Маленькая расійска-украінская… не, не вайна, але прынцыповая дыскусія выбухнула ў Імператарскай зале гамбургскай ратушы падчас ушаноўвання лаўрэатаў прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года. Скрыжавалі дзіды прыхільнікі розных поглядаў на місію журналістыкі.
“За поспех нашай безнадзейнай справы” — так назваў свой віншавальны выступ на цырымоніі, што адбылася 12 чэрвеня ў сталіцы нямецкай прэсы Гамбургу, украінскі пісьменнік Юрый Андруховіч.
Ён патлумачыў: гэтакім чынам гучаў тост савецкіх дысідэнтаў у тыя часы, калі камуністычная імперыя здавалася непахіснай.
Але і пасля падзення СССР найболей паспяховымі аказаліся тыя дзеячы, што імкнуцца кансерваваць савецкую мінуўшчыну, адзначыў прамоўца. Напрыклад, Лукашэнка. І насупраць, паразу цярпелі тыя, хто распачынаў рашучыя перамены. Безнадзейнасць стала праклёнам постсавецкага абсягу, але “Майдан зноў зрабіў мяне аптымістам”, сказаў Андруховіч.
На яго думку, журналісты у постсавецкіх краінах мусяць быць “не проста мужнымі, а паталагічна адчайнымі”. Менавіта супраць безнадзейнасці постсаўка, падкрэсліў пісьменнік, змагаюцца тыя, хто стаў сёлета лаўрэатам прэміі “Свабодная прэса Усходняй Еўропы”, заснаванай нямецкім фондам “Цайт” і нарвежскім “Свабоднае слова”.
Пад знакам змагарнай Украіны
Карацей, выступ Андруховіча — дысідэнта, постмадэрніста, актывіста Майдана — услаўляў журналістыку як перманентную барацьбу супраць сіcтэмы, супраць спадчыны савецкай імперыі. Натуральна, не абышлося без згадак пра сённяшняе ўкраінска-расійскае супрацьстаянне, жорсткіх характарыстык Крамля і ягонай прапаганды.
І тут, зламаўшы праграму пунктуальных немцаў, слова папрасіў Міхаіл Зыгар, галоўны рэдактар таксама ўганараванага сёлета прэміяй расійскага тэлеканала “Дождж”.
Гэта той самы “Дождж”, што патрапіў пад асфальтавы каток пераследу, быў выкінуты з кабельных сетак (як перакананы многія, паводле адмашкі з самага верху) і цяпер вяшчае толькі ў інтэрнэце. Але Зыгар запярэчыў супраць тых палітызаваных трактовак журналісцкай місіі, што прапанаваў вядомы ўкраінскі літаратар. І зазначыў: узнагароды журналістам даюцца за прафесіяналізм.
Розніцу ва ўмовах працы СМІ ў старой Еўропе і постсавецкіх краінах падкрэсліў Франк Расавік, журналіст з Нарвегіі, прадстаўнік фонду “Свабоднае слова”.
Нарвежац зазначыў, што хоць ён таксама крытыкуе свае ўлады, але збольшага піша пра “трывіяльныя клопаты”, у той час як на постсавецкім абсягу перад журналістамі паўстае цяжкі выбар — прадацца, “як гэта зрабілі многія ў Расіі”, ці захаваць адданасць прафесійным прынцыпам і такім чынам кінуць выклік уладзе.
Зрэшты, Расавік пажадаў, каб і ў постсавецкіх краінах для журналістаў найхутчэй настаў час пісаць пра трывіяльныя рэчы.
Разам з тым, найболей лаўрэатаў аказалася сёлета са змагарнай Украіны: заснавальнік “Громадське ТБ” Мустафа Наем, вядомая антыкарупцыйнымі расследаваннямі Тацяна Чарнавол, галоўная рэдактарка адметнага вострай аўтарскай аналітыкай тыднёвіка “Дзеркало тижня” Юлія Маставая.
Паводле Наема, украінскія журналісты сёння не могуць быць стэрыльна-аб’ектыўнымі, бо яны — грамадзяне сваёй краіны, якая сутыкнулася з жорсткімі выклікамі.
Пры гэтым, падкрэслівае калега Наема Сяргей Лешчанка, намеснік галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання “Українська правда”, адказ на інфармацыйную агрэсію Крамля не мусіць быць сіметрычным.
Іначай кажучы, нават у надзвычайных абставінах рэсурсам, што шануюць сваю рэпутацыю, варта імкнуцца да паказу рэальнага становішча спраў і такім чынам абвяргаць чужую прапаганду, а не ствараць уласную прапагандысцкую версію.
Інфармацыйная вайна — гэта ўжо іншае рамяство
Гаворка не пра тое, што ўдзел у інфармацыйнай вайне апрыёры ёсць брудным, ганебным заняткам. За апошнія месяцы многім стала вядома, напрыклад, імя Дзмітрыя Тымчука, кіраўніка групы “Інфармацыйны супраціў”, мэта якой — выкрываць хлусню расійскай прапаганды, даваць карціну тых ці іншых падзей з гледзішча Кіева.
Тымчук канстатуе: многія праблемы новай улады ў ягонай краіне — праз тое, што “інфармацыйнай бяспекай ва Украіне ніхто не займаўся”. І ён, Тымчук, з аднадумцамі цяпер спрабуе ліквідаваць прагалы. Але гэта адмысловая місія, выбраная ўкраінскім афіцэрам.
Не буду тут ацэньваць, наколькі паспяхова яна выконваецца, падкрэслю іншае: калі ты пачнеш вызнаваць прынцып “на вайне як на вайне”, працуючы журналістам, то адразу ўпрэшся лбом у канфлікт мэтаў.
На вайне заўжды ёсць канкрэтны вораг. Дык вось, ці можна дзеля перамогі над ворагам нешта абысці маўчаннем, нешта, скажам так, гіпербалізаваць або ўвогуле запусціць дэзу? Ну а што, гэта ж проста ваенная хітрасць, на вайне так усе робяць, каб збіць з панталыку, дэмаралізаваць ворага.
Для мяне відавочна, што такі падыход разбуральны для журналісцкай этыкі. Мяжу, за якой пачынаецца выкарыстанне традыцыйнага медыйнага арсеналу ў спецыфічных мэтах, пераступіць лёгка, а вось вярнуцца назад надзвычай цяжка. Мы бачым сёння, напрыклад, выразную прафесійную дэградацыю шэрагу расійскіх тэлеканалаў (“Дождж” — ці не адзінае выключэнне).

Намеснік галоўнага рэдактара маскоўскага інтэрнэт-выдання “Ежедневный журнал” Аляксандр Гольц, леташні лаўрэат прэміі імя Буцэрыуса, прызнаўся ў размове са мной, што часта не знаходзіць паразумення з тымі калегамі — і расійскімі, і ўкраінскімі, — якія “праз найлепшыя памкненні ўважаюць сябе цяпер за байцоў інфармацыйнага фронту”.
Гольц перакананы: журналіст мусіць заставацца журналістам пры любых абставінах. Ён згодны, што інфармацыйная вайна таксама патрабуе адмыслоўцаў, але падкрэслівае, што гэта ўжо іншае рамяство: “Прабачце за аналогію, але прафесійны дыверсант карыстаецца халоднай зброяй і хірург карыстаецца скальпелем. Гэта падобныя інструменты, аднак мэты зусім розныя”.
Што ж да выступу Зыгара, то злыя языкі вылучылі версію: магчыма, умовы працы журналістаў у Расіі, дзе разгорнута шальмаванне “нацыянал-здраднікаў”, сёння сталі настолькі жорсткімі, што такі спіч ёсць своеасаблівай страхоўкай.
Ва ўсякім разе, падчас фуршэту пасля цырымоніі я ўбачыў, што маскоўскія і ўкраінскія журналісты па-сяброўску гутараць міжсобку. Не ведаю, ці ўздымалі яны тост за “поспех нашай безнадзейнай справы”, але мяркую, што па вялікім рахунку прафесіяналы заўжды могуць знайсці агульную мову.
Войны непазбежна канчаюцца, і чым меней руінаў, тым лепей. У тым ліку надзвычай важна па магчымасці захаваць ад руйнавання і этыку журналісцкай прафесіі.
Не трэба біцца за пусты мех
Беларусь таксама апынулася пад магутным уздзеяннем расійскіх СМІ. І ва ўладаў пэўна варушацца думкі аб супрацьстаянні пагрозе. Дай бог, каб наверсе зразумелі, што адным са складнікаў інфармацыйнай бяспекі дзяржавы ёсць развіццё незалежных СМІ, якія грунтуюцца на нацыянальным падмурку.
Сярод беларускіх журналістаў багата шчырых патрыётаў, людзей з выразнай грамадзянскай пазіцыяй. Але спадзевы, што ўлады адкруцяць гайкі ў медыйнай сферы, прывідныя. Болей імаверна, што, наадварот, закруцяць перад выбарамі.
Так што недзяржаўным медыям у сітуацыі новых выклікаў наканавана дзейнічаць, як і раней, у жорсткіх, неспрыяльных умовах.
Што ж да дыскусій пра місію журналіста, то іншым разам бывае бойка за пусты мех, людзі ламаюць дзіды там, дзе трэба проста раскласці пытанне па палічках. Прафесіяналізм — гэта не абавязкова прэснасць, сыход ад грамадзянскасці. Проста не трэба мяшаць боб з гарохам. Ёсць розныя жанры журналістыкі, і тое, што забаронена рэпарцёру, можа напоўніцу выкарыстоўваць публіцыст.
Я спадзяюся, што менавіта тыя нашы калегі, хто здолее спалучыць грамадзянскую пазіцыю з высокім прафесіяналізмам, шануючы этыку свайго рамяства насуперак прынцыпу “на вайне як на вайне”, стануць новымі лаўрэатамі прэміі “Свабодная прэса Усходняй Еўропы”.
І хай вастрыня нашых пёраў будзе хірургічнай.
На здымках: гамбургская ратуша; Аляксандр Гольц.
Фота аўтара.
Гамбург — Мінск.


