“Ні ўлада, ні грамадства ў Беларусі да інфармацыйнай вайны не падрыхтаваныя”. Такой невясёлай высновай намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў мусіў падсумаваць дыскусію “Сучасная інфармацыйная вайна: урокі ўкраінскіх падзеяў для Беларусі”, што адбылася ў офісе партыі ў Мінску 7 ліпеня.
Аўтара гэтых радкоў найболей цікавіла, як палітыкі ды эксперты бачаць ролю СМІ, журналістаў у кантэксце інфармацыйнай вайны.
Генераваць свой якасны кантэнт
“У сённяшнім сваім стане беларускае грамадства фактычна безабароннае перад знешнімі агрэсіўнымі ўплывамі”, — мяркуе кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Ён наўпрост звязвае гэта са спецыфікай палітычнага рэжыму.
Са слоў аналітыка, высілкі цяперашняй улады ў медыйнай галіне скіраваныя не на тое, каб грамадства атрымлівала якасную інфармацыю, а на тое, каб яно “не бачыла ніякай альтэрнатывы”. Адпаведна, цяжка чакаць медыйнай лібералізацыі.
Між тым у кантэксце інфармацыйнай бяспекі стратэгічнай задачай, з гледзішча Паротнікава, ёсць менавіта менавіта стварэнне ў Беларусі “канкурэнтаздольнага ўласнага медыйнага кантэнту”. Сёння ж, канстатуе эксперт, у нас вобмаль СМІ, што генеруюць арыгінальны кантэнт, дамінуе копіпаст.
Са свайго боку, медыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі падчас дыскусіі зазначыў: запазычваючы інфармацыю, СМІ часта пераносяць і тэрміналогію першакрыніц. Адпаведна, калі гэта расійская крыніца, то мы сустрэнем “байцоў апалчэння”, у той час як украінскія крыніцы з вялікай доляй імавернасці будуць называць тых жа людзей баевікамі або тэрарыстамі.
Айчынныя медыі: слабы голас
Увогуле з выступу Быкоўскага вынікала, што беларускія медыі цягам расійска-украінскага канфлікту паказалі сябе адносна стрыманымі, збалансаванымі (пры тым што ў дзяржаўнай прэсе часцей гучалі прарасійскія ноткі, ў недзяржаўнай жа — праўкраінскія).
Але наколькі ўвогуле ўплывовыя айчынныя медыі ў параўнанні з ўздзеяннем расійскіх СМІ, асабліва тэлебачання, якое фактычна вядзе рэй і ў беларускай інфармацыйнай прасторы?
Ва ўсякім разе, як засведчыла незалежная сацыялогія, за апошнія месяцы ў масавай свядомасці беларусаў вызначыўся яскравы ўсходні трэнд.
Так, паводле красавіцкага даследавання Беларускай аналітычнай майстэрні ў Варшаве, уваходжанне Крыма ў склад Расіі 65% беларусаў лічаць справядлівым і толькі 15% няправільным. Доля тых, хто за звяз з Расіяй, перасягнула 60%, у той час як за інтэграцыю ў Еўразвяз выказаліся толькі 18% рэспандэнтаў.
Блізкую лічбу тых беларусаў, для якіх “Крым наш”, назваў паводле чэрвеньскага нацыянальнага апытання НІСЭПД. Далучэнне паўвыспы да Расіі 62,2% апытаных назвалі “вяртаннем Расіі рускіх зямель, аднаўленнем гістарычнай справядлівасці” (і толькі 26,9% ацанілі гэта як “імперыялістычны захоп, акупацыю”).
Паводле НІСЭПД, не шмат хто з беларусаў — толькі 14,2% — гатовыя са зброяй у руках бараніць незалежнасць у выпадку, калі Масква акупуе частку нашай краіны ці ўсю яе. Пры гэтым 47,7% “імкнуліся б прыстасавацца да новай сітуацыі”, а 16,5% увогуле “віталі б гэтыя змены”.
Улады ў маскоўскай пастцы
Наўрад ці такі расклад радуе кіраўніцтва Беларусі. Атрымліваецца, што пры пэўным сцэнары Крамля можа адбыцца ціхая інкарпарацыя, “народзец” з прамытымі маскоўскай прапагандай мазгамі здасць суверэнітэт ні за нюх табакі.
Палітолаг Юрась Чавусаў падчас дыскусіі на сядзібе БНФ падкрэсліў: у крытычнай сітуацыі ідэалагічная вертыкаль можа аказацца бездапаможнай, таму дальнабачна было б рабіць стаўку на дыверсіфікацыю і лібералізацыю рынку СМІ, развіццё рэгіянальных медыяў, то бок “узмацненне ўласнага інфармацыйнага поля”.
Але для аналітыкаў відавочна, што вярхоўка палітычнага рэжыму няздольная пераступіць цераз сябе. З аднаго боку, яна не адважыцца жорстка фільтраваць расійскія медыйныя плыні (хоць тэхнічна гэта магчыма і рабілася падчас інфармацыйных войнаў з Крамлём, калі беларускія гледачы былі клапатліва агароджаны ад дэманстрацыі “Хроснага бацькі”). З іншага боку, рэжым не адважыцца і даць болей волі нацыянальным СМІ, бо моцная некантраляваная прэса для яго — нож востры.
Скептычныя эксперты і што да здольнасці ўладаў генераваць свежы ідэалагічны канструкт. Так, пэўныя крокі ў кірунку беларусізацыі магчымыя (і ўжо заўважаюцца), але ж разам з тым, як зазначае Паротнікаў, каронны метад вертыкалі — “трымаць кантроль над рубільнікам і, калі што, яго апусціць”. Так што, з гледзішча аналітыка, максімум, чаго можна чакаць ад улады, — “каб яна не перашкаджала”.
Не баявыя лісткі, а паўнавартасныя СМІ
Аўтара ж гэтых радкоў парадавала, што ўдзельнікі дыскусіі не заклікалі журналістаў у акопы інфармацыйнай вайны.
З аднаго боку, бясспрэчна, і дзяржаве, і грамадска-палітычным сілам варта думаць, як канцэптуальна супрацьстаяць расійскай прапагандысцкай экспансіі. Мусяць быць планы і на выпадак рэзкага абвастрэння сітуацыі.
З іншага боку, для многіх гэтак жа відавочна: калі самі журналісты ператвараюцца ў байцоў ідэалагічнага фронту, хай сабе і дзеля святых мэтаў — тут журналістыцы як такой акурат і капец.
“Журналістам варта ўсяго толькі годна выконваць сваю працу”, — перакананы Дзяніс Лаўнікевіч, адзін з удзельнікаў дыскусіі (дарэчы, што надавала пікантнасці, уласны карэспандэнт “Газета.Ru” у Беларусі).
Між іншым, аналітыкі НІСЭПД на падставе чэрвеньскага даследавання прыйшлі да высновы, што не трэба так ужо дэманізаваць уплыў менавіта расійскай прапаганды на беларусаў. Высветлілася, у прыватнасці, што нават сярод тых, хто ўвогуле не глядзіць расійскае тэлебачанне, бальшыня ўважае анексію Крыма за законны акт.
Такім чынам, адзначаецца ў справаздачы НІСЭПД, “не меншае значэнне, чым інфармацыйнае ўздзеянне, маюць устаноўкі людзей”.
Іначай кажучы, вялікадзяржаўная прапаганда мае эфект сярод тых, хто і без таго ў палоне саўковых ідэалагічных патэрнаў. А вось свядомы грамадзянін з моцнай нацыянальнай ідэнтычнасцю не паддасца на імперскае замбаванне.
Але такая свядомасць не фармуецца форс-мажорнымі метадамі супрацьдзеяння інфармацыйнай агрэсіі. Гэты гумус нацыянальнай самасвядомасці назапашваецца спакваля. Прычым дзеля гэтага працэсу крытычна важная наяўнасць паўнавартасных нацыянальных СМІ. Ніякія баявыя лісткі іх не заменяць.
Фота аўтара.


