Нарыс часопіса Newsweek пра сітуацыю ў Беларусі падштурхнуў некаторых калег да абмеркавання стандартаў міжнароднай журналістыкі. Паколькі беларускім сродкам масавай інфармацыі раней ці пазней прыйдзецца развіваць гэты складаны кірунак, лічым яго абмеркаванне цалкам актуальным. Наш артыкул прысвечаны аднаму са шматлікіх стандартаў кірунку — стандарту баланса.
На мінулым тыдні журналісты няўрадавых СМІ і проста неабыякавыя грамадзяне ажыўлена абмяркоўвалі ў Facebook пераклад рэпартажу «Беларуская апазіцыя выказвае роспач пасля падтасаваных выбараў» на рускую мову. У артыкуле для часопіса Newsweek, карэспандэнт Анна Нямцова распавядае пра незайздросную долю барацьбітоў за свабоду ў нашай краіне: «Застацца ў Беларусі, дзе існуе пагроза патрапіць у турму, альбо адправіцца ў выгнанне — такі выбар стаіць зараз перад крытыкамі Лукашэнкі».
Рэпартаж змяшчае шэраг цікавых звестак: напрыклад, пра тое, што гэта расійскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў дапамог рэдактару апазіцыйнага сайта Charter97.org Наталлі Радзінай уцячы ў Еўрапейскі Саюз; альбо пра тое, што Наста Палажанка прасіла прадстаўнікоў АБСЕ паспрыяць ёй у арганізацыі шлюбу з паплечнікам, старшынёй апазіцыйнага «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам, які знаходзіцца ў турме. Звесткі суправаджаюцца апісаннямі здзекаў рэжыму з яго апанентаў.
Адны ўдзельнікі холівару называлі артыкул «лухтой», «халтурай», і параўноўвалі яго з «амерыканскімі фільмамі пра СССР часоў халоднай вайны», іншыя ж казалі, што беларуская сітуацыя менавіта гэтак кепска і выглядае з боку.
Паколькі абмеркаванне вялося не ў публічным рэжыме, імёны канкрэтных дыскутантаў называць не станем. Мяркуем, пасля азнаямлення з арыгіналам [3] і перакладам [4] матэрыялу кожны чытач выпрацуе сваё ўласнае да яго стаўленне.
Можна было б пагутарыць пра цяжкасці, з якімі амаль усе міжнародныя карэспандэнты сутыкаюцца ў сваёй працы (пра надзейнасць крыніц, праблемы перакладу, рэдакцыйную палітыку, доступ да інфармацыі і інш.) Нягледзячы на тое, што артыкул Нямцовай быў неадназначна ўспрыняты ў нашай краіне, аўтар абыходзіцца з сабранай інфармацыяй больш карэктна, чым многія з нас. Кажучы пра Радзіну, карэспандэнт адзначае: «Ёй, як яна распавядае, давялося тыднямі спаць на падлозе турэмнай камеры, прытым, што ў яе з абодвух вушэй ішла кроў». Нямцова, такім чынам, не сцвярджае, што ўсё гэтак і было, яна толькі спасылаецца на крыніцу.
Але — засяродзімся пакуль выключна на стандарце балансу. Неўразуменне ў беларускага журналіста, які прайшоў заходнія трэнінгі, можа выклікаць адсутнасць у артыкуле Нямцовай альтэрнатыўнага погляду на сітуацыю ў краіне. Напрыклад, каментара прадстаўніка ўлады, які б распавядаў, што «ў Беларусі ўсё не так кепска, народ падтрымлівае курс урада, а ён, між іншым, імкнецца развіваць дэмакратыю, толькі эвалюцыйным, а не рэвалюцыйным шляхам».
Брытанскі медыя-кансультант Ніл Маккаферці, у мінулым — журналіст BBC, лічыць артыкул Нямцовай тыповым матэрыялам Newsweek, прычым, даволі добра зробленым.
«Паколькі ён напісаны як часопісны нарыс і падае сітуацыю праз людзей, яму не абавязкова змяшчаць каментарый урада»,— сказаў Маккаферці сайту Mediakritika.by. Таксама, паводле яго меркавання, многае залежыць ад рэдакцыйнай палітыкі: калі б Newsweek быў газетай, ён дадаваў бы альтэрнатыўныя погляды ў матэрыялы па змоўчанні.
«Пазіцыя ўрада Беларусі — у кожным сказе, калі ўважліва чытаць»,— тлумачыць свой падыход Анна Нямцова. У каментарыі для Mediakritika.by, яна сказала: гэтую пазіцыю яскрава адлюстроўваюць пасадка апазіцыянераў у турму, працягненне ім турэмных тэрмінаў і пераслед тых, хто застаўся на волі.
Выходзіць, у выданнях, падобных на амерыканскі Newsweek, відавочны баланс (прадастаўленне слова персанажу, які выказвае меркаванне, процілеглае меркаванню галоўных герояў) проста не з’яўляецца абавязковым патрабаваннем да карэспандэнцый-нарысаў.
Заходняя прэса рэгулярна публікуе аналітыку і рэпартажы пра Беларусь. Чаму ж менавіта артыкул Нямцовай выклікаў вір эмоцый у некаторых няўрадавых журналістаў? Мяркуем, проста таму, што гэты артыкул, у адрозненне ад многіх іншых аналагічных, быў перакладзены на зразумелую мову.
Цяперашняя дыскусія — чарговая нагода задумацца пра перспектывы міжнароднай журналістыкі і яе прафесійныя стандарты. Гэты складаны кірунак у няўрадавых media надта скупа прадстаўлены, што з’яўляецца адным са сведчанняў жаласнага стану айчыннага рынку СМІ.
