Такім чынам, сакрэт Полішынеля канчаткова агаліўся. Адказам на зварот БАЖа Усевалад Янчэўскі, кіраўнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення прэзідэнцкай адміністрацыі, дэ-факта пацвердзіў намер уладаў увесці рэгістрацыю інтэрнэт-СМІ. Нічога добрага журналістам ды чытачам гэта не абяцае.
Але ўлады, як заўсёды, зыходзяць са сваіх інтарэсаў. Эксперты бачаць у іх намеры найперш палітычны падтэкст. Насоўваецца паласа выбараў, і важна ямчэй узяць байнэт за жэбры.
Ліцэнзаваць медыі — анахранізм
Увогуле абзац пра рэгістрацыю інтэрнэт-СМІ быў увагнаны, як цвік, яшчэ ў закон аб СМІ 2008 года. У артыкуле 11 зазначана: “Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, што распаўсюджваюцца праз глабальную камп’ютарную сетку Інтэрнэт, вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь”.
Тады экзатычны інтэрнэт чыноўнікі спрэс пісалі з вялікай літары ды касавурыліся на яго як на джына з пляшкі. Між тым акурат надышла адліга ў дачыненнях з Захадам, і Мінск вырашыў не дражніць гусей: пытанне замарозілі.
Цяпер жа замарожаны самі палітычныя дачыненні з Еўразвязам ды ЗША. Таму адзін чорт.
Наверсе, відаць, зразумелі, што планы пераплюнуць незалежнае сеціва нейкім дзяржаўным мегапарталам (адзін час чыноўнікі пракламавалі такую задуму) смеху вартыя. А выбары ёсць выбары, для кіроўных вярхоў гэта заўсёды спецаперацыя. Ліцэнзаванне ж таго ці іншага кшталту дае магчымасць хутка прыдушыць нейкае СМІ, што дазволіць сабе занадта “разгойдваць лодку”. Так прыдушылі “Аўтарадыё” за палітычную рэкламу на выбарах-2010.
Дарэчы, калі ў выдачы права на вяшчанне радыёстанцыям яшчэ можна знайсці нейкі сэнс (частоты — абмежаваны рэсурс), то ў дачыненні да друкаваных і тым болей сеціўных медыяў гэта абсалютны анахранізм, які можа культывавацца выключна з цэнзурных меркаванняў.
“Сам прынцып рэгістрацыі СМІ разглядаецца сёння ў Еўропе як абмежаванне свабоды выказвання”, — зазначыў у каментары для Mediakritika.by намеснік старшыні БАЖа юрыст Андрэй Бастунец.
Дадам: паказальна, што ў адказе Янчэўскага выпушчана з-пад увагі прапанова БАЖа звярнуцца па экспертную дапамогу ў Офіс прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ. Можна здагадацца, чаму: у гэтай інстытуцыі ўвогуле не вітаюць ідэю ліцэнзавання анлайнавай (ды і не толькі анлайнавай) прэсы.
Грамада, ва ўсякім разе, пашуміць
Я спытаўся ў Бастунца: дык а ці варта таму ж БАЖу удзельнічаць у абмеркаванні “пытання аб парадку рэгістрацыі і рэгулявання дзейнасці інтэрнэт-СМІ”, пра што кажа ў сваім лісце Янчэўскі. Наверсе ж усё адно наважыліся запусціць такі механізм, і абмеркаванне можа стаць толькі бутафорыяй, козырам для ўладаў: вось, бачыце, выслухалі ўсіх! Хоць у выніку калі і скарэктуюць нешта, то па дробязях.
“Важна, каб была найбольшая галоснасць”, — упэўнены Бастунец. На яго думку, калі ўжо і ўводзіць рэгістрацыю інтэрнэт-СМІ, то добраахвотную, як у Расіі. Хоча рэдакцыя мець перавагі, якія дае статус СМІ, — падае паперы, не хоча — дык працуе, як працавала.
Са свайго боку, медыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі не выключае, што нават добраахвотная рэгістрацыя ў беларускіх умовах можа ператварыцца ў добраахвотна-прымусовую. У каментары для Mediakritika.by ён выказаў меркаванне: незарэгістраваным рэсурсам могуць настолькі абцяжарыць жыццё (напрыклад, пазбавіўшы права друкаваць рэкламу), што ў некаторых не будзе іншага выйсця, акрамя як “здавацца”.
Зрэшты, зазначае эксперт, такія захады могуць стацца не надта эфектыўнымі. Бо сярод айчынных інтэрнэт-рэсурсаў “няшмат такіх, што сур’ёзна займаюцца манетызацыяй кантэнту”. Астатнія існуюць за іншыя сродкі. Увогуле ж тыя сайты, што не знаходзяцца ў даменнай зоне .by, лёгка могуць праігнараваць патрабаванні рэгістрацыі. Блакаваць жа іх — няўдзячная задача.
Дарэчы, шум, узняты грамадскасцю пасля зліву ў сеціва пры канцы 2009 года драконаўскага праекта ўказа аб рэгуляванні інтэрнэту, у выніку змусіў ініцыятараў змякчыць гэты дакумент: указ, што выйшаў у 2010 годзе пад № 60, аказаўся не такім адыёзным, як задумваўся.
Наверсе наважыліся адкаркаваць прабірку
Мяркую, у тых, хто адказвае ў вертыкалі за інтэрнэт, ёсць разуменне, што глушыць сеціва на кітайскі манер — гэта занадта.
Падчас адлігі 2008–2010 гадоў мне даводзілася дыскутаваць на круглых сталах у пытаннях інтэрнэту з тым самым Усеваладам Янчэўскім. Памятаю, што палажэнне свежага на той час закона аб СМІ датычна рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ Янчэўскі назваў “дрымотным вірусам”, каторы, магчыма, ніколі не прачнецца.
Але, як бачым, вірус усё ж наважыліся выпусціць з прабіркі. Ён відавочна шкодны для свабоды слова. Перавагі рэгістрацыі (пасведчанні журналістаў, магчымасць акрэдытацыі) — прывідныя. У беларускіх умовах чыноўнік лёгка адсякае непажаданага журналіста ад інфы незалежна ад наяўнасці пасведчання.
А вось выканаць патрабаванні для рэгістрацыі, калі яны будуць аналагічныя тым, што выстаўляюцца друкаваным СМІ, для большасці беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў, якія робяцца маленькімі камандамі энтузіястаў, часта на кватэрах, будзе нерэальна. Бо там цэлы джэнтльменскі набор: ад наяўнасці памяшкання ў нежылым фондзе і статусу юрыдычнай асобы для рэдакцыі да пяцігадовага стажу працы на профільных кіроўных пасадах для рэдактара.
Апошняе ў дачыненні да вэб-медыяў можа стаць увогуле анекдатычнай умовай: адкуль узяць пяцігадовы стаж, калі не было самога статусу інтэрнэт-СМІ?
Паўлюк Быкоўскі не выключае, што могуць з’явіцца зіц-рэдактары. Памятаеце старога Фунта з рамана Ільфа і Пятрова?
Улада можа займець толькі болей клопату
Такім чынам, паспрабуем змадэляваць перспектыву. Ну атрымаюць пасведчанні аб рэгістрацыі найболей папулярныя рэсурсы кшталту TUT.BY (для такой фірмы памяшканне і адпаведныя фармальным патрабаванням кадры — не праблема). Але ж TUT.BY і без аніякай рэгістрацыі запрашаюць, напрыклад, на прэс-канферэнцыі Лукашэнкі. То бок бяруць пад увагу рэальны, а не фармальны статус.
Варта таксама адзначыць, што тыя буйныя вэб-рэсурсы, рэдакцыі якіх фізічна працуюць тут, у Беларусі, і сёння не вызнаюць кінжальнай антырэжымнай журналістыкі, імкнуцца прадукаваць узважаны прафесійны кантэнт.
Нарэшце, магчымасцяў прыціснуць такога кшталту рэсурсы рознымі латэнтнымі шляхамі ва ўлады і цяпер, на жаль, болей чым дастаткова.
Нашто гарод гарадзіць? Перастрахоўка? Шчыраванне сілавога лобі? Але ці не наступяць у выніку тыя стратэгі на граблі?
Канечне, перспектыва папярэджання, прыпынення або спынення дзейнасці рэсурсу паводле рашэння Мінінфарма стане дадатковай опцыяй самацэнзуры.
Але тыя сайты, да якіх уладам дацягнуцца практычна немагчыма, пасцябаюцца з цэрбераў ды атрымаюць у выніку прыток наведнікаў. Вэб-журналісты стануць болей пісаць для незакілзаных крыніц. Такім чынам, рашэнне аб рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ можа дэ-факта перафарматаваць айчынную вэб-прастору на карысць падпольных (і, як правіла, болей радыкальных) анлайнавых крыніц. Гэта як з бізнесам: калі занадта прыціскаюць, ён проста сыходзіць у цень.
Ну і чарговы тытул ворагаў інтэрнэту беларускім начальнікам забяспечаны.
Зрэшты, імідж — гэта апошняе, пра што думаюць тут у высокіх кабінетах, калі гаворка ідзе пра забеспячэнне спецаперацыі “Выбары”.
Меркаваны механізм, вядома ж, папсуе крыві анлайнавым журналістам, але здушыць байнэт настолькі, як здушылі ў краіне друкаваную прэсу, не пашэнціць. Тэхналогіі працуюць адназначна супраць недэмакратычных рэжымаў.
Ілюстрацыя з FreeDigitalPhotos.net.


