Mediakritika.by працягвае пытацца ў журналістаў-"навіншчыкаў", якімі крыніцамі інфармацыі яны карыстаюцца і што чытаюць у вольны час.
Адказвае Зміцер Панкавец, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Наша Ніва”:
"У працоўны дзень у першую чаргу, канешне, я адкрываю сайт “Нашай Нівы”, пасля – радыё “Свабода”, <“Белта”, “Хартыі” і goals.by. Натуральна, сацыяльныя сеткі: «ВКОНТАКТЕ» і «Facebook» - праглядаю стужку.
Ідучы на працу, набываю газету “ПРЕССБОЛ”. “ПРЕССБОЛ” і goals.by – гэта хутчэй мае асабістыя зацікаўленасці, чым праца.
Калісьці карыстаўся rss-рыдэрам, але закінуў і больш не вяртаўся. Мне дапамагае Twitter. У ім зручна чытаць і дзяржаўныя ўстановы кшталту міліцыі, Дзяржпагранкамітэта, МНС, прэзідэцкай бібліятэкі і гэтай далей. У КДБ, шкада, пусты акаўнт.
У нас у рэдакцыі ёсць тэлевізар. Звычайна мы глядзім, калі Лукашэнка выступае: “Белта” ці “Інтэрфакс” могуць не ўсё перадаць, што пакажуць у эфіры. Таксама глядзім навіны па “БТ” а 15-й гадзіне: у гэты час ужо добры рэпартаж робяць пра тое, што рабіў Лукашэнка за дзень.
Яшчэ па рэдакцыйным тэлевізары гляджу спорт. Дома я ўжо гадоў шэсць жыву без тэлевізара і абсалютна не камплексую з гэтай нагоды.
Я газет не падпісваю, карыстаюся тым, што выпісвае рэдакцыя. Праглядаю кожны нумар “Савецкай Беларусі”, “Народнай Волі”, радзей –“Белгазету” і “Звязду”.
Стараюся сачыць за публікацыямі спартовага журналіста Сяргея Новікава, Марыны Коктыш.
З лакальных СМІ праглядаю толькі тады, калі перадрукоўку з іх зробіць “Хартыя” ці “Салідарнасць”. Хіба, адзіны сайт, на які трапляю, з-за таго, што яны вельмі актыўныя на «Facebook», - “Народныя навіны Віцебска”. Я сам з Барысава, але барысаўскія сайты праглядаю вельмі рэдка. Гэта, канешне, мне ў дакор.
Мне здаецца, у беларускай журналістыцы ёсць праблемы з якаснымі міжнароднымі аглядальнікамі. Можна сачыць праз заходныя рэсурсы, калі ведаеш мовы, альбо расейскія. Я праглядаю inosmi.ru, “Коммерсентъ» (у ім у асноўным палітыка ў СНД).
Апрача “ВКОНТАКТЕ” і “Facebook”, я маю акаўнт у “Одноклассниках». Сацыяльныя сеткі - проста каласальная крыніца інфармацыі. Калі да нас у рэдакцыю прыйшлі з КДБ з ператрусам (28 снежня 2010 года), я адразу напісаў у “Facebook” гэтае паведамленне – мне не трэба было тэлефанаваць калегам. Усе адразу пабачылі, што ў нас адбываецца.
Радыё фактычна не слухаю. Калі прыязджаю да мамы, у яе якое-небудзь радыё “Unistar” грае фонам.
Па аўторках, калі мы працуем над выпускам друкаванай газеты, я толькі з раніцы праглядаю сайты і наступны раз толькі гадзін у 19 магу зайсці ў сеціва.
Увечары чытаю больш літаратуры. Цяпер у мяне тры недачытаныя кнігі: амерыканскі пісьменнік Томас Пінчан, ісландскі аўтар Холдар Лакснэс і Мо Янь - “Большая грудь, широкий зад».
Пад час адпачынку няма дня, калі б я не зайшоў у інтэрнэт і не праманіторыў асноўныя сайты. Мяне стаміла б хутчэй не вялікая колькасць інфармацыі, я калі б я нічога не ведаў.
Чытайце наступным разам "навінавы" лад жыцця рэдактаркі БЕЛТА Кацярыны Крышэнік



 
 
		