mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > Прафесійны журналіст стаў пісакам другога гатунку?

Вы здесь

  • Главная [1]
  • Прафесійны журналіст стаў пісакам другога гатунку?

Прафесійны журналіст стаў пісакам другога гатунку?

24.12.2012 В фокусе [2]

Што і казаць, эпоха вэба 2.0 збіла з журналістаў пыху. Некалі наша амплуа ўважалася за адно з самых прэстыжных, сёння ж, калі віруюць форумы, ЖЖ ды сацыяльныя сеткі, на журналіста-профі глядзяць з дамешкам пагарды. Маўляў, самі з вусамі, прычым мы, вольныя птахі Сеціва, можам дазволіць сабе значна болей, чым раб рэдакцыі.

Напісаць на гэту тэму падштурхнула дыскусія пад маім папярэднім артыкулам “Журналіст і ў фэйсбуку — закладнік прафесіі” [3].

“Журналистам оч обидно, что в фейсбуках можно больше себе позволить. Но это их проблемы и проблемы сми, — зазначыў мой шаноўны апанент malishevsky. — Если журналистам не хватает их сми - они идут в фейсбук и пишут там, что думают. Это очень плохо - писать, что думаешь”.

А яшчэ цвіком засела ў памяці рэпліка былога афіцэра спецслужбы Валера Косткі, калі мы дыскутавалі [4] ў студыі TUT.by з нагоды кадравага ператрусу ў КДБ: “…КДБ — гэта не журналістыка і не тэлебачанне, там мусяць працаваць прафесіяналы”.

І нарэшце, непрызнанне журналісцкай працы як паўнавартаснай, самадастатковай місіі я бачу ў нязгасных спробах тых ці іншых палітычных, грамадскіх дзеячаў з контрэліты пашыхтаваць [5] недзяржаўныя медыі дзеля змагання з рэжымам. Палітык, скляпаўшы з лозунгаў пэўную колькасць артыкулаў на партыйны сайт, мяркуе, што ён на галаву вышэйшы за журналюгу: я вунь і пішу, і змагаюся, а ты ад святой барацьбы адмахваешся.

Так, класічная прэса далёка не бязгрэшная. Банальнасць, заказуха, элементы цэнзуры і самацэнзуры — усё гэта мае месца, прычым не толькі ў дзяржаўных СМІ. Аднак гэта не падстава абвяшчаць прафесійнага журналіста пісакам другога гатунку ў параўнанні з вольным аматарам.

 

Прафесіянал на галеры і блогер на вольнай хвалі

Варта пагадзіцца, што сацыяльныя медыі ў нейкіх сітуацыях могуць быць аддушынай, дадатковай нішай для журналіста. Але калі яго трымае ў абцугах праца на дзяржСМІ, то і ў фэйсбуку надта не распусціш язык. Памятаеце, які быў пярэпалах, калі летась сайт nn.by вынес [6] на шырокую публіку крытычныя допісы супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання ў сацыяльных сетках?

Не усё, што выскачыла з-пад клавы, можа прапанаваць свайму рэдактару і супрацоўнік недзяржаўнага выдання. З майго гледзішча, для журналіста фэйсбук (акрамя таго, што дапамагае прасоўваць звычайныя публікацыі) сапраўды зручны тым, што туды можна піхаць нейкі імпульсіўны нефармат. Вось раптам падумалася, напісалася, у ніводную рубрыку нібыта не лезе… Гэтакі капрыз майстра, калі хочаце.

Але тут хачу заступіцца акурат за “фармат”. Бо стала модна даваць яму выспятка за састарэласць, банальнасць і г.д. Карацей, пракрустаў ложак. Іншая рэч — вольнае блогерства (я тут ужываю гэтае слова ў шырокім сэнсе, маючы на ўвазе допісы ў ЖЖ, фэйсбуку ды іншых сацыяльных сетках; карацей, там, дзе аўтар — сам сабе і рэдактар, і выдавец).

Так, фармат муляе. Але, з іншага боку, менавіта ягоным датрыманнем і моцныя класічныя медыі. Журналіста, які пакутуе, датрымліваючы фармат, не трэба трактаваць як нейкага раба, што не варты падноска вольнага блогера.

Напрыклад, кантэнт навіновай стужкі БелаПАН [7] каштоўны менавіта строгім выкананнем прафесійных крытэраў. Так, гэта пэўны шаблон. БелаПАН арыентуецца на міжнародныя стандарты падачы навін. І менавіта за гэта ягоны прадукт цэняць падпісчыкі ды чытачы.

Паспрабуйце пісьменна скласці тэкст паводле такога канона — і пераканаецеся, што гэта нялёгкі хлеб. А ўявіце сабе, што нататкі на стужку БелаПАН пісалі б вольныя блогеры. Фірма вылецела б у трубу за адзін дзень.

Тое ж тычыцца і аналітыкі ў інтэрнэт-газеце Naviny.by [8], дзе друкуецца і ваш пакорлівы слуга. Газета мае, заўважце, і рубрыку “Меркаванне”, дзе часта з’яўляюцца матэрыялы менавіта блогерскага плана. Аднак рэйтынг папулярнасці паказвае, што болей чытаюць артыкулы штатных аўтараў, зробленыя паводле “сумнага” канона (з аргументацыяй, цытаваннем экспертаў і г.д.), чым тэксты “вольных як Куба” аматараў.

Акуратна разабраная па костачках праблема чытачу зазвычай цікавейшая, чым выліванне эмоцый ці выкладанне палітычных поглядаў нейкага аўтара з нагоды той ці іншай з’явы жыцця.

 

Можа, аўтар сказаць што хацеў?

Некалі журналіст апрыёры быў мэтрам. Звычайныя людзі пісалі каракулі ад рукі, нават друкарская машынка была рэдкасцю, ягоныя ж радкі адліваліся ў метал на лінатыпе, ператвараліся ў чаканныя калонкі на паласе і разыходзіліся тысячамі асобнікаў чарговага газетнага нумара. Вальяжны калумніст з люлькай здаваўся жрацом таямнічага культу.

Сёння вобраз журналіста дэсакралізаваны, бо кожны атрымаў магчымасць друкаваць свае тэксты прыгожымі электроннымі літарамі і выходзіць з імі на тэарэтычна бязмежную аўдыторыю Сеціва. Інтэрнэт зрабіў людзей роўнымі ў сэнсе распаўсюду сваёй творчасці, як некалі палкоўнік Кольт — у сэнсе самаабароны.

І на журналіста-профі сталі паплёўваць з высокай званіцы. Мы і круцей можам! Надрукаваўся пару разоў у блогерскім кутку “Белорусского партизана” [9] — і здаецца, што ўжо схапіў бога за бараду.

Хаця на тым жа “Партизане” якасць тэкстаў вельмі розная, і значная частка ўяўляе сабой яскравую ілюстрацыю таго, што свабода выказвання — гэта яшчэ не усё. Трэба мець што сказаць і ўмець гэта сказаць, то бок валодаць тэхналогіяй падачы матэрыялу. Іначай — сумбурная плынь свядомасці амаль што без абзацаў і знакаў прыпынку, якая прымушае згадваць анекдот: “Можа, сказаць што хацеў?”.

 

Артыкулы ў моднай абгортцы

Калі я хачу даведацца, што робіцца ў краіне і свеце, то звяртаюся да прафесійных СМІ. Бо яны — гэта не толькі стандарты верагоднасці, але яшчэ і сістэмная падача інфармацыі ды каментароў.

Дарэчы, і благасфера чэрпае натхненне пераважна ў традыцыйных медыях. Адтуль, паводле Pew Research Center, бяруць 99% навін амерыканскія блогеры. Мяркую, і ў нас адсотак сувымерны. Так што допісы вольнай сеціўнай публікі — гэта хутчэй што прыправа, перчык да таго медыйнага прадукту, які штодзённа ствараецца прафесійнымі рэдакцыямі.

Тут варта, дарэчы, зрабіць дыферэнцыяцыю. З аднаго боку, ёсць аматары, якія дэ-факта прэтэндуюць на тое, каб адбіць лаўры ў пісак-прафесіяналаў. Аднак чыстых ці амаль што чыстых блогераў з іменамі нацыянальнага маштабу можна на пальцах пералічыць: Віктар Малішэўскі (чый журналісцкі бэкграунд усё адно вылазіць), Яўген Ліпковіч… Хто яшчэ?

З іншага боку, ёсць профі, якія рэгулярна малоцяць у ЖЖ ды сацыяльных сетках. Але ці там яны заваявалі рэпутацыю і ці там ў большасці выпадкаў выбухаюць іх галоўныя бомбы?

Напрыклад, Святлана Калінкіна ўсё адно ўспрымаецца публікай найперш не як блогерка, а як публіцыст самай вялікай апазіцыйнай газеты. Гэтаксама Віктар Марціновіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў заўважныя не столькі ў фэйсбуках-твітарах, колькі ў сваіх блогах на сайце радыё “Свабода” [10], дзе хоцькі-няхоцькі паўстаюць як профі, што выкарыстоўваюць модную форму.

З іншага боку, і блогерства [11] Вадзіма Гігіна на сайце БЕЛТА нікога не ўводзіць у зман: у любой абгортцы яго успрымаюць як прафесійнага прамоўтара рэжыму.

Карацей, журналісты ў блогерскай скуры — гэта збольшага тыя ж калумністы, персоны аўтарскай журналістыкі, якая была заўсёды.

Аўтар гэтых радкоў таксама даволі доўга вёў блог [12] на сайце “Нашай нівы”. Свежая ніша дала штуршок крэатыву, абсяг для стылёвай гульні, але ўсё адно па вялікім рахунку гэта была падрыхтоўка матэрыялаў паводле прафесійнай тэхналогіі.

Скажуць: ну, дык гэта ты сам сябе абмежаваў. Добра, дзе тады россып прыкладаў, калі прафесіяналы, не бліснуўшы ў пракруставым ложку звычайных медыяў, сталі зоркамі ў благасферы ці сацыяльных сетках? Калі няма чаго сказаць, то не прагучыш нідзе.

 

Місія, што не кожнаму па зубах

Несумненна, эпоха вэба 2.0 прымусіла прафесійных журналістаў круціцца, авалодваць новымі тэхнікамі ды новай стылістыкай. Але казаць, што блогеры ды сацыяльныя сеткі кладуць на лапаткі класічную прэсу (да якой я прылічваю ўжо і сапраўдныя, прафесійныя інтэрнэт-медыі), не выпадае.

Грамадзянская журналістыка можа ў нечым дапаўняць і ў асобных выпадках апярэджваць прафесійныя СМІ, але не болей.

Так, хвосткасць, дасціпнасць — моцныя бакі блогерства. Сацыяльныя сеткі даюць фенаменальную хуткасць распаўсюду навіны. Але тое, што сацыяльныя медыі ў параўнанні з прафесійнай журналістыкай нясуць нейкую рэвалюцыю ў сэнсе праўды, вастрыні, адкрытасці, а тым болей — глыбіні даследавання рэчаіснасці, па мне ёсць збольшага міфам.

Хутчэй кідаецца ў вочы тое, што пачуццё бязмежнай свабоды выказвання пры браку думкі ды культуры вядзе да банальнага засмечвання інфармацыйнай прасторы. Прыклады якаснага пісання ў сацыяльных медыях такія ж рэдкія, як жамчужыны ў гноевых кучах [13].

Зараз — эпоха дэвайсаў. Кожны можа імгненна фоткаць [14], рабіць відэа, посціць з любога мядзведжага кута. Але фотамайстроў не паболела ў параўнанні з тымі часамі, калі мала хто меў добрую адмысловую апаратуру ды яшчэ трэба было гадзінамі праяўляць-друкаваць тыя фоты. Шмат кліпаў пра сабак, катоў ды пагулянкі, але гэта не Феліні і не Таркоўскі.

Гэтаксама і прафесійнае пісьмо для медыяў застаецца місіяй, каторая вымагае ведаў, таленту, шчыравання, этыкі — і таму не кожнаму па зубах, завядзі ён хоць сто акаунтаў.

Оценить материал:
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/529/prafesiyny-zhurnalist-stau-pisakam-drugoga-gatunku

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/v-fokuse
[3] http://mediakritika.by/article/503/zhurnalist-i-u-feysbuku-zakladnik-prafesii
[4] http://mediakritika.by/article/vybuhnyya-temy-kuy-zhaleza
[5] http://mediakritika.by/article/terminova-vydac-zhurnalistam-revalyucyynyya-galife
[6] http://nn.by/?c=ar&i=64784#!nn
[7] http://by.belapan.by/
[8] http://naviny.by/rubrics/politic/2012/12/19/ic_articles_112_180263/
[9] http://www.belaruspartisan.org/
[10] http://www.svaboda.by/
[11] http://www.belta.by/ru/blogs?auth_ID=16
[12] http://www.nn.by/?c=ca&i=605
[13] http://mediakritika.by/article/kamenty-u-veb-medyyah-vychyshchayce-gnoy-gaspadary
[14] http://mediakritika.by/article/raney-zdymali-zaraz-fotkayuc