Нядаўна адна блогерка, асоба даволі вядомая, паскардзілася ў фэйсбуку на бесцырымоннасць журналіста. Той патэлефанаваў ды стаў як бы між іншым распытваць, што адчувае чалавек, чый сваяк знаходзіцца ў коме. Жанчына, што прайшла некалі праз такую жудасную гісторыю (у яе пасля доўгага ляжання ў коме памёр брат), толькі па ходу размовы асэнсавала, што гэта можа прагучаць у СМІ як нейкі “каментар на гарачую тэму” (відавочна, навеяную справай “Экамедсервіса”), — і ўзбунтавалася.
Сеціўная публіка дружна асудзіла рэпарцёра за спробу атрымаць матэрыял ціхай сапай. Пры гэтым прафесіяналы зазначалі: прэса мусіць пісаць аб усім, у тым ліку і асабістых трагедыях, аднак гранічна важна датрымліваць такт, этыку.
І я вырашыў, што трэба пісаць гэты артыкул. Бо і сам, выступаючы даволі часта ў ролі эксперта, каментатара, у тым ліку і на тэмы, што закранаюць маё асабістае жыццё, раз-пораз сутыкаюся з грэбаваннем азбукай інтэрв’ю.
Падкрэслю: у гэтым артыкуле я вяду гаворку пра інтэрв’ю найперш як пра метад збору інфармацыі, а не жанр. Дарэчы, калі ўжо казаць пра жанр, дык менавіта ў нашай прэсе ён забуяў пустазеллем. Мяркую, найперш ад журналісцкай ляноты, пошуку найлягчэйшага шляху: уключыў дыктафон, зняў тэкст, здаў рэдактару — і трава не расці.
Для амерыканскай жа прэсы, напрыклад, матэрыял, сканструяваны цалкам як пытанні ды адказы, — вялікая рэдкасць. Пры тым што журналіст там імкнецца апытаць найболей людзей, каб стварыць у выніку свой глыбокі тэкст.
Такім чынам, тут мы вядзем гаворку пра інтэрв’ю як працоўны інструмент. У выніку фрагменты такой гутаркі могуць быць скарыстаныя ў заметцы, рэпартажы, артыкуле. Але з этычнага гледзішча розніцы тут няма.
Аўтар гэтых радкоў паспрабаваў вылучыць пяць тыповых грахоў нашых інтэрв’юераў.
Выкарыстоўваюць суразмоўцу ўсляпую
Хтосьці сапраўды проста не навучаны азам рамяства. Але найчасцей, мяркую, прысутнічае лянота стомленага рамесніка або цынічны разлік: падкрэсліш, што гэта запісваецца і потым прагучыць у эфіры ці будзе надрукавана, — чалавек, асабліва калі ён не часта кантактуе з медыямі, натапырыцца, замкнецца. А так, калі гаворка свойская, нязмушаная, можна вывудзіць пікантныя рэчы.
Некаторыя калегі мяркуюць, што калі яны прадстаўляюцца ад імя СМІ, то гэта аўтаматычна азначае: я ўсё запісваю і магу апублікаваць. Я з такой трактоўкай не згодны. Тое, што прафесіяналам здаецца зразумелым паводле змаўчання, далёка не заўжды гэтак сама ўспрымаецца суразмоўцамі-дылетантамі.
Зноў мушу згадаць, як некалі ў падобнай сітуацыі апынулася мая нявестка Наталля. Яе муж і мой сын Аляксандр тады сядзеў у турме за Плошчу. Да Наталлі (як і да мяне) даходзілі часам ягоныя лісты (хоць далёка не ўсе), некалькі разоў ён тэлефанаваў жонцы, а аднойчы ёй пашэнціла нават атрымаць спатканне.
Дык вось, Наталлі, якая жыла з дзецьмі ў правінцыі, перыядычна тэлефанавалі з радыё (не дзяржаўнага беларускага, зразумела), выказвалі маральную падтрымку і як бы між іншым выпытвалі падрабязнасці побыту Аляксандра за кратамі: на што скардзіцца, наколькі цісне на яго адміністрацыя, як ставяцца звычайныя зэкі і г.д.
Калі я сказаў даверлівай кабеце, што яе расповеды потым гучаць у эфіры, яна была ў лёгкім трансе. Бо наіўна думала, што ёй звоняць, каб падбадзёрыць ды проста быць у курсе, як там пачуваецца палітвязень. Ніхто ж не папярэджваў, што запісвае! Сын жа, выйшаўшы на волю, распавёў мне, што за некаторыя рэчы, не разлічаныя на публічнае агучванне, на яго былі сур’ёзныя “наезды”.
Так што ў далікатных жыццёвых сюжэтах запавет “не нашкодзь” мусіць быць і для журналіста на першым месцы. Трэба адкрытым тэкстам казаць: рыхтую матэрыял, хачу скарыстаць вашы выказванні. Іншым разам бакам варта ўдакладніць, што са сказанага — on the record, а што — off the record.
Карацей, на журналіста цалкам кладзецца адказнасць, каб суразмоўца ўсведамляў, як могуць быць скарыстаны ягоныя словы. Заўважце, копы ў заакіянскіх фільмах (і гэта не мастацкая выдумка, а так званае папярэджанне Міранды) прагаворваюць нават адпетым злачынцам: усё, што вы скажаце зараз, можа быць скарыстанае супраць вас… А вы ж не са злачынцамі маеце справу.
Кладуць эксперта у пракрустаў ложак
Звычайна журналіст, працуючы над матэрыялам, ужо трымае ў галаве ягоную канцэпцыю. І гэта нармальна. Ненармальна, калі эксперта пачынаюць уплішчваць у гэту канцэпцыю любым спосабам.
Як гэта робіцца? Па-першае, часта шукаюць для гутаркі не найболей дасведчаных, а тых, хто з найбольшай імавернасцю агучыць патрэбную тэзу. Па-другое, заганяюць суразмоўцу ў патрэбны калідор тэндэнцыйнымі пытаннямі, якія “падказваюць” патрэбны аўтару адказ. Па-трэцяе, з гутаркі выкалупваецца толькі тое, што пасуе аўтарскай канцэпцыі.
Апошні момант няпросты. Бо ёсць жорсткія рамкі фармату, і тыя мэтры, што пастфактум капрызуюць: вось, я столькі ўсяго нагаварыў, а ў выніку тры тэзы скарыстаныя, — не маюць рацыі. Іншая рэч, што тыя тэзы мусяць адэкватна адлюстроўваць пазіцыю, погляды, сутнасць думкі суразмоўцы. Асабліва важна гэта не пры даслоўным цытаванні (якім не варта злоўжываць), а пры пераказе.
Бывае ж так, што эксперт, разважаючы, зазначае “з аднаго боку”, а потым — “з другога боку”, а ягоную дыялектыку распілоўваюць і бяруць толькі нешта адно. У выніку каментатар, які стараўся раскласці праблему па палічках, выглядае тупаватым прымітывам.
Замяняюць мазгі дыктафонам
Іншая крайнасць — зацягнутае цытаванне. Як рэдактар мушу няспынна ваяваць з такімі тэкстамі. Аўтар бярэ нейкі свежы факт (вучылі ж адштурхоўвацца ад інфармацыйнай нагоды!) і прысабачвае да яго нізку выказванняў таго ці іншага знаўцы тэмы. Маналог дзеля маскіроўкі дзеліцца на кавалкі, адбітыя адзін ад аднаго прымітыўнымі канструкцыямі кшталту “пры гэтым суразмоўца дадаў…”, “разам з тым ён падкрэсліў, што…”, “…рэзюмаваў эксперт”.
І вось такі прымітыўны, нарэзаны на скорую руку бутэрброд прэтэндуе на статус аналітыкі. Хоць насамрэч аналітыка мусіць быць сцэментаваная аўтарскай думкай, вызначацца паліфаніяй меркаванняў, сутыкненнем тэзаў і антытэзаў. Я ўжо не кажу пра кампазіцыю і стыль.
У такіх жа матэрыялах развагі каментатара часта сырыя, шматслоўныя, што не дзіўна, калі яго прымусілі каментаваць складаны сюжэт экспромтам. Знянацку нават добраму спецыялісту цяжка быць Цыцэронам і гаварыць афарызмамі. Гэта місія журналіста — па-першае, умела пабудаваць гутарку, а па-другое — узяць з яе самае каштоўнае, удалае, згусціць да ўзроўню канцэнтрату. Астатняе дзеля раскрыцця тэмы — дарабіць самому.
Але ж тут трэба ўключаць уласныя мазгі, што многім улом. Таму пануе журналістыка, якую я называю дыктафоннай.
Не ўмеюць задаваць пытанні
Як ні смешна, часта інтэрв’юеры элементарна не умеюць задаваць пытанні.
Па-першае, ігнаруюць нават мінімальную падрыхтоўку да гутаркі: хаця б у агульных рысах праманіторыць тэму, зірнуць біяграфію суразмоўцы і г.д. Нарэшце, накідаць спіс пытанняў, прычым з запасам. Уся надзея на тое, што ў эксперта галава вялікая, ён выцягне матэрыял на сваёй эрудыцыі.
З аднаго боку, журналіст у такіх дыялогах апрыёры дылетант, заўжды ведае меней, таму і тэлефануе спецыялісту. З іншага боку, ёсць вялікая розніца між дылетантам цікаўным і дылетантам раўнадушным, цынічным. Эксперт жа не дурань і хутка падсякае, што яго груба выкарыстоўвае відавочны невук, які паленаваўся нават пагугліць ды скласці элементарнае ўяўленне аб прадмеце гутаркі.
Па-другое, інтэрв’ю — гэта псіхалогія. Поспех у значнай ступені залежыць ад таго, наколькі журналіст здольны наладзіць чалавечы кантакт, разняволіць, разгаварыць суразмоўцу. Не шкодзіць, напрыклад, адразу запытацца, ці зручна чалавеку размаўляць. Па сабе ведаю, што даваць тэлефонныя каментары адной нагой у штаніне ці з намыленым для галення тварам — не самы камфортны выпадак.
Паціскаюць плячыма: “А ён так сказаў”
“А ён так сказаў” — ад гэтай тыповай адгаворкі журналіста скрыгочуць зубамі рэдактары.
Так, бываюць сітуацыі, калі важна падаваць нейкі пасаж слова ў слова. Напрыклад, калі выказаўся вялікі кіраўнік. Тут і глупствы, і алагізмы, і хамства ёсць фактамі гісторыі, гэта той выпадак, калі з песні слова не выкінеш. І часта менавіта такія перліны выкарыстоўваюцца для хвосткіх каментароў.
Але ж найчасцей выказванні суразмоўцы, што прагучалі ў прыватнай гутарцы, не набываюць апрыёры эпахальнага статусу і служаць журналісту толькі сыравінай для стварэння тэксту. І гэтую сыравіну трэба элементарна апрацоўваць, чысціць. Любы чалавек можа зрабіць агаворку, памыліцца. Асабліва калі каментуе нешта без падрыхтоўкі, не ведаючы ўсіх акалічнасцяў падзеі. Нарэшце, калі гэта нейкі імпульсіўны дзеяч, то ён можа дапусціць і некарэктны выпад, абразу.
За тэкст жа ў выніку адказваюць журналіст і рэдакцыя, пазоў, калі што, пададуць супраць іх, і адмазка “а ён так сказаў”, асабліва частая ў вуснах маладых калег, — гэта проста дзіцячы садок.
Я не пра цэнзуру, не пра адсяканне любых спрэчных меркаванняў, а пра фільтрацыю ад вербальнага смецця. Медыі каштоўныя тым, што даюць імаверную інфу, арыентуюць аўдыторыю, а не тлумяць галовы. Калі нехта, хай сабе і з імем, сказаў відавочнае глупства, груба памыліўся — ніхто не змушае цябе цягнуць гэта ў эфір, на паласу, на сайт і тым самым збіваць з панталыку чытача/слухача/гледача. Знайдзі для каментару іншага чалавека ці сам раскапай патрэбную фактуру, лічбы. У рэшце рэштаў, зрабі рэмарку, што вось тут каментатар не мае рацыі таму і таму.
Канечне, дзеля гэтага сам журналіст мусіць сячы фішку ў прадмеце, уяўляць з сябе нешта большае, чым трымальнік дыктафона.
Ну і апошняе. Дзеля ўсяго святога, не пішыце пры канцы “Дзякуй за інтэрв’ю!”. Я і так веру, што мама ў дзяцінстве навучыла вас казаць чароўнае слова.


