Некалькі дзён таму на прасторах Байнэта стартаваў смелы праект Makeout.by. Гэта інтэрнэт-часопіс, прысвечаны розным аспектам гендару, сэксуальнасці і асаблівасцяў іх праяў у Беларусі.
Кіраўнікамі праекта, нястача якога востра адчувалася ў беларускім медыйным полі, сталі журналіст і пісьменніца Наста Манцэвіч, журналіст і акторка Віка Біран, а таксама вэб-дызайнер Коля Анціпаў. Яны распавялі, чаму вырашылі займацца пытаннямі гендару і з чаго складаецца MakeOut.
Навошта?
“Мы вырашылі стварыць такі праект, бо адчуваем недахоп актуальнай інфармацыі на тэмы гендару і сэксуальнасці ў беларускім грамадстве. Не стае інфармацыі, сабранай у адным месцы, якая закранала б розныя аспекты сэксуальнасці і гендару: актывізм, псіхалогію, персаналіі, здароўе, вандроўкі і гэтак далей”, – распяваюць стваральнікі.
Галоўная мэта каманды онлайн-часопіса – дазволіць кожнаму чалавеку быць сабой, не прыціскаючы свабоды іншых. Задачай сваёй працы маладыя людзі зрабілі магчымасць агучваць варыянты поглядаў, меркаванняў і пазіцый, каб кожны мог іх аналізаваць і выбіраць на свой густ.
Аб чым?
Праект MakeOut зараз складаецца з дзвюх асноўных частак. Першая – гэта ўласна часопіс з арыгінальнымі журналісцкімі артыкуламі, на якіх кіраўнікі праекту засяроджаныя ў першую чаргу, а таксама актуальныя сусветныя навіны па тэме.
Так, Наста Манцэвіч падрыхтавала падрабязны расповед пра легендарную мінскую Панікоўку, прааналізаваўшы з’яву як такую, а таксаа звярнуўшыся па ўспаміны да непасрэдных наведнікаў сквера каля Дома афіцэраў, дзе і месцілася Панікоўка.
Віка Біран пагутарыла з Эдвардам Тарлецкім, першым гей-актывістам Беларусі. Гутарка атрымалася шчырай і грунтоўнай. Эдвард выказаў несуцяшальнае меркаванне: “У Беларусі наагул няма ніякай супольнасці, таму гаварыць пра ЛГБТ-супольнасць смешна. Ёсць асобная дзяржава, асобныя маленькія палітычныя партыі і асобныя людзі”.
Таксама цікавы артыкул супольнага аўтарства Манцэвіч і Біран, прысвечаны няпростаму пытанню раскрыцця сваёй гомасэксуальнасці перад бацькамі.
Для каго?
Другая частка праекта — гэта клуб, у якім усе зарэгістраваныя карыстальнікі маюць магчымасць ствараць тэмы, што іх цікавяць, ды абмяркоўваць іх.
Стаць зарэгістраваным карыстальнікам можна дзвюма шляхамі: самастойна зарэгістравацца праз сацыяльныя сеткі ці атрымаць спецыяльны «залаты» код запрашэння ў клуб ад рэдакцыі. Гэты код рэдакцыя дасылае людзям і арганізацыям, у супрацоўніцтвк з якімі яна зацікаўленая (праваабарончыя арганізацыі, журналісты, псіхолагі, медыцынскія работнікі). «Залатым» карыстальнікам прапануецца стаць клубным экспертам у сваёй галіне: кансультаваць, даваць парады, публікаваць інфармацыю пра сваю дзейнасць і мерапрыемствы.
Але не толькі ў «залатых» карыстальніках зацікаўленая рэдакцыя: праект створаны для адкрытага і жывога абмеркавання любых пытанняў гэндару і сэксуальнасці. Хочацца спадзявацца, што пляцоўка стане месцам для аргументаваных дыскусій, а не ператворыцца ў міжсабочык, які будзе працягваць сумную традыцыю большасці беларускім СМІ, дзе гаворка на даныя тэмы вядзецца ў рэчышчы «сам дурань».
І часопіс, і клуб выкарыстоўваюць дзве працоўныя мовы — беларускую і рускую.
Арганізатары прызналіся, што яны маюць планы далейшага развіцця праекта: выпуск літаратуры, арганізацыя лекцый, семінараў, кінапраглядаў, спецпраектаў у межах сайта.
Даведка
У перакладзе з англійскай мовы Make Out значыць «адкрывацца», «адрозніваць», «разбіраць», «разумець», «рабіць выгляд» альбо «цалавацца».


