mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > Каб ведаць, хто вам хлусіць, трэба разбірацца ў тэме і ведаць заканадаўства

Вы здесь

  • Главная [1]
  • Каб ведаць, хто вам хлусіць, трэба разбірацца ў тэме і ведаць заканадаўства

Каб ведаць, хто вам хлусіць, трэба разбірацца ў тэме і ведаць заканадаўства

25.01.2016 Ремесло [2]

Журналістам, якія робяць матэрыялы пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны, варта вывучыць заканадаўства ў гэтай галіне, не забываць трансляваць меркаванні розных бакоў ды падаваць больш пазітыўнай інфармацыі.

Аб гэтым спецыялісты ў галіне даследвання і аховы гісторыка-культурнай спадчыны гаварылі падчас трэнінга для журналістаў, што адбыўся 23-24 студзеня недалёка ад Мінску.

Трэнінг зладзіла грамадскае аб’яднанне “Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” на чале з Антонам Астаповічам. На працягу двух дзён журналісты дзяржаўных і недзяржаўных СМІ з Мінска, Магілёва і Віцебска слухалі археолагаў, краязнаўцаў, архітэктараў-рэстаўратараў і іншых спецыялістаў, маючых дачыненне да аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Апошнія вялі гаворку аб тым, якім чынам мусіць весціся праца ў гэтым кірунку і як яна, на сам рэч, вядзецца на практыцы. Акрамя таго, выступоўцы далі некалькі парадаў прадстаўнікам прэсы, якія асвятляюць гэтую няпростую тэматыку.

 

На археалагічных раскопках усіх журналістаў цікавіць адно і тое

На сустрэчу прыехала Наталля Хвір, загадчыца аддзелу аховы помнікаў упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі. Яна акцэнтавала ўвагу прысутных на памылку, якую часта дапускаюць прадстаўнікі СМІ, гаворачы пра дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі: “Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці надае аб’ектам не Міністэрства культуры, а Савет Міністраў. Журналісты часта гэта блытаюць”.

Археолаг, кандыдат гістарычных навук Мікалай Плавінскі таксама быў нешматслоўным, кранаючы праблему асвячэння тэматыкі: “Што хочуць пачуць журналісты ад археолагаў, калі прыязджаюць на раскопкі? Не істотна, з якога СМІ, усіх цікавяць адно і тое пытанне: што самае каштоўнае вы знайшлі? У іх прысутнічае нейкае рамантычнае ўяўленне пра нашу прафесію, яны не здагадваюцца, што наша дзейнасць досыць марудная і працаёмкая. Часта можна наагул застацца без знаходак, але журналісты ўпарта задаюць адно і тое пытанне і не ідуць далей”.

Ігар Раханскі, прадстаўнік Беларускага аддзялення ІКАМОС (Міжнароднай Рады па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін), кіраўнік праектнага бюро выказаў сваю асноўную прэтэнзію да журналістаў: “Прадстаўнікі прэсы намагаюцца асвятліць праблемы рэстаўрацыі і пры гэтым звяртаюцца непасрэдна да працэсу будаўнічых работ, самі рэфлексуюць. Больш прафесійныя журналісты размаўляюць з экспертамі, тымі, хто працуе ў галіне рэстаўрацыі і рэфлексуе па яе выніках. Але часцей за ўсё прэсу цікавіць, якая цагліна была пакладзеная і колькі грошай было патрачана. Я гэта называю даносамі. Тое, што вы бераце інфармацыю толькі аб будаўніцтве –асноўны недахоп вашых матэрыялаў і прычына недастатковасці асвятлення тэмы рэстаўрацыі ў СМІ. Трэба не самім рэфлексаваць, а звяртацца да спецыялістаў, якія гэтым займаюцца прафесійна. Такія людзі ў нас ёсць: Антон Астаповіч, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Мацкевіч і іншыя”.

 

Законы ведаць трэба

Працягнуў тэму істотнасці рэфлексій ад прафесіяналаў Антон Астаповіч, старшыня “Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”. Ён адзначыў, што калі журналіст піша артыкул (асабліва – праблемны, якіх нямала ў асвятленні тэмы рэстаўрацыі), “ён павінен узяць меркаванні ва ўсіх дзеючых бакоў. У заказчыка, у выканаўцы, у Мінкульта, у прадстаўнікоў нашага таварыства, у экспертызы… Гэта, здавалася б, зразумела, але вельмі часта, на жаль, гэтага не робіцца. Бывае, што прадстаўнік прэсы тэлефануе толькі чыноўніку, чуе рамантызаваную версію развіцця падзей і пускае гэта ў друк ці эфір. Калі журналіст не можа сам зрабіць высновы, выслухаўшы ўсе бакі, не трэба, чытач падсумуе сказанае самастойна, але меркаванні ўсіх бакоў у матэрыялах павінны прысутнічаць”.

Працягнуў тэму збору меркаванняў Уладзімір Папруга, архітэктар-рэстаўратар, які адзначыў, што Антон Астаповіч, безумоўна, мае рацыю і журналіст павінен размаўляць з рознымі бакамі, але ж калі яму скажуць супрацьлеглыя рэчы (што часта і адбываецца), як ён зразумее, хто кажа праўду, а хто – хлусіць? Каб разумець стан рэчаў, паводле Папругі, журналіст мусіць валодаць тэмай аховы гістарычна-культурнай спадчыны і ведаць заканадаўства ў гэтай галіне (ад Канвенцыі ААН да законаў і пастаноў, што прымаюць беларускія чыноўнікі). Калі журналіст не валодае тэмай і не мае ўласнага меркавання, ён зможа толькі перадаць словы розных бакоў, але ж не зарыентуе чытача, да каго з іх варта прыслухоўвацца. А чытач, вядома, яшчэ менш за журналіста разбіраецца ў тэме, што натуральна. “Вывучайце законы”, - асноўная парада архітэктара.

“Не трэба бясконца пісаць пра спадчыну, яна і без таго ахоўваецца дзяржавай, - звярнуўся да ўдзельнікаў трэнінгу Уладзімір Папруга. – Пытанне ў тым, што парушаюцца законы па ахове спадчыны. Вось аб чым варта гаварыць!”

Таксама архітэктар прапанаваў прэсе падаваць матэрыялы, датычныя гэтай складанай тэматыкі, у пазітыўным рэчышчы: “Давайце не акцэнтавацца на праблемах, а пісаць аб тым, чаго ўдалося дасягнуць у гэтай сферы. Калі нехта з простых грамадзян захоча далучыцца да справы складання спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў, ён гэта зробіць, звярнуўшыся да “Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”. Яно з задавальненнем возьме на сябе функцыю кансультанта. Але такая карысная актыўнасць беларусаў зможа нарадзіцца толькі тады, калі вы пачнеце больш гаварыць аб канкрэтных дасягненнях у тэме аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а не толькі аб складанасцях гэтай сферы”. 

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/3596/kab-vedac-hto-vam-hlusic-treba-razbiracca-u-teme-i-vedac-zakanadaustva

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/remeslo