прыблізна так іх асабіста і ацэньвае). Іншая рэч, што такія ацэнкі могуць прагучаць, калі следам за фактам ідзе каментар з вуснаў, напрыклад, Міколы Статкевіча (Анатоля Лябедзькі, Паўла Севярынца, Сяргея Калякіна — патрэбнае падкрэсліць). І гэтым рэпарцёры актыўна карыстаюцца.

Карацей, існуюць сусветна прызнаныя стандарты інфармацыйнай журналістыкі. Нават калі нейкі азіяцкі ці афрыканскі дыктатар ладзіць яшчэ болей адыёзнае, чым у нас, электаральнае шоў — усё адно Рэйтэр ці Франс-прэс будуць ужываць азначэнне “выбары”, дадаючы ў бэкграўндзе, што, паводле назіральнікаў, яны былі недэмакратычнымі.

 

Прэса рэагуе на інфармацыйныя нагоды

Недзяржаўная прэса (уключна з аўтарам гэтых радкоў) багата піша і пра Лукашэнку [4] (пры тым што для многіх праціўнікаў ён — “нелегітымны”). І будзе багата пісаць без аніякай замовы з высокіх кабінетаў, пакуль гэты чалавек рэальна вырашае практычна ўсё ў нашай краіне. Пераможаце вы — атрымаеце не меншую долю ўвагі (хоць і сёння апазіцыі грэх скардзіцца).

Што жа да той вялікай ўвагі, якая, на думку Статкевіча, была несправядліва нададзена падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі Таццяне Караткевіч, то не збіраюся быць яе адвакатам, але ж факт тое, што каманда “Гавары праўду” актыўна ды крэатыўна стварала інфармацыйныя нагоды, прафесійна, тэхналагічна працавала ў медыйнай плашчыні.

Калі стваралі інфармацыйныя нагоды сваімі вулічнымі акцыямі [5] Статкевіч, Лябедзька, Уладзімір Някляеў, дык шырока асвятляліся і тыя падзеі: у рэжыме рэальнага часу, з фотамі, відэа, каментамі з сацыяльных сетак і г.д. Скажу болей: адлюстраванне некаторых акцый было нашмат болей крэатыўным, магутным, чым самі акцыі. Кладучы руку на сэрца, іх раздзімалі ў медыйным вымярэнні, бо надта ж згаладаліся журналюгі хоць па нейкім драйве.

Разам з тым, напрыклад, Naviny.by, як высветліў маніторынг БАЖ, нечакана багата месца адвялі кандыдату Мікалаю Улаховічу. І тут усё тлумачыцца проста: хаця атаман і дэклараваў у лоб, што ён апалагет рэжыму, але ж сама фігура была каларытная, а ляпы (адно выказванне пра баброў чаго вартае) — сапраўднымі хохмамі.

Што ж да Караткевіч, яе стратэгіі мірных перамен, то і крытыкі было багата. Але гэта ўжо ў іншых жанрах — артыкулах, каментарах. Загаловак аднаго з тэкстаў Паўла Вусава на Naviny.by кажа сам за сябе: “Чаму Таццяна Караткевіч — фэйкавы кандыдат” [6].

З іншага боку, хто-кольвек з аўтараў даў дыхту і асобным сённяшнім паплечнікам Статкевіча, каторыя спачатку паспрабавалі балатавацца, селі ў галёш са зборам подпісаў, а потым рэзка сталі на платформу ігнору. Ды яшчэ запэўнівалі, што ляжанне на канапе з дуляй у кішэні — ні болей ні меней як Плошча-2015. Гэта, дарэчы, да пытання, хто ў нас стварае ірэальную карціну свету.

І не трэба за кожным выпадкам, калі крытыкуецца апазіцыя, бачыць замову ўладаў. Незалежнасць СМІ акурат у тым, каб не было святарных кароў.

Нарэшце, называючы фарсам, клаўнадай выбары-2015, не забывайце, што многія аналагічна ацэньвалі і выбары-2010 з іх бязладным парадам кандыдатаў (асобныя з якіх, здаецца, таксама не грэбавалі ксерыць подпісы). І таксама была папулярная думка, што гэты россып кандыдатаў ёсць сцэнаром улады.

 

Праблема не столькі ў самацэнзуры, колькі ў браку фактуры

Што ж да ціску з боку рэжыму, то мы пад ім усе. На жаль, гэта дэфармуе і светаўспрыманне апазіцыйных палітыкаў: усюды мрояцца падкопы, спецаперацыі, агенты. І часта пачынаецца пошук у цёмным пакоі чорнай коткі, якой там няма.

Разумееце, прэса працуе па сваіх законах. Яе місія — пісаць пра ўсё, што адбываецца і мае грамадскі інтарэс, прываблівае чытача. Не варта забываць і бізнес-складнік медыйнай справы: трэба прадаць наклад, мець добрае наведванне сайта, трэба, каб тваю інфармацыю куплялі. І таму ці іншаму палітыку не варта думаць, што ягоная ідэйнасць, палымяныя лозунгі самі па сабе павінны выстройваць журналістаў у чаргу па інтэрв’ю. Друкуйце вашы агіткі на сваіх сайтах.

У рэшце рэшт, не трэба элементарна прыніжаць журналістаў, дэ-факта агулам навешваючы на іх ярлык баязліўцаў, прыстасаванцаў, паслугачоў рэжыму. Амаль што пяць гадоў пасля Плошчы-2010 дзясяткі беларускіх СМІ прынцыпова раскручвалі тэму палітзняволеных. Мае калегі ўпарта ставілі гэта пытанне на прэс-канфэрэнцыях, наклікаючы на сябе гнеў самага высокага начальніка. Мо вы мяркуеце, што і гэта было спектаклем, спецаперацыяй, распрацаванай “куратарамі з КДБ”?

Так, самацэнзура мае месца, але не трэба яе перавялічваць. Значна большай праблемай для нашых журналістаў ёсць закрытасць сістэмы, калі амаль што немагчыма накапаць моцнай, жалезнай фактуры. А за абвінавачанні без доказаў журналіст рызыкуе трапіць пад суд і ў дэмакратычнай краіне. Тым не меней, жанр расследаванняў і ў Беларусі трымаецца, мае калегі пішуць і пра катэджы у “царскіх сёлах”, і пра многія іншыя цёмныя справы вялікага начальства.

Сайты БелаПАН траплялі пад блакаванне летась у снежні, калі мы пісалі праўду пра “гібрыдную дэвальвацыю” [7], нас глушылі DDoS-атакамі напачатку кастрычніка, калі мы напісалі праўду пра ператвораную у піяр-акцыю кандыдата Лукашэнкі “Малітву за Беларусь”. Трэба мець ну надта вялікую фантазію, каб думаць, што такія матэрыялы дазваляюцца нейкімі куратарамі зверху.  Я сам пра гэта пісаў [8], і гэта адразу ішло на сайт. 

Разам з тым, пакажыце мне нейкую асаблівую, знішчальную праўду пра рэжым, якую агалілі тыя СМІ, што робяцца з-за мяжы. Мо яны зладзілі нейкія крутыя расследаванні, знайшлі, напрыклад, “Лукашэнкавы мільярды” (ён жа раз-пораз сам цвеліць: знойдзеце — будуць вашы)? Не, голы васэр.

Яшчэ болей: гэтыя рэсурсы амаль што не прадукуюць уласнага кантэнту, а збольшага перадзіраюць яго з… тых самых медый, што робяцца ў Беларусі. Калі вы такія смелыя, калі можаце пісаць вольна, выкрываць тое, што баяцца выкрываць унутры краіны, дык чаму не паказваеце ўзор, а шалёна капіпасціце “падцэнзурную” прэсу, якая, паводле вашай версіі, цалкам пад каўпаком спецслужбаў? Ці не таму, што ў саміх з прафесіяналізмам слабавата? Пісаць жа агульныя словы пра “злачынны рэжым”, культываваць мову нянавісці — шмат глуздоў не трэба.

 

Хто “сапраўдныя”, а хто “псеўды”: чыёй класіфікацыяй кіравацца?

Яшчэ раз падкрэслю: гэта не справа журналістаў — вешаць ярлыкі: вось сапраўдныя змагары, а вось псеўды, агенты.

Па-першае, калі адкрыюцца архівы КДБ, нас ці нашых патомкаў чакае багата сенсацый. Гісторыя сведчыць, што агентамі аказваліся і нібыта радыкальныя антырэжымныя фігуры.

Па-другое, вы між сабой спачатку разбярыцеся. Для КХП-БНФ, здаецца, ледзь ці не ўсе астатнія — псеўды, падстаўная апазіцыя, марыянеткі і агенты. Калякін, праляцеўшы мінулым летам як фанера над Парыжам са зборам подпісаў за сваё вылучэнне, абвесціў несапраўднай апазіцыяй “Гавары праўду”. У сваю чаргу, сам старшыня “Справядлівага свету” атрымаў аналагічную плюху [9] ад Статкевіча, каторы па выхадзе з турмы заявіў, што былых камуністаў назваць дэмакратамі язык не паварочваецца. А потым той самы Статкевіч падпісаў ліст у Брусель супольна з… Калякіным, і гэта наводзіць на думку, што з апошняга ўжо знятая епіцім’я.

Хлопцы, а вы самі не заблыталіся? І чыю класіфікацыю прэсе браць за канон — Пазьнякову, Лябедзькаву, нечую яшчэ? Ці ўсё ж пакінеце за медыямі права быць па-над вашымі бясконцымі сваркамі [10] ды глядзець са здаровым крытыцызмам на вашы чарговыя эпахальныя ініцыятывы, што адна за адной правальваюцца?

Вось Мікола Статкевіч папракае СМІ за тое, што няправільна падалі нядаўні ліст пяці апазіцыянераў у Брусель, бо засяродзілі ўвагу на ідэі круглага стала з уладай. Маўляў, “з дакумента, прысвечанага выбарам, падрыхтоўцы да іх, змене выбарчага заканадаўства, быў штучна выдраны гэты малазначны палітычны тэзіс і зроблены асноўным”.

Найперш зазначу, што ў інфармацыйных матэрыялах, напрыклад таго ж БелаПАН, былі старанна выкладзены ўсе пункты [11] прапанаванай падпісантамі дарожнай мапы.

У каментарах жа некаторыя медыі сапраўды зрабілі акцэнт на прапанове круглага стала, бо яе рэалізацыя ўяўляла б сабой сапраўды фантасмагарычную карціну: аўтарытарны кіраўнік, які цалкам валодае сітуацыяй, раптам пачне вытанцоўваць перад расцярушанай, як ніколі слабой “купкай адмарозкаў” (яго ж лексіка).

Звярнула на сябе ўвагу і тая пікантная акалічнасць, што трохі раней падпісанты называлі афіцыйнага лідара нелегітымным. А цяпер, значыць, хочаце, каб Еўразвяз вам зладзіў дыялог з тым нелегітымным?

Была падстава для іроніі — вось яна і ўвасобілася ў каментарах, у медыйных акцэнтах. Гэта права СМІ — ставіць акцэнты, а не проста тыражаваць партыйныя прэс-рэлізы.

Увогуле прафесійныя палітыкі і партыі ў краінах, дзе ідзе рэальная барацьба за ўладу, не павучаюць прэсу, а самі навучаюцца ўзаемадзейнічаць з ёю — выпрацоўваюць адмысловыя стратэгіі, складаюць медыяпланы, ствараюць кваліфікаваныя прэс-службы. У нас жа дасюль некаторыя апаненты Лукашэнкі мысляць, як ён, хочаць бачыць у СМІ толькі рупары, “органы”. А калі журналюгі пішуць не пад нос — ну каню ж зразумела, заказуха!

Паказальна, што пры гэтым апазіцыянеры, маючы асабістыя ці партыйныя сайты, стараюцца часцей прафігураваць са сваімі артыкуламі, інтэрв’ю, каментарамі менавіта у “падцэнзурнай” прэсе. І тым самым дэ-факта прызнаюць, што яна не такая ўжо і бяззубая. І што ўвогуле журналісты трохі лепей ведаюць, як рабіць газету, відэасюжэт ці сайт.

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/3430/palityki-ne-prynizhayce-zhurnalistau

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/tochka-zreniya
[3] http://mediakritika.by/article/3428/nikolay-statkevich-vo-vremya-etoy-kampanii-media-popytalis-izobrazit-spektakl-kak-chto
[4] http://mediakritika.by/article/2799/abvescim-lukashenku-infarmacyyny-baykot-nu-nu
[5] http://naviny.by/rubrics/elections/2015/09/23/ic_articles_623_189836/
[6] http://naviny.by/rubrics/opinion/2015/05/24/ic_articles_410_188958/
[7] http://naviny.by/rubrics/politic/2014/12/19/ic_articles_112_187812/
[8] http://naviny.by/rubrics/elections/2015/10/03/ic_articles_623_189924/
[9] http://naviny.by/rubrics/elections/2015/08/28/ic_articles_623_189625/
[10] http://mediakritika.by/article/3310/alyaksandr-klaskouski-zhurnalist-music-byc-pa-nad-shvatkay
[11] http://by.belapan.by/archive/2015/11/03/eu_eu_811970_811971/