У артыкуле-аглядзе [3] беларускіх праектаў, якія нясуць ідэі медыяпісьменнасці ў грамадства, Mediakritika.by закранула дзейнасць «Таварыства беларускай школы». І тады ж мы паабяцалі больш падрабязна распавесці пра дзейнасць арганізацыі ў гэтым кірунку.
Пра тое, як ТБШ заахвочвае настаўнікаў да распрацоўкі метадчыных праграм па медыяпісьменнасці, як сумесна з партнёрамі ладзіць семінары і летнія школы для настаўнікаў і чаму практыка ў гэтай галіне шмат важнейшая за тэорыю распавядае Тамара Мацкевіч, намеснік старшыні РГА "Таварыства беларускай школы":
- Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Таварыства беларускай школы» [4] зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 30 жніўня 1996 года. Асноўнай мэтай ТБШ з'яўляецца: садзейнічанне стварэнню сучаснай сістэмы нацыянальнай асветы i адукацыі, спрыянне развіццю адукацыі на беларускай мове, культурна-асветная праца сярод дзяцей, моладзі i дарослых дзеля фарміравання ў ix нацыянальнай свядомасці i засваення iмi агульначалавечых каштоўнасцей
Сваю дзейнасць у галіне медыяпісьменнасці Таварыства беларускай школы распачало некалькі год таму. Прыемна адзначыць, настаўнікі пачалі ўсведамляць важнасць медыяпісьменнасці для перспектываў грамадства, існавання нацыі і незалежнасці. Беларусы на сабе адчулі, што мы жывем у стане інфармацыйнац вайны, аднак яшчэ не ўсе разумеюць, што нашая зброя ў ёй – крытычнае мысленне і каштоўнасныя устаноўкі. Наогул, самы надзейны фільтр супраць хлусні і прапаганды ў медыя – гэта нашая нацыянальная і моўная ідэнтычнасць, усведамленне сваіх еўрапейскіх каранёў і цывілізацыйных каштоўнасцяў. Вось над гэтым мы і працуем.
У 2013—2015 гг. па ініцыятыве Таварыства беларускай школы (ТБШ) сумесна з Медыя-інстытутам FOJO (Швецыя) і іншымі адукацыйнымі арганізацыямі быў праведзены шэраг семінараў і летніх школ для соцень педагогаў. Больш за 30 педагогаў і метадыстаў прынялі ўдзел у адукацыйных стажах у Швецыі, Украіне, Чэхіі, Славаччыне. Мэтай гэтых сумесных мерапрыемстваў было пазнаёміць настаўнікаў з еўрапейскім досведам медыяадукацыі, навучыць уменням дэкадаваць медыяпаведамленні, адаптаваць замежны досвед для беларускіх умоваў.
Прыемна, што настаўнікі ўспрынялі важнасць праблемы. Колькасць практычных матэрыялаў, якімі папаўняецца раздзел “Медыякомпас” [5] партала nastaunik.info, гаворыць сама за сябе. У 2015 годзе нашыя адмыслоўцы і медыяпедегогі склалі і апублікавалі аналітычную запіску [6] «Медыяадукацыя. Еўрапейскія практыкі і беларуская рэчаіснасць» з аналізам і перспектывамі медыяадукацыі ў Беларусі.
Для сябе мы вызначылі, што галоўнае – практыка. Бо экспертаў-тэарэтыкаў заўсёды хапае. Мала тых, хто дасягае практычных вынікаў. Паспрыяў прыклад расіян, дзе напісана процьма тэарэтычных кніг і экспертных заключэнняў, але хто там бачыў медыйна пісьменнага чалавека? Мы стараемся фармаваць медыйна-інфармацыйныя кампетэнцыі настаўнікаў падчас семінараў, трэнінгаў. У выніку, самі настаўнікі становяцца медыяпедагогамі і праводзяць майстар-класы для калег і, вядома, вучаць дзяцей. Такім чынам, медыяадукацыйны кірунак паступова з нефармальнай адукацыі распаўсюджваецца і ў фармальную сістэму адукацыі. На жаль, не так хутка, як хацелася б.
Фота: nastaunik.info
Нядаўна ТБШ правяло конкурс метадычных матэрыялаў “Адукацыя для свабоды” [7] ў трох намінацыях: “Медыяадукацыя на ўроку”, “Медыяадукацыя па-за ўрокам” і “Медыяпісьменная сям’я”. Шчыра кажучы, не ўсе настаўнікі, якія даслалі матэрыялы на конкурс, добра ўсведамлялі, што медыяадукацыя – гэта не выкарыстанне ІКТ ў навучальным працэсе. І нават не навучанне бяспецы ў інтэрнэце. Аднак былі і вельмі якасныя распрацоўкі, за якія настаўнікі атрымалі ноўтбукі [8]. Прычым пераможцы распрацавалі цэлыя комплексы практычных матэрыялаў, гатовых для ўжывання ў навучальных установах. Усе гэтыя распрацоўкі знаходзяцца ў свабодным доступе.
Настаўнікі стварылі некалькі інтэрнэт-пляцовак для абмену досведам і матэрыяламі ў медыяадукацыі: на сайце nastaunik.info створаны раздзел “Медыякомпас”, да суполак “Медыяадукатар” можна далучыцца ў сацыяльных сетках Google+ , Facebook [9].
Настаўнікі на гэтым не спыніліся. Цяпер яны пішуць метадычны дапаможнік-навігатар для калег. У яго больш за 16 аўтараў. Хутка ён пабачыць свет. Сама па сабе форма падручніка – навігатар – дазволіць гэтаму выданню быць актуальным доўгі час. Бо кожная тэма будзе мець спасылку на інтэрнэт-старонку, якая будзе абнаўляцца і дадавацца новымі матэрыяламі.
Прыкладам, настаўнік-фізік ці настаўнік-гісторык заўсёды можа клікнуць на спасылку і паглядзець, што з актуальных медыйных падзеяў можна выкарыстаць на сваім уроку, каб дзеці разам з прадметнымі ведамі вучыліся аналізаваць навіны, распазнавайць фэйкі ды глядзець на свет сваімі вачыма.
Адзін з раздзелаў кнігі будзе прысвечаны навучанню настаўнікаў пісаць артыкулы ў прэсу. Медыякампетэнцыі ж уключаюць і актыўны удзел грамадства ў стварэнні медыяпрасторы. Тут прыдалася супраца ТБШ з журналістамі. Яны шмат у чам дапамагаюць педагогам.
У лютым 2016 года пачне працу пілотны курс дыстанцыйнага навучання “Медыяадукацыя ў школе”. Яго таксама робяць самі настаўнікі для сваіх калег. На гэты пілотны курс плануем набраць 30 чалавек, якія паступова на працягу 3-4 месяцаў будуць ўводзіць элементы медыяадукацыі ў сваю практыку на уроках і выхаваўчых занятках.
І самае важнае, што беларускія настаўнікі выступілі ініцыятарамі стварэння беларускіх медыяадукацыйных асяродкаў, запачаткавалі інавацыйныя праекты ў сваіх школах, адаптавалі замежныя матэрыялы і стварылі ўласныя, якія выкарыстоўваюцца для эфектыўнай працы ва ўстановах адукацыі Беларусі.
Менавіта дзякуючы ініцыятывам «знізу» пашыраецца абазнанасць беларускіх педагогаў і іх вучняў у медыяадукацыі і медыякультуры. Разам з тым было б перабольшаннем сказаць, што медыяадукацыя стала агульнапрынятай практыкай у нашай краіне. Мы ўсё яшчэ маем справу з ініцыятывамі і досведам энтузіястаў – як асобных спецыялістаў, так і арганізацый, найперш недзяржаўных, грамадскіх – але не з масавай з'явай. А пагатоў не з рэалізацыяй агульнанацыянальнай праграмы навучання навыкам жыцця ў свеце інфармацыі.
Тым не менш не толькі грамадскія структуры, але і шырокая педагагічная грамадскасць паступова прыходзіць да агульнага разумення функцый медыяадукацыі ў Беларусі».