
Цягам траўня 2013 года медыяэксперты праекту ўважліва аналізавалі кантэнт васьмі друкаваных выданняў – “Новы час”, “СБ: Беларусь Сегодня”, “Рэспубліка”, “Звязда”. “Наша Ніва”, “Народная воля”, “Комсомольская правда” в Белоруссии”, “Белорусы и рынок”, “Белгазета”.
Кантэнт кожнага з выданняў ацэньваўся з пункту гледжання адпаведнасці стандартам якаснай журналістыкі, якія прапісаныя ў двух дакументах – Кодэксе журналістскай этыкі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і Кодэксе прафесійнай этыкі журналіста грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз журналістаў” (двух буйнешых журналісцкіх арганізацый краіны). Абодва дакумента ўтрымліваюць базавыя стандарты якасці журналіскага прадукта, якія былі сфармуляваныя і прынятыя Кангрэсам Міжнароднай федерацыі журналістаў у 1954 годзе і адрэдагаванай у 1986 годзе Міжнароднай дэкларацыі прынцыпаў паводзінаў журналістаў.
У Кодэксе БАЖ, у прыватнасці, гаворыцца: “Асноўная задача журналіста – забяспечыць права грамадства на дакладную і важную інфармацыю, якая дазваляе сфарміраваць адэкватнае ўяўленне пра сацыяльныя працэсы, іх сутнасць і значэнне, пра стан справаў у сучасным свеце.
Журналіст нясе адказнасць перад грамадствам у цэлым, перад законам і перад прафесійным згуртаваннем. Сацыяльная адказнасць журналіста патрабуе ад яго дзейнічаць у адпаведнасці з асабістымі ўяўленнямі пра этыку”.
Акрамя агульнай адказнасці кодэксы абодвух арганізацый артыкулююць такія стандарты якасці журналістыкі, як аператыўнасць інфармацыі, дакладнасць інфармацыі, паўната інфармацыі, баланс думак, аддзяленне фактаў ад каментароў, зразумеласць інфармацыі. Яны забараняюць маніпуляванне фактамі, злоўжыванне даверам чытачоў, ангажаванасць журналістаў у палітычныя, эканамічныя і іншыя працэсы.
Між тым аналіз кантэнту сучасных беларускіх друкаваных медыяў паказвае, што больш за палову з іх ці то наўмысна, ці то не наўмысна грэбуе тым, ці іншым стандартам, спасылаючыся на “асаблівую” беларускую медыярэальнасць.
Парушэнне балансу думак
Бадай што самая агульная і самая балючая праблема сучаснай друкаванай журналістыкі – парушэнне балансу думак у матэрыялах. Гэта тычыцца як навінаў, так і аналітычных артыкулаў, якія друкуюцца ў дзяржаўных і недзяржаўных выданнях.
Баланс думак азначае агучванне розных незалежных адзін ад аднаго меркаванняў, імкненне журналістаў паказаць агульную карціну праблемы, розныя погляды і падыходы да яе прыроды і магчымых шляхоў вырашэння.
Між тым, калі беларускія дзяржаўныя выданні і пішуць пра праблемы, то амаль ва ўсіх выпадках выснова і адказы на пытанні “Хто вінаваты і што рабіць?” палягаюць у выказваннях высокіх чыноўнікаў, іншыя меркаванні і погляды амаль не прасочваюцца ў матэрыялах. У той жа час, недзяржаўныя друкаваныя СМІ хоць і імкнуцца да балансу думак, таксама часам знаходзяцца ў палоне барыкадных стэрэатыпаў, скідваючы ўсе праблемы на “хворую галаву ўладаў”. Ці то, ў лепшым выпадку, прызнаючы, што, маўляў, існуюць і іншыя меркаванні на гэты конт, але ад каменртароў пэўныя субяседнікі адмаўляюцца.
На гэтым фоне ў добрым сэнсе слова вылучаюцца “Комсомольская правда” в Белоруссии”, “Белорусы и рынок”, “Белгазета”, якія імкнуцца да прытрымлівання прынцыпаў балансу думак, падаючы розныя, часам супрацьлеглыя меркаванні наконт падзеяў ці з’яваў, шукаючы раэльна незалежныя адну ад адной крыніцы меркавання.
Парада Mediakritika.by
Дзяржаўным і недзяржаўным друкаваным выданням варта прытрымлівацца балансу крытыкі і канструктывізму. Быць адкрытымі для альтэрнатыўных пунктаў гледжання, памятаючы, перш за ўсё, пра інтарэсы сваіх чытачоў.
У выпадку, калі па аб’ектыўных прычынах не магчыма атрымаць пэўныя каментары ад уладных ці камерцыйных структураў, журналісты выданняў павінны шукаць іншыя шляхі атрымання каментароў ад зацікаўленых асобаў (ці то звяртацца да іх з пісьмовымі запытамі ад імя грамадзянаў, ці то звяртацца да непасрэдных падначаленых ці наадварот ў вышэйшыя органы за каментаром). І толькі калі вычэрпаныя ўсё магчымыя захады, выданне можа паведаміць сваім чытачам, што зрабіла ўсё магчымае, каб другі бок выказаў сваё меркаванне.
Але варта таксама памятаць, што бакоў у гісторыі ці канфлікта можа быць значна болей за два. І якасная журналістыка заўсёды імкнецца даць слова кожнаму з іх.
Злоўжыванне даверам аўдыторыі
Давер да таго, што “надрукавалі ў газеце” бярэ свае карані яшчэ з часоў савецкай партыйнай прэсы, калі не магло быць ані якіз сумневаў у тым, што друкавался ў газетах, якія былі органамі дзяржаўнай прапаганды. Сёння давер да медыя зніжаецца, але ўсё ж такі застаецца досыць высокім, асабліва да друкаванага слова.
Між тым, паколькі крыніцамі інфармацыі нярэдка выступаюць прыватныя блогі, аккаунты ў сацыяльных сетках, ці нават пакінутыя каментараы на сайтах друкаваных выданняў, часцяком гэтая інфармацыя мае характар чутак, ці недакладнай інфармацыі. І друкаваныя медыі выкарыстоўваюць гэтую інфармацыю без дадатковай праверкі, там самым дадаючы ёй дадатковую вагу.
Парада Mediakritika.by
Аб’ектыўны матэрыял павінен выкладаць факты, не скажаючы іх, паказаць сувязі паміж рознымі фактамі, аспектамі праблемы, даць магчымасць чытачу (ці слухачу, гледачу) самастойна сфарміраваць уяўленне пра тое, што адбылося, пра сутнасць і значнасць падзеі.
Менавітам таму журналісту вельмі важна правяраць факты, прыведзеныя ў тэксце, разумець і дакладна выкласці ўсе абставіны падзеі, быць уважлівым з цытатамі каметатараў. Катэгарычна не дапушчаецца скажэнне ці фальсікаванне матэрыялу, фота і відэаздымкаў. Прафесійная этыка журналістаў забараняе таксама маніпуляванне загалоўкамі, подпісамі пад фотаздымкамі, роўна як і дакументамі, ці іншай здабытай інфармацыяй дзеля прыцягнення ўвагі аўдыторыі, ці дзеля таго, каб схаваць ад грамадства частку здабытых фактаў. Не дапушчальна таксама распаўсюджваць у СМІ неправераныя чуткі, чыесьці домыслы ці бяздоказныя дапушчэнні.
Кожная інфармацыя, у тым ліку скарыстаная з прыватных блогаў ці акаунтаў, хай нават і публічных добра вядомых асобаў, павінна быць правераная. Бо журналіст і рэдакцыя ніколі не могуць быць упэўненымі, хто рамесціў яе ў Сеціве, даслаў на электронную скрыню рэдакцыі і г.д. Давер чытачоў да журналістаў павінен быць галоўным матывам, каб “згубіць час”, але самастойна патэлефанаваць асобе, якая распаўсюдзіла інфармацыю. Пры гэтым варта не забывацца правяраць факты з некалькіх (не меней за дзве) незалежных адна ад адной крыніц, то бок датрымлівацца стандарту балансу думак.
Хутка ці смачна – вось пытанне
Маруднасць перадачы інфармацыі – вось адна з галоўных прычынаў, згодна з якой, лічуць пэўныя эксперты, друкаваныя выданні ў хуткім часе калі не знікнуць зусім, то застануцца за бортам сучаснай журналістыкі, зрабіўшыся прадуктам элітарным.
Між тым, нават з развіццём уласных прадстаўніцтв у Інтэрнэце (сайтаў), усе аналізаваныя выданні працягваюць друкавацца. І хоць некаторыя з іх па эканамічных прычынах зменьшылі свае наклады, здаецца, закрывацца ніхто не збіраецца.
Зразумела, што канкураваць у аператыўнасці інфармавання сваіх аўдыторый з тэлебачаннем, радыё і, тым больш, з Інтэрнэт-выданнямі, газеты не могуць. Але, здаецца, некаторыя з іх да сёння спрабуюць гэта зрабіць. Прынамсі, робяць выгляд, што інфармацыя на іх старонках свежае, ледзьве не ў ноч перед друкам здабытая.
На справе гэта выглядае такім чынам, што некаторыя выданні друкуюць на сваіх старонках навіны за мінулы тыдзень, якія чытачы ўжо мелі магчымасць знайсці на іх сайце (раней, наадварот “прытрымлівалі” навіны да выхаду ў папяровай версіі, і толькі пасля вывешвалі на сайт). Такім чынам, найбольш прасунутыя чытачы, атрымліваючы на рукі папяровае выданне, амаль не знаходзілі ў ім нічога новага.
Парада Mediakritika.by
Перыядычным друкаваным выданням варта рабіць стаўку на аналітычныя і публіцыстычныя тэксты, такім чынам “распрацоўваючы” кароткія навіны інтэрнэт-фармату, якія размяшчаюцца на іхніх сайтах цягам тых дзён, калі выданне не выходзіць. Журналістам і рэдактарам варта падумаць пра вяртанне на старонкі выданняў большай колькасці чалавечых гісторый, сацыяльных рэпартажаў, такіх закінутых жанраў як нарысы ці досціпы.
Чытачы павінны атрымліваць не толькі кароткую інфармацыю з навінавых агенцый, але і ўвесь спектр меркаванняў да іх, які могуць падаць эксперты.
Асаблівую ўвагу варта надзяляць выбару экспертаў. Па-першае, трэба даклана правяраць узровень кампетэнцыі эксперта ў тым, ці іншым пытанні. Не саромеючыся, дазнавацца, ці ваш суразмоўца калі-небудзь займаўся навукавымі даследваннямі па гэтым пытанні, ці мае публікацыі і г.д. Па-другое, варта пашыраць базу экспертаў выдання, каб не звяртацца да аднаго дзясятка, хай сабе і вядомых асобаў, тым самым штучна звужаючы кола абазнаных у пытанні асобаў.
Дазвольце вас ангажаваць?
Ангажаванасць журналістаў ці выданняў ў палітычныя, эканамічныя і іншыя працэсы ў Беларусі прынята звязваць з формай іх уласнасці. Маўляў, дзяржаўныя “танчуць пад дуду ўладаў”, недзяржаўныя – пад дуду ўласнікаў ці апазіцыйных палітыкаў, партыяў, плыняў. І калі першыя адкрыта кажуць, што іхняя задача – абслугоўванне ўладаў, ці асобных уладных структураў, якія з’яўляюцца іхнімі заснавальнікамі, то другія заяўляюць аб поўнай незалежнасці сваёй рэдакцыйнай палітыкі. Між тым, аб якой менавіта рэдакцыйнай палітыцы ідзе гаворка, зразумець не магчыма, бо на сайце ні воднага з аналізаваных выданняў няма нават самага кароткага дакумента, які б утрымліваў стандарты працы гэтага выдання.
Між тым, як паказвае аналіз кантэнту васьмі газет, амаль дзве траціны з іх маюць пэўныя “негалосныя” правілы гульні, якія тычацца ўзгадак тых, ці іншых палітычных персон, зваротаў па каментары да пэўных “каля рэдакцыйных” экспертаў і г.д. Так дзяржаўныя выданні ўзгадвалі імёны канкрэтных апазіцыйных палітыкаў на сваіх старонках толькі падчас восеньскіх выбараў у парламент. І рабілі гэта выключна ў негатыўным святле, ніколі не звяртаючыся да ўзгаданых асобаў па які-кольвек кароткі каментар. У той жа час, недяржаўныя выданні схільныя абагульняць усе ўладныя структуры, амаль усім палітыкаў, якія ў іх працуюць (акрамя, прэзідэнта, прэм’ера і яшчэ 5-7 асобаў) адным словам “улада”, карыстаючыся пры гэтым “барыкаднай” лексікай. Акрамя пэўнай ступені ангажаванасці ў палітычнае жыццё краіны саміх выданняў, нярэдка і журналісты, якія ў іх працуюць бяруць на сябе ролі грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў і нават палітыкаў, а таксама каментатараў нейкіх падзеяў і з’яваў не з пункту гледжання адмыслоўцы ў гэтым пытанні, а з пункту гледжання грамадскіх дзеячаў і г.д.
У гэтым рэчышчы найбольш нейтральную і прафесійную пазіцыю займаюць такія выданні, як “Белорусы и рынок”, “Белгазета”, “Комсомольская правда” в Белорусии”.
Парада Mediakritika.by
Усім выданням, як дзяржаўным, так і незалежным варта прыняць публічную (адкрытую для чытачоў) рэдакцыйную палітыку, у якой замацаваць стандарты працы журналістаў, а таксама гарантаваць адсутнасць ангажаванасці журналістаў.
Так, журналіст павінен адмовіцца ад задання, калі яно не гарантуе ягоную аб’ектыўнасць і не заангажаванасць. Напрыклад, калі фігурантамі канфлікта з’яўляюцца ягоны родныя, сваякі, ці калі гаворка ідзе пра бізнэс, у якім ёсць ягоныя грошы ці грошы ягоных блізкіх.
Журналіст можа з'яўляцца сябрам нейкіх палітычных партыяў ці рухаў, але не можа прымаць актыўны ўдзел, да прыкладу, у выбарчых кампаніях. Калі ў яго, усё ж такі, узнікае такое жаданне ці патрэба, ён павінен узяць адпачынак на працы, каб не змешваць палітычную і прафесійную дзейнасць.
Не дапушчальна, калі журналіст адначасова выконвае свае прафесійныя абавязкі і ўдзельнічае ў масавых мерапрыемствах. Ён можа спачуваць удзельнікам, можа падзяляць іхнія погляды і патрабаванні, але выконваць сваю працу павінен згодна з прынцыпам аб'ектыўнасці, аб якім узгадвалася вышэй.
Агульныя высновы маніторынгу
Такім чынам, для моніторынгу Mediaritika.by няважна, якія абставіны (прычыны) прывялі да згаданых у ва ўсіх частках маніторынгу парушэнняў. Ці гэта была цэнзура з боку ўладаў, ці самацэнзура журналістаў, ці нізкі прафэсійны ўзровень. Сутнасць праблемы палягае ў тым, што аўдыторыя СМІ не павінна атрымліваць перадузятую інфармацыю, то бок створаную на карысць аднаго з бакоў, яна павінна адэкватна разумець падзеі і працэсы, што адбываюцца ў краіне, атрымліваць увесь спектры меркаванняў па тым, ці іншым пытанні, мець давер да працы журналістаў, які, згодна з этычнымі кодэксамі абедзьвюх журналісцкіх арганізацый краіны, з’яўляецца адной з вышэйшых каштоўнасцей прафесійнай журналістыкі разам з імкненнем да праўды і свабоды выказвання меркаванняў.
Між тым, трэба разумець, што этычныя кодэксы журналістаў, роўна як і унутраныя рэдакцыйны палітыкі – не закона, і не павінны быць імі. Этычны кодэкс і рэдакцыйная палітыка – інструмент самарэгулявання медыяў, “правілы” гульні, якія ўсталёўваюць ступень адказнасці журналістыкі перад грамадствам, але якія могуць змяняцца з цягам часу ў залежнасці ад вонкавых абставінаў. Абавязковай умовай такіх зменаў павінна быць публічнае інфармаванне аўдыторыі і грамадства аб іх (тычацца яны стандартаў напісання загалоўкаў, ці зменаў у структуры фінансавання медыя – не прынцыпова).
Дадатак “Стандарты якасці прафесійнай журналістыкі, якія былі пакладзеныя ў аснову аналізу”
Стандарт балансу думак
У межах кожнага канкрэтнага матэрыялу мусяць быць выразна пададзены пазіцыі ўсіх без выключэння бакоў канфлікту. Пазіцыю калектыўнага боку (пэўнай групоўкі людзей) мусіць агучваць тыповы і адэкватны прадстаўнік. У выпадку, калі матывацыя пазыцыяў бакоў не з’яўляецца відавочнай, неабходна браць пад увагу і аргумэнтацыю гэтых пазыцыяў бакамі. Калі праблема складаная, то для вытрымкі балансу думак неабходная таксама і ацэнка аргумэнтацыі бакоў экспертам.
Стандарт балансу думак не лічыцца вытрыманым, калі слова даецца нейкаму баку канфлікта, але гэты бок выказваецца не па сутнасці праблемы, а па нейкіх другарадных абставінах. Гэта ёсць імітацыяй балансу думак. Паўнавартасны баланс думак дасягаецца ў тым ліку і аднолькавай формай падачы думак (меркаванняў) рознымі бакамі (цытата - цытата, сінхрон - сінхрон).
У выпадках, калі бок канфлікту адмаўляецца камэнтаваць тэму, у журналісцкім матэрыяле мусіць быць выразна заяўлена пра факт адмовы з абавязковым высвятленнем (са словаў таго, хто адмовіўся) прычынаў адмовы.
У выпадках аперытыўнай падачы матэрыялу стандарт балансу думак можа дасягацца паступова. Канал аператыўна падае інфармацыю яшчэ не паспеўшы атрымаць неабходны камэнтар пэўнага боку канфлікта. У маніторынгу такія выпадкі не кваліфікуюцца як парушэнне стандарту баланса меркаванняў, але абавязковай з’яўляецца такая ўмова: у матэрыяле мусіць быць зазначана, што рэдакцыі (аўтару матэрыяла) пакуль не ўдалося знайсці адпаведнага камэнтара, але яго працягваюць шукаць, каб пачуць у выпуску наступнага дня.
Стандарт паўнаты інфармацыі
Яго неабходна датрымоўвацца ў кожным канкрэтным матэрыяле праз вычарпальную падачу ключавых фактаў датычных тэмы. Распавядаючы пра падзею, неабходна дакладна адказаць на класычныя пытанні рэпартажу “Што? Дзе? Калі? Як адбылося?”.
Развіццё падзеі (з чаго пачалося, які быў працяг і як закончылася) мае быць зразумела выкладзена гледачу незалежна ад таго, якая кампазыцыя матэрыялу.
Абавязковай з’яўляецца таксама наяўнасць бэкграўндаў: 1) перадгісторыі, важнай для разумення сённяшняй падзеі, 2) тлумачання ўсіх складаных паняткаў (для гэтага можна выкарыстоўваць тлумачэнні экспэрта – “Што гэта такое? Як гэта працуе?” і г.д..
Трэба таксама мець на ўвазе, што парушэнне гэтага стандарту баланса думак можа аўтаматычна зрабіць матэрыял і няпоўным. Выключэннем могуць быць выпадкі, калі абмова боку канфлікту невыразна артыкуляваная альбо прычына адмовы ад камэнтару не названая.
Стандарт адзялення фактаў ад думак (высноваў, ацэнак)
Гэты стандарт азначае, па-першае, выразнае пазначэнне пачатку і канца кожнай суб’ектыўнай думкі (высновы, камэнтара, аценкі, прагнозу, абвінавачання і г.д.). Па-другое, яснае пазначэнне аўтарства выкладзенай думкі (меркавання): ніводная думка ня мусіць падавацца ананімна. Па-трэцяе, у навінах з прычыны гэтага стандарту непрымальныя ацэнкі і высновы журналіста (вядоўцы ці рэпарцера).
Стандарт даставернасці інфармацыі
Даставернасць азначае выразнае ўказанне крыніцаў кожнага пададзенага факта і выразную аўтарызацыю кожнай думкі. Як выключэнне некаторыя факты (толькі факты!) могуць быць пададзены з указаннем на ананімную крыніцу. Пры гэтым неабходна зазначыцькампетэнтнасць крыніцы (у якім ведамстве працуе той чалавек) і тое, што крыніца пажадала застацца ананімнай. У адрозненні ад фактаў любое меркаванне падаецца з указаннем на канкрэтную асобу – аўтара думкі. З гэтага пункту гледжання недаставернымі з’яўляюцца агульныя і размытыя канстатацыі кшталту “праваахоўнікі сцвярджаюць”, “экспэрты лічаць” і г.д.
Стандарт дакладнасці падачы інфармацыі. Гэты стандарт вымагае адпаведнасці кожнага падаванага факта рэчаіснасці ды даслоўнасці цытавання (або переказу) думак. Дакладнасць у гэтым выпадку вызначаецца праз зварот да адпаведнай інфармацыі падрыхтаванай якой-небудзь прафэсійнай інфармацыйнай агенцыяй.
Стандарт аператыўнасці падачы інфармацыі
Любую навіну дня трэба падаваць у той жа дзень. Ці датрымоўваецца нейкі канал гэтага стандарту можна выявіць праз параўнанне з іншымі каналамі, а таксама праз параўнанне са стужкай інфармацыйнай агенцыі, дзе гэта навіна прайшла.

