“Карэспандэнт “Еўрарадыё” наведаў Кіеў і пабачыў, што сёння засталося ад украінскай рэвалюцыі” — з такім трошкі з’едлівым падзагалоўкам выстаўлены на сайце рэпартаж Алеся Пілецкага.
Памятаеце, як узімку недзяржаўныя беларускія медыі былі пад завязку набітыя рэпартажамі з Майдана? Гэта было модна, трэндава — як для апазіцыйных палітыкаў, так і для журналістаў — зганяць у Кіеў ды адзначыцца рэвалюцыйнай патэтыкай: як паўсталы народ у адзіным парыве дабівае кліку Януковіча. Карацей, сёння — Майдан, заўтра — наша пераможная Плошча.
Цяпер на першым плане ў айчынных медыях — падзеі на ўсходзе Украіны, і гэта натуральна: у фокусе — самае гарачае, драматычнае.
Сакралізаваны жа шэрагам выданняў Майдан рэзка апынуўся ў цені. Хаця і страта Крыма, і сённяшні ўсяляк падаграваны Масквой сепаратызм у Данецку, Луганску, Харкаве і г.д. — гэта ў значнай ступені наступствы тых зімовых кіеўскіх падзей.
Але аналізаваць прычыны і наступствы — задача непараўнальна цяжэйшая, чым даваць спрошчаную карціну а-ля Галівуд: добрыя хлопцы супраць кепскіх хлопцаў.
Шыны на Майдане мо яшчэ спатрэбяцца
Рэпартаж Алеся Пілецкага моцны выразнымі дэталямі. На мяжы з паўднёвай суседкай кіроўца бусіка збірае грошы на хабар памежнікам (дзе ж тая новая, сумленная Украіна?). На начной запраўцы пад Кіевам на беларускія воклічы “Слава Украіне!” адказваюць нешта малазразумелае. У цэнтры Кіева “рэдкія майданаўцы бадзяюцца паміж намётаў, сядзяць на лаўках, паляць смецце ў металічных бочках”. Адзін з іх, Алег, даволі няўцямна спрабуе адказаць на пытанне рубам: чым Турчынаў і Яцанюк кардынальна адрозніваюцца ад Януковіча і Азарава?
“Аб нядаўняй рэвалюцыі нагадваюць толькі вайсковыя намёты, горы садранай з ходнікаў брукаванкі і раскіданыя паўсюль старыя пакрышкі.“Можа яшчэ спатрэбяцца”, — гаворыць Алег. Я пагаджаюся. Ніхто не ведае, што будзе з Украінай далей”, — так завяршаецца гэты пазбаўлены лакіроўкі ды пафасу рэпартаж.
Шкада, што нямногія медыі звяртаюцца да такога вось працягу старых сюжэтаў у новай абстаноўцы.
І тут пытанне не столькі да рабацяг-рэпарцёраў, колькі да рэдактараў, да людзей, што вызначаюць палітыку таго ці іншага выдання, плануюць медыйную плынь. Бо медыі мусяць не толькі даваць навіновы зрэз дня, але і аналізаваць, прагназаваць, дапамагаць чытачу асэнсоўваць логіку падзей.
Гэта ж не толькі цяжка, бо вымагае вялікай чарнавой працы, але і дыскамфортна, бо ламае маніхейскія схемы.
Нельга казаць, што айчынныя медыі зусім не спрабуюць асэнсаваць украінскі сюжэт і яго ўплыў на нашу краіну, наша грамадства. Можна адзначыць, напрыклад, асобныя выпускі “Амплітуды” на TUT.BY, артыкулы на Naviny.by, дыскусійныя пляцоўкі і блогі на “Радыё Свабода”, некаторыя сюжэты і перадачы “Белсата”.
Але такіх спроб па-ранейшаму бракуе. Багата ахвотнікаў даваць ацэнкі суседзям, паўднёвым і ўсходнім, аднак рэдка стрэнеш акцэнт менавіта на ўкраінскіх уроках для Беларусі. Між тым, як адзначае Юрый Дракахруст у каментары “Вандэя ўкраінскай рэвалюцыі”, “шматгадовая дыктатура мае прынамсі адну ўмоўную перавагу — назапашваецца досьвед, што і як рабіць пасьля яе скону”. Бо “Лукашэнка раней ці пазьней сыйдзе. Але лукашэнкаўцы ня сыйдуць сьледам за ім”.
Асэнсаваць урокі для сваёй краіны
Два месяцы таму, адразу ж пасля ўцёкаў Януковіча, я ў ліку іншых патрапіў пад раздачу на сайце “Нашай Нівы” за тое, што, маўляў, не здолеў прадказаць перамогу Майдана, гэты трыумф волі ўкраінскага народа.
Згадваю не таму, што хачу адыграцца за крыўду. Крыўды няма. “Наша Ніва” аператыўна перадрукавала тады мой адказ “Расстраляць аналітыкаў імем рэвалюцыі!”, зрабіла і асобнае інтэрв’ю са мной. Увогуле з тымі, хто робіць НН, у мяне добразычлівыя, таварыскія адносіны.
Згадваю ж таму, што, выбачайце за нясціпласць, час пацвердзіў маю тэзу: “…Не варта спяшацца з патэтыкай пра перамогу волі ўкраінскага народа”.
Сёння, мяркую, многія болей выразна ўбачылі шматслойнасць і неадназначнасць украінскага сюжэту. Тут вам і інтрыгі алігархаў, і правакацыйная роля шэрагу радыкалаў, і грэбаванне трыумфатараў у Кіеве тым фактам, што Украіна ў рэгіянальным разрэзе сапраўды вельмі розная, і недаацэнка маскоўскай пагрозы, і непаслядоўнасць, слабасць Захаду (як, зрэшты, і самой новай украінскай улады).
У прыватнасці, Захад, паводле Лукашэнкі, проста “кінуў” Украіну. Дарэчы, калі абстрагавацца ад асабістага стаўлення да беларускага кіраўніка, то варта прызнаць, што па шэрагу пазіцый ён даў даволі трапную ацэнку тамтэйшым падзеям.
Увогуле ж тады, два месяцы таму, я падкрэсліваў: нашым медыям лепей не зацыклівацца на Майдане, а ставіць пытанні нашай, беларускай перспектывы.
Не ўтрымаюся і яшчэ ад адной цытаты: “…Калі адносна вузкаму колу пасіянараў ахвярны Майдан дае энергетыку, то беларускі абываталь у масе сваёй ставіцца да крывавага шляху перамен адмоўна. Менавіта ў гэтым сэнсе я кажу пра дэсакралізацыю Плошчы. Клікаць на яе ў агляднай перспектыве апазіцыйным лідарам будзе цяжэй, чым у 2010-м”.
І вось вам апошняе апытанне НІСЭПД: толькі 3,6% беларусаў станоўча адказалі на пытанне, ці хацелі б яны аналага ўкраінскіх падзей у сваёй краіне. 78% мяркуюць, што лепшая будучыня не вартая крыві. Узмацніліся прарасійскія інтэнцыі. Таксама вырас рэйтынг Лукашэнкі, а вось давер да апазіцыі споўз яшчэ ніжэй.
Прычым афіцыйны кіраўнік, адчуваючы настрой масы, ловіць момант: кажа, што і Плошча-2010, маўляў, кіравалася з Кіева. Карацей, ставіць на беларускую апазіцыю кляймо “майданнікаў”. Зрэшты, яе лідары і самі ж спяшаліся зімой у Кіеў на фотасесіі ля барыкады… Цяпер гэта падарунак дзяржаўнай прапагандзе да выбараў-2015: вось што рыхтуе вам гэты кандыдат — кроў, грамадзянскую вайну!
І Лукашэнка выбарчую кампанію на спрыяльнай хвалі ўжо дэ-факта распачаў.
Мы ў маскоўскай пастцы яшчэ глыбей, чым Украіна
Сёння недзяржаўныя беларускія медыі схамянуліся, з пазіцыі заўзення за Майдан пераходзяць на незалежніцкі дыскурс, размову пра лёс Беларусі. І гэта не дзіўна: пасля Крыма стала да болю зразумела, што мы можам страціць сваю краіну як двойчы два.
Прычым вымалёўваецца парадокс: хаця Лукашэнка відавочна благі гарант незалежнасці, яна можа быць страчана акурат тады, калі ягоная ўлада захістаецца ці ён яе з тае ці іншае прычыны раптоўна выпусціць з рук.
Іначай кажучы, сёння Плошча немагчымая, а калі стане магчымая, то тут як тут могуць апынуцца зялёныя чалавечкі ці адразу танкі Пуціна.
Праблема абароны незалежнасці, пытанне пра шлях, лозунгі перамен у Беларусі на вачах абвастрыліся, набылі новыя аспекты. Тытульная апазіцыя апынулася ў канцэптуальным ступары (ну не ўважаць жа за сур’ёзны адказ выхад групы маладзёнаў на Дзень Волі з партрэтамі Бандэры, Шухевіча, Вітушкі ды яшчэ некалькіх неадназначных дзеячаў).
У фэйсбуку — халівары (выкошваюць з фрэндаў тых, хто з іншай званіцы глядзіць на ўкраінскі сюжэт). ФБ ж, у сваю чаргу, адлюстроўвае паглыбленне нашага грамадскага расколу. А таксама і няўменне весці дыялог, лічыцца з іншай пазіцыяй.
Многіх уразіла тое, як раптоўна абмалявалася ў нас “шостая калона” — і гаворка не толькі пра перакананых заходнерусістаў, але і значны слой паспалітага люду, што вітае захоп Крыма, змаганне Пуціна супраць “бендэраўцаў”.
Тым часам нацыянальна свядомая публіка спрачаецца, ці гатовы Лукашэнка хоць трохі паспрыяць беларусізацыі. А мо, як пажартаваў нехта ў фэйсбуку, калі Пуцін захопіць усход Украіны, то Лукашэнка і “Пагоню” з БЧБ паабяцае вярнуць? Там жа, у ФБ, сцябаюцца з “Нашай нівы”, якая ўпершыню ў гісторыі, ды яшчэ пад 70-я угодкі Пазьняка, выйшла з Лукашэнкавай цытатай пра мову на першай старонцы.
Сцёб сцёбам, але сёння ўсё болей відавочна, што маніхейскія схемы барацьбы за светлую будучыню не коцяць. У нашым вечным пытанні пра лёс Беларусі раптоўна абмаляваўся цэлы набор новых опцый.
І добра, каб медыі не абмяжоўваліся рэгістрацыяй гарачых падзей (прычым нярэдка аднабокай, з пераборам пафасу), а на сваіх дыскусійных пляцоўках, у аналітычных рубрыках лепей спрыялі асэнсаванню як украінскай драмы, так і беларускай. Бо мы ў маскоўскай пастцы яшчэ глыбей, чым Украіна.
Пакуль жа, на тле канцэптуальнага ступару контрэліты, найлепей асэнсаваў украінскія ўрокі — з выгадай для сябе — не хто іншы, як Лукашэнка.
Фота “Еўрарадыё”.


