Выбары скончыліся [3], трэба думаць пра… выбары. Так, добры палітык пачынае рыхтавацца да наступнай электаральнай кампаніі назаўтра пасля прамінулай. І шэраг айчынных вэб-СМІ паспрабавалі ўжо ўзняць тэму стратэгіі-2015. Але на якім узроўні?
Красамоўны ўзор прафанацыі — тэкст на euramost.org: “Анатоль Лябедзька: Не думаю, што сур’ёзныя палітычныя структуры саспелі для канкрэтных рашэнняў”. [4]
Старшыню АГП капітальна падставілі, выцягнуўшы з гутаркі ў загаловак ці не самую няўдалую фразу. Бо якія акцэнты міжволі накідаюцца чытачу? У падкорку западае, што палітычны лідар не думае, а яго структура (бо натуральна ж, сваю партыю ён уважае за сур’ёзную арганізацыю) не саспела для канкрэтных рашэнняў. І астатнія, як вынікае з абагульнення, недалёка адышліся. Тушы святло!
Але фішка нават не ў гэтым, а ў тым, што няўцямнай гутаркай з адным партыйным дзеячам (адчуваецца, што чалавека заспелі знянацку і потым проста вывалілі сыравіну з дыктафона на сайт) заяўленая ва ўрэзцы тэма гуртавання апазіцыі да выбараў-2015 і вычэрпваецца.
Адзінаму суразмоўцу схаванага пад псеўданімам журналіста, па ідэі, адводзіцца ў пытанні кансалідацыі палітычных праціўнікаў рэжыму роля эксперта, прычым такога бесстаронняга ды вычарпальнага, што болей і дадаць няма чаго.
Пакінем у баку канкрэтыку разваг старшыні АГП, рэч тут не ў іх. Рэч у тым, што Анатоль Лябедзька апрыёры не можа быць трацейскім суддзём у названым пытанні, бо як кіраўнік адной з партый ён воленс-ноленс ангажаваны ў цяперашняе эмацыйнае высвятленне [5] стасункаў між дзвюма плынямі апазіцыі [6] — канструктыўнай ды канфрантацыйнай паводле класіфікацыі Аналітычнага беларускага цэнтра.
Прычым АГП належыць да болей радыкальнай канфрантацыйнай плыні. То бок як мінімум дзеля процівагі варта было даць слова прадстаўніку другога кірунку.
Але і проста сутыкнуць два меркаванні мала. Палемісты абедзвюх плыняў і так ламаюць дзіды на шэрагу сайтаў, а яснасці ў галовах чытачоў не дадаецца. Таму просіцца яшчэ і меркаванне палітолага, па магчымасці не ўцягнутага ў міжусобіцу. Ну і плюс уласныя развагі аўтара, якія мусяць цэментаваць добрую аналітыку.
А так — ні заметка, ні артыкул, а халера ведае што. І такога падрабязнага разбору гэты твор удастоены таму, што, на жаль, менавіта “халера ведае што” становіцца надзвычай распаўсюджаным жанрам айчыннай журналістыкі.
Тэхналогія гранічна прымітыўная. Аўтар маніторыць стужку навін, выдзірае з яе нечае выказванне (найчасцей прадстаўніка ўладаў, калі матэрыял рыхтуецца для недзяржаўнага рэсурсу) і тэлефануе камусьці з айчыннай контрэліты, каб атрымаць “наш адказ Чэмберлену”. Усё, кропка.
Прычым выбар персоны для адлупу часта відавочна выпадковы. Гэта або той, з кім журналіст на кароткай назе; або той, у каго язык лепей падвешаны; або той, хто проста першы адгукнуўся на званок.
І вось чытаем на тым жа рэсурсе euramost.org: Павел Знавец: Ніякіх перспектыў у дачыненнях з Еўропай... [7]
Інфармацыйнай нагодай для такой глабальна-фаталістычнай высновы сталі… дзяжурныя выказванні спікера МЗС Андрэя Савіных датычна офіса АБСЕ, закрытага паўтара гады таму з ініцыятывы Мінска. На думку Савіных, час “пераканаўча паказаў правільнасць гэтай пазіцыі”.
Па-першае, зусім не праграмная заява, бо прагучала яна ў адказ на адно з журналісцкіх пытанняў на брыфінгу. Па-другое, чытачу абсалютна не зразумела, чаму экспертам у пытаннях працы офіса АБСЕ абраны былы дэпутат Знавец. Па-трэцяе, шаноўны экс-дэпутат адразу пачынае мяшаць боб з гарохам, сцвярджаючы, што “офіс АБСЕ нічога не рабіў, а грошы Еўразвязу выдаткоўваліся на ўтрыманне чыноўнікаў”.
Прычым гэта не агаворка, бо далей спадар Знавец зазначае, што згаданы офіс мусіў “уплываць на Еўразвяз, уносіць канкрэтныя прапановы па Беларусі”.
Што АБСЕ (куды ўваходзяць і Беларусь, і Расія, і іншыя краіны СНД), што Еўразвяз (які названыя краіны і на парог не пусціць у агляднай перспектыве) — адзін чорт, атрымліваецца. Усё гэта ўганяецца ў размытае паняцце “Еўропы”.
І нарэшце, магутная выснова: “Ніякіх перспектыў ў дачыненнях з Еўропай я не бачу. Еўрачыноўнікаў, падаецца, таксама такая сітуацыя задавальняе. У іх, напэўна, стае сваіх, болей важных праблем”.
Праўда, ніжэй высвятляецца, што перспектыва ўсё ж ёсць:
“— Што можа зрушыць справу з мертвага пункту?
— Пазіцыя асобных прадстаўнікоў еўрапейскіх структур, калі яны зробяць уплыў на тых, хто будзе прымаць рашэнне па Беларусі”.
Па-першае, поўны туман. Якіх прадстаўнікоў? Якіх структур? Якое рашэнне? Па-другое, атрымліваецца, што брусельскія дзеячы, каторым па версіі спадара Знаўца беларускае пытанне да лямпачкі, раптам павінны ператварыцца ў сваю процілегласць. Можа, пасля таго, як прачытаюць гэты палымяны тэкст на “Еўрамосце”?
Дарэчы, узнікае пытанне: а ці чытае такія тэксты хоць хто небудзь, акрамя аўтараў-халтуршчыкаў, перад тым як выстаўляць на сайт?
Мне скажуць: ну не кожны журналіст здольны рабіць шэдэўры. Згода. І нават у моцнага аўтара не спрэс шэдэўры. Але ёсць нейкі мінімальны ўзровень, тое, што называецца прахадным матэрыялам. Ніжэй — ужо ганьба для профі.
І нават журналіст-пачатковец ці сераднячок будзе даваць прымальную прадукцыю, калі рэдактар пару разоў заверне тэксты, што не лезуць ні ў якія вароты, а ёсць прафанацыяй, дыскрэдытацыяй нашага рамяства.
Яшчэ лепей пры гэтым на пальцах патлумачыць, як робяцца нармальныя матэрыялы: каго можна ўважаць за эксперта, як забяспечыць плюралізм меркаванняў, не патануць у шматслоўі суразмоўцаў, выйсці на высновы і прагноз.
Зрэшты, ці сапраўды брак прафесіяналізму тут галоўная загваздка? Можна толькі здагадвацца, чаму асобныя рэсурсы Байнэту (“Еўрамост” проста трапіў пад раздачу як красамоўны ўзор, нічога асабістага, падобныя творы лёгка знайсці і на іншых сайтах) гоняць відавочную халтуру, прадукуюць куртатыя малапісьменныя тэксты і не дэманструюць заўважных спроб хоць трохі ўзняць планку.
Ва ўсякім разе, відавочна тое, што ў стваральнікаў няма стымулу рабіць праекты болей якаснымі. Магчыма, таму, што грашовае забеспячэнне ад гэтага не залежыць.
Адной з прыкмет халтурнага праекта ёсць панаванне псеўданімаў, чамусьці (мо паводле традыцыі савецкай прэсы?) русіфікаваных. Прычым цалкам дапускаю, што схаваныя за імі рэальныя людзі ў іншых СМІ, па месцы асноўнай працы, пішуць пад сваімі прозвішчамі нармальныя матэрыялы.
Ананімнасць жа разбэшчвае. Ва ўсіх гэтых Пятровых, Паўлавых, Сідаравых ёсць адна агульная ўласцівасць — яны робяць тэксты левай нагой.
