З Еўрамайдана айчынныя медыі пераключыліся на гэтым тыдні на ізраільскага амбасадара Ёсіфа Шагала.
Рэзананс, выкліканы ягонымі скандальнымі заявамі наконт беларускіх палітвязняў, адсунуў на другі план украінскі сюжэт, што цягам апошніх тыдняў кампенсаваў нашым СМІ брак яркіх падзей ва ўласнай краіне.
Сюжэт з Шагалам яшчэ доўжыцца, таму зраблю шэраг прамежкавых рэмарак.
За адным сталом з “адмарозкамі”
14 лютага пасля паходу шэрагу апазіцыйных палітыкаў у ізраільскую амбасаду Уладзімір Някляеў паведаміў БелаПАН: “Складзена нешта накшталт мемарандума, у якім пасол заяўляе, што ён асабіста і тым больш Дзяржава Ізраіль будуць усяляк садзейнічаць развіццю дэмакратычных працэсаў у Рэспубліцы Беларусь. Калі ўзяць пад увагу, што нічога падобнага да гэтага раней не было, і з улікам уплыву Ізраіля на міжнароднай арэне, гэта досыць важная заява”.
Медыі, у залежнасці ад спецыфікі рэдакцыйнай палітыкі, падалі вынікі сустрэчы па-рознаму. Так, Naviny.by далі загаловак “Амбасадар Ізраіля прызнаў наяўнасць палітзняволеных у Беларусі”, “Хартыя” — “Шагал адмовіўся выбачацца за словы на адрас палітзняволеных”. Карацей, паводле парадыгмы “шклянка напалову поўная/пустая”.
Але факт тое, што многія рэсурсы адпрацавалі тэму з асалодай, бо быў ланцуг смачных інфармацыйных нагод. Гэта да вечнага пытання аб дачыненнях прэсы і палітыкаў. Апошнія іншым разам крыўдзяцца, што медыі мала зважаюць на іх заявы.
Дык вось, гэтым разам лідар “Гавары праўду” Някляеў творча развіў свой досвед падпісання мемарандумаў. Некалі нашумеў ягоны мемарандум з катом Барсікам — удалы піяраўскі ход пасля няўдалага выказвання пра ўзаемаадносіны з фаўнай.
Цяпер Някляеў спачатку адзін дамогся сустрэчы з Шагалам ды падарыў (ці, наўпрост кажучы, змусіў узяць) зборнік турэмнай лірыкі тых самых “палітычных”, каторых амбасадар кваліфікаваў як крымінальнікаў. А назаўтра прывёў у амбасаду цэлую групу тых, каго тутэйшы вялікі начальнік называе “адмарозкамі”.
І дыпламат, які, магчыма, хацеў сваім выказваннем пра “крымінальнікаў” падлесціцца да ўладаў, цяпер мусіць сядзець за адным сталом з “пятай калонай” ды казаць пра палітзняволеных, правы чалавека. У выніку ізраільскую дыпламатыю прымусілі сфармуляваць прынцыповую пазіцыю ў тых пытаннях, якія раней яна старалася не кранаць.
Такім чынам, ці не ўсе, акрамя Шагала, атрымалі плён: журналісты — чараду добрых зачэпак для матэрыялаў, апазіцыйныя палітыкі — сваю дозу піяру; галоўнае ж, адбылася актуалізацыя праблемы палітзняволеных у Беларусі.
Была і іншая пазіцыя: да Шагала не хадзіць, рукі не падаваць. Мо і някепска, што прадстаўнікі “пятай калоны” тут падзяліліся, згулялі ў добрага і злоснага следчых.
Адно скажу дакладна: калі б усе апазіцыянеры абмежаваліся, паводле завядзёнкі, завочнымі асуджальнымі заявамі, то такога розгаласу ў СМІ гэта гісторыя не атрымала б: розныя гнеўныя адозвы даўно нікога не кранаюць, рэдакцыі з гэтым банальным жанрам працаваць не любяць.
Хто ёсць ху
І ўвогуле, сюжэт з Шагалам паказаў: калі з’яўляецца нешта свежанькае, то нашы журналісты ўмеюць працаваць хутка, нестандартна, учэпіста.
Так, Зміцер Лукашук з “Еўрарадыё” вычапіў былую дарадцу ізраільскага прэм’ер-міністра Нетаньяху палітолага Эліну Бардач-Ялаву, якая, у прыватнасці, без дыпламатыі заявіла: “Наколькі я памятаю, спадар Шагал ужо не першы раз кажа нешта такое, з-за чаго апасля МЗС хапаецца за галаву”.
Падрабязна, разнастайна асвятляе тэму “Радыё Свабода”. Цікавай атрымалася падборка “Інтэрнэт абмяркоўвае заявы пасла Шагала”. Зноў жа, дзеля красамоўнасці сюжэту ўдала выкарыстоўваюцца артэфакты: адзін з матэрыялаў мае загаловак “Свабода” перадала амбасадару Ізраіля кнігі пра беларускіх палітвязняў”.
Выдатна спрацавала “Наша Ніва”, аператыўна выставіўшы на сайт свой фірмавы рэтраспекцыйна-даведачны прадукт — гэтым разам “Пяць скандалаў, звязаных з паслом Ізраіля Ёсефам Шагалам”.
Гэты сціслы жанр вымагае карпатлівай працы, але пры ўдалым падборы фактуры б’е ў дзясятку. Так і тут: Зміцер Панкавец па-майстэрску намаляваў партрэт чалавека, які (цытую падзагалоўкі) “атрымліваў ордэн з рук Ільхама Аліева”, “сарваў візіт міністра замежных спраў у Баку”, “назваў дэпутата Кнэсэта “казлом” і г.д. Той выпадак, калі і без палымянай публіцыстыкі зразумела, “хто ёсць ху”.
“Хартыя” матэрыял хутка скопіпасціла, але яе чытач ужо не даведаецца, што гэта праца Панкаўца. Копіпаст паводле прынцыпу брацкай магілы для аўтараў.
Якія тут у амбасадара эканамічныя інтарэсы?
На выказванні Шагала аператыўна адрэагаваў развагамі ў сваім блогу на сайце “Свабоды” Валер Карбалевіч, але ўвогуле аналітыкі ў гэтым кантэксце пакуль што бракуе. Як і расследаванняў.
Між тым зачэпкі ёсць. Вось, напрыклад, згаданая вышэй Бардач-Ялава двойчы закранула ў інтэрв’ю “Еўрарадыё” тэму “эканамічных інтарэсаў”, “эканамічных амбіцый” амбасадара Шагала ў Беларусі. Цікава, што мелася на ўвазе? Ці раскруціць хто гэту інтрыгу?
Далей, як вынікае з тлумачэнняў Шагала апазіцыйным лідарам, пра чатырох палітвязняў, што засталіся ў турмах, ён казаў у тым скандальным інтэрв’ю RTVI таму, што такую лічбу яму назвалі ў беларускім МЗС. Між тым на сайце “Вясны” — спіс з 11 палітзняволеных.
Праваабаронца Тацяна Рэвяка ў гутарцы са мной паведаміла, што іх падлік, версіі Еўразвязу і, напрыклад, “Міжнароднай амністыі” не супадаюць. У прыватнасці, з замежных спісаў выпадаюць некаторыя ці нават усе анархісты.
Дык ці не атрымліваецца, што, дыскутуючы пытанне аб палітвязнях, розныя гульцы “паводле змаўчання” маюць на ўвазе вельмі адрозныя наборы персаналій? Ці не выльецца гэта на нейкім этапе ў асобную праблему?
Сёння наша прэса піша пра палітвязняў увогуле, не ўдаючыся ў такія “дэталі”, між тым як яны маюць прынцыповае значэнне, закранаюць канкрэтныя лёсы. Гэтаксама ў цені апынулася пытанне рэабілітацыі палітзняволеных. Цяжка зразумець, што ўкладаюць у гэты тэрмін тыя ці іншыя палітыкі.
Экстравагантны ньюсмейкер даў спажыву
Увогуле ж свежыя тлумачэнні Шагала, мяркуючы па фэйсбуку, шмат каго з тутэйшай дэмакратычнай публікі, мякка кажучы, не задаволілі. Радыкальная пазіцыя і ў шэрагу палітыкаў. Напрыклад, Анатоль Лябедзька гатовы размаўляць толькі з новым ізраільскім амбасадарам.
Так што развіццё сюжэту відавочна будзе. На радасць незалежнай прэсе, каторую пры браку айчынных палітычных падзей ды ньюсмейкераў выручае, як гэта ні цынічна гучыць, хоць экстравагантны Шагал-Шчогалеў.
Хто не ў курсе: Шчогалеў — такім было, як фрывольна пажартаваў аднойчы сам пасол, яго “дзявочае прозвішча”. І гэту дэталь я тут ужываю не проста дзеля пікантнасці. Бэкграўнд колішняга грамадзяніна СССР, што нарадзіўся ў Баку, падчас службы ў савецкай арміі “драіў туалеты” у Мінску, а потым вось выбіўся ў амбасадары, шмат што тлумачыць у гэтай гісторыі.
Ілюстрацыя БелаПАН.


