mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > Журналістыка як голы тэхнічны секс

Вы здесь

  • Главная [1]
  • Журналістыка як голы тэхнічны секс

Журналістыка як голы тэхнічны секс

28.03.2013 В фокусе [2]

Во, як прыпрэ, дык усю журналісцкую навуку можна пераказаць двума-трыма дзясяткамі слайдаў! Такая думка мільганула, калі аўтар гэтых радкоў рыхтаваў прэзентацыю да чарговага трэнінгу з творчай моладдзю. Мяне папрасілі, каб для пачаткоўцаў было зусім элементарна.

У прынцыпе, любую складаную рэч можна сфармуляваць гранічна сцісла (і журналіст проста абавязаны ўмець гэта). Але па вялікім рахунку зводзіць сэнс і дух нашага рамяства да двух дзясяткаў слайдаў ды пары практыкаванняў кшталту “Прыдумайце загаловак-кручок”, — тое самае, што пераказваць коміксам Дастаеўскага ці Камю.

 

У модзе дрэсура

Між тым сёння стаў модным акурат метад прымітыўнай дрэсуры маладой медыйнай змены (ды і тых, хто прыйшоў да нейкай формы працы на СМІ ў сталым узросце).

У пэўнай ступені гэта не ад добрага жыцця. Бо ў Беларусі няма акадэмічнай адукацыі для журналістаў на сучасным узроўні. У Інстытуце журналістыкі БДУ, іншых тутэйшых ВНУ, дзе маюцца падобныя спецыялізацыі, — зашмат саўковасці, жорсткія ідэалагічныя рамкі, адтуль невялікі прыток у недзяржаўныя медыі. У ЕГУ, на мой погляд, тыя, хто вызначае прыярытэты адукацыі, глядзяць на журналістыку як на Папялушку, ды і многія выпускнікі гэтага ўніверсітэта ў выгнанні ўважаюць за лепшае ўладкавацца за мяжой.

БАЖ, іншыя грамадскія інстытуцыі запаўняюць прагал як могуць. Але розным семінарам ды трэнінгам не стае сістэмнасці, марафонскай дыхалкі. Добра што хоць на дзень-два ўдалося сабраць групу слухачоў — увалім ім конскую дозу суперканцэнтрату прафесійнай мудрасці!

У выніку народ схоплівае хіба што вяршкі, хоць таму-сяму здаецца, што ён ужо ўхапіў бога за бараду. І пачынаюць бамбіць пластмасавыя тэксты з крыклівымі, безгустоўнымі загалоўкамі [3], прадукаваць механічныя дыктафонныя інтэрв’ю, вінегрэтную нібыта аналітыку [4] паводле схемы “факт і два погляды”.

Гэта ўсё — настолькі ж далёкае ад сапраўднай журналістыкі, як голы тэхнічны секс ад кахання.

 

Быць падкаваным дылетантам

І тут мы выходзім на вечную дыскусійную тэму: ці патрэбная журналістам глыбокая адмысловая адукацыя, ці лепей сцісла навучаць спецыфіцы рамяства тых, хто ўжо мае нейкі дыплом ды паказаў творчыя задаткі.

Тут цэлы шэраг нюансаў. Напрыклад, у вузкапрофільным выданні Мінфіна (ды і ў тыднёвіку “Белорусы и рынок”) цалкам да месца можа быць чалавек з дыпломам эканамічнага універсітэта. Хаця ўвогуле гэта аблуда, што профільны адмысловец, асабліва дасведчаны, апрыёры напіша на адпаведную тэму лепей, чым журналіст шырокага профілю. Калі б было так, то найлепшых артыкулаў пра войска варта было б чакаць ад генералаў, а пра фінансы — ад банкіраў.

Але на практыцы зубасты праблемны артыкул пра войска напіша той, хто з гледзішча касты ў пагонах ёсць цывільным шпаком. Дылетанту многае лепей бачна, у яго незашораны погляд.

Іншая рэч, што не любому дылетанту цяжкая тэма па зубах. Добры журналіст — гэта грунтоўна адукаваны дылетант. Дылетант-эрудыт. Дылетант-энцыклапедыст, калі хочаце.

Менавіта шырокі дыяпазон гуманітарных ведаў дапамагае хутка зарыентавацца ў новай тэме, схапіць сувязі паміж пярэстымі фактамі, зрабіць моцнае абагульненне, намацаць трапны вобраз, пераказаць тарабаршчыну вузкага спеца выразнай жывой мовай.

І ў гэтым сэнсе я добрым словам згадваю свой стары добры савецкі журфак. Так, там было с каптуром ідэалогіі, пры тым што бракавала тэхналогіі рамяства ды банальнай практыкі. Што такое лід, прынцып перакуленай піраміды, я даведаўся праз шмат гадоў пасля таго, як атрымаў у 1980-м чырвоны дыплом. Але і ў тыя застойныя часы журфак даваў дыхтоўную моўную, літаратурную, увогуле гуманітарную падрыхтоўку.

Мы вывучалі эканоміку, сацыялогію, псіхалогію, логіку, права. Так, выкладанне шэрагу навук было дэфармаванае сацыялістычнай спецыфікай, аднак, ва ўсякім разе, калі браць тую ж эканоміку, розніцу між сальда гандлёвага ды плацёжнага балансаў мы (хто, канечне, хацеў вучыцца, а не біў лынды) прасякалі. І так па кожнай дысцыпліне.

Па мовах ды літаратурах (менавіта ў множным ліку — ад антычнай да сучаснай беларускай) нас увогуле ганялі, як салаг у казарме. Ветэраны памятаюць легендарныя “дзесяць сшыткаў Наркевіча” [5] (так прафесар Аркадзь Наркевіч, цяпер ужо нябожчык, дамагаўся ад усіх студэнтаў, у тым ліку “надта гарадскіх”, сталага ведання беларускай мовы). Адказ жа на кароннае пытанне “Як звалі сабаку Адысея?”, што любіў задаваць на экзамене выкладчык антычнай літаратуры Навум Лапідус, студэнты БДУ перадавалі з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне.

 

“ПрострелЯнные головы”

Сёння ж, калі даводзіцца, даючы інтэрв’ю, ужываць вобразы кшталту “ідэалагічны цэрбер”, “экспертная касандра”, “ставокі Аргус спецслужбаў”, па вачах бачыш, што маладому журналісту гэтыя грэцкія слоўцы нічога не гавораць.

Ды што там літаратурны падмурак — цяпер у многіх медыйных супрацоўнікаў кульгае на абедзьве нагі элементарная пісьменнасць, пра што так баліць душа [6] ў вытанчанага стыліста старой школы Сямёна Букчына, калі ён бачыць “чернилО”, “едИте на машине” ды “прострелЯнные головы”.

Між тым сёння шматстаночнік у анлайнавым выданні мусіць штодзень прыдумляць дзясяткі загалоўкаў, не кажучы ўжо аб праўцы тэкстаў. Карэктуры ж у вэб-медыях практычна няма. І таму раз-пораз буйным шрыфтам мы бачым жахлівыя перлы [7] “інтэлЕгентнасці”.

Карацей, я катэгарычна не згодны з пыхай самавукаў, якія паціскаюць плячыма: ну як можна пяць гадоў праціраць штаны/спадніцы на тым журфаку?

 

Чытайце не толькі прафесійную камасутру!

Мае высновы простыя. Трэнінгі патрэбныя, бо лепей ведаць азбуку журналістыкі, чым быць зусім абухом і пачынаць нататку не з сутнасці падзеі, а з часоў цара Гароха. У прынцыпе, увогуле можна стаць бліскучым журналістам і без адмысловай адукацыі.

Але самародкаў не так ужо і шмат. Звычайна ж добрага прафесіянала ў значнай, а мо і ў вырашальнай ступені фармуе грунтоўная прафесійная адукацыя. Гэта тычыцца ўсіх рамёстваў. Ну не навучаюць жа хірургаў на аднадзённых трэнінгах! І журналістыка тут не выключэнне, гэта толькі ілюзія некаторых блогераў на “Партизане”, што пасля двух-трох дылетанцкіх тэкстаў у жанры плыні свядомасці яны ўжо крутыя пісакі.

Як будаваць журналісцкую адукацыю, якія ўмовы (у нашым выпадку найперш палітычныя) дзеля гэтага патрэбныя — асобная тэма.

Аднак для мяне бясспрэчна, што нашым медыям, і найперш масавым выданням грамадска-палітычнага кшталту, патрэбны касцяк журналістаў і рэдактараў з моцнай гуманітарнай падрыхтоўкай, грунтоўнай эрудыцыяй. А набор прыёмаў пісьма — гэта хоць і важны складнік, аднак ён мусіць быць толькі адным з элементаў падрыхтоўкі.

Не кожны можа прайсці шлях да адмысловага дыплома. Выратавальны варыянт тут — самаадукацыя. Журналіст мусіць прачытаць як мінімум сто добрых кніг акрамя сваёй прафесійнай камасутры кшталту “50 прыёмаў пісьма” Кларка.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/797/zhurnalistyka-yak-goly-tehnichny-seks

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/v-fokuse
[3] http://mediakritika.by/article/565/hay-durnyya-chytachy-pstrykayuc-myshkay
[4] http://mediakritika.by/article/588/artykul-stanovicca-zhanram-dynazauram
[5] http://www.ng.by/ru/issues?art_id=30296&is_pril=1
[6] http://mediakritika.by/article/657/pochemu-chernilo-luchshe-chernil
[7] http://mediakritika.by/article/adkryc-slounik-i-zabicca-ab-scenku