Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першую нядзелю верасня, і праходзіць у гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Так, сёлета дзесятае па ліку свята прыняў Быхаў.
Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.
У самім Быхаве не толькі 1 верасня, але і цягам некалькіх дзён да гэтага, праходзілі святочныя мерапрыемствы.
Так, 31 жніўня адбылося адкрыццё кінатэатра “Радзіма”, Быхаўскага раённага Цэнтра культуры, мемарыяльнай дошкі Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Б.В.Стральцова, скульптурнай кампазіцыі “Сустрэча”, а таксама чыгуначнай і аўтобуснай станцыій. У горадзе прайшлі шэраг прэзентацый: напрыклад, новага часопіса для дашкольнікаў “Буся” і кнігі “Баркулабаўскі летапіс”.
У нядзелю ж уздоўж галоўнай вуліцы Быхава праходзілі разнастайныя выставы-продажы, працавалі буйныя і невялічкія пляцоўкі, дзе выступалі артысты. Варта адзначыць, што збольшага кропкі продажу адносіліся не да пісьменства, а да тавараў народнага спажывання. Таму ў аўтара гэтых радкоў склалася ўражанне, нібы ён зноў трапіў на Дажынкі-2005, якія тады праходзілі ў Слуцку.






Але ж ля галоўнай сцэнічнай пляцоўкі ўражанне «а-ля Дажынкі» развеялася. Пасярод стадыёну была ўсталяваная вялікая сцэна з месцамі для сядзення, а вакол працавалі прэзентацыйныя стэнды, якія тычыліся беларускага пісьменства. Таксама на ўскрайку стадыёна працаваў Фестываль кнігі і прэсы.












Для таго, каб прайсці на Кастрычніцкую плошчу і да стадыёна, трэба было прайсці міліцэйскі дагляд. Але ў адрозненне ад мінскіх святкаванняў і тых самых Дажынак, не было абмежаванняў на дыяметр аб'ектываў фота-відэакамер. Міліцыя не звяртала ўвагу на прафесійную тэхніку журналістаў і звычайных турыстаў, таксама не было аніякіх абмежаванняў на здымкі свята.
А палове на дванаццатую на Кастрычніцкай плошчы Быхава адбылося святочнае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі “Баркулабаўскі летапіс”.





Пасля на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы пачалося ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пiсьменства.


Горад тым часам працягваў гуляць...






