mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > Ірына Віданава: "Мы робім прадукт для сябе"

Вы здесь

  • Главная [1]
  • Ірына Віданава: "Мы робім прадукт для сябе"

Ірына Віданава: "Мы робім прадукт для сябе"

28.10.2012 Интервью [2]

Адметных, крэатыўных праектаў на беларускай медыйнай прасторы ня многа. Але нават сярод іх праекты, якімі болей за 10 гадоў займаецца гісторык па адукацыі Ірына Віданава, вылучаюцца сваім асаблівым стылем, нестандартным поглядам на жыццё, крэатыўнасцю падачы матэрыялаў.

Mediakritika.by cустрэлася з кіраўніком праектаў "Мультымедыйны часопіс 34" [3] і CityDog [4] Ірынаю Віданавай, каб даведацца, чым адрозніваюцца гэтыя выданні, чаму важна заўсёды памятаць пра сваю аўдыторыю і заўсёды ісці сваім шляхам.

Ірына, той прадукт, які робіце вы, вылучаецца, перш за ўсё, кантэнтам. Чаму вы не пайшлі па традыцыйным шляху іншых медыяў: рабіць часам трохі свайго унікальнага кантэнту, адначасова збіраючы інфармацыю з іншых рэсурсаў.

Карані такога стаўлення да нашага прадукту яшчэ ў “Студэнцкай думцы”, якая была, па сутнасці, адзіным перыядычным выданнем у Беларусі для моладзі. І, адпаведна, калі мы пераходзілі са стану ўнутранага бюлетэнчыку Задзіночання беларускіх студэнтаў у больш-меньш массавае выданне, не было каму ў Беларусі такую інфармацыю даваць. І дзякуй Богу! Таму што так склалася ментальнасць нашай працы: мы заточаныя пад стварэнне свайго кантэнту, пад пошук новых твараў, новых герояў. Гэта было яшчэ адно патрабаванне выдання: мы хацелі шукаць і знаходзілі рэальных людзей, рэальныя лёсы, рэальныя "фэйсы", і з імі размаўлялі. Адпаведна, часам падказкі пра герояў ці новыя трэнды прыходзілі з іншых крыніцаў, але апрацоўка тэмы, выкрутка – былі нашымі.

Калі казаць пра рэінкарнацыю часопіса ў лічбавым фармаце на CD альбо ў Інтэрнэце, то тут, відаць, нам таксама ў чымсьці пашчасціла, што мы з’яўляемся нішавым, а не навінавым выданнем. Для навінавых выданняў фактычна амаль ва ўсім свеце характэрна прыцягненне чужога кантэнту, перадрукі, бо яны мусяць папаўняцца ўжо нават не кожныя 15 хвілінаў, а, як казалі на апошнім Кангрэсе WAN, калі ў вас на сайце ці ў Twitter не апублікавана тое, што адбылося 15 секунд назад, гэта ўжо састарэлая інфармацыя. Ясна, што пры нашых памерах рэдакцый, паспяваць апрацоўваць усю інфармацыю і рабіць эксклюзіўныя аналітычныя, ці проста свае матэрыялы з тым, каб паспяваць за гэтай інфармацыяй, - проста немагчыма.

Паколькі мы нішавае выданне і дазваляем сабе працаваць з трэндамі, а не толькі з навінамі, мы можам кампенсаваць навінавасць за кошт актыўнай працы ў сацыяльных сетках. Але там матэрыял не патрабуе вельмі глыбокай апрацоўкі.

Гэтая канцэпцыя і падыход былі сфармуляваныя ў нашай рэдакцыйнай палітыке, дзе прапісана і сказана ўсім, хто з намі працуе, што мы друкуем выключна эксклюзіўныя матэрыялы, то бок нічога не перадрукоўваем.

Адна з адметнасцяў як 34mag, так і CityDog – нефарматныя артыкулы, насуперак стандартам, жанрам, журналісцкім “правілам гульні”. Гэта таксама частка рэдакцыйнай палітыкі, ці гэта ў вас такія нестандартныя, крэатыўныя аўтары?

У 34mag.net і CityDog.by – досыць розныя мэтавыя аўдыторыі. У першага праекту ўзрост аудыторыі – 17-25 гадоў, гэта моладзь, якая яшчэ знаходзіцца ў пошуку, думае, чым заняцца. Таму аднаго дня мы папросту зразумелі, што сталеем, а аўдыторыя праекту застаецца. Між тым навіны і іншыя матэрыялы, на нашую думку, павінна рабіць каманда з той жа мэтавай групы, дзеля якой часопіс рабіўся і робіцца. З гэтай нагоды было вырашана змяніць каманду 34mag, а для каманды  “старэйшага пакалення” запусціць новы праект – CityDog. Мэтавая аўдыторыя гэтага праекту – 25-35 гадоў  і 35-40 гадоў. Гэта маладыя прафесіяналы, нашая форма сярэдняга класу, якая мае нейкія грошы і гатовая іх траціць ці не траціць на пэўныя рэчы. Але пры гэтым, сапраўды, падача матэрыялаў у абодвух праектах застаецца вельмі жывой, не трапляе ў стандартныя фарматы і жанры журналістыкі.

Мне здаецца, што адна з прычынаў у тым, што ніхто з нас не з’яўляецца прафесійным журналістам, адпаведна мы не былі загнаныя першапачаткова ў пэўныя рамкі. Паколькі 34mag, з якога пасля старэйшая каманда перайшла ў CityDog, ствараўся ў эксперыментальным фармаце мультымедыйнасці, то,зноў жа, мы дазвалялі сабе эксперыменты, якія натуральна перакачавалі і ў новы праект. Акрамя таго, нефарматнасць дыктуецца тым, што мы хочам рабіць кантэнтна. А кантэнтна мы хочам мець у цэнтры ўвагі выдання чалавека.

Таму мы пазбягаем сухасці, пераліку фактаў, нас цікавяць меркаванні. Задача аднаго і другога выдання – правакаваць дыскусію і, пажаданна, уцягваць нашую аўдыторыю калі не ў актыўнае дзеянне, то, як мінімум, у абмеркаванне. Такога, звычайна, можна дабіцца, калі людзі сапраўды бачаць, што  рэдакцыі таксама не ўсё роўна. Мы ствараем выданні для сацыяльна актыўнай аўдыторыі, той, у якой ёсць пэўная сацыяльная ці грамадская (не абавязкова палітычная) пазіцыя.

Ці ўплывае на тое, што вы робіце, аўдыторыя? Падказвае вам нейкія тэмы, герояў? Як вы камунікуеце з ёю?

У нас няма такога, каб мы сядзелі і маніторылі, што адбываецца ў Інтэрнэт-прасторы, якія тэмы людзі абмяркоўваюць. Але, безумоўна, мы трымаем руку на пульсе нашага камьюніці ў сацыяльных сетках. Адсочваем і тое, што друкуецца ў іншых СМІ, надаем пільную ўвагу таму, што адбываецца ў дзяржаўных установах, наколькі мы, канешне, можам мець доступ да гэтай інфармацыі. І, канешне, мы маем актыўныя офлайн-зносіны з бізнэс-камьюніці, якія, як у выпадку CityDog, займаюцца менскай праблематыкай, ці менска-цэнтрычнымі праектамі. У першыя месяцы запуску гэтага праекту нам было вельмі важна набудаваць  гэтыя зносіны, каб пасля ўжо атрымліваць і фармальную, і нефармальную інфармацыю з розных крыніцаў. 

Што да працы з сацыяльнымі сеткамі, то, сапраўды, і ў 34mag, і ў CityDog – вельмі актыўныя і даволі буйныя камьюніці, асноўная функцыі якіх – уцягненне аўдыторыі ў арбіту выдання. Але гэта не азначае, што нашыя супольнасці ў сацыяльных сетках заменяць нейкім чынам працу рэдакцый. Мне здаецца, што гэта адна з памылак, якую часам робяць анлайн-выданні, спрабуючы замясціць сваю ўласную працу падсосам з сацыяльных сетак. Звычайна гэта вядзе да зліцця паняццяў блогінга і журналістыкі. І тады не зразумела, у якую катэгорыю трапляе само выданне: альбо яно становіцца больш блогам, альбо застаецца ўласна журналісцкім прадуктам.

З боку падаецца, што хоць у двух праектаў і фармальна розная аўдыторыя, але яна ўмяшчаецца ў кола МКАДу. Ці гэта так?

У  34mag ёсць даволі вялікі сегмент рэгіянальнай аудыторыі. На гэта было пакладзена шмат намаганняў. Бо, натуральна, калі рэдакцыя сядзіць у Менску, то значна прасцей апрацоўваць нацыяльныя альбо сталічныя трэнды, але апошнія 2-3 гады мы вельмі актыўна працавалі ў рэгіёнах: арганізоўвалі розныя сустрэчы, івэнты. І адразу бачылі, дзякуючы сучасным тэхналогіям і тым жа сацыяльным сеткам, як пасля такіх сустрэчаў адразу з’яўляўся вялікі плюс да аўдыторыі з таго, ці іншага рэгіёну, дзе адбываліся імпрэзы. Звычайна вынікам такіх сустрэчаў бывае не толькі прырост аўдыторыі, але і нейкія ідэі па супрацы, знаходзяцца новыя аўтары і тэмы.

У прынцыпе, 34mag бачыць сваёй далейшай стратэгіяй развіцця – стаць нацыяльнай нішавай платформай для маладзёнаў. CityDog жа першапачаткова ствараўся як лічбавая гарадская газета, якая, адпаведна, будзе трымацца ў межах МКАДу. Мы кожны раз дыскутуем, калі нам трэба “выйсці за межы кальцавой”, часам гэта абгрунтавана, часам мы вымушаныя адмовіцца ад пэўных тэмаў, якія не кладуцца  ў канцэпцыю выдання.

Аўдыторыі абодвух праектаў, напэўна, дзесьці перасякаюцца. Адно што CityDog адразу ставіў на мэце выйсці за беларускамоўнае гета з ідэяй таго, што мы будзем друкаваць артыкулы на двух, а потым і на трох мовах (дадасца ангельская) нашыя матэрыялы. Між тым, самыя лепшыя, на наш погляд, артыкулы будуць выходзіць на беларускай мове з тым, каб чалавек мусіў гэта прачытаць, бо гэта важна. Такім чынам будзе папулярызавацца беларуская мова.

На сёння па каментах і на адным, і на другіх сайце бачна, што аўдыторыя ў іх двухмоўная. І нашая задача, ствараць такі кантэнт, які люді будуць гатовыя спажываць на той мове, на якой мы яго прапануем. Мы разумеем, што пройдзе яшчэ пэўны час, каб выхаваць аўдыторыю. Бо, канешне, было б прасцей працаваць на сваю, ужо заангажаваную, тую, якая разумее, што мы робім. Але мы спрабуем выштурхоўвацца з зоны камфорта.

Шмат якія рэдакцыі незалежных выданняў і анлайн-праектаў скардзяцца на абмежаваныя штаты, на тое, што няма новых аўтараў. Вашыя ж праекты заўсёды прыцягвалі шмат моладзі, якая імкнулася і імкнецца працаваць з вамі хоць бы на валанцёрскіх умовах. У чым сакрэт?

Дэфіцыту кадраў у нас, сапраўды няма, ёсць цякучка кадраў, асабліва ў 34mag. Гэты праект некамерцыйны, з моцнаю грамадскай пазіцыяй. Адпаведна ў нас ніколі не было задачы, каб чалавека, які да нас прыйшоў, абавязкова вырасціць і пакінуць у сябе. Моладзевыя выданні абсалютна ва ўсіх краінах  – вельмі жывыя арганізмы, склад якіх пастаянна змяняецца.

Я заўсёды разумела, што і галоўны рэдактар, кіраўнік праекта таксама мусіць сыйсці ў пэўны час. І мая задача была вырасціць новую каманду. І я спадзяюся, што сённяшняя новая каманда ў свой час вырасціць яшчэ маладзейшую. І так яно і будзе. У гэтым, можа быць, адзін з нашых сакрэтаў: нефармальныя зносіны, пэўны аўтарытэт старэйшага колу выдання ў маладзёнаў, але без аніякага дыктату. Адпаведна мы прыцягваем моладзь, у якой ёсць магчымасць эксперыментаваць, распрацоўваць свае тэмы, прыносіць свае погляды, ідэі.

Але пры гэтым ідзе вельмі шчыльная праца рэдактараў з новым пакаленнем аўтараў. Наш асноўны прынцып заўжды быў такі: мы ніколі, як рэдактары, не рабілі матэрыялы за аўтараў. То бок, калі мы бачылі, што матэрыял не дацягвае да таго, што мы б хацелі бачыць, то мы працавалі разам з аўтарам над тым, каб давесці, альбо не давесці, гэты матэрыял да таго ўзроўня, на якім мы гатовыя былі яго публікаваць. У гэтым плане мы бываем даволі жорсткімі. Хтосьці з тых, хто да нас прыходзіў і чые працы адразу не публікаваліся, сыходзіў, бо хацеў усяго і адразу, а для нас было вельмі важна трымаць знак якасці, якім бы правакатыўным ён часам не быў.

А што датычыць таго, што моладзь актыўна не ідзе ў нейкія больш традыцыйныя рэдакцыі, у гэтым ёсць яшчэ і фактар рызыкі. Усё ж такі на аўтараў 34mag былі ў розныя часы наезды, але калі мы кажам пра журналістаў і рэпарцёраў, якія штодня працуюць на прэс-канферэнцыях, вулічных акцыях і г.д., дзе іхнія твары і імёны бачныя, вядомыя і запісаныя ў дзесяці месцах, пагроза для іх узнікае большая. Натуральна, што мы не можам вінаваціць рэдакцыі ў тым, што яны не могуць утрымаць аўтараў. Ёсць сітуацыя, у якой кожны з нас робіць свой выбар. Часам, ён на карысць больш бяспечнай працы. Было і такое, што нашыя аўтары не хацелі, ці не маглі працягваць працу, і мы разумелі гэтае.

Дарэчы за дзесяць год ад “Студэнцкай думкі” да 34mag з намі працавалі каля 300 чалавек, то бок мы былі той платформай, з якой хтосьці сыходзіў у дарослую журналістыку і заставаўся ў прафесіі, хтосьці сыходзіў у крэатыўную сферу, хтосьці – у сваё жыццё. У пэўнай ступені мы – канвеер па выцягванні крэатыўнай моладзі, якая знаходзіць сабе занятак.

Але вашыя праекты прыцягваюць не толькі моладзь. Вось, напрыклад, 34mag наладзіў шчыльнае супрацоўніцтва з Віктарам Марціновічам. Чым прывабліваеце мэтраў?

Віктар стаў першым чалавекам з сур’ёзнага і рускамоўнага выдання, які напісаў пра “Студэнцкую думку” і ўбачыў звонку тое, што мы справабалі зрабіць знутры. Мы не былі тады знаёмыя, але шмат хто з нашых калегаў з розных СМІ сур’ёзна пыталіся тады, колькі мы яму заплацілі. Таму што такога хвалебнага артыкулу ад крышку іншага тыпу выдання было цяжка чакаць.  З таго часу і пачалося нашае сяброўства. Зараз спрацоўваюць і асабістыя зносіны,  і той жа камфорт, з якім з намі можна працаваць.

У выпадку з Віктарам, як і з многімі іншымі аўтарамі, 34mag проста дае сваю платформу. І калі ў яго ўзнікае жаданне напісаць на тэму, якая, хутчэй за ўсё, не будзе настолькі прывабнай для іншых выданняў, але можа ўкласціся ў канцэпцыю часопіса, мы толькі радыя. Тым больш, што мы даволі адкрытая платформа з разгалінаванымі інтарэсамі, што дае магчымасць шмат каму выказацца.

Акрамя таго, 34mag – часопіс, які шмат увагі надае арт-актывізму. Зараз як раз працуем з колам найбольш цікавых, перспектыўных, яркіх прадстаўнікоў сучаснага мастацтва. І наступны нумар на дысках будзе сапраўды квінтэсэнцыяй такога супрацоўніцтва. Часопіс ніколі не быў выключна выданнем, хутчэй катлом, у якім сустракаліся розныя сегменты грамадзянскай і медыйнай супольнасці. І ў супрацы знаходзіліся пункты для агульнага дзеяння.

А ў чым сэнс зараз выдаваць яшчэ СD?

Акрамя таго, што 34mag – рэсурс, у якім ёсць кантэнт, гэта яшчэ і рэсурс, у якім ёсць візуальная частка. І CD-фармат дазваляе па-ранейшаму рабіць часопіс, у якога ёсць пэўны канцэпт ад тэмы да візуалізацыі. Адпаведна, зараз мы робім два розных выдання – онлайн і на дысках. На дысках выданне займае 600-700 мегабайт. Гэта вялікі аб’ём, які не кожны можа спампаваць з нашага сайту.

Калі мы гады паўтары таму сур’ёзна пачалі абмяркоўваць, ці патрэбны нам гэты дыск, які вымагае ад нас шмат дадатковай працы, то якраз у свеце з’явіўся шэраг выданняў на кампакт-дысках у форме, якая дапамагае ствараць канцэнптуальныя візуальныя прадукты. І мы апынуліся зноўку ў трэндзе, хоць здавалася, што гэты фармат ужо памірае.

Кожны свой нумар на дыску мы робім вельмі адметным, не падобным на папярэднія нават вокладкаю. І чытачы кажуць, што чакаюць нумар за нумарам, збіраюць іх на паліцах, пераглядаюць. Мы спрабуем будаваць матэрыялы на дысках такім чынам, каб яны не гублялі сваёй актуальнасці з часам. Калі, напрыклад, мы рабілі дыск, прысвечаны беларускаму самвыдату, то сабралі ўсё фактычна гісторыю і сучаснасць, што і дзе адбываецца. На мой погляд, гісторыка па адукацыі, гэты прадукт праз нейкі час будзе добрай крыніцай для тых, хто будзе спрабаваць зразумець, чым мы дыхалі ў 1990-2000-ых.

Усё цячэ, усё змяняецца, людзі прыходзіць да вас, ідуць далей. А самой ніколі не хацелася таксама след за імі пайсці далей?

Я не ўяўляю сябе ў стандартызаванай працы рэдакцыі. Для нас кожная лятучка – гэта ламанне коп'яў, сутыкненне ідэяў, творчы працэс, які мне вельмі падабаецца. Як падабаюцца і тыя людзі, якія да нас прыходзяць і з якімі мы працуем. Як у любога рэдактара і выдаўцы, у мяне былі пэўныя моманты стомленасці ад уласнага праекту, калі здаецца, што больш і не магу, і не хачу.

Але ў нашым выпадку звычайна гэта вылівалася ў тое, што мы знаходзілі нейкія формы, штурхалі сабе наперад. І калі мы выраслі з “шорцікаў” стварэння часопіса для 18-25-гадовых, разумеючы, што мы тут ужо крышку "старпёры", якія не зусім адчуваюць, чым жыве і дыхае сучасная моладзь, то ў нас з’явілася ідэя лічбавай гарадской газеты. Атрымліваецца так, што мы, у першую чаргу, робім прадукт для сябе. А калі ты робіш нешта для сябе, тое, што цябе асабіста торкае і штурхае, то, адпаведна, у цябе няма іншага выйсця, акрамя як быць крэатыўным, прыдумляць, часам сварыцца з іншымі аўтарамі, але адчуваць, што мы - каманда, хоць і вельмі розныя.

За апошняе дзесяцігоддзе мы назіралі эвалюцыю: “Студэнцкая думка”,  34mag, CityDog. Што далей? Ці ў тваіх марах ёсць вяртанне да традыцыйнай друкаванай журналістыкі, развіццё выдання як бізнэсу пры адпаведных умовах?

Натуральна, што хочацца працаваць на рэйках медыябізнэсу, але гэта не азначае, што ў нейкі момант творчы працэс павінен стаць меньш крэатыўным. Хутчэй для мяне, калі гэтая мара і рэалізуецца, то ў выглядзе шэрагу моцных нішавых выданняў, якія будуць утвараць нейкі холдынг.

Я – той творца, які любіць рабіць новыя рэчы, але не хоча, каб адміралі старыя. Я не з тых, хто даводзіць справу да нейкага ўзроўню, кідае і рухаецца далей. З пункту гледжання настальгіі да друкаванага выдання, літаральная на днях мы гэта абмяркоўвалі. Бо CityDog задумваўся як менавіта папяровае выданне, гарадская газета на паперы. Мы паўтары гады спрабавалі зарэгістравацца, але нам такі адмовілі.

Мы знайшлі для сябе вось гэты лічбавы фармат, у якім зараз рэалізавалі толькі 20% таго, што плануем зрабіць. І калі мы пачалі рабіць лічбавую газету, то я была крыху расчараваная, што не атрымаецца зрабіць гэта на паперы. Падавалася, што пры ўсіх магчымасцях новых медыяў, папяровае выданне разам з онлайн магло б загучаць па-іншаму. Але зараз, разумеючы эканамічную сітуацыію і адчуўшы смак таго, што можна рабіць з лічбавым варыянтам, і ведаючы ў якія адгалінаванні мы будзем рухацца далей, на сённяшні дзень я б не вярнулася да паперы.

Між тым я ніколі не кажу ніколі. З’явіцца ніша, патэнцыял, пэўныя ўмовы, магчыма ў нейкім фармаце штосьці з’явіцца і друкаванае. Для нашага пакалення гэта ўвогуле характэрна быць гнуткімі. У тым сэнсе, што мы раслі і сталелі на згустку розных тэндэнцый у медыях, што не маем моцных прывязак выключна да традыцыйнай журналістыкі, ці журналістыкі новых медыяў. Для мяне фармат - гэта інструмент, які рухаецца за ідэяй. І калі пэўная ідэя будзе рэалізоўвацца лепш на паперы, значыцца яна будзе рэалізаваная на паперы. Калі для яе лепш рэалізацыя ў нейкія мабільным варыянце, значыцца там. То бок, на першым месцы, што я хачу зрабіць, на другім – як я хачу гэта зрабіць. Ну, і каманда людзей, канешне, якая ў стане рэалізаваць тое, што нараджаецца ў маёй, ці нашых галовах.

Абсалютна перакананая, што ў Беларусі – фантастычны патэнцыял людзей, якія могуць рабіць крэатыўныя і ўнікальныя рэчы. Канешне, мы мусім глядзець, што і як робіцца на Захадзе, але, у той жа час, слухаючы шмат каго з калегаў з заходняй медыйнай сферы, я разумею, што штосьці мы ўжо зрабілі, штосьці мы робім паралельна, пры чым значна танней і на энтузіязме. Бо нам проста трэба кудысьці падзець свой энтузіязм і рэалізоўваць свой патэнцыял.

Фота "Радыё Свабода" [5]

Оценить материал:
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/iryna-vidanava-my-robim-pradukt-dlya-syabe

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/intervyu
[3] http://34mag.net/
[4] http://citydog.by/
[5] http://www.svaboda.org/content/transcript/24512705.html