mediakritika.by
Опубликовано на mediakritika.by (https://mediakritika.info)

Главная > У смузе

Вы здесь

  • Главная [1]
  • У смузе

У смузе

26.11.2012 Точка зрения [2]

Ціха і незаўважна, у смузе нашае каламутнае будзённасці, прамінуў у Беларусі сёлетні 200-гадовы юбілей пачатку пэрыядычнага друку ў Мінску. Армія Напалеона, апроч незлічоных бедстваў, прынесла ў наш край і вялікія ідэі – Liberté, Egalité, Fraternité, а таксама рэгулярны друк газэтаў.

Менавіта ў 1812 годзе пачала выходзіць у нашай сталіцы «Tymczasowa gazeta Mi?ska», 25 нумароў якое дасёння ёсьць унікальнаю крыніцаю гісторыі журналістыкі.

Апроч друкароў і журналістаў у складзе напалеонаўскае Grande Armée было нямала музыкаў, літаратараў ды мастакоў розных нацыянальнасцяў. Сярод іншых – Фабер дзю Фор, палкоўнік артылерыі, а да таго – юрыст і мастак. Ён пакінуў нам цэлую галерэю выдатных малюнкаў і гравюраў на тэмы жыцця Беларусі 1812 года, што гэтымі днямі экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Аўтарству Фабера дзю Фора належаць абсалютна ўнікальныя віды Улы, Бешанковічаў, Лёзна ды іншых гарадоў і мястэчак, што сталі адзінымі іканаграфічнымі матэрыяламі, дзякуючы якім мы можам праз смугу стагоддзяў разгледзіць родныя мясціны.

Але Фабер дзю Фор ня быў абазнаны ў тутэйшых мовах, а таму некаторыя свае творы падпісваў, спадзяючыся на свой слых. У выніку – тузін краявідаў дасёння так і засталіся не атрыбуціраванымі. Напрыклад, што значаць такі назвы як  Miliathui, Tschoulanoui ці Lionvavitschui, дасёння ніхто ня даў рады разабрацца.

Згадаў пра гэтую гісторыю, калі ўгледзіў аматарскі сюжэт “Видеорепортаж: иностранец пытается прочесть названия станций минского метро в официальной транслитерации”, што быў змешчаны на партале Onliner. У сюжэціку з прэтэнзіяй на дасціпнасць нейкі амерыканец Скот Крыстаферсан, гулец баскетбольнай каманды "Цмокі Мінск" спрабуе чытаць па-беларуску і прызнаецца, што для яго гэта цяжка.  З’яўленне гэтага відэарэпартажу выклікала бурную рэакцыю ў прэсе – у “Звяздзе” [3], “Новым часе”, "Наша Ніве” [4], на "Радыё “Свабода [5]”, партале кампаніі “Будзьма!” [6]  ды іншых. Рэха ад  гэтай дыскусіі, нібы колы па вадзе, шырака разыйшлося па блогах, форумах, чатах, стала падставаю для розных жартаў [7].

Пры тым ідэя звярнуцца ўсё ж да спэцыялістаў-моваведаў прыйшла ў галаву нямногім – на тым жа партале “Будзьма! [8]”  ды "Радыё “Свабода” [9]. Хоць, менавіта з гэтага звароту да адмыслоўцаў і варта было пачынаць.

Напрыклад, пракансультавацца ў супрацоўнікаў Акадэміі Навук Беларусі, якія праводзілі экспертызу і рэкамендавалі гэты нацыянальны варыянт лацінскага алфавіту Арганізацыі Аб'яднаных Нацый для міжнароднага выкарыстання. Пры тым, нагадаю, ужо ад 2000 году беларуская лацінка (удасканалена ў 2007 годзе) зацверджана ў нарматыўным даведніку "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь" і ў "Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта", што мае заканадаўчы характар.

Выглядае, што жартаўнікі з парталу Onliner гэтага ня ведалі, то бок, вырашылі цалкам пакласціся на сваё пачуццё гумару і густу. У выніку атрымалася аматарская безгустоўная гумарэска, што і насмрэч, абражае нацыянальныя пачуцці. Бо як не круці, ці чытаў бы гэты закіянскі спартсмэн лацінкаю, ці кірыліцаю, ці адмыслова для яго адаптаванай якой “амэрыканіцай” – усё было бы абракадабраю.

Я не філолаг, але ведаю, што нацыянальнымі варыянтамі лацініцы карыстаюцца дзясяткі народаў Еўропы, ад Нарвэгіі да Турцыі. Які такі ўровень IQ трэба мець, каб не здагадацца, напрыклад, ў Румыніі, што Bucure?ti — гэта Бухарэст, у Даніі што København — гэта Капенгаген а, хоць бы, у Крыме, што Ba?çasaray – гэта Бахчысарай?

Я не гісторык пісьменства, але помню са школы, што лацінка ў нас пачала ўжывацца аж з XVI стагоддзя. Перагартайма яшчэ раз школьныя падручнікі, каб пераканацца, што толькі беларускай лацінкаю друкавалі свае творы Вінцент Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Алаіза Пашкевіч – нашая Цётка. Менавіта лацікаю выходзіла “Мужыцкая праўда”, а таксама, паралельна з кірыліцай – “Наша Доля”, Наша Ніва” ды тузін іншых нашых першых пэрыёдыкаў.

Я не лінгвіст, але па ўласным досведзе ведаю, што ў нашых суседзяў – ані ў палякаў, ані ў літоўцаў, ані ў латышоў – няма й ня будзе ніякіх праблемаў з прачытаннем і вымаўленнем таго, што напісана нашаю лацінкаю. Пакуль што іх да нас прыязджае болей, чым землякоў амэрыканскага баскетбаліста Крыстаферсана.

Адкуль жа ўзяліся гэтыя жарсці? Дазволю сабе прыпусціць, што з нежадання ўспрымаць беларушчыну як суб'ект сусветнае культуры, а беларускую мову як паўнавартасную, з глыбокімі еўрапейскімі цывілізацыйнымі каранямі. Пахабныя жарты з беларускасці сталі нормаю ў нашай дзяржаве, ад самага верху ўладнае піраміды.

Гэтая адчужанасць выспела ўжо ў новага пакалення, якое ўсур'ёз прасякнулася вялікай думкаю Лукашэнкі пра тое, што «В мире существует только два великих языка — русский и английский».

Не бяруся тут меркаваць, у якой ступені аўтар гэтае сэнтенцыі валоде англійскаю, але магу з пэўнасцю сцвярджаць, што нават носьбіты ангельшчыны маюць праблемы з прачытаннем і вымаўленнем тапонімаў ва Ўэльсе і Шатляндыі. Сам жа я сутыкаўся з падобнымі праблемамі і ў Іспаніі, і ў Эстоніі  і г.д. Без падказак і без досведу гэта амаль немагчыма. Можна правесці эксперымэнт – завезці аўтараў ёрніцкіх, адносна беларускай лацінкі, камэнтароў разам з амэрыканскім якім спартсмэнам за кампанію, у Партугалію ці ў Албанію і паслухаць, як яны там будуць чытаць на тамтэйшых мовах. Вось жа як смешна, проста бездань гумару і густу!

Дарэчы, раней я думаў, што маё імя і прозьвішча можна транслітараваць лацінскімі літарамі толькі (!)ў 8 варыянтах, ажно… пакуль ня ўбачыў венгерскага варыянту ўласнага імя – Szjarhej Harevszki!

А цяпер, напрыклад, паспрабуйце слушна перадаць, карыстаючыся адно ангельскімі правапіснымі і фанэтычнымі нормамі іншыя нашыя словы, хоць «ззянне» ці «шчаўе»!!!  То бок, якой бы моваю ты не паслугоўваўся, якімі бы літарамі не пісаў, унівэрсальных мадэляў няма і быць ня можа.

Калі ў нас баляць зубы – мы ідзем да стаматолага, калі надумаем шукаць нафту – звернемся да геолага. Так? А чаму ж, пішучы пра лінгвістычныя праблемы, нехта лічыць, што ён сам разбярэцца ва ўсім, пакладаючыся адно на сваю інтуіцыю, і, як бачна на прыкладе аўтараў з Onliner, на ўласную слабую адукацыю? Не саромцеся звяртацца да тых, хто ведае тэму шматкроць лепш за вас! Як і самалячэнне без кваліфікаваных мэдыкаў, гэтак і саматужная прадукцыя СМІ – нябяспечныя. Бо ў смузе жарцяў і непісьменнасці можа нарадзіцца нянавісць.

Ну, а на цяпер, на развітанне,  засталося нам яшчэ раз прыгадаць, што б маглі значыць геаграфічныя назвы, запісаныя Фаберам дзю Форам на графічных аркушах, сыходзячы з таго, што ён хоць і француз, але нарадзіўся і вырас у Нямеччычне –Miliathui, Tschoulanoui ці Lionvavitschui?.. Згадзіцеся, няпроста. А цяпер уявім сабе, каб 200 гадоў таму ён мог прачытаць гэтыя назвы на дарожных знаках лацінкаю, хоць бы той самай, што і ў іншых славянскіх народаў Еўропы…

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
Частичное либо полное копирование материалов, размещенных на сайте Mediakritika.by разрешается только с указанием прямой гиперссылки на текст.

Источник: https://mediakritika.info/article/u-smuze

Ссылки
[1] https://mediakritika.info/
[2] https://mediakritika.info/category/tochka-zreniya
[3] http://www.zvyazda.minsk.by/ru/issue/article.php?id=105555
[4] http://nn.by/?c=ar&i=83389
[5] http://www.svaboda.org/content/article/24767768.html
[6] http://budzma.org/news/pershaya-krou-belaruskaya-lacinka-u-metro-videa.html
[7] http://nn.by/?c=ar&i=83407
[8] http://budzma.org/news/lacinka-lacinka…-a-yakiya-pravily-belaruskaj-lacinki.html
[9] http://www.svaboda.org/content/article/24765177.html