Расійскі тэлеканал “Дождь” правяраецца пракуратурай Санкт-Пецярбургу, Роскомнагляд даслаў кіраўніцтву канала “прафілактычны ліст”, а Дзяржаўная Дума Расіі абяцае больш пільна кантраляваць этычнасць у медыях.
Усе “кары егіпетскія” абрынуліся на “Дождь” праз пытанне, зададзенае ў эфіры канала 26 студзеня, напярэдадні 70-й гадавіны поўнага зняцця блакады з Ленінграда.
Рызыкі наўпроставага эфіра
Нядзельны выпуск праграмы “Дилетант” быў прысвечаны блакаднаму Ленінграду. Праграма выходзіць на тэлеканале “Дождь” у партнёрстве з гістарычным часопісам “Дилетант” і радыястанцыяй “Эхо Москвы”. Традыцыйна ў эфіры вядучыя разам з госцем фармулююць пытанне для гледачоў. Рэдактар сацыяльных сетак адразу ж выстаўляе яго ў інтэрнэт (сайт канала, Facebook, Twitter, vkontakte), каб да канца праграмы мець рэакцыю. Нічога незвычайнага. Але ў гэты раз сама тэма дыскусіі апынулася занадта тонкай для непрадуманых фармулёвак. “Ці трэба было здаць Ленінград, каб захаваць сотні тысяч жыццяў?” – пытанне, якое пазней знайшлі ў школьных падручніках гісторыі, выклікала неверагодна негатыўную рэакцыю. Прыкладна праз 20 хвілін яго выдалілі. Але, як апынулася, не закрылі.
“Стыхійны” байкот
Адразу ж шэф-рэдактар сайта “Дождя” Ілля Клішын асабіста выбачыўся перад гледачамі. Тое ж зрабілі галоўны рэдактар канала Міхаіл Зыгарь і генеральны дырэктар Наталля Сіндзеева. Галоўны рэдактар часопісу “Дилетант” Віталій Дымарскі ў лісце да чытачоў адзначыў, што ніякія пытанні не могуць зменьшыць гераізм абаронцаў Ленінграду. І зняў з сябе адказнасць за кантэнт, выкладзены ў іншых медыях. Галоўны рэдактар “Эхо Москвы” Аляксей Венедыктаў сітуацыю ніяк не пракаментаваў, хаця радыёстанцыя актыўна асвятляе канфлікт.
Праз дзень, 28 студзеня, прэзідэнт Асацыяцыі кабельнага тэлебачання Расіі Юры Прыпачкін заявіў пра жаданне “ўзяць на сябе пэўныя функцыі цэнзуравання” і адключыць “Дождь”. Ён абгрунтаваў сваю пазіцыю тым, што не жадае браць на сябе адказнасць за некарэктны кантэнт. Маўляў, гледачы скардзяцца, і бізнэс можа панесці страты.
Нібы ў адказ на гэта намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый РФ Аляксей Волін у той жа дзень выказаўся, што аператары спадарожнікавых і кабельных сетак вольныя самі вырашаць, з якімі тэлеканаламі ім супрацоўнічаць, а з якімі – не.
І пачалося. Цягам сутак ад трансляцыі “Дождя” адмовіліся AKADO, Dom.ru, НТВ-плюс. Пазней да байкоту далучыліся “Билайн ТВ” и “Ростелеком”, якія з’яўляецца аднымі з лідараў рынку. Яшчэ буйны гулец “Триколор ТВ” даў каналу 30 дзён на выпраўленне “некарэктнай кантэнтнай палітыкі”.
Кіраўніцтва канала апынуліся не гатовым да такога развіцця падзеяў. На дадзены момант дакладна вядома, што дамова з “Ростелекомом” прадугледжвала аднабаковае скасаванне супрацы. У астатнім пакуль разбіраюцца юрысты.
Калі байкот зацягнецца, каналу давядзецца цяжка. Асноўны прыбытак прыносіць менавіта рэклама ў спадарожнікавым і кабельным вяшчанні. Да таго ж аператары плацяць “Дождю” за кантэнт. Пры гэтым тэхнічны ахоп яго па дадзеных на верасень складае 23 млн. домагаспадарак. Наталля Сіндзеева прызналася, што “адмова кабельных аператараў ад трансляцыі – фактычнае забойства “Дождя””.
У дадатак да ўсяго Роскомнагляд даслаў кіраўніцтву канала прафілакцыйны ліст. Праўда, юрыдычных наступстваў гэта не мае, толькі выражае незадаволенасць кантралюючага органу. Затое іх можа мець праверка, распачатая пракуратурай Санкт-Пецярбургу. Яе ініцыявалі абураныя гарадскія дэпутаты. Праўда, і тут ёсць няпэўнасць пазіцыі: адразу намагліся шукаць экстрымізм, але спыніліся на пошуку “магчымых парушэнняў”.
Абарона “Дождя”
Аўдыторыя “Дождя” абурылася ў сваю чаргу. Паведамленне акаўнта AKADO аб адключэнні канала імгенна выйшла ў топ Twitter . Праўда, SMM-рэдакцыі не давялося гэтаму радавацца: большасць водгукаў малацытабельныя. Рэакцыя карыстальнікаў, відаць, пахіснула ўпэўненасць аператараў. Так на сайце НТВ-плюс узнікла апытанне, ці варта адключаць “Дождь”. І ў выніку трансляцыя хаця і з перапынкамі, але працягваецца.
Гледачы распачалі акцыю байкота аператараў, што адмовіліся ад трансляцыі. Адначасова з тым у канала ў некалькі разоў узрасла платная інтэрнэт-падпіска (1000 расійскіх рублёў на год). Ёсць і аператары (прыкладам, 2kom), якія адмыслова звяртаюць увагу сваіх карыстальнікаў на тое, што не збіраюцца адключаць “Дождь”.
Пачаў апраўдвацца і Юры Прыпачкін. Спроба адбылася на цэрымоніі ўрэчэння прэміі “Большая цифра”, аднак прэзідэнта Асацыяцыі кабельнага тэлебачання асвісталі.
Як ні дзіўна, у абарону “Дождя” выказалася спікер Савета Федэрацыі, былы губернатар Санкт-Пецярбургу Валянціна Матвіенка. Яна назвала блюзнерствам апытанне, аднак прызнала недапушчальным закрыццё канала.
Сярод вядомых асобаў сваю падтрымку выказалі ўпаўнаважаны па правах чалавека Уладзімір Лукін, пісьменнік і журналіст Дзмітрый Быкаў, палітык Аляксей Навальны, кіраўнік Нацыянальнай асацыяцыі тэлерадыёвяшчальнікаў Эдуард Салагаеў, журналіст Сяргей Дарэнка, вядучы Ўладзімір Познер ды іншыя.
Савет па правах чалавека папрасіў Генпракуратуру РФ праверыць аператараў, якія адключылі Дождь. Бо ў дадзеным выпадку функцыя цэнзуры, якую яны фактычна ўзялі на сябе, супярэчыць расійскаму заканадаўству. А канкрэтна 29 арт. Канстытуцыі РФ, а таксама 3 арт. Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”. Генпракуратура пакуль не адрэагавала.
Саюз журналістаў Расіі выказаўся з асуджэннем апытання, аднак звярнуў увагу яшчэ на адну акалічнасць. У афіцыйным лісце Саюза падкрэсліваецца, што сітуацыя “была выкарыстана для чарговага нагнятання псеўдапатрыятычнай гістэрыі, спекуляціі на святых для кожнага панятках”.
Прычыны байкоту
Другая Сусветная вайна – частка афіцыйнага ідэалагічнага міфа ў Расійскай Федэрацыі, як і ў Беларусі. Таму да пытанняў, звязаных з трактаваннем тых ці іншых падзеяў таго часу, улады і грамадства сапраўды ставяцца трапяткі.
Праўда, выбарачна. Зусім свежы прыклад. Напрыканцы снежня 2013 года ў афіцыйным facebook-акаўнце “Вестей” сярод выказванняў вялікіх людзей пра Уладзіміра Леніна апынулася цытата Ёзэфа Гебельса. Рунэт выбухнуў абурэннем. Што прывяло… да выдалення публікацыі з сацыяльнай сеткі. Без выбачэнняў. Можна было б забыцца, аднак скандал з “Дождём” даў працяг і гэтай гісторыі: 28 студзеня, праз месяц пасля публікацыі, звольнілі ўсю SMM-рэдакцыю дырэкцыі інтэрнэт-сайтаў ВГРТК, часткай якой з’яўляюцца “Вести”.
Прыносячы выбачэнні, кіраўніцтва “Дождя”, тым не меш, звяртала ўвагу на тое, што апытанне стала толькі нагодай, якую шукалі даўно. У эфіры радыёстанцыі “Эхо Москвы” Наталля Сіндзеева распавяла, што першыя “званочкі” пачаліся пасля рэпартажа аб маёмасці чыноўнікаў, заснаванага на расследванні Аляксея Навальнага. Яны выяўляліся ў тым, што так званыя “калякрамлёўскія тролі” рэгулярна зарганізоўвалі ў інтэрнэце ідэалагічныя атакі на канал.
Лідэр партыі “Гражданская платформа” Ірына Прохарава выказала меркаванне, што атака на “Дождь” выкліканая блізкай кампаніяй па выбарах у Мосгордуму. А тэлеканал – адна з нешматлікіх пляцовак, на якіх апазіцыйныя кандыдаты маюць сталы доступ да гледача.
Што далей?
Незадаволенасць ідзе з самага верху. Гэта фактычна пацвердзіў прэсавы сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пясокоў у эфіры “Дождя”. Ён сказаў, што журналісты перайшлі чырвоную рысу, аднак прычынаў закрываць тэлеканал няма.
Наталля Сіндзеева распавяла “Новой Газете” пра тое, што кулуарна прадстаўнікі аператараў прызналі, што на іх ціснуць. У той жа гутарцы яна выказала думку аб тым, што закрываць канал няма сэнсу, тым больш напярэдадні Алімпіяды. Дабіць яго эканамічна – эфектыўней.
“Па вялікім рахунку ў нас ёсць 10 каналаў, якія нельга адключыць – гэта пералік агульнарасійскіх агульнадасяжных каналаў. Па астатніх – гэта абсалютнае рашэнне удзельнікаў рынка”, - а гэта ўжо словы Аляксея Воліна. Яны прагучалі наўздагон закліку Юрыя Прыпачкіна да кабельных аператараў адключыць “Дождь”.
Практычна незаўважна на фоне скандалу прайшлі ХХІІ Міжнародныя Калядныя абразцовыя чытанні (28-29 студзеня). Падавалася б, пры чым тут гэта. Аднак менавіта падчас іх у Дзяржаўнай Думе абмяркоўваліся пытанні этыкі ў СМІ. Намеснік Старшыні Дзяржаўнай Думы Сяргей Жэлезняк казаў пра важнасць грамадскага кантролю за недахопамі ў працы медыяў. А таксама пра ролю РПЦ у “актыўным запыце і да дзяржавы, і да журналісцкай супольнасці ў вызначэнні таго, што з’яўляецца дапушчальным у цывілізаваным грамадстве з боку журналістаў”.
Як паказвае расійская практыка: дэпутат сказаў – дэпутат зрабіў. І адно неэтычнае пытанне можа абярнуцца вялікімі наступствамі як для аднаго асобнага канала, так і для галіны агулам. Працяг, як кажуць, будзе.
Фота з Twitter-акаунта @feofano


