Валер Каліноўскі, журналіст Радыё “Свабода” дзеліцца сваімі правіламі, якіх прытрымліваецца ў журналісцкай дзейнасці.
Правіл у журналісцкай працы шмат: як збіраць і апрацоўваць інфармацыю, як рабіць інтэрв’ю, як пісаць артыкул, эсэ ці расследаванне, як паводзіць сябе на мітынгах ці пад час нейкіх грамадскіх забурэнняў… Усе яны вельмі важныя, ім вучацца і іх выпрабоўваюць цягам усёй журналісцкай кар’еры.
Назаву некалькі правілаў, якімі я авалодваў, калі з савецкай школы журналістыкі перавучваўся на міжнародныя стандарты, або, як казалі мне на пачатку 90-х больш дасведчаныя калегі, на амэрыканскія стандарты журналістыкі.
ШУКАЙЦЕ НЕКАЛЬКІ КРЫНІЦ НАВІНЫ
У пагоні за сэнсацыяй цяпер часам забываюць гэтае правіла, таму пасля самой сэнсацыі, бывае, вымушаныя друкаваць абвяржэнні ці ўдакладненні.
Калі ж крыніц інфармацыі дзве або тры, і яны незалежныя адна ад другой, то верагоднасьць таго, што гэта сапраўдны факт, амаль гарантаваная.
ПОМНІЦЕ ПРА ПРАВІЛА ДВУХ БАКОЎ
У апісанні спрэчкі ці канфлікту павінны быць прадстаўленыя усе бакі, выкладзеныя іх довады, а таксама пажадана дадаць камэнтар незалежнага экспэрта.
Але нават калі журналіст не піша пра нейкі востры канфлікт, а рыхтуе артыкул на нейкую важную тэму, то чытачу цікава ведаць, што думаюць пра гэта ўлады, што на гэты конт кажа апазыцыя, а што думае незалежны экспэрт.
НЕ ДАВАЙЦЕ АЦЭНАК
Старанна выкрэсліваю з артыкулаў усе словы з аўтарскага тэксту, якія нясуць нейкую ацэначнасць, празмерную экспрэсію. Ацэнкі могуць даваць героі, якіх я цытую, экспэрты, людзі на вуліцах, але не сам журналіст. Калі журналіст дазваляе сабе ацэнкі, то ён пераходзіць у разрад блогераў.