Два гады таму я атрымала ў Латвіі статус уцекача, у выніку чаго ў мяне забралі беларускі пашпарт і выдалі замест яго праязны дакумент уцекача. У гэтым тэксце я не хачу нічога пісаць пра эмоцыі, а засяроджуся толькі на практычных аспектах уцякацкага журналісцкага жыцця.
Калі разважаць выключна прагматычна, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, у тым ліку з выкарыстаннем беларускіх тэрыторый, не мець беларускі пашпарт – гэта, хутчэй, плюс. Няма праблем з адкрыццём рахунку ў банку, няма шмат якіх абмежаванняў, якія асобныя бізнесы выстаўляюць людзям з беларускімі пашпартамі. Але ёсць і нюансы. Часам – зусім нелагічныя.
І галоўны такі нюанс – гэта спецыяфічныя цяжкасці з паездкай ва Украіну. Тое, што Служба бяспекі Украіны асобна правярае грамадзян Беларусі, зразумела і не выклікае пытанняў само па сабе. Але сістэма працуе такім чынам, што беларускім уцекачам трапіць ва Украіну цяпер нашмат цяжэй, чым іншым беларусам.
Гэтая сістэма склалася яшчэ да 24 лютага 2022, але цяпер спрэчныя моманты толькі абвастрыліся, а чыноўнікам, ясная справа, не да таго, каб выпраўляць нелагічнасці ў адносінах да беларускіх грамадзян.
Тым не менш, я ўпэўнена, што важна зафіксаваць наяўнасць гэтых нелагічнасцяў і памятаць, што сапраўдная крыніца гэтых бюракратычных праблем – рэжым Лукашэнкі, дзякуючы палітыцы якога мы цяпер аказваемся ў складаных і часам абсурдных абставінах.
Дык пра якія нелагічнасці ідзе гаворка? Звычайным грамадзянам Беларусі для наведвання Украіны не трэба афармляць візу. Яны праходзяць праверку СБУ, калі спрабуюць перасякчы мяжу, і, дзеля справядлівасці, не ва ўсіх атрымліваецца яе прайсці, але момант адсейвання толькі адзін – гэта, уласна, мяжа.
З уцекачамі ўсё нашмат складаней – нам трэба афармляць візу, і, каб яе адкрылі, мы мусім прайсці завочную праверку Службы бяспекі Украіны. Няма размовы, няма допыту, – ёсць толькі неабмежаваная ў часе праверка, якая можа зацягнуцца настолькі, што віза ўжо будзе і непатрэбная.
Што і як правяраюць, невядома, але праблема не ў гэтым. Праблема ў тым, што палітычныя ўцекачы, якія ўжо ў большасці выпадкаў даказалі сваё стаўленне да рэжыму Лукашэнкі, сутыкаюцца з большымі перашкодамі, чым іншыя беларусы і беларускі.
Зрэшты, калі хтосьці ўсяляк падтрымлівае Лукашэнку, але не посціць нічога ў сацсетках, мае куды большы шанец трапіць ва Украіну – за беларускіх уцекачоў, у якіх больш няма пашпарту. І шанцы такія проста таму, што праверка даўжынёй некалькі гадзін на мяжы куды менш уплывае на план паездкі, чым неабмежаваная ў часе завочная праверка.
Безумоўна, гэтую пастку не стваралі адмыслова, каб дыскрымінаваць менавіта ўцекачоў. Хутчэй за ўсё, улады проста кепска прапрацавалі нарматыўныя акты і не прадумалі, што менавіта можа пайсці не так.
А ў выніку выконваць журналісцкія задачы ва Украіне ўцекачам нашмат складаней, чым усім астатнім. Бо пакуль пройдзе завочная праверка, тэма ўжо можа страціць актуальнасць, мерапрыемствы – прайсці, патэнцыйныя героі – самі стаць уцекачамі ці загінуць.
А яшчэ праблема ў тым, што мы для Украіны адначасова і грамадзяне Беларусі, і не грамадзяне. Заехаць без візы мы не можам, бо ў нас няма беларускага пашпарту, і мы, адпаведна, быццам не беларускія грамадзяне.
А вось дадатковая неабмежаваная ў часе праверка СБУ праводзіцца, бо мы ж з гэтага грамадзянства не выйшлі. Усе ўсё разумеюць, а зрабіць ніхто нічога не можа.
І, дарэчы, калі візу пасля праверкі ўсё ж дадуць, кампанія Ecolines усё адно не пусціць вас на свой рэйс ва Украіну, бо а раптам на мяжы будзе яшчэ адна праверка, і вас давядзецца надта доўга чакаць.
Праўда, гэтае правіла перавозчык прымяняе не толькі для ўцекачоў, а для ўсіх беларускіх грамадзян. Вось толькі ў выпадку з тымі, у каго беларускі пашпарт, і каго правяраюць толькі на мяжы, гэта гучыць хоць троху лагічна. Уцекачы ўжо ж прайшлі падрабязную праверку – чаму і тут для нас дадатковыя абмежаванні?
Ізраіль, дарэчы, таксама мае своеасаблівы погляд на ўцекачоў – нам нельга там працаваць. Свае працоўныя візы гэтая краіна ставіць толькі ў звычайныя нацыянальныя пашпарты. Няма пашпарту – няма візы.
І гэта, бадай, толькі маленькая частка ўсіх нелагічнасцяў і прыкладаў перадузятага стаўлення да ўцекачоў.
Высноваў у мяне няма. Ёсць толькі надзея, што з часам у рашэнняў адносна ўцекачоў будзе троху больш логікі.
Наста Захарэвіч адмыслова для Mediakritika.by
P.S. Ад рэдакцыі: Аўтарка гэтага тэксту так і не атрымала візу, бо не паспела прайсці праверку да дня меркаванага выезду.