ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Пад чыю дудку скакаць — Лябедзькаву ці Пазьнякову?

В фокусе

Ці ёсць у сумленных журналістаў маральнае права называць беларускія выбары выбарамі, прэзідэнта — прэзідэнтам, суд — судом? У такую дыскусію ўцягнулі мяне нядаўна удзельнікі прафесійнага трэнінгу. Адзін з іх, носьбіт выразна апазіцыйных поглядаў, даводзіў, што выбараў у нас няма, суда няма, калі ў турме сядзіць Бяляцкі, і гэтак далей. Таму, маўляў, незалежныя медыі мусяць падбіраць іншыя словы дзеля намінацыі многіх айчынных з'яў, працэсаў ды інстытуцый.

Спантанная дыскусія, натуральна, не магла расставіць кропкі над “і”. І я вырашыў прадоўжыць развагі ў гэтым артыкуле. Тым болей што ад часткі палітызаванай публікі недзяржаўныя медыі атрымліваюць тэрміналагічныя прэтэнзіі і ў значна болей катэгарычнай, нават агрэсіўнай форме. Кшталту: ганьба, называюць акупацыйны рэжым беларускай уладай!

 

Дзе болей дэмакратызму?

За такога кшталту закідамі мне бачыцца жаданне, свядомае ці падсвядомае, спіхнуць незалежную журналістыку ў нішу апазіцыйнай прапаганды. Але ж у нас і так сёння практычна ўсе палітычныя сілы і многія асобныя дзеячы маюць свае вэб-рэсурсы, на якіх пануе сакральны для адпаведнай плыні набор тэрмінаў, лозунгаў, ідэалагем. Атрымліваюць палітыкі трыбуну і ў прафесійных СМІ. Так, у рубрыку “Меркаванне” на Naviny.by пішуць збольшага акурат партыйцы, рухаўцы, грамадскія дзеячы, фігуры з інтэлектуальнай контрэліты, і рэдактура іх лексіку не прычэсвае.

Але цалкам ператвараць тыя ж Naviny.by у рупар апазіцыі было б глупствам. І не таму, што страшна. Акурат на маргінальныя партыйныя сайты са звышпалымянай рыторыкай уладам начхаць. Прафесійныя ж медыі каштоўныя менавіта прафесійным падыходам да падачы кантэнту. А гэта азначае аб’ектыўную інфу, узважаную аналітыку (што не выключае і вострай публіцыстыкі), плюралізм меркаванняў. Менавіта за кошт гэтага ўтрымліваецца ды пашыраецца аўдыторыя, напрацоўваецца давер, патэнцыял уплыву на грамадскую думку.

На тыя ж Naviny.by заходзяць людзі вельмі розных поглядаў, што выдатна адлюстроўвае палеміка на форумах. Чаго і блізка няма, дарэчы, на сайтах многіх змагароў за дэмакратыю — там акурат аднадушнасць у духу КПСС. Дык скажыце, калі ласка: дзе насамрэч болей дэмакратызму?

Пры гэтым сярод востра заточаных апазіцыйных рэсурсаў, якія называюць Лукашэнку выключна дыктатарам, а выбары і парламент бяруць у двукоссі, ёсць і дастаткова раскручаныя. Але яны прэзентуюць, бадай, не столькі журналістыку, колькі антырэжымную прапаганду (на якую таксама ёсць попыт). Часам гэта робіцца нават метадамі інфармацыйнай вайны. Узнікае багата пытанняў што да імавернасці, аўтарскага права, этыкі і г.д. Далёка не кожны профі згодны вызнаваць філасофію “на вайне як на вайне”.

 

Журналістыка — гэта шафа з мноствам палічак

Прыхільнікі інструментальнага падыходу (СМІ — зброя змагання) часта ігнаруюць жанравую спецыфіку. Для іх усё — тэкст. І найлепей — калі палымяны. Насамрэч журналістыка — вельмі шматаблічная, нюансаваная з’ява. У ёй шмат палічак і шуфлядак, па якіх акуратна раскладзены розныя задачы. Напрыклад, што дазволена калумністу, тое не дазволена інфармацыйніку.

На сайце Naviny.by, што робіцца пад дахам кампаніі БелаПАН, вы знойдзеце, у прыватнасці, і жорсткую, з’едлівую публіцыстыку, аўтары якой, у тым ліку і прафесійныя журналісты, таксама даюць дыхту дыктатуры. Але вось на стужку навін БелаПАН заметкі робяцца паводле міжнародных стандартаў падачы інфы.

І тут ужо рэпарцёр ляпіць ярлыкі зыходзячы са сваіх асабістых палітычных поглядаў не мае права. Зрэшты, і ў заметцы ацэнкі могуць давацца, але не ад імя аўтара, а з вуснаў удзельнікаў ці сведак падзеі, экспертаў. Самому ж аўтару ў гэтым суровым лапідарным жанры наканавана не вырабляцца, а называць кошку кошкай.

Менавіта ў чысціні, неангажаванасці інфармацыі (наколькі гэта магчыма для жывых людзей, а не робатаў) — каштоўнасць прафесійнага рэпарцёрства. Менавіта таму шэраг сур’ёзных інстытуцый, у тым ліку міжнародных, падпісаны на БелаПАН.

Дарэчы, заўважце, што інфармацыю так нелюбімага апазіцыяй БЕЛТА таксама ахвотна выкарыстоўваюць многія незалежныя рэсурсы. Бо асноўная плынь інфы (падкрэсліваю: менавіта інфы) і пад гэтым брэндам робіцца дастаткова прафесійна. Могуць бязбожна хлусіць асобы, якіх цытуе дзяржаўнае агенцтва, але калі самі цытаты дакладныя, то рэпарцёр сваю місію выконвае. А трактаваць знойдзецца каму.

Паказальна, што калі патрэбна пацвердзіць нейкую фактуру, звычайна спасылаюцца на прафесійныя інфармацыйныя рэсурсы, а не сайты палітычных груповак, тым болей — ЖЖ ці фэйсбук. Палітык часта падгінае ісціну пад свае погляды. Блогер таксама не абцяжарвае сябе аб’ектыўнасцю, яшчэ болей — аб’ектыўнасць забівае саму ідэю блогерства: які сэнс дубляваць агенцтвы? Але блогер — гэта ўжо зусім іншае амплуа, якое звычайна слаба карэлюецца з прафесійнай журналістыкай.

 

Аналітыка каштоўная думкай, а не наборам клішэ

Аналітычныя жанры даюць значна большы абсяг для аўтарскіх ацэнак, чым інфа. Аднак і аналітыку не варта злоўжываць ацэначнасцю. І, ва ўсякім разе, трэба не ляпіць ярлыкі, а даводзіць аргументавана, напрыклад, чаму выбарчыя працэдуры ў нас — фактычна пустая абалонка, “лялька”. Яшчэ лепей, калі аўтар падмацуецца меркаваннямі адмысловых знаўцаў тэматыкі.

Зрэшты, аналітыка таксама розная. Ёсць стрымана-дзелавая плынь (“Белорусы и рынок), ёсць публіцыстычная (“Народная воля”). Адпаведна — розныя прапорцыі рацыянальнага і эмацыйнага. Нарэшце, ёсць мастацка-публіцыстычныя жанры — гэта яшчэ адзін пласт, у тым ліку і стылістычны.

У аўтарскай журналістыцы цалкам натуральна выглядаюць і вельмі суб’ектыўныя ацэнкі ад першай асобы. Аб’ектыўны памфлет — увогуле аксюмаран. Яшчэ болей, такія тэксты менавіта і каштоўныя аўтарскім поглядам. Але дзеля гэтага трэба, каб сам аўтар нешта з сябе ўяўляў, быў публічнай асобай з напрацаванай рэпутацыяй.

У кожным разе лепей не ўлягаць у ідэалагемы, асабліва ад імя аўтара, калі вы хочаце, каб матэрыял ўспрымаўся людзьмі розных поглядаў менавіта як аналітыка, а не прапаганда.

 

Не з’язджаць у журналістыку ярлыкоў

А вось вам яшчэ адна опцыя праблемы: нейкай адзінай апазіцыйнай ідэалогіі і, адпаведна, універсальнага набору палітычных тэрмінаў не існуе. Яшчэ болей, адны кажуць іншым: вы — “псэўды”, а тыя ў адказ: вы — сектанты. Карацей, адначасна Калякіну і Пазьняку, Мілінкевічу і Лябедзьку журналіст ніколі не дагодзіць. Ды і дзеля чаго дагаджаць? У прэсы свая місія.

Некаторыя палітычныя сілы, напрыклад, перакананыя: рэжым акупацыйны, а яго правадыр — крамлёўская марыянетка. Такая лексіка акурат і пануе на сайтах, блізкіх да адпаведных сіл. Гэта іх справа. Аднак жа з такім поглядам на рэжым нават у апазіцыі далёка не ўсе згодныя. Так, кажуць апаненты, Крэмль сілкуе тутэйшую ўладу, трымае на прывязі, але ж улада — менавіта тутэйшая, спароджаная феноменам беларускай масавай свядомасці.

Такім чынам, калі арыентавацца на шырокае кола чытачоў, то любы вузкапартыйны набор ацэначнай лексікі не пракочвае. Як і татальны змагарны пафас, бо медыі чытаюць і людзі дастаткова апалітычныя, каторым найважней абсталяваць побыт, вывучыць дзяцей, добра адпачыць і гэтак далей. Чаму выданне павінна іх адпуджваць, акрамя ўсяго іншага, падсякаючы тым самым і свае бізнэс-пазіцыі? Вазьміце рэгіянальную прэсу: пасіянараў у глыбінцы на пальцах можна пералічыць, астатнім баявы лісток, што перманентна кліча на барыкаду, сто гадоў не патрэбны.

Дарэчы, тыя, хто дазваляе сабе нібыта аксіяматычныя пасажы кшталту: кожнаму вядома, што выбараў у Беларусі няма, — не маюць рацыі. Напрыклад, паводле апытання НІСЭПД, праведзенага неўзабаве пасля леташніх парламенцкіх выбараў, 47,5% назвалі іх свабоднымі і справядлівымі, процілеглую ж думку выказалі толькі 27%.

Сацыялогія паказвае, што практычна па ўсіх прынцыповых пытаннях наша нацыя расколатая. І таму таксама варта быць асцярожным з ідэалагічнымі аксіёмамі, бо магчыма, гэта аксіёмы толькі для вашага гета.

Прафесійным медыям, пры тым што яны мусяць паводле змаўчання крытычна ставіцца да ўлады, варта стаяць па-над ідэалогіямі ды групоўкамі, не з’язджаць у эрзац-журналістыку ярлыкоў.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос