Сямён Печанко, журналіст інтэрнэт-газеты «Салідарнасць», падзяліўся з Mediakritika.by сваімі трыма правіламі ў прафесійнай дзейнасці і прывёў яскравыя прыклады.
ЧЫТАЙЦЕ ТЭКСТЫ КАЛЕГАЎ
Дзесяць год таму мяне запрасілі ў рэдакцыю «Нашай Нівы» і прапанавалі супрацоўнічаць. Я не меў ні журналісцкай адукацыі, ні досведу працы ў СМІ. На першыя грунтоўныя курсы падрыхтоўкі журналістаў трапіў толькі праз два гады. А датуль вучыўся самастойна, дапамагалі вопытныя калегі.
Адсюль першае правіла, адрасаванае пачаткоўцам-журналістам, якія не маюць адмысловых ведаў і досведу. Чытайце тэксты калегаў — тых, што працуюць разам з вамі, а таксама з іншых выданняў. Гэта дасць вам яснае разуменне таго, як працуе ваша рэдакцыя, а таксама дапаможа зразумець універсальныя прынцыпы працы СМІ.
Выкарыстоўвайце артыкулы калегаў у якасці шаблонаў для напісання ўласных тэкстаў. І пытайце парадаў у дасведчаных журналістаў.
КАБ НЕ ДАВЯЛОСЯ ВЫБАЧАЦЦА
Мне імпануе падыход да рэдактуры тэкстаў першага рэдактара адноўленай «Нашай Нівы» Сяргея Дубаўца, агучаны ім ў кнізе інтэрв’ю «Час няспраўджаных надзеяў». Ён піша, што правіць тэкст можна толькі са згоды яго аўтара. Калі ты не здолеў пераканаць яго ў неабходнасці правак — не выпраўляй.
Зрэшты, колькі рэдактараў, столькі і падыходаў. Журналісту ж варта памятаць, што адказнасць за надрукавае пад яго прозвішчам у першую чаргу нясе ён сам. Большасць нашых чытачоў не ведае тонкасцяў журналісцкай кухні, і ў выпадку чаго менавіта аўтару давядзецца прасіць прабачэння ў пакрыўджанага героя публікацыі.
Вычытвайце свае артыкулы да іх публікацыі. Асабліва гэта датычыць друкаваных выданняў, дзе выправіць памылку будзе складаней, чым на сайце.
«СОВЫ — НЕ ТОЕ, ЧЫМ ЯНЫ ЗДАЮЦЦА»
Гэта адзін са слоганаў папулярнага ў 1990-х гадах серыяла «Твін Пікс». Я прыгадваю яго ў сітуацыях, калі пэўная падзея ці з’ява, на першы погляд адназначная, у выніку праверкі адкрываецца ў якасна іншым святле.
Свежы прыклад: СМІ растыражавалі ўзяты ў сацсетках здымак некарэктнай рэкламы курсаў беларускай мовы, якую аўтары абвесткі пазначылі ў якасці замежнай.
Я адшукаў кантакты замоўцы рэкламы і патэлефанаваў яму. Так я даведаўся пра цэнтр моўнай падтрымкі, супрацоўнікі якога па ўласнай ініцыятыве арганізавалі курсы беларускай мовы для дзяцей, не зважаючы на відавочную непрыбытковаць гэтага праекту. З простага фотафакта вырасла цэлая гісторыя, а я атрымаў новых ўдзячных чытачоў.
Адсюль чарговая парада, банальная як свет, але заўсёды актуальная для журналіста — не лянуйцеся правяраць інфармацыю і капаць глыбей. І будзе вам журналісцкае шчасце.